Палац адрэстаўруюць пад Музей дваранства і сялянства
У пасёлку Жылічы Кіраўскага раёна спадзяюцца на адраджэнне архітэктурнага помніка і развіццё турызма.
Пан, войны і саветы
Жыліцкі палац – помнік XVIII-XIX стагоддзяў. Яго пабудаваў магнат Ігнацій Булгак у якасці сваёй летняй рэзідэнцыі. Гэта чатырохкутнік з унутраным дваром, а фасад упрыгожаны шасцікалонным порцікам. Вакол палаца зрабілі парк у англійскім стылі і каскад штучных сажалак з лебядзямі на рацэ Добасна. Праўда, цяпер тых сажалак няма, а будынак і парк маюць патрэбу ў аднаўленні і рэстаўрацыі.
Палац неблага захаваўся праз войны і рэвалюцыи. У першую сусветную немцы вывезлі з яго статуі і іншыя каштоўнасці. У другую сусветную – выбух разбурыў аранжэрэю.
Адбітак пакінулі на помніку архітэктуры савецкія часіны. Тут пэўны час месціўся саўгас-тэхнікум, і былую бальную залю ўпрыгожылі выявамі шчаслівых калгаснікаў, ёсць таксама і Ленін. На сценах у калідорах вісяць маштабныя палотны савецкага мастака Жарнасека: партрэт зборшчыка аўтапакрышак спалучаецца са шляхетнымі грыфонамі на столях.
Музей дваранства і сялянства
Увогуле ляпныя аздобы – славутасць жыліцкага палаца. У адных залях – антычныя сюжэты, у іншых – кветкі ў яркіх колерах народнага стылю. Прыгожа глядзяцца карыятыды ў выглядзе анёлаў. Дзе-нідзе на столях засталася сапраўдная пазалота.
Зараз палац займаюць мастацкая школа, бібліятэка і мясцовы музей. Большасць музейных пакояў – абсалютна пустыя. Палац мае патрэбу ў рэстаўрацыі і напаўненні мэбляй, экспанатамі. Плануецца, што ў будучым тут будзе адкрыты Музей дваранаства і сялянства.
– Тут мноства пакояў і вінтавых лесвіц, – паказвае дырэктарка музея Ірына Шляхтава. – І другое ўражанне – пачуццё супакаення ў гэтых сценах. Нават калі тут было шмат студэнтаў і маяты. Відаць, гэта засталося ад тых людзей, якія ў даўнія часіны прыздяжалі тут бесклапотна бавіць час. А яшчэ ад старых людзей у Жылічах дасюль можна пачуць гісторыі, якія перадаюцца праз пакаленні. Напрыклад, пра тое, як шчодры пан і яго госці кідалі сялянам манеты з балкона палаца...
Палац-прывід
У пачатку ХХ стагоддзя жыліцкім палацам валодаў Эдгар Булгак, малодшы сын заснавальніка. Ён быў халасцяком і спадчыну перадаў свайму пляменніку. Але таго выгнала з палаца рэвалюцыя. Ёсць нават пагалоскі, што апошняга жыліцкага пана забілі непадалёк.
Прамых нашчадкаў у Булгакаў няма. Гавораць, у 1990-х гадах прыязджаў у Жылічы польскі землеўладальнік Анджэй Булгак-Сыракомля і плакаў у палацы.
Мясцовае кіраўніцтва і шэрагоўцы хочуць, каб Жылічы зарабілі на сваім культурным багацці. Пакуль жа на прыгажосці палаца прыязджаюць паглядзець у асноўным школьнікі з Кіраўска. І нездарма яго часта называюць палацам-прывідам: пра яго чулі, але мала хто бачыў. А нават і цяпер там ёсць што паглядзець і чым уразіцца.
Паводле планаў, рэстраўрацыя павінна даць штуршок развіццю турызма. Таму ў палацы, дзе калісьці была аранжэрэя, мяркуюць пабудаваць гатэль. Кіраўніцтва лічыць, што на перспектыву Жылічаў могуць з карысцю выдаткаваць сродкі і прыватнікі.
Сёлета Жылічы сталі аграгарадком, а план наступнага года – навядзенне парадку ў гістарычнай спадчыне.
Сяргей Гутарэвіч
26.12.2007