Жанчына здала сына ў Дом дзіцяці
Напярэдадні Нараджэння Хрыстова яна проста прыйшла і заявіла: стамілася, хлопчык ёй больш не патрэбен. Паўтарагадовы Андрэй стаў сацыяльным сіратой.
Як высветліла міліцэйская праверка, гэтай жанчыне 33 гады, і яна жыве ў адной зь вёсак Магілёўскага раёна. Кабета занята сваімі справамі – нейкімі "калымамі", а сына даручыла даглядаць маці. Аднак неўзабаве бабуля па патрабаванню свайго сужыцеля вярнула ўнука: маўляў, ты маці – твой і клопат. А маці такога цяжару, як уласны сын, не адолела. Такім чынам маленькі Андрэй і трапіў у Дом дзіцяці.
Нядаўна Магілёўскі спецыялізаваны Дом дзіцяці прыняў яшчэ двух немаўлятак, у якіх нават не было імёнаў. Проста іх бацькі не знайшлі часу і сілы, каб зарэгістраваць нованароджаных дзяцей. А потым увогуле адмовіліся ад малых.
Хлопчыку Быкаву, якому цяпер няма і двух месяцаў, далі ў Доме дзіцяці імя Даніла. Яго маці нідзе не працуе, мае цяжкае матэрыяльнае становішча і не можа забяспечыць належны дагляд за дзіцём. Гэта афіцыйная фармулёўка, а на справе сведкі расказваюць пра так званы "касмічны загар" алкагольнага паходжання і запазычанасць па кватэрнай плаце ў некалькі мільёнаў рублёў.
Яшчэ адна безыменная дзяўчынка ледзь не стала поўнай цёзкай актуальнай тэлевізійнай гераіні Каці Пушкаровай. Супрацоўнікі Дома дзіцяці, калі даведаліся пра прозвішча трохмесячнай малой, сталі аўтаматычна клікаць яе Кацей. Праўда, маці, месцазнаходжанне якой да нядаўняга часу было невядомае, аб’явілася і выказала сваё меркаванне. Так Пушкарова стала Юляй, але забіраць яе пакуль ніхто не збіраецца.
Гэтыя немаўляткі будуць жыць у Доме дзіцяці. Там цяпер знаходзіцца каля 150 малых да чатырох гадоў. Прыкладна сто чалавек штогод пакідаюць Дом дзіцяці, але іх месцы тут жа займаюць іншыя сто.
– Людзі! Трэба не грашыць, а рабіць добрыя справы, тым больш напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова, – звяртаецца кіраўніцтва Дома дзіцяці. – Не кідайце сваіх дзяцей, рабіце для іх добрае. Памятайце, што ўсё самае лепшае ў гэтым свеце пачынаецца з дабрыні.
Сяргей Гутарэвіч
19.12.2007