Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prapeler Прапелер № 11, лістапад
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

№ 11, лістапад

Шануйма памяць пра слуцкіх ваяроў

Беларусы адзначаюць 88-я ўгодкі антысавецкага ўзброенага супраціву.

У суботу, 29 лістапада ва ўрочышчы Курапаты прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці ўшануюць памяць герояў Слуцкага збройнага чыну. Пра гэта паведаміў старшыня мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык.

– У Курапатах усталяваны крыж памяці случакоў. У 20-30-я гады практычна ўсе ўдзельнікі паўстаньня былі рэпрэсаваныя. Многа іх загінула ў лягерах ГУЛАГу. А Курапаты – сымбаль ГУЛАГу. Таму мы зьбіраемся тут, – адзначае Вячаслаў Сіўчык.

У нядзелю, 30 лістапада КХП-БНФ "Адраджэньне" ладзіць мэмарыяльны мітынг у гонар Слуцкага збройнага чыну. Менскі аблвыканкам даў дазвол на правядзеньне мерапрыемства ля будынку Слуцкага краязнаўчага музэя з 15.30 да 16.30.

Да гэтага часу ўдзельнікі вандроўкі зь Менску на Случчыну наведаюць памятныя гістарычныя месцы ў Грозаве, Вызне (цяпер Чырвоная Слабада), Семежаве. Тут усталяваныя памятныя крыжы на месцах гібелі ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

Ня ўсё сьцёрта з народнай памяці, хаця за гады савецкай і цяперашняй ўлады ў Беларусі гісторыя Слуцкага паўстаньня настойліва скажаецца. У Маскве ўтойваюцца незапатрабаваны архіў з дакумэнтаў 1920-га году. 167 тамоў пра допыты і расстрэлы барацьбітоў за сапраўдную беларускасьць.

Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская выявіла, што ў ліпені 1921 году беларускіх эсэраў, арганізатараў паўстаньня расстралялі. А апошніх случакоў, хто яшчэ ацалеў у цывільным жыцьці, ГУЛАГ падбіраў у 1937, 38, 39-м.

– Усе случакі, якія вярнуліся на Беларусь добраахвотна ці пад прымусам, прайшлі праз ГУЛАГ, – удакладняе Ніна Стужынская. – Удзелу ў Слуцкім паўстаньні - гэтага "граху маладосьці" - савецкая ўлада не даравала.

З гісторыі вядома, што паўстаньне стала кульмінацыяй сялянскай антысавецкай вайны на Беларусі. У нацыянальным вызваленчым руху супраць бальшавіцкае Расеі з аднаго боку і акупацыі Польшчы - з другога, нацыянальныя патрыёты змагаліся за самастойнасьць Беларусі.

Прыхільнікаў узброенага змаганьня аб'яднаў Слуцкі камітэт Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. 14-15 лістапада 1920 года адбыўся з'езд Случчыны. Удзельнікі заклікалі народ да паўстаньня. Польскія войскі мусілі сысьці з акупаванай імі тэрыторыі, а бальшавікі адкрылі новы фронт. Абаранялася на ім Слуцкая брыгада стральцоў. Напрыканцы лістапада 1920 года яна налічвала 4 тысячы жаўнераў, а разам з рэзэрвістамі - 10 тысяч.  

Брыгада актывізавала сваю дзейнасьць 27 лістапада супраць 8-й стралковай чырвонаармейскай дывізіі, да якой пазьней далучыліся падразьдзяленьні 16-й арміі. Баі вяліся да 28.12.1920, пасьля чаго паўстанцы мусілі адступіць.

Брыгада перайшла за раку Лань, дзе яе жаўнеры і афіцэры былі разброеныя і інтэрніраваныя.

Галіна Баравая

29.11.2008

С. Антончык: "Партыі зноў ляглі на дно"

Аўтар скандальнага антыкарупцыйнага дакладу падрыхтаваў аналітычныя нататкі пра цяперашнюю сытуацыю ў апазыцыі.

Неўзабаве споўніцца 20 гадоў, як у Беларусі паўстаў рух рабочага супраціву. Адным з арганізатараў і лідэраў шматлікіх тады акцыяў пратэсту быў Сяргей Антончык. Ён – дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня (1990-1995), сябра Партыі БНФ. Працаваў гальванікам, апаратчыкам вытворчага аб’яднаньня імя Леніна (цяпер БелВАР).

Дзе сёньня Сяргей Антончык?

– Я працую шараговым грузчыкам і вадзіцелем у прыватнай фірме, – паведаміў спадар Сяргей. – Знайшоў працу па аб’яве і радуюся, што ёсьць хоць такая, бо праз маю біяграфія адмаўлялі практычна ўсюды.

Чаму цяпер палітык ня ўдзельнічае ў мерапрыемствах апазыцыі?

– Калі пяць ці шэсьць дзён у тыдні цяжка працуеш, то практычна немагчыма актыўна займацца палітыкай. Акрамя таго, раней я ніколі не клапаціўся пра нейкі "аэрадром", куды можна было б прызямліцца з сям’ёй напрыканцы жыцьця. Таму цяпер у мяне няма іншага шляху, як толькі сваім мазалём зарабляць грошы. Няхай гэтыя грошы зусім невялікія, але я па-ранейшаму застаюся незалежным чалавекам. Я сёньня, як некалі сьпяваў Віктар Цой, знаходжуся на прывале ад палітыкі.

Сяргею Антончыку 52 гады. У беларускай палітыцы ён з другой паловы 1980-х. У красавіку 1995 году быў зьбіты разам зь іншымі дэпутатамі апазыцыі БНФ падчас галадоўкі ў залі парлямэнту. У жніўні таго ж 1995-га падчас страйку працаўнікоў Менскага мэтрапалітэну Сяргей Антончык, нягледзячы на дэпутацкі імунітэт, быў затрыманы больш як на суткі. Пазьней ўлады неаднаразова затрымлівалі дэпутата. У 2004-м ён быў нават арыштаваны на 15 сутак і прызнаны вінаватым у правядзеньні "несанкцыянаванага сходу" ва ўласнай кватэры.

– У той час апазыцыйны рух у Беларусі быў моцны, – кажа Сяргей Антончык, – але пазьней БНФ пачаў развальвацца на невялікія палітычныя структуры, а тыя імкнуліся заняць палітычныя нішы – напрыклад, кансэрватыўную, сацыял-дэмакратычную ды іншыя. У той жа час базавы падмурак, эканамічныя адносіны ў Беларусі не зьмяніліся. Рынак не зьявіўся. Прыватная ўласнасьць не стала пераважнай. Сацыяльнай базы для новых палітычных утварэньняў не было. Да прыкладу, заснавалі сялянскую партыю. А хіба ў Беларусі ёсьць сяляне, якія маюць прыватныя зямельныя надзелы, свае аб’яднаньні, банкі? Ці як патлумачыць існаваньне сацыл-дэмакратычнай партыі? Свабоднага рынку ў краіне няма, усё, як і раней знаходзіцца ва ўласнасьці дзяржавы.

На падставе гэтых разважаньняў спадар Антончык робіць наступныя высновы:

– У гэтых партыяў няма прытоку здаровых сіл, не існуе сацыяльнага заказу. У Прыбалтыцы першымі існавалі франты ці рухі, і калі яны перамагалі ў барацьбе за ўладу, то закладвалі пэўныя сацыяльныя падмуркі і ўжо на іх стваралі палітычныя партыі. У Беларусі ж працэс рэформаў грамадзтва замарудзіўся, а партыі зьявіліся. Урэшце яны патрапілі пад кантроль улады, пайшлі на перарэгістрацыю, пагадзіліся на зьнявечаную канстытуцыю. Яны падпарадкаваліся пад правілы гульні ўлады.

Цяпер партыі не атрымліваюць сродкі фінансаваньня ўнутры краіны. Усе спадзяваньні толькі на замежную дапамогу. Вось гэта галоўны базавы момант, які прывёў да крызысу ўсю партыйную сыстэму апазыцыі, – пераконвае Сяргей Антончык.

Галіна Баравая

21.11.2008

За словы пра страйк цягаюць у пракуратуру

Да 10 лістапада лідэр прадпрымальнікаў мусіць напісаць пісьмовыя тлумачэньні.

У гэтыя дні на рынках беларускіх гарадоў і мястэчак зьявіліся агітацыйныя ўлёткі. Тэкст іх гучны, нібы як набат: "Прадпрымальнік, калі ты разьлічваеш на свае сілы, гаворыш пра свае праблемы адкрыта і галосна, то сьнежань 2008 году – твой месяц! Удзельнічай у рэспубліканскім страйку прадпрымальнікаў 10 сьнежня, а 15 сьнежня – выйдзі на Марш прадпрымальнікаў у Менску!"

Пад зваротам зьмешчаныя кантактныя тэлефоны сяброў зарэгістраванай ва Ўкраіне грамадзкай арганізацыі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" – Віктара, Аляксандра, Алены і яшчэ шасьці чалавек.

Дзяржчыноўнікі першым патурбавалі Віктара Гарбачова – лідэра ГА "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва". Позву даслала старшы памочнік пракурора Барысаўскага раёну Ірына Пашкевіч.

– Пры сустрэчы ў пракуратуры я пачуў, што мне абавязкова трэба патлумачыць заклікі да страйку і маршу прадпрымальнікаў, – паведамляе Віктар Гарбачоў. – Памочнік пракурора спн.Пашкевіч пачала нават пасьпешліва запаўняць ліст апытаньня, але я спыніў яе. Пэўна, што трэба засьцерагчыся ад якой-небудзь падтасоўкі.

У пракуратуры Віктар Гарбачоў атрымаў позву на панядзелак 10 лістапада. У паперы пазначана, што прадпрымальнік выклікаецца "у якасьці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь".

– Мне цяжка зразумець прычыны распачатай цяганіны, – кажа Віктар Гарбачоў, – гэта ж нібыта ў сталінскі 1937 год, калі саджалі па прынцыпу: "яшчэ толькі задумаўся, а ўжо адправілі ў ГУЛАГ". У дадзеным выпадку пракуратура нават не дачакалася канкрэтных дзеяньняў, напрыклад, падачы заяўкі на акцыю. Відавочна, што "зьверху" аддадзены загад душыць намеры прадпрымальнікаў да пратэсту.

Між тым Віктар Гарбачоў цьвердзіць:

– У Беларусі напачатку 2009 года ў выніку выкананьня ўладай патрабаваньняў указаў Аляксандра Лукашэнкі №№285 і 760 беспрацоўнымі могуць апынуцца ажно 215 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. А падлічана, што адно працоўнае месца – гэта фінансавы абарот у 20 тысяч даляраў ЗША. І скасаваньне працоўных месцаў ІП абернецца для Беларусі стратай 4-4,5 мільярда даляраў. Таксама не варта забываць, што індывідуальнае прадпрымальніцтва стварае попыт на павільёны, склады...

Са словаў Віктара Гарбачова, ужо на сёньня на рынках у Беларусі пустуюць больш за 1,5 тысячы гандлёвых месцаў. Людзі палохаюцца раптоўных праверак, па выніках якіх даводзіцца плаціць вялікія штрафы.

Дарэчы, апошнія дасьледаваньні Ўсясьветнага банка, праведзеных сумесна зь Міжнароднай фінансавай карпарацыяй паказалі: калі беларускія прыватныя прадпрымальнікі заплацяць усе патрабуемыя падаткі, то іх сума перавысіць агульны прыбытак як мінімум на 21%. Вось дзе прычына, што практычна ўсе ІП мусяць выкарыстоўваць так званыя шэрыя схэмы атрыманьня тавару і яго продажу.

Галіна Баравая

06.11.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: