Каб адчыніць бізнэс – даволі пяці хвілін
Менавіта гэта лічыць галоўным дасягненьнем эстонскіх рэфарматараў, а значыць, і сваім Эркі Аавік, былы мэр сталіцы Эстоніі.
Гутарка з ім адбывалася ў раёне чыгуначнага вакзалу. Экс-мэр у Берасьці праездам. Мае пару гадзінаў, і мы, вэтэраны бітваў за дэмакратычнае самакіраваньне паводле канцлера Сапегі ды іншыя "нячэсныя", паказваем яму тое-сёе ў горадзе.
Спадар Аавік быў бурмістрам Таліну ў першыя гады самастойнасьці Эстоніі.
– Гэта быў адказны перыяд, – згадвае Эркі. – Давялося ў справе самакіраваньня ад фармальшчыны пераходзіць да сапраўднага прыняцьця рашэньняў. Наноў перагледзець сфэру кампетэнцыі выканаўчай улады і прадстаўнічай, г.зн. народных дэпутатаў.
Спадар Аавік – высокі, мажны інтэлігентны мужчына сярэдняга ўзросту, па-прыбалцку спакойны. Уважлівы слухач. Але можа раптам даць ход эмоцыям. Тады робіцца ўсьмешлівым і нечакана шмат гаворыць.
Цяпер у былога бурмістра Таліну больш вольнага часу – ужо больш за дзесяць гадоў, як ён склаў паўнамоцтвы і не балятаваўся наноў, вырашыў займацца сваімі справамі.
Пытаю, ці яго справы, калі не сакрэт, не зьвязаныя часам з даволі пасьпяховым эстонскім праектам пад умоўным назовам "Каляровыя мэталі". Эркі стрымана ўсьміхаецца.
– Ды не. Гэты праект сапраўды быў нягоршы, дапамог некаторым эстонцам стаць на ногі ў бізнэсе. Але цяпер іншая каньюнктура. У мяне ахоўны бізнэс. Ды й каляровыя мэталі – толькі адна даволі сьціплая старонка 1990-х гадоў.
Пакуль ён гаворыць, тужу галаву: а ці не пра ягоную ахоўную фірму ў Таліне распавядалася ў гадзінным рэпартажы "Нямецкай хвалі" пра новых эстонцаў.
Думкі перабівае мая спадарожніца. Яна цікавіцца, чаму Эркі не пайшоў на новы тэрмін. Бо ж там-сям задушыць за ўладу гатовыя. І ці згадзіўся б ён вярнуцца на пасаду цяпер?
Не, не згадзіўся б, кажа спадар Аавік. Цяпер другая сытуацыя. У Эстоніі настаў час прафэсійных мэнэджараў. А я, кажа Эркі, паводле адукацыі музыкант. У першыя гады карэнных пераменаў запатрабаваныя рамантыкі. Мне прапанавалі – і я згадзіўся. Мы зрабілі сваё. Не балятаваўся наноў, бо выканаў сваю місію. І выканаў цяжкай працай.
Спадар Аавік называе блізу дзесяці асноўных сыстэмных крокаў, якія ён і каманда мусілі зрабіць, каб памяняць сытуацыю ў грамадзтве. Запомніліся такія, як разьдзяленьне функцый у гарадзкой Радзе Таліну і паміж выканаўчай ды дэпутацкай уладамі, якое прайшло паралельна са зьменамі ў бюджэце гораду, зьмены ў бюджэце на карысьць ухваленых талінцамі праграмаў разьвіцьця, зьмена адміністратыўнага дзяленьня (гэта вельмі актуальна для Беларусі – П.В.) і зямельная рэформа.
Аднаму нашаму маладзёну той аповяд падаецца крыху нудным, ён хоча простай такой канкрэтыкі і пытае пра найвялікшы посьпех і правал мэра Аавіка.
– Правалаў вялікіх, дзякуй Богу, не было. А посьпех – калі ласка.
Эркі мацае па кішэнях пінжака, потым лезе рукой глыбока ў кішэню штаноў і вымае плястыкавую інтэрнэт-картку.
– Мне, як любому эстонцу, даволі такой вось карткі доступу да інтэрнэту – і праз пяць хвілін я адкрыю свой бізнэс.
Пётра Васілеўскі
Пісана 08.05.2008 ў Берасьці (Брэст-Літоўску) напярэдадні Дня Еўропы 9 травеня. Са сьвятам вас, паважаныя чытачы!