Пенсіянерка асвойвае бізнес
67-гадовая жыхарка Клімавічаў з дапамогай ведаў, вопыту, асабістых сродкаў ды яшчэ крэдытаў наладзіла вытворчасць макарон.
У былым адміністрацыйным будынку камбіната будматэрыялаў, які абанкруціўся, размясцілася цяпер ТАА "Сёмая паралель". Яе заснавальніцай з’яўляецца 67-гадовая Галіна Асмалоўская.
Працоўны стаж гэтай энергічнай жанчыны сёння сумарна складае 50 гадоў. Яна атрымала ў Маскве адукацыю інжэнера-тэхнолага харчовых вытворчасцяў, працавала на прадпрыемстве і выйшла на пенсію ў 61 год.
– Я не пабаялася пайсці ў прыватны бізнес, – гаворыць Асмалоўская. – Я проста прыйшла да высновы, што маю прыстойную базу ведаў і вялікі вопыт, які можна прымяніць на справе.
У сваю новую справу Галіна Васільеўна ўклала ўсе асабістыя сродкі, ды яшчэ ўзяла крэдыты. Пазыка цэнтра занятасці абавязвала "Сёмую паралель" стварыць дзесяць працоўных месцаў, і гэтую ўмову прыватніца выканала.
Асмалоўская закупіла расійскае абсталяванне для выпуска макароны хуткага прыгатавання. За суткі тут грузяць спажыўцам ад чатырох да пяці тон прадукцыі.
– У нас добрая рэцэптура, – хваліцца гаспадыня. – Гэта здаровае харчаванне, з бэта-карацінам на аснове морквы. Ніякіх хімічных дадаткаў і фарбаў. А гатаваць макарону трэба ўсяго некалькі хвілін. Хутка, карысна і смачна.
Цяпер для наладжвання больш шырокага збыту Галіна Васільеўна мяркуе набыць сучасную лінію фасоўкі, а для гэтага ўзяць яшчэ адзін крэдыт і адкрыць два новыя працоўныя месцы.
Самым цяжкім у прыватнай кар’еры клімавіцкай пенсіянеркі быў бадай што першы год, калі давялося рамантаваць будынак, які стаяў закінуты 15 гадоў. Цяпер трэба змагацца з цвіллю і восем разоў бяліць столі, каб яны сапраўды сталі белыя.
Зараз на парадку дня новыя праблемы. Галіна Васільеўна прызнаецца: працуе штодня па 12 гадзін – без выхадных дзён. Аднак праца і свая справа ёй падабаецца, таму мяркуе бізнес пашыраць. У "Сёмую паралель" прыйшоў і яе дарослы сын, які будзе займацца маркетынгам. Мэта цяпер ужо сямейнага бізнесу – расплаціцца з пазыкамі і нарэшце атрымаць чысты прыбытак.
Сяргей Гутарэвіч
13.12.2007