Улады дазволілі будаваць "парахавую бочку"
За 50 мэтраў ад жылых дамоў будуюць аўтазапраўку. Жыхары супраць. Яны не жадаюць увесь час дыхаць выпарваньнямі нафтапрадуктаў і чакаць патэнцыйных непрыемнасьцяў.
Ня так даўно жыхароў дамоў 65 і 69 на вуліцы Сіманава ў Магілёве напужаў забор, які хутка ўзрос побач з дамамі. Праз пару дзён паставілі будаўнічую будку. Аб’ект будоўлі – аўтазапраўка. Дарэчы, аб гэтым жыхары даведаліся самі, патэлефанаваўшы ў дзяржбуддагляд. Як заўжды анікога іхны пункт погляду не цікавіў.
– Канечне, мы супраць гэтай будоўлі, – адзначае Ларыса, жыхарка дому №69. – Гэта ж з вакна ня высунуцца – увесь час дыхаць выпарваньнямі бэнзіну проста немагчыма. Тым больш, поле на якім плянуецца будоўля, вялікае. Аб'ект можна было перанесьці далей – на сярэдзіну, аднак чамусьці заказчыкам дазволілі "ляпіцца" бліжэй да жылых дамоў. Аб якім здароўі нашых дзяцей цяпер казаць?!
Аднак грамадзяне здавацца не зьбіраюцца. Згодна зь Інструкцыяй аб парадку правядзеньня адзнакі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе заплянаванай гаспадарчай і іншай дзейнасьцю ў Рэспубліцы Беларусь, зацьверджанай пастановай Міністэрства прыроды ад 17.06.2005г. №30, заказчык павінен правесьці грамадзкія слуханьні і ўсебаковае вывучэньне прапаноў аб рэалізацыі заплянаванай дзейнасьці, павінен арганізаваць удзел грамадзянаў у працэсе правядзеньня падобных экспэртыз. Аднак яны ізноў у баку.
– Мы будзем зьбіраць подпісы і пісаць лісты, – заяўляе ўзрушаны жыхар суседняга з будоўляй дому №69, – здавацца не зьбіраемся. Мы не жадаем увесь час жыць на "парахавой бочцы".
Дагэтуль з вокнаў адкрываўся вельмі прыгожы краявід на Сьвятое возера, якое знаходзіцца за 200 мэтраў. Хто не прыходзіў у госьці, усе захапляліся. А цяпер краявід спаскуджаны "парахавой бочкай", якая ў любы момант ураз можа зьнішчыць як мінімум 260 кватэр.
Саша Заяц
05.05.2008