Разбураюць старадаўнюю Горадню!
Гараджане просяць міжнародную супольнасьць падтрымаць іх у еднасьці супраць дылетантскай рэканструкцыі цэнтральнай плошчы старажытнага горада.
Мы ўжо паведамлялі, што грамадзкасьць Горадні незадаволена тым, як ідзе рэканструкцыя цэнтральнай плошчы горада – Савецкай. Гэтае непрыняцьце звязанае з адсутнасьцю разумных гістарычных абгрунтаваньняў тых ці іншых архітэктурных вырашэньняў новага аблічча пляца. Яно вылілася ў зварот беларускіх гісторыкаў, творчай інтэлігенцыі і ўвогуле гарадзенцаў да міжнароднай супольнасьці з заклікам падтрымаць іх ініцыятыву "Выратуйце Горадню!". Зварот стаў вядомы гарадзенцам 1 чэрвеня.
І справа не толькі ў тым, што горад адыгрываў заўважную ролю ва ўсіх дзяржаўных справах, пачынаючы з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Справа яшчэ і ў тым, што яго цэнтральная, старая частка гарадзкіх забудоў разглядаецца для ўнясеньня ў Сьпіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Нават пры ўмове, што шматлікія гістарычныя каштоўнасьці, як Палац Радзівілаў, Фара Вітаўта, гандлёвая плошча былі зьнішчаныя за савецкім часам.
"Сёньня гарадзенскія ўлады, - гаворыцца у звароце, - імкнуцца зьнішчыць усё, што засталося. Рэканструкцыя Старога места праводзіцца без археалагічных раскопак, замест санацыі помнікаў вядзецца іх рэканструкцыя, усталёўваюцца на іх месцы дрэнныя копіі".
Заклапочанасьць творчай інтэлігенцыі абвастраецца і той акалічнасьцю, што шматлікія звароты да гарадзенскіх уладаў ніякага плёну так і не далі. Савецкая плошча ўдарнымі, сапраўды савецкімі тэмпамі працягвае рэканструявацца без уліку меркаваньняў вучоных і гісторыкаў.
За 6 дзён, калі зварот атрымаў галоснасьць, пад ім падпісаліся сотні мінакоў. Сярод іх ёсьць і госьці Горадні, грамадзяне Польшчы, Літвы, Індыі, Нямеччыны, Нідэрландаў ды іншых краін сьвету.
Шкада толькі, што робім мы ўсё гэта, як у той знакамітай прымаўцы: "Пакуль навальніца не грымне, мужык не пажагнаецца".
Алесь Васількевіч
07.06.2006