Дробная помста, ды яшчэ й на замову?
Кіраўнічка "афіцыйнага" прафсаюзу Берасьцейскага ўнівэрсытэту ў газэце ФПБ "Беларускі час" ганіць калегаў са Свабоднага прафсаюзу.
Справа ў тым, што ня так даўно Свабодны прафсаюз Берасьцейскага ўнівэрсытэту зьвярнуўся з запытам да кіраўнікоў галіны і вэртыкалі.
Орган Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай у нумары за 18 студзеня зьмясьціў нататку "Альянса не получилось". Над артыкулам уверсе фота і подпіс: Галіна Вароніна, старшыня прафкаму супрацоўнікаў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна.
Аўтарка, старшы выкладчык матэматыкі, ганіць "так называемый" Свабодны прафсаюз, шэрагі якога нібыта ў 1992 годзе былі прадстаўнічымі, а цяпер не, бо многа хто яго пакінуў і нават перайшоў у афіцыйны прафсаюз. Хваліцца, што можа матэрыяльна падтрымаць "сваіх". Пярэсьціць кіраўніка Свабоднага прафсаюза ўнівэрсітэта спадара Лазарэнкава. Маўляў, запрасіў тры гады таму назад да супрацы, але свой варыянт калектыўнай дамовы не прапаноўваў. Не працуе ва ўнівэрсытэце, але называе сябе старшынём прафкаму. І, нарэшце, яна называе Валянціна Лазарэнкава Віталем.
Адкуль дуэль паміж Лазарэнкавым ды Варонінай
– Віталь дык Віталь. Як-ніяк значыць "жывучы". Заадно і бачна, якая супраца ёй на розуме, калі нават як завуць ня помніць. А вось імя рэктара нябось не паблытае Вароніна. Такі іхні прафсаюз. Па азначэньні мусіць служыць – у яго ж адміністрацыя, наймальнікі ўваходзяць. `
Валянцін Лазарэнкаў тлумачыць, што восеньню накіраваў міністру адукацыі са.Радзькову і тагачаснай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта спн.Пяткевіч адкрыты ліст. У ім прасіў праліць сьвятло, ці сапраўды паводле распараджэньня міністра рэктарат Берасьцейскага ўнівэрсытэту апрацоўваў дацэнтаў і прафэсараў – чальцоў Свабоднага прафсаюза, палохаў іх непадпісаньнем кантракту, калі ня выйдуць з СПБ.
– А вось і сказ, які наўпрост вылазіць у артыкуле Варонінай, – кажа спадар Лазарэнкаў. – Вось тэкст майго звароту: “Попытки диалога [с ректором] за четыре года не увенчались успехом”. Дык гэта ж яна пазычыла ў загаловак!
Беспакараны крымінал у Берасьцейскім унівэрсітэце
Чытаю адкрыты ліст В. Лазарэнкава і адказ за подпісам першага намміністра адукацыі А. Жука (прыйшоў у лістападзе) і пагаджаюся з спадаром Валянцінам: усё шмат глыбей за блытаніну імёнаў і плагіят зьместаў.
Самае бяскрыўднае ў лісьце: аўтар просіць растлумачыць, чаму ў Берасьцейскім унівэрсытэце самы нізкі заробак сярод роднасных навучальных установаў.
Аўтар просіць таксама адказаць, чаму не даюць юрыдычнай адрэсы Свабоднаму прафсаюзу па месцы працы чальцоў суполкі, як гэта прадугледжана ўнутраным заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі. Апісвае факты хабарніцтва і масавага парушэньня законаў чальцамі афіцыйнага прафсаюзу і адміністрацыяй ўнівэрсытэту, пасьпяхова "замазаныя" на розных узроўнях.
Так, сын аднаго з прарэктараў цэлы год вучыўся ў ЗША і… на падвышаную стыпендыю здаў дзьве сэсіі ў Берасьці – нават фізычна не зьяўляючыся ва аўдыторыю! Бацька "самародка" атрымаў ад новага рэктара сп.Часноўскага падзяку на ўнівэрсытэцкай Радзе. Выкладчыкі-чальцы афіцыйнага прафсаюза, якія афармлялі такую "пасьпяховую" здачу іспытаў, не панесьлі аніякага пакараньня.
Такі самы "член" прапанаваў студэнтам адкупіцца ад яго на эіспыце. Яго прыбралі, пакуль ня сьціхне ўзрушаньне, а праз год аднавілі на працы.
Студэнтцы-сваячцы рэктара сп.Часноўскага паставілі нізкую адзнаку. Дэкан факультэта прылюдна ў грубай форме запатрабаваў, каб выкладчык выправіў сваю хібу.
Рэктар шмат разоў адмаўляў чальцам Свабоднага прафсаюза ў матэрыяльнай дапамозе, накладваючы рэзалюцыю "Пусть вступит в ФПБ".
Адказ спадара Жука – гэта пазычаныя са справаздачы рэктарата БрДУ дзяжурныя табліцы, дзе ўсё o’key, канстатацыі банальных фактаў замест адказаў па сутнасьці. Маўляў, ніякіх наездаў на ваш Свабодны прафсаюз. Нічога не пацьвердзілася! (Хоць з прафсаюзу выйсьці-такі змусілі і пра здачу экзамэнаў адначасова на двух кантынентах пісаў нават мясцовы аналяг “СБ” газэта “Заря”, прычым падпісаў артыкул супрацоўнік КДБ).
Чаго ня бачыць Жук, пра тое напіша Вароніна!
– Дык жа вось, я пісаў, што рэктар дае дапамогу не калектыву, а тым, хто ўваходзіць у афіцыйны прафсаюз, – кажа Валянцін Лазарэнкаў. – І Галіна Вароніна піша: "Профком не делит людей на своих и чужих, но материальную … поддержку могут получить всё же те, кто является членом нашей организации – Федерации профсоюзов Беларуси". Альбо вэрсія, што не заганяюць у афіцыйны прафсаюз. Дык вось жа Вароніна піша, што прырасьлі за апошнія гады на 469 чалавек. І заставалася ж колькі сот. Дык нават пры таталітарным камунізме было там менш людзей, чым цяпер. Можна было быць па-за прафсаюзам.
А што яна скажа?
Спадарыня Вароніна адмяжоўваецца ад артыкула.
– Гэта журналіст, які рыхтаваў паласу, напартачыў. Подпіс унізе падборкі. Ён браў у мяне вялікае інтэрвію, а зрабіў малы і ня мой матэрыял. Вычытаць мне не прыслаў. І загаловак таксама належыць яму.
Паводле Галіны Мікалаеўны, яна ўжо зьвярталася ў рэдакцыю "Беларускага часу" наконт апошняга абзацу. Не выказвалася, маўляў, у такім духу пра разьмеркаваньне матэрыяльнай падтрымкі.
Спадарыня Вароніна ведае, як завуць калегу з незалежнага прафсаюзу па імені. Стараецца гаварыць юрыдычна ўзважана і найчасьцей гаворыць дастаткова пераканаўча. Хоць і ня ведае, у якой з ВНУ падобнага профілю ў Беларусі зарплата самая нізкая (калі ўжо не ў Берасьцейскім універсітэце), але як матэматык адразу падказала методыку: можна лёгка палічыць па прафсаюзных складках. Дзе яны ў сярэднім найменшыя – там і зарплата самая малая.
Чакаем рымэйк!
Дык што, Свабодны прафсаюз замовілі афіцыйным журналістам? І з больш высокага ўзроўню, чым абласны? Версія мае права на жыцьцё.
Няхай бы для пачатку спадарыня Вароніна афіцыйна папрасіла абвергнуць свой альянс з недабрасумленным сталічным журналістам.
Чакаем "Альянса не получилось-2"!
Пятро Васілеўскі
21.01.2008