У Белавежжы стварылі зубрыны статак для паляваньня
Дазвол на паляваньне каштуе 2-8 тысяч эўра. Кошт вызначаюць даўжыня правага і левага рагоў, абхват рога ў аснове, велічыня капытоў і г.д.
Адміністрацыя Нацыянальнага парку "Белавеская пушча" другі год запар адмаўляе на просьбу абласной ўправы "Валыньлесу" Ўкраіны перадаць ёй некалькі племянных зуброў. Суседзі прызнаюцца, што не валодаюць цяпер грашовым капіталам для куплі самцоў. Прапануюць іншыя ўмовы. Згодныя нават вярнуць у Беларусь цялятак з будучага прыплоду . Мажліва, дзьве галаву за адну.
– Мы ўжо стаміліся ад бясплодных перамоваў зь беларусамі, – скардзіцца галоўны лясьнічы абласной управы "Валыньлес" Анатолій Гетманчук. – На жаль, кіраўніцтва Белавескай пушчы патрабуе толькі грошы – 25 тысяч эўра за аднаго самца.
Між тым, для Ўкраіны не сакрэт, што цяпер у Беларусі зубры гінуць на паляваньнях, таксама ад браканьерства і з-за недагляду, калі зьвяры труцяцца на калгасных палетках ці топяцца ў мэліярацыйных каналах.
Некаторая факты прыводзяцца ў калектыўным звароце эколягаў Украіны да Аляксандра Лукашэнкі.
Дырэктар Кіеўскага эколяга-культурнага цэнтра (КЭКЦ) Уладзімер Барэйка патлумачыў, што ён асабіста і калегі просяць прэзыдэнта Беларусі перагледзяць пастанову Саўміна Беларусі ад 22.08.2007 года №1408 "Аб некаторых пытаньнях аховы і рацыянальнага выкарыстаньня зуброў".
–Чамусьці ў пастанове №1408 пашыраныя маштабы трафэйнага паляваньня на зуброў, – зьдзіўляецца Ўладзімер Барэйка. – Робіцца гэта за кошт падзелу колькасьці жывёлы на так званыя "асноўны" і "рэзэрвовы" фонды. У выніку вялікая колькасьць зуброў (нібыта зьнясіленыя, хворыя і састарэлыя, пакалечаныя і г.д.) выводзяцца з-пад абароны Чырвонай кнігі і аддаюцца на патрэбы камэрцыйнага паляваньня.
Са словаў суразмоўцы, "рэзэрвовы" фонд у Беларусі складае некалькі дзясяткаў зуброў.
У адміністрацыі НП "Белавеская пушча" паведамілі, што сапраўды створаны "статак для паляваньня", які папаўняецца ў адмысловым загоне. Гэта своеасаблівае беларускае ранча памерам 30 тысяч гектараў, агароджанае двухмэтровай мэталічнай сеткай. Дазвол на паляваньне на зубра тут каштуе 2 – 8 тысяч эўра. Канкрэтную суму вызначаюць характарыстыкі трафэю: даўжыня правага і левага рагоў, абхват рога ў аснове, велічыня капытоў і г.д. Па замове кліента яму прадаюць яшчэ шкуру і галаву забітага зубра.
Паводле афіцыйнага падліку, у Белавескай пушчы на сёньня больш як 730 зуброў. Аднак многія эколягі лічаць гэтую лічбу завышанай. У прыватнасьці, былы намесьнік дырэктара парка па навуцы Георгій Казулька кажа, што цяпер кіраўнікі лесагаспадарак атрымалі так званы "эфэкт зацікаўленасьці". Гэта значыць, што калі колькасьць зуброў большая, то начальнікі атрымліваюць больш дазволаў "на практычнае выкарыстаньне рэсурсаў гэтай жывёлы". Таму паляваньне на зуброў арганізуюць ужо ня толькі ў Белавескай пушчы, але і ў Прыпяцкім нацыянальным парку і ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку...
Галіна Баравая
08.02.2008