Донары ствараюць прафсаюзную арганізацыю
Дзеля гэтага сёньня ў Берасьці сустрэчу з калегамі правёў старшыня ініцыятыўнай групы магіляўчанін Ігар Каваленка.
– Берасьцейскія донары самі адшукалі мае каардынаты і запрасілі на сустрэчу. Паведамілі, што больш як 20 чалавек зьбіраюцца далучыцца да нашай арганізацыі, – паведаміў карэспандэнту Bulletinonline.org Ігар Каваленка.
Ігару – 37 гадоў. Ён – ганаровы донар СССР. Жыве і працуе ў Магілёве. Цяпер узначальвае арганізацыйны камітэт у стварэньні грамадзкага аб'яднаньня "Кропля жыцьця" і яго прафсаюзнай арганізацыі. Донары разьлічваюць на сяброўства зь Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).
– 20 лютага я наведаў управу юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму. Афіцыйна перадаў дакумэнты для юрыдычнай рэгістрацыі суполкі. Заяўнікаў – 10 чалавек. Усе – паважаныя людзі, якія актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы статуту і праграмы будучых дзеяньняў нашай арганізацыі.
Са словаў Ігара Каваленкі, цяпер таксама ў Гомелі і Гродна ўтвораныя арганізацыйныя камітэты і вядзецца падрыхтоўка да рэгістрацыі рэгіянальных арганізацый донараў.
Для чаго яны аб'ядноўваюцца?
Ад 16 сьнежня 2007 года, у адпаведнасьці з законам "Аб упарадкаваньні льгот асобным катэгорыям грамадзян", у Беларусі адмененыя 50-працэнтная зьніжка на зубапратэзаваньне і 50-працэнтная аплата кошту лекаў. Скасаваныя таксама льготы на санаторна-курортнае лячэньне.
Ігар Каваленка кажа: перадусім маральную і матэрыяльную крыўду зазналі ганаровыя донары, якіх у Беларусі 119 тысяч. Бальшыня зь іх ужо неактыўныя донары. Раней кожны здаў ня менш як 40 дозаў крыві па 400 грамаў і 60 дозаў плязмы па 600 мілілітраў. Увогуле, існуе статыстыка – запасы крыві ў Беларусі ствараюць больш як два мільёны донараў. Таксама афіцыйная статыстыка сьведчыць, што кожнаму трэцяму жыхару Беларусі хаця б раз у жыцьці спатрэбілася донарская кроў.
– Калі донары здаюць кроў, то яны ахвяруюць і сваім жыцьцём, – перакананы Ігар Каваленка, – таму ў іх мусяць быць ільготы. І мы дамагаемся гэтага.
З 20 па 27 чэрвеня 2007 года ў Беларусі адбыўся першы донарскі страйк. У ім удзельнічалі больш як 200 чалавек з Магілёву. У выніку тутэйшым улада захавала 40-працэнтную надбаўку да пэнсіі. Адстаялі донары і бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах Магілёву.
Паводле кіраўніка гомельскай абласной станцыі пераліваньня крыві Яўгена Лінкевіча, скасаваньне льготаў для донараў абарочваецца скарачэньнем іх колькасьці. У Гомелі, напрыклад, ад 2004 году штогод адсейваецца на 8 працэнтаў.
У Беларусі 20 станцыяў і 41 аддзяленьне пераліваньня крыві. Стабільны запас у многіх пачынае зьмяншацца. Да прыкладу, у мінулую сераду, 20 лютага, галоўны ўрач станцыі пераліваньня крыві Міністэрства аховы здароўя Беларусі Збышак Пабяржын заявіў, што "склалася праблемная сытуацыя ў наяўнасьці запасаў крыві 3-й і 4-й групы з адмоўнымі рэзусам".
Яшчэ раней пра скарачэньне запасаў донарскай крыві заявілі ўрачы ў Маладзечна, Драгічыне, Полацку.
Галіна Баравая
20.02.2008