Мікалай Аўтуховіч абвясціў сухую галадоўку
Магчыма ня піць ваду паўмесяца? Cпецыялісты лічаць: не. Але ваўкавыскі прадпрымальнік імкнецца даказаць адваротнае.
За што ён пакутуе?
Справа Аўтуховіча прыцягвае ўвагу грамадскасці. Аднак ён знаходзіцца ў ізаляцыі, за кратамі, да яго маюць доступ толькі адвакаты, і немагчыма ведаць усіх падрабязнасцей. З цягам працэсу, аднак, усё больш відавочнай становіцца сутнасць абвінавачваньняў, вылучаных супраць ваўкавыскага прадпрымальніка.
Раней афіцыйна паведамлялася, што ён нібыта не заплаціў буйную суму падаткаў. Таму здавалася, што ўладальнік аўтатаксовак папросту змагаецца за ўласныя грошы, бо атрымліваў вельмі салідную выручку з двух дзесяткаў машын.
Аднак па ходзе справы многія ў горадзе пачалі казаць, што Аўтуховіч — самы смелы прадпрымальнік ня толькі Ваўкавыска, але ўсёй краіны. Яму спачуваюць усе, хто разбіраюцца ў бізнесе: указы, якія ўдакладняюць адзін другі, няспынна мяняюцца, ідуць бясконцыя удакладненьні, змяненні... У выніку ствараюцца вельмі нестабільныя ўмовы.
Аўтуховіч наймаў каля двадцаці кіроўцаў, але мусіў іх звольніць, бо новы ўказ забараняў яму як прыватнаму прадпрымальніку мець больш за тры чалавекі. Ён наладзіў працу на іншай аснове, зарэгістраваў дакумэнты ў падатковых органах і стаў працаваць. А цяпер яго судзяць за тое, што не стварыў фірму таксі, з якой дзяржава магла б мець значна большыя падаткі, чым сплочваліся. Штрафную суму налічылі на неіснуючае прадпрыемства. І за гэта Аўтуховіча могуць пасадзіць на сем гадоў, а маёмасць канфіскаваць.
Ці сапраўды ён "на сухой"?
У пятніцу адвакаты Аўтуховіча Галіна Іванова і Надзея Станкевіч наведалі яго ў турме. Вязень намераны паступова выходзіць з галадоўкі, якую па-ранейшаму лічыць сухой.
Ад ежы прадпрымальнік адмовіўся яшчэ 13 красавіка на знак пратэсту супраць таго, што яго ўзялі пад варту. 23 траўня, пасля таго як суд адмовіўся змяніць меру стрымання, ён пайшоў на так званую сухую галадоўку. Праз некалькі дзён заявіў у судзе, што можа не дажыць да наступнага паседжаньня, але абышлося. Праўда, ён потым двойчы траціў прытомнасць, і яму ставілі кропельніцу, а значыцца насычалі арганізм разам з лекамі вадкасьцю, ратуючы ад абязводжвання. Гэтая працэдура паўтараецца апошнім часам штодня.
З увагі на стан здароўя Аўтуховіча, слуханні па ягонай справе прыпыненыя, а частка гэтай жа крымінальнай справы, якая датычыць саўдзельніка, Юрыя Лявонава, выдзелена ў асобную вытворчасць. Сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні апошняму прад'явілі новае абвінавачанне. Што датычыць самога Аўтуховіча, то слуханні могуць аднавіцца толькі пасля таго, як турэмныя мэдыкі дадуць адпаведны давзвол суду.
Ці галадае ён насамрэч?
За апошні час з'яўляліся паведамленні аб тым, што Аўтуховіч, галадуючы, мог крыху падмацоўваць сябе, дадаючы ў гарбату мёд, які яму перадавалі ў турму. Скептыкі гавораць, што ў такім разе галадоўку нельга лічыць сапраўднай. Тым часам спэцыялісты зазначаюць, што гэта ўсё роўна галадоўка, якую, аднак, можна назваць няпоўнай. Дактары зазначаюць: нават каб Аўтуховіч вырашыў сёння спыніць галадоўку цалкам, яму яшчэ доўга нельга ўжываць звычайную ежу. Ён цяпер можа толькі максімум піць сокі.
Чаго ён дамогся?
Цяпер людзі сталі лічыць, што гэты чалавек змагаецца ня столькі за грошы, колькі за прынцыпы, за тое, каб прыватны бізнес мог нармальна існаваць. Па краіне збіраюцца подпісы, перш за ўсё сярод прадпрымальнікаў, накіроўваюцца лісты – самому Аўтуховічу, ягонаму суддзі Рачынскаму, у пракуратуру РБ. Мэта – уратаваць жыццё прадпрымальніку, заявіць, што крымінальная справа супраць распачата незаконна. Першыя вынікі ёсць: Аўтуховіч вырашыў піць. Хаця памерці ад абязводжвання яму ў любым разе не даюць турэмныя мэдыкі.
Алесь Кавалёў