Талент ірвуць на кавалкі
У Берасьці прайшла прэзэнтацыі кнігі "Графіці на сэрцы". Аўтар – маладая паэтка Ярына Дашына. За яе змагаюцца адразу два Саюзы пісьменьнікаў.
Дашына выдала кніжку летась у дзяржаўным выдавецтве "Литература и Искусство". Кіраўнік яго Алесь Карлюкевіч быў на прэзэнтацыі і ў сваім выступе два разы напірыста згадваў пра плённае супрацоўніцтва паміж ягоным выдавецтвам і "правільным" СПБ, на чале Берасьцейскай галіны якога стаіць спадар Крэйдзіч.
Анатоль Крэйдзіч ужо даўно абходжвае Ярыну Дашыну. Яно і зразумела: ягоная структура колькасна і якасна ня йдзе ні ў якае параўнаньне зь непраўладным Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Тутэйшая сябрына СБП грунтуецца на традыцыях, закладзеных яшчэ слынным літаратарам і пэдагогам Уладзімерам Калесьнікам. Нават пільнуюцца неафіцыйнага свайго мянва з часоў Калесьніка "Берасьцейскае вогнішча". Кіруе ёю аўтарытэтная паэтка і перакладніца Ніна Мацяш, тут прапісаныя такія вядомыя паэты, як Алесь Каско і Мікола Пракаповіч.
Умацавацца за кошт Дашынай адразу спадару Крэйдзічу не ўдалося, і цяпер вядуцца манэўры. Увосень Дашына намінавалася ім на прэмію імя У.Калесьніка. Цяпер Крэйдзіч задуменна кажа: а дзе вось Ярына апублікуе чарговую кніжку…
Вось фрагмэнты зь ягонага выступу на прэзэнтацыі: "Чытаеш Ярыну Дашыну – і думаеш пра паэзію Разанава", "Шукае хто – той вымушан блудзіць" – для цытаты з "Фаўста" кантэкст, згадзіцеся, няўдалы… А далей празаік прачытаў свой самапальны верш, дзе назваў Дашыну "пароднай і геніяпадобнай".
Больш шчыра выглядалі менш адказныя таварышы. Пагодка і сяброўка Ярыны Аляксандра Красько, якая зарабляе хлеб на тэлебачаньні:
– Жудліва назіраць, як бялявы анёлак ператварыўся ў трагічную цёмную птушку… Паэзія Ярыны набрынялая крывёю душы.
Паэт Сяргей Прылуцкі адгукаецца на Дашыну як камэртон:
– … бо рэчаіснасьць гэта нягода бля, \\ Шчыпцы, якімі выцягваюць немаўля.
Літаратуразнавец Генадзь Праневіч сказаў мне, што скразная і загалоўная тэма Дашынай – гэта каханьне, і прывёў верш з кніжкі "Графіці на сэрцы", які яму найбольш даспадобы:
Мяне пераходзяць уброд
Глухія, сьляпыя, кульгавыя…
Любімыя і ласкавыя –
Ідуць у абход.
Кніжка Дашынай спавядальная і шчырая. Дзяўчына "жыве як можа, ідзе, абрынаецца,\\ каб потым запозьнена маме пакаяцца". Ці пажаліцца? Але ў гэтым сьвеце мужчын яна не сэнтымэнтальная патойбочніца: "тут усе мы паціху \\ адзін аднаго забіваем".
Гэты радок з кнігі ключавы. Бо ён гэта скарга Творцу на створаны ім сьвет, дзе Дашынай няўтульна.
Як у тэлебачаньні – забойствы і кроў без канца. Уся гісторыя ланцуг забойстваў і войнаў. А жаночае сэрца прагне іншага. Прагне каханьня, лучнасьці і стварэньня.
Бадай што, так і ў гэтым супрацьстаяньні за аўтарку абедзьвюх пісьменьніцкіх арганізацый, накінутым дзяржавай – творцу ляжыць зусім не на гэтым… .
Кніжыца Дашынай невялікая, фармату "нашаніўскае" літаратурнай сэрыі, але "недзяржаўныя" кніжкі амаль на траціну таньнейшыя. Аблегчыць шлях да чытача ёй могуць наяўная рэч – таленавіты зьмест – і нястомная маркетынгавая праца – сустрэчы з чытачамі, рэцэнзіі.
Выдавецтва "Литература и Искусство" сярод трох кніг намінавала на годнасьць лепшай кнігі 2006 года і "Графіці на сэрцы" Ярыны Дашынай. У сучасным беларускім кантэксьце гэта ці ня знак перасьцярогі. Бо ж нават пры таталітарнай савецкай уладзе газэта, ад якой пайшло названае выдавецтва, называлася "Літаратура і Мастацтва". Чым больш таталітарная дзяржава, тым болей рызыкуе творца прайсьці шлях Фаўста.
Пятро Васілеўскі
05.03.2008