Будучае Магілёўшчыны: цамент, сыр і АЭС
Абласныя ўлады рапартуюць пра выкананне прагнозных паказчыкаў і заяўляюць амбіцыёзныя планы на 2008 год.
Пабудова Шклоўскага завода газетнай паперы называюць галоўнай падзеяй 2007-га года ў Магілёўскай вобласці. Завод павінен урачыста выпусціць першую паперу да 31 снежня. Апошнімі тыднямі на пляцоўцы быў аўрал. Як будзе працаваць расейская бумагаробчая машына, ці хопіць ялін для сыравіны, ці сапсуе новая вытворчасць экалогію і знакамітыя шклоўскія гурочкі – пакажа 2008-ы год.
Працу мясцовых кіраўнікоў абяцаюць ацэньваць па двум паказчыкам: інвестыцыям і новым працоўным месцам. Абласная ўлада заявіла, што ў 2008-м годзе будзе адкрыта 400 новых вытворчасцяў, цахоў і прадпрыемстваў. Напрыклад, мяркуецца мадэрнізаваць цаментавыя заводы ў Касцюковічах і Крычаве. Калі не пашанцавала з нафтай, лічаць у аблвыканкаме, дык заробім на цаменце. Гэта сёння адзін з самых дэфіцытных тавараў, прычым ужо не ў сезон, а ўвесь год. Таму на цамзаводы цяпер выдаткоўваюць дзесяткі мільярдаў рублёў.
Яшчэ адзін дэфіцыт – малако і малочныя прадукты. Больш даіць і перапрацоўваць – такую задачу ставяць улады. Сухое малако з Магілёўшчыны вязуць у Японію, казеін – у Нямеччыну, а сыр адрываюць з рукамі ў Расеі. Праўда, у магілёўскіх крамах цяпер немагчыма набыць мясцовы сыр, і мала шанцаў – масла мясцовай вытворчасці. Ўсе ведаюць праўду – малочныя прадукты ўцякаюць праз расійскую мяжу.
Фінансавае становішча прадпрыемстваў, паводле лічбаў, палепшылася. Стратных – толькі каля 5 адсоткаў ад агульнай колькасці. Але сапраўднае становішча ацаніць цяжка: стратныя сельскія гаспадаркі і прадпрыемствы масава далучаюць да больш паспяховых.
Сярэдні заробак жыхара Магілёўшчыны складае 673 тысячы беларускіх рублёў. З трыбунаў расказваюць пра павышэнне дабрабыту і паляпшэнне жыцця людзей, аднак у прыватных размовах людзі скардзяцца адзін адному на павелічэння коштаў на харчы, паўзучае падвышэнне камунальных тарыфаў, распаўсюджанне платных паслугаў.
Народ моцна незадаволены адменай ільготаў: людзі часта проста не вераць, што дзяржава пазбавіла іх правоў на скідкі па аплаце. Пенсіянеры гучна абураюцца ў траснпарце, калі плацяць поўны кошт за квіток, а маці самых малых дзяцей – у аптэках, дзе даводзіцца цяпер плаціць за лекі.
Між тым, у будучым годзе бюджэт Магілёўскай вобласці чакаецца з прафіцытам. Заяўлена, што большая частка бюджэта будзе выдаткавана на сацыяльную сферу. Кіраўніцтва вобласці лічыць, што перад усім (нават перад аховай здароўя) трэба звярнуць увагу на фарміраванне здаровага ладу жыцця. Таму ў 2008 годзе плануецца пабудаваць басейны у Крычаве, фізкультурны цэнтр у Бялынічах і завяршыць Лядовы палац у Бабруйску. Праўда, для насельніцтва усе паслугі гэтых сучасных цэнтраў фізкультуры і спорта будуць платныя. Прама скажам: здаровы лад жыцця ў Беларусі абыходзіцца нятанна.
І, канечне, улада разлічвае, што менавіта ў Магілёўскай вобласці будзе абрана пляцоўка для будаўніцтва АЭС. Яны гавораць пра дынаміку развіцця рэгіёна, папярэджваюць пра непазбежны энергетычны крызіс, а чарнобыльскі сіндром пераадольваюць расповядамі пра АЭС пад Парыжам. Планы на АЭС пад Магілёвам спраўдзіць альбо не 2008-мы год.
Сяргей Гутарэвіч
29.12.2007