Жанчыны зьвярнуліся да Галіны Лукашэнка, мужчыны – ў пракуратуру
Узрушаныя жыхары дамоў, ля якіх будуецца АЗС, зьвяртаюцца куды толькі можна.
Нагадаем, што ў непасрэднай блізкасьці ад дамоў №65 і 69 па вуліцы Сіманава горада Магілёва пачалося будаўніцтва аўтозаправачнай станцыі. Спачатку адлегласьць ад дома складала 17 мэтраў, а пасьля абяцаньняў мэра спыніць будаўніцтва, забор быў перанесены яшчэ на 15 мэтраў.
На сходкі жыхароў, хто выступае супраць АЗС, адна з жанчын прапанавала зьвярнуцца да жонкі Лукашэнкі. Маўляла, бывала шмат выпадкаў, калі аніхто не дапамагаў, зьвярталіся да яе, і справа вырашалася. Неўзабаве грамадзянкі склалі ліст да Галіны і адвязлі яе сакратару ў Шклоў. А заадно ўспомнілі і пра дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Сяргея Шлапака. Яму таксама вырашылі даслаць скаргу.
Між тым, творчая група "Наш Магілёў" ды іншыя грамадзяне, большасьць з каго мужчыны, асаблівай надзеі на жаночы зварот не ўскладаюць. 19 траўня жыхарамі была пададзена калектыўная скарга з 185 подпісамі ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна горада Магілёва.
– Спадзявацца трэба на сябе, – кажа Максім Кавалёў, жахар дома №69, які і зьвярнуўся да пракуратуры. – У гэтай сітуацыі дапаможа толькі пракуратура, калі не раённая, дык абласная, а не абласная, дык генеральная. Аднак мы будзем ісьці да апошняга.
Плянам разьвіцьця, дарэчы, прадугледжана і чатырохпалосная дарога, якая будзе праходзіць акурат паміж дамамі і запраўкай, на адлегласьці ад дома 13,5 мэтраў. Даведаўшыся пра гэтае, жыхары ўзрушаліся яшчэ болей. "І дарогу мы не дазволім тут пракласьці", гучаць словы амаль з кожнага жыхара.
Саша Заяц
22.05.2008