Прыбужжа № 9, люты
|
Сувораў зноў адольвае Касьцюшку?
У Кобрыне пачата будаўніцтва праваслаўнага сувораўскага храма. Адначасова ў Беларусі разгортваецца грамадзкая кампанія супраціву гэтаму. На самым высокім месцы ў Кобрыне гойдаецца на ветры ўчарнелая вайсковая палатка. Побач – бярвеньні, дошкі, цэгла. Некалькі мужчын у ватоўках сноўдаюцца з рыдлёўкамі. Тэрыторыя навокал заваленая будаўнічым друзам. Адкрыта кажу праваслаўнаму айцу Ўладзімеру Карнялюку, што ня ўражвае царкоўнае будаўніцтва – на іншых "шабашках" больш парадку. Сьвятар не пярэчыць. Спасылаецца на адсутнасьць сродкаў. Маўляў, замахнуліся на вялікае, а ў царкоўнай скарбніцы пуста. – Спадзяемся на падмогу з Расеі, – даводзіць сьвятар. – Пра нашыя праблемы даведаўся патрыярх Алексій ІІ. Ён ужо аддаў загад дапамагчы. Са словаў айца Ўладзімера Карнялюка, расейскі бок найбольш цікавіць, што новы храм ушануе памяць фэльдмаршала Аляксандра Суворава. Праект прадугледжвае разьмяшчэньне мастацкай выявы расейскага палкаводца ў іканастасе. Што кажуць пра ініцыятыву праваслаўных жыхары Кобрына? – Вернікі ў храме будуць мусіць маліцца на ваяра, які на штыках прынёс у Беларусь прыгоннае права, – кажа жыхар Аляксандар Мех. Суразмоўца заяўляе пра арганізацыю грамадзкага пратэсту мясцовых жыхароў. Ён лічыць, што занадта ў маленькім райцэнтры славы гэтаму вешальніку. У Кобрыне яго імя атрымалі гатэль, калгас, а цяпер СПК. Два дзяржаўныя музэі і яшчэ адзін у школе таксама "сувораўскія". Уладзімер Котаў, прадпрымальнік: – Гэта вельмі балючая тэма і для самой царквы. Але ж гэта можа выявіцца гадоў празь дзесяць. Іван Крыга: – Я рускі, але таксама лічу, што называць храм "сувораўскім" нельга. Сувораў прыйшоў у Беларусь не з асьветаю, а зь мячом. Алесь Грыб: – Я ўвогуле лічу, што аніякія храмы не павінны мець імя аніводнага палкаводца. Сам палкаводзец як такі – забойца. Называць яго імем храм – парушаць біблейскі запавет. Камэнтуе беларускі гісторык Алег Трусаў: – Калі расейцы раздобрацца на дапамогу, то ў Кобрыне будзе створаны Сувораўскі ваенна-гістарычны комплекс, аналягаў якому няма нават у Расеі. Алег Трусаў сьцьвярджае, што "Сувораў заліў крывёю Беларусь і Польшчу і ня можа быць ушанаваны на нашай зямлі". – Мы ж ня ставім помнікі Карлу ХІІ, Напалеону, Гітлеру. Гэта ідзе так званая расейская пятая калёна. Вельмі зацікаўленая, каб далучыць Беларусь у якасьці губэрні. А галоўныя ранейшыя далучэнцы: першы – граф Сувораў, а другі – граф Мураўёў. Вось дзьве постаці, якія душылі, палілі Беларусь. З хронікі сувораўскіх нападаў 1769 год. Будучы брыгадзірам Суздальскага пяхотнага палка Сувораў вынішчаў распыленыя партызанскія атрады і "зачышчаў" зямлю Рэчы Паспалітай ад змагароў за яе незалежнасьць. 1771 год. "…Порубил и потоптал на месте и в погони" каля 500 чалавек. 1794 год. Сувораў проста вымаліў у імпэратрыцы дазвол адправіцца на расправу з новымі бунтаўшчыкамі на чале з Тадэвушам Касьцюшкам. Верны практыцы "при малейшем сопротивлении атаковать, никогда не упускать, бить и кончить в час", Сувораў загадаў "во всех селениях, где неприятель обороняться будет, естественно должно его кончить в домах и строениях". 15 верасьня 1794 года пад Кобрынам з усіх 400 вершнікаў-паўстанцаў павятовага генэрала Казіміра Рушчыца пасьля сувораўскага нападу ацалела ўсяго 50 коньнікаў. 17 верасьня пад Крупчыцамі (14 кілямэтраў ад Кобрыну) сувораўскія калёны з 16-тысячнага корпуса мяцежнага генэрала Караля Серакоўскага палажылі на месцы каля 2000 чалавек. Першы помнік Тадэвушу Касьцюшку – на тэрыторыі Амбасады ЗША За 17 гадоў да бойні з Аляксандрам Суворавым Тадэвуш Касьцюшка ўдзельнічаў у бліскучай перамозе пад Саратогай, у выніку чаго было дасягнутае афіцыйнае прызнаньне Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ваенныя гісторыкі ЗША сьцьвярджаюць, што зарукаю гэтага трыюмфу сталіся непрыступныя фартыфікацыі, збудаваныя палкоўнікам-інжынэрам Андрэем Тадэвушам Банавэнтурам Касьцюшкам. Яго заслугі ў барацьбе за свабоду Злучаных Штатаў былі ацэненыя надзвычай высока: званьне генэрала, найвышэйшая баявая ўзнагарода краіны, і апрача таго – амэрыканскае грамадзянства, пажыцьцёвая пэнсія і зямельны надзел. У 1784 годзе Касьцюшка адмаўляецца ад кар’еры ў ЗША, сядае на карабель, каб вярнуцца на радзіму, у Літву-Беларусь. Празь дзесяць гадоў ён на чале вызвольнага паўстаньня, што прынясе яму славу нацыянальнага героя Беларусі й Польшчы. Да 260-годзьдзя Андрэя Тадэвуша (а ён быў ахрышчаны 12 лютага 1746 году) у Мерачоўшчыне – адноўленай сядзібе Касьцюшкаў каля Косава адчынены музэй. Першы ў Беларусі помнік паўстанцкаму правадыру створаны скульптарам Алесем Шатэрнікам. Вось толькі помнік гэты знаходзіцца на тэрыторыі амэрыканскай амбасады... Таксама ў ЗША ля Вайсковай акадэміі ва Ўэст-Пойнце і ў Вашынгтоне каля Белага дому быў пастаўлены помнік Касцюшку. Яму прысьвечаныя многія творы мастацкай літаратуры, жывапісу, скульптуры, пра яго жыцьцё і дзейнасьць напісаныя навуковыя працы. У шмат якіх краінах Эўропы, Амэрыкі і нават у далёкай Аўстраліі пастаўлены яму помнікі. Шанаванне памяці Касцюшкі ў свеце – сведчанне павагі і да народа, які яго спарадзіў. У выпадку ж з расейскім фэльдмаршалам-катам гісторыя зусім іншая. Скажу больш: тое, што зараз адбываецца ў Кобрыне, – гэта зьдзек і над гісторыяй, і над нацыянальнай памяцьцю нашага народу. Празь дзьвесьце год дапамагаць Сувораву у вечным змаганьні з Касьцюшкам –хіба тое ня здрада праўдзе, патрыятызму, Бацькаўшчыне? Вось і зьбіраюцца па ўсёй краіне подпісы з патрабаваньнем спыніць тое, што рабіць ніяк нельга. Галіна Баравая 24.02.2007
Массовая драка в Малорите
Полтора часа избивали друг друга 200 человек. Милиция должна была знать о готовящемся бое. Но не рискнула ни предотвратить, ни прекратить побоище. Мало того, до сих пор не дает комментариев. Ссылается на тайну следствия. Дискотека, посвященная дню Святого Валентина, прошла 15-го февраля и закончилась для учащихся сельскохозяйственного ГПТУ-155 дракой. Ребята вышли на улицу, где их уже поджидали "городские" – несколько десятков малоритских парней. Обидчики спланировали все основательно – набросились на "приезжих" с воплями "Малорита, за мной!" Да не с голыми руками – в ход пошли бутылки из-под чернил, кастеты, цепи. Силы определенно были неравны: пэтэушников молотили даже дядьки под тридцать. За подопечных учащихся пытались вступиться их воспитатели-мужчины, но тоже были избиты. Кто-то вызвал милицию. Приехавшие сотрудники РОВД увиденным впечатлились, потому из машины вылезти не рискнули. Драка рассосалась сама собой через полтора часа. А еще через 10 минут четверо раненых подростков обратились в больницу. Двое жаловались на отбитые внутренности, и их госпитализировали, двум испортили лбы: одному порезали бровь, другому разорвали кожу. Лбы зашили и отпустили ребят домой. Логично предположить, что раненых бойцов было больше. Но не всем захотелось пойти в больницу, поскольку это означает добровольно вписать свое имя в милицейский протокол. Малоритским РОВД возбуждено уголовное дело по статье "Злостное хулиганство, совершенное группой лиц". Статья предусматривает до шести лет лишения свободы. Почему дрались местные с пэтэушниками, должна разобраться милиция. В Малорите поговаривают – потому, что приезжие хлопцы отказались платить местным. Накануне весь город гудел от слухов о предстоящей драке. Но милиция не отреагировала. Драка ж не митинг, дело не политическое. Ирина Осипова 23.02.2007
Пінск ушаноўвае нобэлеўскага ляўрэата
На гэтым тыдні Пінская горадабудаўнічая рада выдала мясцовай габрэйскай абшчыне дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі Саймону Сьміту Кузьняцу на будынку былой мужчынскай гімназіі. У тэксьце пазначана, што ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы нарадзіўся ў 1901 года ў Пінску ў сям’і Абрама Кузьняца і яго жонцы Паліны. – Сайман, а ў Пінску яго называлі Сямён, быў сярэднім з траіх дзяцей гандляра пушнінай Абрама Кузьняца, – даводзіць краязнаўца Вячаслаў Ільянкоў. – Калі сыну было шэсьць гадоў, бацька зьехаў у ЗША на заробкі, разьлічваючы пасьля забраць сям’ю. Але парушылі пляны першая ўсясьветная, Кастрычнік і грамадзянская вайна. Па зьвестках Вячаслава Ільянкова, пасьля падпісаньня ў Рызе ў сакавіку 1921 году савецка-польскай мірнай дамовы Пінск адышоў да Польшчы. У 1922 годзе Сямён і яго старэйшы брат Саламон накіраваліся ў ЗША і адразу ж паступілі на старшы курс Калюмбійскага ўнівэрсытэту. У 1924 годзе Сайман Кузьнец закончыў яго, атрымаў ступень магістра эканомікі. Прафэсійную дзейнасьць вучонага зь беларускімі каранямі дасьледаваў Эмануіл Іофэ, прафэсар БДПУ імя М.Танка. Ён інфармуе: – Ад 1927 па 1961 год наш зямляк узначальваў праграму вывучэньня нацыянальнага прыбытку ў Нацыянальным бюро эканамічных дасьледаваньняў ЗША. Адначасова выкладаў эканамічную статыстыку і тэорыю валавога прадукту ў Пэнсільванскім, а з 1959 – у Гарвардзе, у самым прэстыжным унівэрсытэце ЗША. Асноўная частка навуковай спадчыны Саймана Кузьняца – праблемы эканамічнага разьвіцьця і росту, эвалюцыі ўсясьветнай эканомікі. Пінчук увёў у навуковы зварот тэрмін ВУП (валавы ўнутраны прадукт), вывеў так званы "закон Кузьняца" для краінаў, эканоміка якіх знаходзіцца на стадыі разьвіцьця. Ёсьць інфармацыя, што на даручэньне Мао Цзэдуна такія дасьледаваньні выкарыстоўваліся для паскоранага разьвіцьця Тайваня. У эканамічнай літаратуры СССР, якую яшчэ можна пагартаць у бібліятэках Менску, С.Кузьняца называлі “"апалягетам капіталістычнай вытворчасьці", "буржуазным эканамістам". Між тым, прапанаваная Сайманам Кузьняцом мэтодыка вызначэньня нацыянальнага прыбытку выкарыстоўваецца ў афіцыйнай статыстыцы ЗША і іншых мацнейшых краінах сьвету. У 1971 годзе за "эмпірычна абгрунтаванае тлумачэньне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, больш глыбокага разуменьня як эканамічнай і сацыяльнай структуры, так і працэсу разьвіцьця", Сайману Кузьняцу прысуджана Нобэлеўская прэмія па эканоміцы. Дарэчы, Эмануіл Іофэ лічыць, што беларускія карані маюць яшчэ чатыры нобэлеўскія ляўрэаты. Гэта фізык Аарон Клуг, які нарадзіўся ў Зэльве. Фізык Жарэс Алфёраў мае паходжаньне зь Віцебску. Беларусамі былі бацькі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі фізыкаў – Шалдона Лі Глэшоу, Марціна Льюіса Перла, Алана Джэя Хігэра. Галіна Баравая 19.02.2007
Бязьдзейны Каралеўскі канал пачне працаваць
Выкапаная рукамі прыгонных сялян водная артэрыя ад Піны да Бугу абвешчана ўдарнай будоўляй беларускай энэргетыкі. Сёлета тут зьявіцца ГЭС. У 1775 годзе на загад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага кіркамі ды лапатамі пачалі пракладваць той шлях для вады. Гэта быў амаль што адзіны ўчастак сушы, які замінаў скразному руху суднаў ад Чорнага мора да Балтыйскага. На цяжкую працу сышло шмат гадоў. У 1784-м у Варшаву з Пінску дабраўся водны караван зь 10 суднаў на вёслах. Капітан экспэдыцыі пінскі шляхціч Стэфан Стахоўскі перапраўляў мёд, воск, грыбы, ягаду, рыбу. Варшава зазнала сэнсацыю. На "палескіх індзейцаў", як тады называлі палешукоў, прыйшоў паглядзець і сам кароль. У гонар падзеі быў выбіты адмысловы мэдаль. Дзёньнік падарожжа і сьпіс тавараў да сёньня захоўваецца ў каралеўскім архіве. Канал, які палешукі назвалі "Каралеўскім", спраўна служыў перавалцы рачных грузаў. Берагі воднай артэрыі тройчы пашыралі. У пэрыяд СССР з ГДР, Польшчы, Чэхаславакіі ды Вугоршчыны "шуравалі" празь Беларусь стратэгічныя грузы. А ў апошнія 15 гадоў вада ў канале боўтаецца ад аднаго берага да другога. Рух суднаў практычна спынены. І вось дырэктар РУЭПС "Днепра-Бугскі водны шлях" Іван Кеявец абвясьціў пра намеры найвышэйшага начальніка краіны задзейнічаць канал ў энэргетыцы. – Па ўсходнім схіле – ад Пінска да Кобрына у год скідваецца да 500 мільёнаў кубамэтраў вады, – удакладняе Іван Кіявец. – Перапад на гідравузлах складае ад 1,8 да 3 мэтраў. Але цяпер нават у летнюю навігацыю выкарыстоўваецца толькі 2 адсотка вады. Гэта – нерацыянальна. Што прапануецца? Іван Кіявец кажа, што на канале можна прымусіць працаваць як мінімум пяць малых ГЭС. Першая з плянуемых – Дубайская. Са словаў спадара Кіяўца, яна зможа выпрацоўваць у год 1,4 мільёна кіляват і цалкам вырашыць праблему забесьпячэньня прадпрыемства "Днепрабугводшлях". Але будаўнікі патрабуюць два мільярды рублёў у цяперашніх коштах. Абяцаны тэрмін вяртаньня капіталу – 6-8 гадоў. Сумневы ў бесьперапыннай працы ГЭС выклікаюць хіба засухі, што здараюцца на Палесьсі, і ў прыватнасьці – у суседняй Валыні. Беларусам даводзіцца спрачацца за ваду, калі на ўкраінскай тэрыторыі перакрываюць шлюзы. Тады ў пустым канале задыхаецца нават рыба. Да таго ж за спажываньне дадатковай вады для працы электрастанцыі браткі-украінцы могуць патрабаваць аплату. Супраць ідэі і эколягі. Яны даводзяць, што будаўніцтва ТЭЦ і лініяў электраперадачы ізноў парушыць жыцьцё палесскіх зьвяроў і птушак . Зьнікне раўнавага, якая нібыта усталявалася за час перадыху ад татальнай мэліярацыі на Палесьсі. Аднак жа калі ў нас прыслухоўваліся да абаронцаў прыроды? Галіна Баравая 12.02.2007
Дзеля выздараўленьня ў Ставах купаюцца нават узімку
На Берасьцейшчыне выяўлена больш як сто "жывых" крыніцаў. Людзі спажываюць ваду для піцьця, гатаваньня ежы, а таксама для лекавага купаньня. У вёсцы Ставы Камянецкага раёна жыве мой дзядзька – Фёдар Кравец. Даўно ён пазнаёміў нас зь мясцовай крынічкай. Ад хаты сваяка выйшлі на асфальтаваную дарогу, пасьля збочылі і прайшлі яшчэ мэтраў дзьвесьце па крутым спуску ў нізіну. А там – пагорачак нібы невялікі курган, зь якога струменіць крынічная вада. Ужо тады мясцовыя жыхары лічылі ваду лекавай. Мая невялікая заметка ў райгазэце "Навіны Камянеччыны" нарадзіла сэнсацыю. Па ваду ў Ставы зачасьцілі людзі з суседніх вёсак і Камянца. Далей рэкляму "жывой" крыніцы ўзьнялі радыё- і тэлерэпартажы. Чысьціню вады і яе гаючыя ўласьцівасьці пацьвердзілі дасьледаваньні ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце. Працу вучоных над своеасаблівым сэртыфікатам якасьці аплаціла абласная інспэкцыя па ахове прыроды і навакольнага асяродзьдзя. Летам 2005 года сьвятар Васіль Бялюк заклікаў жыхароў вёскі Ставы добраўпарадкаваць крыніцу. Цесьляры вырабілі ажурную павець, бэтоншчыкі – трывалыя сходы, землякопы паглыбілі побач лужок, зрабілі купальню. Сама крынічка струменіць уверх. Дастаткова падставіць посуд, каб вада налілася зьверху. 19 кастрычніка 2005 году па благаславеньні біскупа Берасьцейскага і Кобрынскага Іаана айцец Васіль Бялюк асьвяціў крыніцу ў імя сьвятога Міхаіла. Навіной цяперашняй зімы зьяўляецца тое, што купальня не прастойвае ніводнага дня. На Вадохрышча тут было больш як паўтысячы чалавек. А цяпер прыяжджаюць сьмельчакі, каб акунуцца ў "жывую" ваду дзеля папярэджваньня хваробы ці яе лекаваньня. Гісторыя крыніцы напаўняецца легендамі і павер’ямі. Я шмат перачытала пра жывую ваду, каб падрыхтавацца да гутаркі з прыродаахоўнікамі. Дарадцам стала галоўны спэцыяліст абласнога камітэту па ахове прыроды і навакольнага асяродзьдзя Алена Пратасевіч. Яна паведаміла, што на тэрыторыі Берасьцейшчыны выяўлена больш як сто гаючых крыніцаў. У Баранавіцкім раёне – 37, у Камянецкім – 16, у Пінскім – 11, у Лунінецкім – тры А вось у Ганцавіцкім, Жабінкаўскім, Маларыцкім раёнах пакуль ня выяўленыя. Прычынай гэтаму Алена Пратасевіч называе мэліяратараў. Маўляў, тыя не цырымоніліся з крыніцамі. Перарэзвалі плугамі вадзяныя жылы. У адпаведнасьці з артыкулам 74 Воднага кодэксу Беларусі, крыніцы ахоўваюцца дзяржавай. Між тым, у мінулым годзе эколягі зафіксавалі страту дзьвюх крынічак на тэрыторыі Белавескай пушчы. У вёсцы Вяжное Камянецкага раёну вада ў папулярнай раней крыніцы замуцілася, пачала дрэнна пахнуць. Зноў жа эколягі кажуць пра неахайнае ўмяшаньне чалавека. Больш сталі ўгнойваць глебу мінэральнымі ўгнаеньнямі, сьцёкі сочацца ў глыбіні да крыніцы. На жаль, гэта не адзіныя прыклады на Берасьцейшчыне. Рыгор Грыбаў, уладальнік сядзібы "Млыны" Камянецкага раёну мае зьвесткі пра вядомыя раней, але зьніклыя цяпер 24 крыніцы. Паслухаем гэтага дасьведчанага чалавека, выкладчыка Берасьцейскага ўнівэрсытэту: – Крыніцы – вельмі адчувальныя экасыстэмы. Яны могуць існаваць стагодзьдзі. Але любога парушэньня іх сыстэмы або вытоку дастаткова, каб жывая вада сышла ў глыбіню. Галіна Баравая 02.02.2007 |