Нямецкія пісьменьніцкія чытаньні ў Берасьці
Беларусь пачала практыкаваць замежны інтэлектуальны досьвед. Іншаземцы пачуваюцца ў нас добра. Адно толькі ў Эўропе неактуальная Эзопава мова…
Хайкэ Забэль журналістка, пісьменьніца і проста неабыякавы чалавек. У Брэсцкую абласную бібліятэку яе запрасілі на традыцыйныя літаратурныя чытаньні ў рамках праекту "Дыялёг культураў". Але асноўная мэта яе вандроўкі – Брагін у Гомельскай вобласьці.
– Мая прывязанасьць да Беларусі выпадковая, – кажа Хайкэ. – Газэта "Зэксышэ цайтунг", дзе я загадваю рубрыкай "Цукерка на ўікэнд", у свой час шмат пісала пра Чарнобыль. Я ўцягнулася ў абмеркаваньне тэмы, у людзкія кантакты. Я неафіцыйны чалавек, але гады праз два падумала: для карысьці справы латвей за ўсё будзе зарэгістраваць нашу стыхійную ініцыятыўную групу, стварыць фонд. Так паўстала арганізацыя "Разам у будучыню", якой я кірую.
Хайкэ Забэль езьдзіць у Беларусь два разы на год. Галоўны накірунак працы – клопат пра беларускіх дзяцей, іх аздараўленьне. Тут прамая лучнасьць з пакліканьнем Хайкэ, бо поруч з працай у газэце яна піша дзіцячыя кніжкі. Паездкі ў Беларусь магчымыя толькі на свае грошы і ў вольны ад афіцыйнай працы час.
Аўдыторыя ў Берасьці сякая-такая ёсьць. Значная заслуга ў гэтым Карын Краўс, тутэйшай гасьцявой выкладчыцы нямецкай мовы. Некаторыя дзеці спэцшколы зь нямецкай мовай, дзе працуе спадарыня Краўс, задавалі Хайкэ Забэль зусім асэнсаваныя пытаньні.
– Я добра ведаю Хайкэ, – кажа Карын Краўс. – гэта мая зямлячка. Яе дзіцячыя кніжкі вельмі папулярныя.
Як прызналася сама Хайкэ Забэль, яе стыль ляжыць у рэчышчы вядомага класіка нямецкай мовы Курта Тухольскі і роднасны агрэсіўнаму ды гіранічнаму стылю гульца словамі Бастыяна Зыка, які летась сабраў у Нямеччыне цэлую калекцыю літаратурных прэмій і, як і Хайкэ, працуе калумністам у папулярнай газэце.
– Напрыканцы траўня мае адбыцца яшчэ адно літаратурнае чытаньне, – паведаміла намесьнік дырэктара бібліятэкі Галіна Бурына. – Запрошанага пісьменьніка пакуль не называем, бо ідуць перамовы.
Заўважу, што і ў Нямеччыне адбываюцца чытаньні беларускіх пісьменьнікаў. Летась там выступалі Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Алесь Пашкевіч. Пісьменьніцкія чытаньні – гэта добры маркетынгавы сродак, рэсурс у барацьбе за кнігу. Нямеччына тут мае цудоўныя рынкавыя стратэгіі, традыцыі, досьвед. Адно што ў Эўропе неактуальная Эзопава мова.
Пётра Васілеўскі
19.05.2008