У Шклове адзначаць Дзень беларускага пісьменства
1-2 верасня на Шклоўшчыне адкрыюць новы краязнаўчы музей і помнік Сямёну Зорычу, урачыста адзначаць перайменаванне вуліц.
Музей Шклоўшчыны
Шклоўская грамадскасць лічыць адкрыццё раённага музея ледзь не галоўнай падзеяй свята пісьменства і падарункам гораду. Музей існаваў у Шклове з 1991 года, але ніколі не меў пастаяннай экспазіцыі: даводзілася дзяліць у раённым Доме культуры адну залу з мясцовым ЗАГСам, таму заключэнне шлюбу нярэдка адбывалася на фоне гістарычных выстаў.
Цяпер музей размесціцца ў двухпавярховым будынку, які раней займала крама "Дзіцячы свет". Новая экспазіцыя ахоплівае гісторыю Шклова ад старажытнасці да сучаснасці. Тут выставяць шмат цікавых рэчаў, якія былі знойдзены на археалагічных раскопках. Але, канечне, не абыйшлося і без стэнда з выявамі Аляксандра Лукашэнкі – ганаровага земляка.
Сямён Зорыч праславіў Шклоў
2 верасня ў гарадскім парку адкрыецца помнік Сямёну Зорычу – расійскаму генералу і фаварыту Кацярыны Другой. Калі ён пайшоў у адстаўку, то атрымаў ад імператрыцы ў падарунак Шклоўскі маёнтак. Тут ён запачаткаваў сем фабрык, тэатр і вайсковую вучэльню для хлопчыкаў.
Хоць шклоўцы ўдзячныя Зорычу за тое, што дзякуючы яго высілкам Шклоў стаў вядомы прыканцы XVIII стагоддзя нават за межамі Расіі, сам генерал быў даволі супярэчлівай асобай. Ён азартна куціў і гуляў у карты, нават быў абвінавачаны ў фальшываманецтве. Таму шклоўская інтэлегенцыя спадзяецца: улады далей ушануюць іншых дастойных людзей, якія шмат зрабілі для горада. Напрыклад, расійскага міністра шляхоў зносінаў Апалона Крывашеева – ён прывёў у Шклоў чыгуначную ветку і заснаваў папяровую фабрыку.
Замест Урыцкага і Маркса – Купала і Колас
Таксама ў нядзелю будуць прэзентаваны новыя назвы дзвюх шклоўскіх вуліц: Урыцкага памянялі на Якуба Коласа, а Карла Маркса – на Янкі Купалы. Ініцыятарам акцыі сталі шклоўскія ўлады і аргкамітэт свята, а прысвяцілі яе 125-гадоваму юбілею класікаў беларускай літаратуры.
– Я жыў раней на вуліцы Маркса, а цяпер – на Коласа, – гаворыць шкловец Аляксандр Грудзіна. – І мне гэта вельмі прыемна. Таму што Маркс не ведаў пра горад Шклоў. А Колас на Шклоўшчыне дакладна бываў.
– Добра, што перайменавалі, – такое меркаванне Марыі Алейнікавай. – Я не ведаю, хто такі Урыцкі. Рэвалюцыянер-бальшавік? Але Янка Купала – гэта ж наш беларускі паэт. Вуліцы імя Коласа і Купалы – і прыстойна, і вельмі культурна.
Новае добраўпарадкаванне
Шклоў прыбраўся да свята. Хаця цяпер, у адрозненне ад Дажынак, новых вялікіх будоўляў тут не было. Рэканструкцыя будынка музея і пабудова лыжаролернай трасы сталі бадай што галоўнымі аб’ектамі падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства. Астатняе – прыбралі, пачысцілі, пафарбавалі, абнавілі.
Праўда, шклоўцы са шкадаваннем адзначаюць, што кожным разам з новай хваляй добраўпарадкавання у горадзе становіцца меней зеляніны і драўніны, затое болей – пластмасавага сайдзінга.
– Гэты еўрарамонт не вельмі пасуе нашаму старажынаму гораду, – гаворыць жыхарка Шклова. – Трэба імкнуцца захаваць жывыя дрэвы і драўляныя пабудовы, якія ствараюць непаўторны стыль. Хаця чысціня мне вельмі падабаецца.
Праграма свята
Галоўная пляцоўка Дня беларускага пісьменства размесцілася каля Шклоўскай ратушы. А 12-й гадзіне ў нядзелю там адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і канцэрты. Увесь дзень будзе працаваць фестываль кнігі і прэсы, у парку пройдуць спартыўнае і дзіцячае святы. Яркай музычнай падзеяй абяцае стаць закрыццё свята пісьменства: выступяць артысты Марыінскага тэатра, і ўсё завершыцца феерверкам.
У горадзе будзе цэлая вуліца гандлёвых радоў, аднак алкаголю – ні-ні! Паводле мясцовых уладаў, пісьменства і гарэлка – рэчы несумяшчальныя.
У Шклоў афіцыйна запрошаны дзве тысячы гасцей, прычым каля паўсотні – замежныя дыпламаты. Аднак кожны чалавек, запэўнілі улады, можа прыехаць у Шклоў на Дзень беларускага пісьменства. Аўтобусы з Магілёўскага і Шклоўскага аўтавакзалаў будуць адыходзіць штогадзіну, ёсць таксама магчымасць дабрацца ў райцэнтр на дызель-цягніку, а для аўтамабілістаў арганізаваны ахоўваемыя стаянкі.
Сяргей Гутарэвіч
31.08.2007