У Крычаве завершана рэстаўрацыя Пацёмкінскага палаца
Ён – славутасць і сімвал Крычава. Належыў некалі фаварыту імпэратрыцы Рыгору Пацёмкіну, таму Кацярына Другая пабывала тут.
У горадзе з багатай гісторыяй захаваўся толькі адзін архітэктурны помнік, які датуецца XVIII стагоддзем.
Палац рамантавалі больш за 20 гадоў. І тое, што зроблена напрыканцы 1980-х, давялося перабляць у апошнія тры, калі рэстаўрацыя нарэшце аднавілася.
Звонку – белыя і бледна-жоўтыя колеры, фасад з вежамі, каваныя ўпрыгажэнні. Унутры – люстры з крышталя і дарагі паркет.
Мэбля ў шлюбнай зале стылізавана пад старыну, бо ўсё тут павінна нагадваць пра часіны першага гаспадара – Рыгора Пацёмкіна. Палац пабудавалі ў 1787 годзе: тады ў Крычаў заязджала імператрыца Кацярына ІІ. Потым палац набыў Іван Галынскі, нашчадкі якога валодалі будынкам да рэвалюцыі.
Вядома, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Крычаве здарыўся вялікі пажар, калі сярод іншых драўляных пабудоў згарэў касцёл, пабудаваны па волі каралевы Боны. Тады Вікенцій Галынскі дазволіў весці службы і праводзіць вясельныя абрады на першым паверсе палаца.
Так што сёньняшняе рашэнне ўладаў браць шлюб у адрэстаўраваным палацы – лічы, традыцыя крычаўцаў.
У музеі, які таксама развмесціцца тут, абсталёўваюцца дзявочая, рацырская і парадныя залы, канапная, будуар і іншыя. Мэблю будуць рабіць па эскізам мінулых стагоддзяў і набываць арыгіналы ў прыватных калекцыянераў. Бо сам крычаўскі музей сёння валодае толькі двума стуламі XIX cтагоддзя, якія былі набыты за савецкім часам у вяскоўца – яны трапілі ў яго хату ў рэвалюцыю.
– Нарэшце надышоў час, калі ў Беларусі сталі аднаўляцца помнікі архітэктуры, – лічыць дрэктар музея Наталля Марозава. – І гэта вельмі важна, таму што гісторыя – твар нацыі, дзяржавы.
Плануецца, Пацёмкінскі палац прыцягне ў Крычаў турыстаў. Не так далёка месціцца Мсціслаўскі раён і Пустынскі манастар са святой крыніцай – славутасці двух раёнаў можна аб’яднаць у адзін маршрут.
Урачыстае адкрыццё Пацёмскінскага палаца між тым затрымліваецца. Крычаўцы спадзяюцца, што тое зробіць Аляксандр Лукашэнка, які нарэшце прыедзе ў райцэнтр. У Крычаве Лукашэнка не пабываў за ўвесь час свайго прэзідэнцтва.
Сяргей Гутарэвіч
24.01.2008