Берасьцейцы сьвяткуюць угодкі БНР
90-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі дэмакраты вырашылі адзначаць ня толькі 25 сакавіка. У працы аргкамітэта бяруць удзел больш за 10 арганізацый.
Мяркуецца прапанаваць удзел і ўладам.
– Яны ж таксама за незалежнасьць, – абгрунтаваў сваю ідэю актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьцяпан Навасяльчан.
Праграма сьвяткаваньня прадугледжвае поруч са звыклымі мітынгам ды раздачай улётак спартовыя спаборніцтвы, круглы стол навукоўцаў, стварэньне кампутарнага дыску "Берасьце і БНР" для школьнікаў і шмат чаго яшчэ, пра што памаўчым, каб не сурочыць.
– Берасьцейскі рэгіён даў Беларусі трох кіраўнікоў БНР – Рамана Скірмунта, Пётру Крэчаўскага і Аляксандра Цьвікевіча. Мяркуем шырока і падрабязна праінфармаваць пра гэта берасьцейцаў, – сказаў сябра ПБНФ Яўген Бяласін.
– У ліпені спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэньня берасьцейскага адваката, навукоўца і палітычнага дзеяча Аляксандра Цьвікевіча. Сярод іншага будзем прапаноўваць устанавіць на будынку гімназіі, дзе ён вучыўся, мэмарыяльную дошку, – кажа краязнавец і рэдактар газэты "Царква" Ігар Бараноўскі. – Сьвяткаваньне угодкаў БНР ні ў якім разе нельга абмяжоўваць сакавіком. Пад знакам гэтай даты павінен быць увесь 2008 год.
Футбольныя матчы на Кубак Незалежнасьці пачнуцца ўжо 15 сакавіка. 23 сакавіка мяркуецца ўшанаваньне пераможцаў. Асабліва заангажаваныя ў гэтую частку праграмы дэмакратычныя прафсаюзы. І ня толькі з-за цягі да здаровага ладу жыцьця.
– БНР давала нам эўрапейскі выбар, а гэта і абароненасьць працы, і высокія матэрыяльныя і культуровыя стандарты жыцьця, – кажа кіраўнік абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў.
Аргкамітэт па сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР адкрыты для далучэньня. Паседжаньні праходзяць кожны панядзелак. На кантакт можна выйсьці праз сябраў згаданых раней арганізацый, а таксама берасьцейскіх актывістаў Партыі камуністаў Беларускай і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", ініцыятыўных груп па рэгістрацыі арганізацый "Малады фронт" і Рух "За Свабоду".
Пятро Васілеўскі
27.02.2008