Павялічыўся адзіны падатак для прадпрымальнікаў
Сесія Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў зацвердзіла новыя павялічаныя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў.
У сярэднім адзіны падатак павялічваецца на 30 працэнтаў. "Вілка" паміж рознымі відамі дзейнасці атрымалася значная: адны прадпрымальнікі будуць плаціць удвая болей, іншыя – ня многім болей за ранейшую стаўку.
– Я плаціў штомесяц 30 еўра за аказанне паслуг насельніцтву ў рамонце бытавой тэхнікі, – гаворыць магілёўскі прыватнік. – Аднак цяпер я ў адпачынку, і нават дазнавацца пра новы падатак не буду. Усё ж такі вырашыў перарэгістравацца ў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Проста таму, што зразумеў – да канца года ўсіх "індывідуалаў" тымі ці іншымі метадамі задушаць. А жыць трэба і кідаць сваю справу не хочацца…
Паводле тлумачэнняў улады, павелічэнне стаўкі адзінага падатку – гэта першы крок для выраўноўвання ўмоў працы для ПУПаў, у якіх атрымалася большая падаткавая нагрузка, і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Разам з падвышэннем падатку былі распрацаваны і спецыяльныя каэфіцыенты, якія датычацца розных груп гарадоў. Напрыклад, у Магілёве стаўка адзінага падатку будзе большая, чым у раённым цэнтры, а тым больш глыбінцы.
У сельскай мясцовасці для прыцягнення прадпрымальнікаў і заахвочвання прыватнай ініцыятывы будзе ўжывацца ніжэйшы каэфіцыент – 0,5.
Сяргей Гутарэвіч
26.02.2008