Мэр абяцаў сам прыехаць і спыніць будаўніцтва АЗС
Пяцёра жыхароў з прылеглых да будаўніцтва аўтазапраўкі дамоў літаральна ўварваліся да старшыні Магілёўскага гарвыканкаму.
Усё пачалося з рэгістрацыі жыхароў на прыём да мэра. Адна з грамадзянак на сваё прозьвішча зарэгістравала чаргу. Аднак іх да гарадзкога наычальніка пускаць не захацелі, маўляў, трэба з пашпартам і зарэгістраваць свае дадзеныя. Праз паўгадзіны спрэчак жанчын усё ж пусьцілі да старшыні.
– Ягоны намесьнік, спадар Студнеў, адразу адзначыў, што на пісьмовы зварот па гэтым пытаньні ўжо дадзены адказ, які, маўляў, пэўна яшчэ не дайшоў да адрэсату, – паведаміла адна з наведвальнікаў мэра, спадарыня Брызгалёва. – Потым спрачаліся ўжо з самім старшынёй. Спачатку ён, быццам бы, не мог зразумець, дзе знаходзіцца будаўніцтва (і гэта старшыня гарвыканкама, які даваў дазвол на будаўніцтва!), а паслья таго, як мы намалявалі падрабязны плян, пачаў пераводзіць тэму на іншае. Пасьля амаль гадзіннай дыскусіі паабяцаў: "Заўтра сам зьежджу на будаўніцтва, мы яго спынім, а ў пятніцу а дванаццатай гадзіне прыходзьце за адказам у гарвыканкам".
Жыхары нібыта й задаволеныя: "Вось, мэр нас пачуў і пабяцаў спыніць". Аднак …
Спадар Студнеў, які ўвесь час быў супраць спыненьня будаўніцтва, у перададзенай копіі адказу на зварот адзначыў: будоўля дазволеная на аснове ўзгодненнай і зацьверджанай дакумэнтацыі, таму аніякіх парушэньняў няма.
Між тым згодна зь інструкцыямі, заказчык павінен правесьці грамадзкія слуханьні. Аднак, іх не было. Але тут ёсьць нюанс: праект будаўніцтва датаваны яшчэ 2003 годам, калі інструкцыі яшчэ не былі ўведзеныЗь іншага боку будаўніцтва праводзіцца ў адпаведнасьці зь генэральным плянам, зацьверджаным Указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь №332 ад 28 ліпеня 2003 года – тады гэты закон быў ужо ў поўнай моцы, бо прыняты ён яшчэ ў 2005 годзе.
Нягледзячы на абяцаньне Шорыкава, надзеяў на спыненьне будаўніцтва ўсё менш: ужо ўсталявалі нейкія слупы, прывезлі блёкі. Большая частка ініцыятыўных жыхароў не спадзяваюцца на дапамогу гарвыканкаму – тых, хто гэта дазволіў.
– Я ня веру, што заўтра спыніцца будаўніцтва. Абяцанкі мэра – проста адчэпка. Адзінае, што нам дапаможа – гэта пракуратура, – адзначыў Максім, жыхар дому нумар 69. – Вось паглядзім…
Саша Заяц
15.05.2008