Там-сям прыемна ўражваюць коштамі, але ці гэта надоўга?
На рынку "Будаўнічы рай" у Берасьці сустракаюцца аазісы нізкіх коштаў. У чым справа?
Іншыя рынкі і асабліва дзяржаўныя крамы просяць за будматэрыялы ды спадарожныя тавары на 15-50 адсоткаў болей. А на харчовых кірмашах усё дарагоўля.
Не адкрываючы імёнаў прадаўцоў, скажу: энэргазьберагальныя лямпкі там-сям у "Будаўнічым раі" каштуюць казачныя сем зь нечым тысячаў, дыскі да "балгарак" некалькі тысячаў. Таньней у паўтара-два разы і шурупы, плястыкавыя падшурупнікі, цьвікі ды разэткі.
Малады ўладальнік у адказ на пытаньне, чаму так нядорага, кажа:
– Проста мы вытрымліваем мэханізм цэнаўтварэньня. У іншых, асабліва ў горадзе, гэта ўсё да першай праверкі.
Тут сама ў прадавачкі электратавараў энэргазьберагалкі з такімі сама характарыстыкамі каштуюць на 3 тысячы даражэй. Тавар з Расеі.
– Дык гэта ж нядорага, – кажа яна. – Мае пастаянныя кліенты ня крыўдзяцца. І – гляньце ў горадзе. Там даражэй.
Сапраўды, у Цэнтральным унівэрмагу такія лямпкі цягнуць на 15-20 тысячаў. Не кажу ўжо пра фірмовыя "філіпсаўскія" па 30 і болей тысяч. Адно ва ўнівэрсальнай краме гаспадарчых тавараў мікрараёну "Ўсход" прадаваліся 11-24-ватныя энэргаашчадныя лямпачкі па 10-12 тысяч за штуку.
– Старая партыя, заканчваецца, – кажа прадавачка. – Новыя будуць, мабыць, даражэй.
На цэнтральным кірмашы харчовых тавараў прадавачкі яек зазываюць:
– Купіце ў мяне! У мяне карычневыя!
Цяпер дзейнічае забарона прадаваць яйкі па-за спэцыяльна абсталяванымі кропкамі, і прадавачак паменела. Але і раней, і цяпер іншых аргумэнтаў, акрамя колеру яек, у іх не было і няма. Кошты паныла аднолькавыя, і нават нецікава, колькі. У галаву адразу цісьнецца другое: вось назаўтра падвысяць адразу ў два разы – і што, ня купіш? Такія самыя паныла аднолькавыя кошты тут на ўсё: мяса, рыбу, трапічную садавіну, каву, макароны, муку….
Пытаю ў прадаўца мяса, чаму ён не прадае таньней. Той глядзіць на мяне, як на марсыяніна. Паказваю пасьведчаньне журналіста. Ён крыху лагоднее, аднак тлумачыць коратка:
– Таму што мне будзе кердык. Іншыя ж ня хочуць скідваць. І ніжэй за "Белавескі" (дзяржаўная мясагадоўля – П.В.) не паставіш. У іх вунь і так ляжыць, паабветрылася.
Пару месяцаў таму ў два разы падвысіліся кошты на алей. Цікаўлюся ў дробнаоптавага гандляра адной з базаў, ці паўплывала гэта на попыт.
– Спачатку была паўза, – кажа ён. – Але потым усё вярнулася да ранейшага стану. Купляюць адно што менш скрынямі негандляры, хто купляў для сябе.
Як вядома, чатыры вершнікі Апакаліпсісу былі Чума, Вайна, Голад і Дарагоўля. Вось гэтага апошняга, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, найбольш баяцца на сёньня беларусы – 80 адсоткаў насельніцтва. Як бы захаваць існыя аазісы правільнага цэнаўтварэньня?
Пётра Васілеўскі
29.04.2008