Магілёўскія донары адстаялі сваё права на ільготы
Сёньня ў Магілёве прайшло пасяджэньня гарадзкога Савету дэпутатаў, на якім аднагалосна прынятае рашэньне аб захаваньні льготаў донарам плязмы й крыві.
Да пасьведчаньня ганаровых донараў будзе выдавацца спэцыяльны дадатак, які гарантуе донарам бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах Магілёву.
– Гэта ёсьць перамога, – гаворыць лідэр донарскага руху й старшыня аргкамітэту па стварэньні арганізацыі донараў плязмы й крыві Ігар Каваленка. – Улада, нарэшце, зьвярнула ўвагу на донараў і іхныя праблемы. Рашэньне гарадзкога Савету дэпутатаў сьведчыць: гораду патрэбны донары.
Акрамя гэтага, донарам гарантуецца адпаведная прыбаўка да пэнсіі й працоўны адпачынак у любы час, як гэта прапісана ў Працоўным кодэксе.
Вітольд Няўрыда
21.12.2007