Прынямоньне № 9, сьнежань
|
На Гарадзеншчыне будуюць новыя цэрквы і касьцёлы
За Лукашэнкам у Гарадзенскай вобласьці ўзьведзены 38 касьцёлаў і 33 царквы. Яшчэ 32 праваслаўныя і каталіцкія храмы хутка ўвойдуць у лік дзейных. Кіраўнік абласнога савету па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Ігар Папоў парушыў зацятае маўчаньне, расказаўшы пра колькасьць храмаў, пабудаваных за апошні час, і тых, якія будуюцца. Вось жа зразумелым стала, чаму ўлады часам не жадаюць даваць дазвол на будаўніцтва новых касьцёлаў: іх і без таго ўзводзіцца болей, чым цэркваў. Напачатку сьнежня ў Горадні галадалі каталікі на чале з ксяндзом Аляксандрам Шэметам, паколькі ўлады не дазвалялі ім пабудаваць касьцёл Маці Божай Вострабрамскай. Пра гэта мы падрабязна паведамлялі. У сувязі з акцыяй пратэсту я зьвярнуўся па афіцыйны камэнтар: спадар Папоў, аднак, не адказваў на званкі, а ягоны супрацоўнік мне сказаў, што ніхто ня скажа, колькі касьцёлаў і цэркваў будуецца ў горадзе. У мяне засталося ўражаньне, што, чыноўнікам, напэўна, плацяць вялікія грошы не за тое, каб яны шырока інфармавалі грамадзкасьць, а за тое, каб маўчалі, нібы ў рот вады набраўшы. Верагодна, і спадар Папоў нарэшце зразумеў, што ад гульні ў маўчанку ўлады ня зьменшаць недаверу з боку жыхароў, якіх у Горадні цяпер 317 тысяч. Ігар Папоў "рассакрэціў" і лічбу храмаў у абласным цэнтры: ёсьць чатыры царквы і дзьве будуюцца, касьцёлаў жа пяць, будуюцца таксама два. І вось яшчэ ўлады мусілі пагадзіцца на будоўлю трэцяга – Маці Божай Вострабрамскай. А для ўладаў тое – анамалія, дыспрапорцыя! Для іх лепей, каб у горадзе было болей менавіта праваслаўных храмаў, бо, як вядома, царквой кіруюць з Масквы, а касьцёлам – з Рыму. Уладам добра вядома, што хоць, згодна іхнім лічбам, доля праваслаўнага насельніцтва у вобласьці перавышае каталікоў ажно ў два з паловай разы, рэальна колькасьць сапраўдных вернікаў зусім іншая. Ігар Папоў прызнаецца: – Больш за 65 адсоткаў апытаных нерэгулярна ўдзельнічаюць у набажэнствах, абрадах і цырымоніях. Праз гэта значным зьяўляецца адрозьненьне паміж лічбай вернікаў і тымі, хто атаясамлівае сябе з канкрэтнымі канфэсіямі. Іншымі словамі, уладам вядома, што ў касьцёлы на Гарадзеншчыне нярэдка ходзяць больш людзей, чымсьці ў цэрквы. Таму ім і ня хочацца, каб касьцёлаў станавілася яшчэ болей. Але досьвед пераконвае, што жаданьне людзей наведваць той ці іншы храм не залежыць ад ідэалягічных прыхільнасьцяў самой улады. Алесь Кавалёў 30.12.2006
Галадоўка за ксяндза, якога высылаюць з Беларусі
У вёсцы Лаздуны Іўеўскага раёну вернікі пачалі акцыю ў падтрымку свайго сьвятара. Ксёндз Марыюш Ільяшэвіч павінен да канца году пакінуць Беларусь і вярнуцца ў Польшчу, адкуль прыехаў працаваць у Іўеўскі раён. Яму беларускія ўлады не працягнулі візу на наступны год разам з групай з сямі польскіх ксяндзоў і пяці манашак. Тэлефон на кватэры айца Ільяшэвіча стаіць на аўтаадказчыку. Праўда, нам удалося аднойчы дазваніцца да яго, але сьвятар сказаў, што ў яго людзі і ён вельмі заняты, таму паразмаўляць з ім не ўдалося. Па некаторых зьвестках, колькасьць галадоўнікаў хутка павялічылася да некалькіх дзясяткаў чалавек. Біскуп Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч жадаў, каб усе польскія сьвятары і манашкі засталіся працаваць на наступны год. Ён напачатку лета даў заяўку аб гэтым у Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Пасьля гэтага ён двойчы езьдзіў у Менск і разам з біскупамі Уладзіславам Бліном і Антонам Дзям’янкам наведваў упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гуляку. Аднак гэта не дапамагло. Біскуп нават накіраваў ліст у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Не дачакаўшыся вынікаў, Аляксандар Кашкевіч прыняў зварот да вернікаў, які быў зачытаны 10 сьнежня ў касьцёлах Гарадзеншчыны. Ён зазначыў, што на просьбы тысяч вернікаў спадар Гуляка канчаткова даў адмоўны адказ, не дазволіўшы застацца працаваць сямі польскім ксяндзам і пяці манашкам. Мы зьвярнуліся да гарадзенскага ксяндза Аляксандра Шэмета, які добра ведае Марыюша Ільяшэвіча. Напачатку сьнежня айцец Аляксандар правёў галадоўку пратэсту са сваімі вернікамі, і ўлады выканалі іхняе патрабаваньне — далі дазвол на будаўніцтва ў Горадні новага касьцёла. Аляксандар Шэмет гаворыць, што лаздунскі сьвятар мусіць будзе пакінуць Беларусь, што вельмі крыўдна, паколькі ён добра працаваў у парафіі, напрыклад, з моладзьдзю і з алкаголікамі, каб апошнія адмаўляліся ад гарэлкі. Тое, што верніцы ў Лаздунах вырашылі такім чынам бараніць свайго ксяндза, сьведчыць аб тым, што ён добры чалавек, зазначыў Аляксандар Шэмет. Алесь Кавалёў 29.12.2006
Калгасам няма чым расплачвацца за энергію
Энэргетыкам Гарадзеншчыны даводзіцца ня толькі забясьпечваць спажыўцоў, але й "выбіваць" зь іх грошы. Ашмянскае прадпрыемства электрасетак пастаўляе энэргію ў чатыры раёны – Ашмянскі, Астравецкі, Смаргонскі і Іўеўскі. У лістападзе падлічылі і аказалася, што калгасы і арганізацыі Іўеўскага раёну не аплацілі больш за дзесяць адсоткаў выкарыстанай электраэнэргіі. Найбольш завінавацілася раённая жыльлёва-камунальная гаспадарка – амаль на 280 мільёнаў рублёў, аплаціўшы крыху болей за сорак працэнтаў патрэбнай сумы. У даўжніках і бюджэтнікі – аддзел культуры райвыканкаму, а таксама калгасы. Агульная запазычанасьць склала 4,3 мільярда рублёў. Што рабіць? Кіраўніцтва ашмянскіх электрасетак, ня маючы вялікіх ілюзіяў, вырашыла выкарыстаць "адміністрацыйны рычаг". Старшыні Іўеўскага райвыканкаму накіравалі паперу: просім заслухаць кіраўнікоў прадпрыемстваў-даўжнікоў на чарговым пасяджэньні камісіі па неплацяжах (існуе і такая, аказваецца!) ды прыняць адносна іх меры. Празь некаторы час мы зьвярнуліся да Фадзея Ждановіча з ашмянскіх электрасетак з пытаньнем: ці дапамаглі такія захады, ці зьменшылася ў сьнежні запазычанасьць па электраэнэргіі ў Іўеўскім раёне? – Кепска сельская гаспадарка плаціць, ня поўнасьцю. У жыльлёва-камунальнай гаспадаркі праблемы ёсьць. Задоўжанасьць нарастае, не зьмяншаецца. – Праўда, ён адмовіўся назваць дакладную лічбу, да якой узрасла запазычанасьць за электрычнасьць у Іўеўскім раёне, сказаўшы, што "гэтыя зьвесткі не падлягаюць разглашэньню". Алесь Кавалёў 29.12.2006
Ідэалягічная работа з праваслаўным ухілам
Мясцовыя ўлады на Гарадзеншчыне падсумоўваюць вынікі супрацоўніцтва з царквой. Днямі ў чарговы раз было агучана, што кіраўніцтва краіны надае вялікае значэньне адносінам з царквой. А вось на Гарадзеншчыне, нібы прадбачачы гэта, падсумавалі — як сёлета у вобласьці выконвалася пагадненьне "Аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Праваслаўнай царквой". У Бераставіцкім райвыканкаме, напрыклад, задаволеныя тым, што пытаньні такога супрацоўніцтва, а таксама цяперашняй "рэлігійнай сытуацыі" разглядаліся на сустрэчах кіраўніцтва раёну са сьвятарамі. Асабліва адзначана, што гэтыя пытаньні абмяркоўваліся намесьнікамі кіраўнікоў калгасаў, арганізацый і устаноў па ідэалёгіі, калі яны зьбіраліся разам паразмаўляць пра "надзённыя праблемы ідэалягічнай работы". А былі ж яшчэ гэтак званыя "дні інструктыўна-мэтадычнай работы" – на іх таксама пра рэлігію і царкву не забываліся пагаманіць. Карацей, у раёне з гэтым участкам "ідэалягічнага фронту" усё, можна сказаць, у ажуры. А калі спытаць чыноўнікаў пра падрабязнасьці, яны таксама ў кішэню па слова ня будуць сягаць. Успомняць, што існуе грамадзкая камісія са складанай назвай – "садзейнічаньня кантролю за выкананьнем заканадаўства аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях". Карацей, работа, можна сказаць, кіпіць ключом. Сьвятароў запрашаюць на выхаваўчыя мерапрыемствы ў школы і прафтэхвучылішчы, а таксама на афіцыйныя сьвяты. Між іншым, прысутнічаў мясцовы бацюшка і на самым вялікім раённым мерапрыемстве, калі адзначалі 500-годзьдзе з часу заснаваньня Бераставіцы. Прычым запрасілі яго сесьці на ганаровым месцы — побач з начальствам. Дарэчы, у той дзень старшыні аблвыканкаму Уладзіміру Саўчанку мясцовы начальнік падараваў царкоўны абраз, і спадар Саўчанка яго на сцэне прылюдна пацалаваў. Такой ідыліі можна толькі пажадаць на будучыню і ў дачыненьнях уладаў з іншымі канфэсіямі, бо, як вядома, у Беларусі спрадвеку існуе ня толькі Руская праваслаўная царква. Алесь Кавалёў 28.12.2006
Беларускую пагранкамэндатуру адкрываў расеец Павал Барадзін
На мяжы з Літвой у Гарадзенскім раёне адкрыт новы гарадок для памежнікаў, пабудаваны за кошт бюджэту гэтак званай "саюзнай дзяржавы". Яе дзяржсакратар Павал Барадзін разрэзаў стужку разам з камандуючым памежнымі войскамі генэрал-лейтэнантам Аляксандрам Паўлоўскім і кіраўніком Гарадзенскага аблсавету Аркадзем Карпуцем. Тры начальнікі трымалі ў руках па пары нажніцаў і выдатна справіліся са сваёй задачай —адрэзалі па шматку ад чырвонай стужкі. Каштавала пагранкамэндатура "Парэчча" дзесяць мільярдаў рублёў. На мяжы зь Літвой на Гарадзеншчыне перад тым зьявіліся гарадкі яшчэ дзьвюх камэндатураў, дзьвюх заставаў, а таксама тры памежныя пасты. Карацей кажучы, паўночная мяжа цяпер на "моцным замку". Напярэдадні генэрал Паўлоўскі паведаміў, што для яе аховы закупяць новыя верталёты і лёгкаматорныя самалёты, а таксама, калі кошт будзе прымальным, у будучыні ня выключана пакупка дзеля гэтых мэтаў і сучасных дырыжабляў. Як вядома, завяршылася дэмаркацыя мяжы Беларусі з Літвой, і днямі бакамі быў падпісаны пратакол аб тым, што яна цалкам абазначаная і абсталяваная. Алесь Кавалёў 23.12.2006
Аўтамабілі сталі хутчэй перасякаць беларуска-польскую мяжу
На КПП "Бераставіца" пачаў дзейнічаць сучасны тэрмінал для грузавога транспарту, а на КПП "Брузгі" – для легкавікоў. У Брузгах з 20 сьнежня колькасьць пасаў для легкавікоў павялічылася з чатырох да дзевяці. Прапускная здольнасьць, як зазначаюць службоўцы, мае павялічыцца на васемсот машын – больш чым на 25 адсоткаў. Таксама нарэшце адкрыты тэрмінал для пропуску грузавых аўтамабіляў на КПП "Бераставіца". Зьменшацца доўгія чэргі фураў, якія дагэтуль былі звычайнай справай. Беларускія мытнікі задаволеныя, бо палепшыліся ўмовы іх службы, цяпер яны працуюць пад дахам у сучасным памяшканьні. Адначасова і кіроўцам стала лепей, зьявілася магчымасьць хутчэй і ў нармальных умовах праходзіць мытны кантроль. На адкрыцьцё тэрміналу на мяжу прыяжджаў прадстаўнік расейскай мытнай службы Генадзь Шчарбакоў. Фінансавалася будаўніцтва з гэтак званага "саюзнага бюджэту". На тэрыторыі Гарадзеншчыны дзякуючы яму ствараюць інфраструктуру на памежных пераходах на мяжы з Літвой і з Польшчай. На польскай мяжы гэта датычыць КПП "Бераставіца" і "Брузгі". З-за таго, што беларускія ўлады стаўку ў гэтым зрабілі на дапамогу Расеі, будаўніцтва зацягваецца і адбываецца са спазьненьнем на гады ў параўнаньні з будаўніцтвам КПП з польскага боку – у Баброўніках (побач з "Бераставіцай") і ў Кузьніцы (побач з "Брузгамі"). А вось палякі атрымалі на гэтыя мэты фінансаваньне ад Эўразьвязу і будаўніцтва закончылі некалькі гадоў назад. Што датычыць таго ж КПП "Брузгі", дык работы там дагэтуль ня скончаны, як плянавалася, і ніхто з чыноўнікаў ня можа даць дакладнага адказу – калі можна чакаць іх заканчэньня. Алесь Кавалёў 21.12.2006
Бацюшкаў вэртыкаль слухае, а на ксяндзоў не зважае
Улады Гарадзеншчыны аддаюць перавагу праваслаўным сьвятарам, хоць у вобласьці дзейнічаюць ня толькі 165 цэркваў, але і 169 касьцёлаў. У Горадні адбылася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная этнасацыяльным і канфэсыйным працэсам у сучасным грамадзтве. Галоўным арганізатарам быў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. У невялікім "прэзыдыюме" ў цэнтры сядзеў праваслаўны сьвятар Аляксандар Велісейчык, абапал яго — наукоўцы. Гэта кідалася у вочы пагатоў, што ў Горадні па колькасьці вернікаў, якія рэгулярна наведваюць храмы, пераважаюць каталікі. Гараджане бачаць тое на ўласныя вочы. А ўвогуле, паводле афіцыйнага сайту аблвыканкаму, у вобласьці дзейнічаюць 165 цэркваў і 169 касьцёлаў. Так што, прынамсі на Градазеншчыне, з боку ўладаў падыход да бацюшак і ксяндзоў павінен быць аднолькавым. Прысутнасьці каталікоў на міжнароднай канфэрэнцыі ўлады тым больш ня вельмі жадалі, бо нядаўна скончылася галадоўка вернікаў, якія патрабавалі дазволу пабудаваць касьцёл. А самому кіраўніку ўсёй Гарадзенскай дыяцэзіі (эпархіі) той жа ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Леанід Гуляка не дазволіў пакінуць на працы групу польскіх ксяндзоў і манашак, што стварыла канфліктную сытуацыю. Каб ксяндзы расказалі пра гэтыя выпадкі на міжнароднай канфэрэнцыі, уражаньне пра "мір-дружбу" ў канфэсыйных працэсах, якія актыўна рэгулюе дзяржава, у замежных прадстаўнікоў адразу зьнікла б. А сярод іх былі ня толькі навкоўцы з Расеі ці Украіны, але і з Канады ды Вялікабрытаніі. Мала таго, што дзяржава з усіх канфэсый вылучае толькі праваслаўную, зь якой падпісана адмысловая дамова аб супрацоўніцтве, дык яшчэ перад самай канфэрэнцыяй беларуская армія падпісала падобнае пагадненьне з царквой. Раней у 6-ю вайсковую брыгаду, што знаходзіцца ў Горадні, на прысягу навабранцаў запрашалі і бацюшку, і ксяндза. Цяпер — толькі бацюшку. Як сказаў мне адзін з ксяндзоў, усё залежыць ад пазыцыі камандзіра часткі. Але камандзіры ведаюць, што "з ідэалягічнага" пункту гледжаньня лепей абмежавацца звыклым бацюшкам і ня мець кантактаў зь іхнымі калегамі, да якіх улада традыцыйна ставіцца з падазрэньнем. І ня важна ў такім разе, што прысягу прымаюць мноства каталікоў: усіх аднолькава папырскае сьвятой вадою бацюшка. Дарэчы, у Войску Польскім сытуацыя іншая. Не зважаючы, што абсалютная большасьць жаўнераў — каталікі, існуюць вайсковыя капэляны іншых канфэсый. Напрыклад, патрэбы праваслаўных абслугоўвае архіяпіскап Сава, які таксама зьяўляецца капэлянам і мае генэральскі чын. Алесь Кавалёў 15.12.2006
Ці даведаюцца гарадзенцы аб выгодных прапановах Эўразьвязу?
Замежныя дыпляматы сустрэліся з журналістамі, сярод якіх былі супрацоўнікі афіцыйных газэт, а здымачная група абласнога тэлебачаньня фільмавала ўсю сустрэчу. Прадстаўнікі Эўропы наведалі Горадню, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра дапамогу, якую Беларусь можа атрымаць ад Захаду. Вельмі добра патлумачыў мэты прапановы Эўразьвязу часовы павераны ў справах Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак. На добрай беларускай мове ён сказаў наступнае: – У выпадку Беларусі збліжэньне пакуль не атрымалася, і гэта матывацыя цяперашняга кроку Эўразьвязу. Гэта канструктыўны дакумэнт. Гэта ня меч, не ультыматум. Гэта працягнутая рука супрацоўніцтва ўраду менавіта зараз, калі неабходны эканамічныя рэформы, мадэрнізацыя, інвэстыцыі і энэргазьберажэньне. Гэтая ініцыятыва таксама інструмэнт таго, як данесьці інфармацыю аб прапановах Эўразьвязу да беларусаў, якія, як мы назіраем, атрымліваюць аднабаковую інфармацыю, каб пабудаваць штучны бар’ер паміж беларусамі і Эўразьвязам. Мы ўпэўнены, што патрабаваньні маралі ў палітыцы, прынцыпаў прававой дзяржавы, павагі да правоў чалавека і грамадзянская свабода, як умовы для нармальнага дыялёгу, адпавядаюць інтарэсам дзесяці мільёнаў эўрапейцаў, якія насяляюць Рэспубліку Беларусь. У падтэксьце сказанага прагучала: калі падскочаць цэны на расейскія газ ды нафту, Беларусі давядзецца шукаць падтрымкі менавіта ў сваіх эўрапейскіх суседзяў. Удзельнікі Эўразьвязу якраз, апярэджваючы падзеі, гэтую дапамогу прапануюць. Праўда ставяць умовы: выконваць узятыя на сябе РБ міжнародныя абавязкі, як краіны — удзельніцы ААН і АБСЭ. Каардынатар па адносінах з нашай краінай Жан-Эрык Хольцапфэль сказаў, што наведваньне Горадні — другая з шэрагу паездак па рэгіёнах, раней такая сустрэча адбылася ў Берасьці. Мэта — шырэй распаўсюдзіць зьвесткі аб тым, што Эўропа гатовая шырэй супрацоўнічаць з Беларусьсю на карысьць саміх беларусаў. Адмыслова для яе распрацавана праграма ў рамках палітыкі эўрапейскага дабрасуседзтва. Дакумэнт перададзены ў міністэрства замежных спраў Беларусі і ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, там яго ўсё ніяк ня вывучаць, бо тры тыдні няма ніякай рэакцыі. Вось замежнікі пакуль і вырашылі самі езьдзіць па Беларусі, ды спрабаваць данесьці да людзей свае прапановы, мэта якіх вывесьці беларускі народ з ізаляцыі, стварыць новыя працоўныя месцы, дапамагчы з экалёгіяй. Ад уладаў жа патрабуецца выпусьціць палітычных зьняволеных, даць людзям дэмакратычныя свабоды і гэтак далей. Трэба сказаць, што з боку гарадзенскіх журналістаў прагучаў хутчэй скептыцызм адносна жаданьня ўладаў скарыстацца гэтымі прапановамі. Алесь Кавалёў 14.12.2006
Улады высылаюць групу польскіх ксяндзоў і манашак
Гарадзенскі каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч выказаў з гэтай нагоды свой пратэст. 11 сьнежня ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле пачаліся штодзённыя маленьні. Маленьні аб тым, каб польскія ксяндзы і манашкі, якіх высылаюць улады, атрымалі магчымасьць застацца працаваць у Беларусі, працягнуцца пяць дзён — да пятніцы. Да гэтага заклікаў Гарадзенскі каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч. У нядзелю 10 сьнежня ў касьцёлах Гродзеншчыны ксяндзы зачыталі пасланьне біскупа, у якім вернікам паведамлена, якія рабіліся намаганьні, каб улады дазволілі застацца працаваць у наступным годзе сямі ксяндзам і шасьці манашкам або "сёстрам законным", як было на польскі лад напісана ў дакумэнце. Біскуп напісаў: "Яшчэ ў чэрвені я прадставіў уладам сьпіс сьвятароў і манашак, якія застануцца працаваць у нашай дыяцэзіі ў 2007 годзе, і гэтым выказаў усім ім пастырскі давер. Ня бачу прычыны, зь якой належала б гэты давер адклікаць. Сьвятарам і сёстрам, якім адмовілі ў праве на працу, улады таксама не паведамілі прычыны, якія б супярэчылі заканадаўству нашай краіны". Аляксандар Кашкевіч падкрэсьліў тым самым, што ён пацьвердзіў свой давер да гэтых сьвятароў і манашак, але стрымаць сваё слова яму не дазваляюць улады, высылаючы іх. Да канца сьнежня палякі павінны будуць пакінуць месцы сваёй працы і зьехаць зь Беларусі. Такім чынам, улады ўмешваюцца ў справы касьцёлу, вынікае з пасланьня. Разам з біскупамі Антонам Дзям’янкам і Уладыславам Бліном Аляксандар Кашкевіч двойчы ў Менску размаўляў на гэтую тэму з упаўнаважаным па справах рэілігй і нацыянальнасьцяў Леанідам Гулякам. Максімум, што дазволілі ўлады, гэта — запрасіць на працу з-за мяжы іншых сьвятароў. Незалежныя назіральнікі адзначаюць рашучыя зьмены ў пазыцыі касьцёлу адносна ўладаў на Гарадзеншчыне. Раней касьцельнае кіраўніцтва імкнулася не канфліктаваць з уладамі, абы было ціха. Першым рашучым крокам стала падтрымка біскупам А.Кашкевічам галадоўнікаў у Горадні, якія разам з ксяндзом патрабавалі дазволу ад уладаў на пабудову касьцёла. Улады шостага сьнежня вымушаныя былі задаволіць гэтае патрабаваньне. Ці атрымаецца так і ў канфлікце з высылкай польскіх ксяндзоў і манашак — невядома. Алесь Кавалёў 11.12.2006
Сутыкнуліся два цягнікі
У Гарадзенскай вобласьці два тэхнічныя саставы ўдарыліся лоб у лоб. Загінуў адзін чалавек. Справу рассьледуе пракуратура Здарэньне адбылося днямі на чыгунцы Маладэчна-Горадня ў Іўеўскім раёне. У шпіталь трапілі чатыры чыгуначнікі, а яшчэ адзін памёр ад атрыманых ранаў. Гэта ня першае здарэньне на Гарадзеншчыне. У канцы жніўня пасажырскі цягнік "Горадня-Менск" сутыкнуўся са статкам кароў, некалькі жывёлін загінулі. Гэта здарылася ў Слонімскім раёне. Рух быў спынены на гадзіну. Такі ж выпадак адбыўся з цягніком "Масква-Калінінград" непадалёк ад літоўскай мяжы. Былі таксама сутыкненьні цягнікоў з легкавікамі, якія выяжджалі на рэйкі ў небясьпечны момант. Алесь Кавалёў 12.12.2006
Гарадзенскі гарвыканкам не дазволіў прэм’еру польскага кінафільма
Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні мелася правесьці сустрэчу з вядомым польскім рэжысэрам Рышардам Бугайскім Палякі хацелі арэндаваць залю ў самым сучасным і буйным кінатэатры "Гродна". З гарвыканкаму прыйшоў адмоўны адказ, без канкрэтных тлумачэньняў. Яго падпісалі намесьнік старшыні па эканоміцы Аляксандар Сіўцоў і загадчык аддзела культуры Генадзь Жалязьняк. Самога кіраўніка гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі на гэты момант у горадзе не было. Паводле консула Марэка Малюхніка, Генэральнае консульства Польшчы падрыхтавала на сьнежань культурную праграму з чатырох пунктаў, у якой адзін спэктакль на польскай мове, кінафільм "Сьмерць ротмістра Пілецкага", канцэрт і мастацкая выстава. Меркавалася, што пасьля прэм’еры фільму адбудзецца сустрэча з яго рэжысэрам Рышардам Бугайскім. Даведаўшыся пра адмову гарадзкіх уладаў, ён у Горадню не прыехаў, а сам фільм палякі мусілі паглядзець у сябе ў памяшканьні консульства. Дасьведчаныя асобы, мне сказалі, што ўлады маглі зрабіць такі "выбрык" таму, што ў запрашэньнях на кінасэанс, апроч Генэральнага консульства, быў пазначаны таксама Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, які беларускія ўлады абвесьцілі летась нелегітымным. Варта нагадаць, што месяц таму адбылася міжнародная выстава-пленэр "Наша Горадня", на якой прадставілі свае карціны мясцовыя мастакі, а таксама польскія і літоўскія. Арганізатарамі выступілі польскае і літоўскае консульствы. Усё гарадзкое начальства прыйшло на выставу, але ўбачыўшы сярод наведнікаў саму Анжаліку Борыс, хуценька рэціравалася, не чакаючы адкрыцьця выставы. Алесь Кавалёў 12.12.2006
Безвыніковая барацьба з п'янствам
У Наваградзкім раёне маюць свой ЛПП, таму для алькаголікаў шлях да прымусовага лячэньня скарочаны. Але цьвярозых ад гэтага ў рэгіёне больш не становіцца. На ўліку ў мясцовым наркалягічным кабінэце і на прафіляктычным уліку сёньня больш за 1430 чалавек, а гэта прыблізна 2,5 адсотка насельніцтва раёну. 27 алькаголікаў накіравалі сёлета ў лячэбна-папраўчы прафілякторый дзеля прымусовага лячэньня. Як вядома, вынікі яго звычайна мізэрныя. Дактары ўвесь час паўтараюць: каб чалавеку вылечыцца ад алькагалізму, трэба перш за ўсё самому гэтага захацець, прычым вельмі моцна, каб быць здольным кантраляваць свае жаданьні, каб паспрабаваць перамагчы заўсёдную цягу да бутэлькі. У раёне, як, зрэшты, і ў іншых мясьцінах вобласьці, моцна змагаюцца і з самагоншчыкамі. Сёлетняя хроніка даволі стандартная: выяўлена 70 "ачагоў" самагонаварэньня, зьнішчаны 30 апаратаў, каля 14 тонаў брагі і г.д. За выраб, захоўваньне і набыцьцё самагонкі адміністрацыйна пакараныя 113 чалавек. А год жа яшчэ не закончыўся. Міліцыянты ды іншыя адказныя за змаганьне ведаюць, што гэтыя вынікі ўяўныя: у наступным годзе будуць новыя "ачагі", новыя самагонныя апараты, прычым колькасьць іх наўрад ці зьменшыцца. Як пісаў калісьці чэскі пісьменьнік Яраслаў Гашак: перамагчы "зялёнага зьмія" немагчыма — на месцы кожнай адцятай галавы вырастаюць дзьве новыя… Іншымі словамі, ніколі нельга быць упэўненым, што замест аднаго зьнішчанага самагоннага апарату ў лесе ня зьявяцца два новыя. Алесь Кавалёў 3.12.2006
Сям'я ахвяры аварыі засталася без дапамогі
У Ваўкавыскім раёне амаль праз два месяцы зьліквідіваныя вынікі надзвычайнага здарэньня, падчас якога загінуў кіроўца МАЗу. 1 кастрычніка МАЗ, у якім быў зажыва пахаваны Ігар Д., апынуўся пад чатырохмэтровай крэйдавай масай. Адкопвалі яго прыблізна каля сутак. Сьмерць наступіла, паводле мэдыкаў, ад запаўненьня дыхальных органаў крэйдавай масай. Ахвяры не было й сарака гадоў. Бяз бацькі засталіся двое сыноў-школьнікаў. Аднак на грашовую кампэнсацыю сям’я разьлічваць ня можа, бо чыноўнікі спасылаюцца на тое, што здарэньне адбылося ў выніку "комплексу зьяваў прыроднага характару". Паводле спэцыялістаў, у выніку жнівеньскіх дажджоў схілы кар'еру сталі празьмерна вільготнымі. Карацей, ніхто не вінаваты, кіроўцы проста не пашанцавала. Яго МАЗ разьбяруць на запчасткі, іншыя машыны будуць выкарыстоўваць у "Краснасельскаўтатрансе" надалей. Як хутка зноў пачне выкарыстоўвацца кар'ер ля Калядзічаў, пакуль невядома. А цяжкавагавы экскаватар, што працаваў там, ужо адрамантавалі. З 45-мэтровай глыбіні выцягнулі таксама пяць самазвалаў і экскаватар. Коштаў работ пакуль ніхто не падлічваў. Пытаньне аб мэтазгоднасьці гэтага не ўзьнікала, паколькі супрацоўнікі міністэрства надзвычайных сытуацый павінны ліквідоўваць вынікі падобных здарэньняў. Дарэчы, на гэта пайшло паўтара месяцы. Ну а за нябожчыка у "сацыяльна арыентаванай" дзяржаве адказаць, выходзіць, некаму. Алесь Кавалёў 1.12.2006
У Горадні ўшанавалі два юбілеі Таварыства беларускай школы
ТБШ узьнікла ў Заходняй Беларусі 85 гадоў таму, 70 гадоў таму яго дзейнасьць была забаронена. Сёньняшняе гарадзкое Таварыства беларускай школы правяло вечарыну, прысьвечаную заходнебеларускай ТБШ. Адным з тых, хто дасьледуе яе дзейнасьць, зьяўляецца выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Сяргей Токць. У прыватнасьці, ён вывучыў жыцьцярыс настаўніка Мікалая Касьцевіча, які ўзначальваў гурток ТБШ у Берштах, што знаходзяцца цяпер у Шчучынскім раёне паблізу мяжы з Літвой. У 1927 годзе адна зь беларускіх газэт пісала, што ён арганізаваў у вёсцы 36 аматарскіх тэатральных пастановак. Можна уявіць сабе, колькі часу і высілкаў аддаваў гэты чалавек асьветнай працы, зазначае навуковец. Але за сваю дзейнасьць Мікалай Касьцевіч быў зьняволены польскімі ўладамі на шэсьць гадоў. У турме ён страціў здароўе, вярнуўся цяжка хворым на сухоты. Гурткоўцы зьбіраліся амаль кожны дзень, рыхтавалі тэатральныя пастаноўкі на беларускай мове, стваралі бібліятэчкі, праводзілі асьветніцкую, беларускую нацыянальную працу. Сяргей Токць прасачыў лёсы некаторых актывістаў гэтага руху. Многія прайшлі праз польскія турмы з-за сваіх перакананьняў, іншыя загінулі на вайне. Тыя, што ацалелі, да канца жыцьця захавалі вернасьць ідэалам беларушчыны, хаця працавалі яны ў сельскай гаспадарцы ці рабочымі, некаторыя ў савецкі час сталі настаўнікамі. Гэта былі гераічныя людзі, якія ахвяравалі дзеля беларускай справы нават сваім жыцьцём, кажа С.Токць. Актыўная дзейнасьць вясковых гурткоў ТБШ прыпала на 1926-28 гады, потым, з-за ціску з боку польскіх уладаў гурткі спынялі сваё існаваньне. Людзі верылі, што змогуць дамагчыся адкрыцьця беларускіх школаў, пашырэньня беларускай культуры. Але пляны польскіх уладаў былі зусім іншыя. Праўда, у сэйм прашлі паслы ад беларускай меншасьці, у тым ліку адзін з айцоў ТБШ Браніслаў Тарашкевіч, якога ўспаміналі на гарадзенскай вечарыне. Яны стараліся бараніць інтарэсы беларусаў, у прыватнасьці змагаліся за нацыянальную школу. Напрыклад, 5 сьнежня 1923 году Браніслаў Тарашкевіч выступіў з прамовай аб перасьледзе беларускіх школ. Ён крытыкаваў міністра асьветы Гламбінскага, які супакойваў беларусаў тым, што на два мільёны насельніцтва існуе 44 школы. Насамрэч частку іх палякі ўжо пасьпелі зьліквідаваць, гаварыў у сэйме беларускі пасол. Браніслаў Тарашкевіч запатрабаваў, каб дзяржава субсідзіравала разьвіцьцё беларускай школы. Але дэпутатаў-палякаў гэта абурыла. Адзін з іх крычаў: “Вы маеце ажно 44 школы, а пры маскалях ня мелі ніводнай!” Усе 15 гадоў свайго існаваньня ТБШ адчувала ціск з боку польскіх уладаў, які штогод узмацняўся, пакуль суд зусім не забараніў дзейнасьць арганізацыі. Трэба сказаць, што ў былым Гарадзенскім павеце і, у прыватнасьці, у вёсцы Бершты ў Таварыстве беларускай школы актыўна ўдзельнічаў дзед сёньняшняга лідэра дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Калі ў першай палове 90-х гадоў А.Мілінкевіч працаваў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму і займаўся пашырэньнем беларускай школы, ён з аднадумцамі прапанаваў бульвар Ленінскага камсамолу назваць бульварам Браніслава Тарашкевіча. Справа выглядала вельмі выйгрышнай, гэтая новая назва нават зьявілася ў даведніках. Аднак большасьць дэпутатаў гарсавету былі настроены ў савецкім духу і не хапіла галасоў, каб у горадзе ўшанавалі прозьвішча славутага заснавальніка Таварыства беларускай школы. Бульвар па-ранейшаму сарамліва называюць абрэвіятурай – БЛК. Алесь Кавалёў 2.12.2006
Разам з ксяндзом галадаюць чатырнаццаць вернікаў
У Горадні ў каталіцкай капліцы зь пятніцы ідзе галадоўка пратэсту. Усе вернікі, якія рашыліся на акцыю, удзень прыяжджаюць у капліцу, а нанач вяртацца дахаты. Пераважна гэта жанчыны пажылага веку. А патрабуюць яны, каб гарадзкія ўлады далі дазвол будаваць касьцёл Найясьнейшай панны Марыі Вострабрамскай. Парафія даўно зарэгістраваная, але ўлады гадамі цягнуць, не вырашаюць праблему. Між тым у занёманскай частцы гораду ня толькі касьцёлаў, увогуле храмаў амаль няма, а спальныя раёны пабудаваны буйныя і працягваюць пашырацца. Ксёндз Аляксандар Шэмет гаворыць, што чарговую заяву ў гарвыканкам на выдзяленьне зямлі пад будаўніцтва вернікі занесьлі 30 лістапада. Тыдзень таму яны былі ў старшыні аблвыканкаму, спачатку зладзіўшы акцыю пратэсту ў яго пад вокнамі. Сьвятар зазначае, што яны папярэдзілі ўлады: калі не атрымаем афіцыйнага дазволу, пачнем зь першага сьнежня галадаць. Рэакцыі з боку ўладаў не было, таму распачалася "пост-галадоўка". Трэба зазначыць, што пляцоўка для пабудовы касьцёлу побач з капліцай ня вельмі выгодная. З аднаго боку, гэта гістарычнае месца, дзе засталіся некаторыя пабудовы ад былой загарадняй сядзібы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аднак за савецкі час навакольле было забудавана стандартна: па адзін бок вуліцы Рэпіна безаблічны шэры спальны раён, па другі, на якім знаходзіцца капліца,--гаражы, вытворчыя будынкі, доўгія бэтонныя платы, нават лінія электраперадачаў. Зрэшты, каб улады выдзелілі іншае, больш прывабнае месца для касьцёлу, ніхто б бадай не пратэставаў. Тым больш капліца зроблена часова, уяўляе зь сябе, можна сказаць, дашчаны сарай. Але ўлады якраз нічога іншага не прапануюць і нават на гэтае месца ніяк дазволу не даюць. Алесь Кавалёў 04.12.2006
Да гарадзенскіх галадоўнікаў прыяжджала хуткая дапамога
Аднак каталікі, якія змагаюцца за права пабудаваць касьцёл, падалі скаргу на абласную управу здароўя: не забясьпечаны мэдычны нагляд за ўдзельнікамі акцыі. Сьвятар Аляксандар Шэмет сёньня наведаў абласную управу аховы здароўя, каб папрасіць мэдычнага нагляду за галадоўніцамі, бо амаль усе яны пажылага ўзросту. Аднак яму адказалі: такія пытаньні хутка не вырашаюца, трэба чакаць. Адказу не было да канца дня, таму парафіяне падалі скаргу на ўправу аховы здароўя ў абласную пракуратуру. Дарэчы, ва ўправе зьмяніўся кіраўнік. Зусім нядаўна старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка павіншаваў былога начальніка Робэрта Часнойця з новым прызначэньнем — ён цяпер будзе першым намесьнікам міністра аховы здароўя. Ягонае месца ў аблвыканкаме заняў Ільля Епіфанаў. Работа пачалася са складанай справы — з масавай галадоўкі. Шараговыя мэдыкі ставяцца да галадоўнікаў, як да любых іншых пацыентаў. Хуткую дапамогу выклікалі ў капліцу на вуліцу Рэпіна, дзе адбываецца акцыя пратэсту, у панядзелак раніцай і ў другой палове дня. І абодва разы ўрачы агледзелі жанчын і далі ім лекі. Разам з ксяндзом А.Шэметам у галадоўцы ўдзельнічаюць ужо шаснаццаць жанчын. Фармальна заяву вернікаў аб дазволе пабудаваць побач з часовай капліцай касьцёл павінны даць гарадзкія ўлады. Аднак старшыні гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі ня будзе да 10 сьнежня. Ён у камандзіроўцы ў Менску, адказалі мне ў выканкаме. Хаця ксёндз А.Шэмет лічыць: каб улады хацелі пайсьці насустрач вернікам, яны маглі б гэта зрабіць без маруджаньня, бо ўсё ў іхніх руках, і калі ім самім нешта трэба, пытаньні вырашаюцца вельмі хутка. Зрэшты, пра пазыцыю ўладаў у гэтым канфлікце можа сьведчыць публікацыя ў апошнім нумары абласной газэты "Гродзенская праўда" пад загалоўкам "Гульня на пачуцьцях". Там у стылі савецкіх "контрпрапагандысцкіх" матэрыялаў вернікаў (і асабліва ксяндза А.Шэмета) абвінавачваюць у тым, што яны імкнуцца "стварыць канфлікт", "распаліць жэрсьці". Аўтар, які схаваўся за псэўданімам "І.Мацюк" сьцьвярджае: калі 24 лістапада каталікі маліліся на вуліцы побач з аблвыканкамам, то паводзілі сябе нецывілізавана, выказвалі "агрэсыўнасьць". На колішнія савецкія палітычныя памфлеты дакладна паказвае і выпад супраць журналістаў недзяржаўных выданьняў, што назіралі за той самай акцыяй пратэсту. Аўтар зьвярнуў увагу на "сновавших здесь и уже ранее примелькавшихся штатных борзописцев, обильно снабжающих разного рода Интернет-издания сомнительной и тенденциозной информацией". Алесь Кавалёў 5.12.2006
У Горадні пабудавалі рачны маяк
Ён будзе асьвятляць набярэжную, бо ўначы на Нёмане няма руху. Большасьці жыхароў спроба ажывіць гарадзкі пэйзаж даспадобы. Маяк яшчэ не закончаны, гэта дзевяцімэтровая мэталічная калёна, на якой, паводле галоўнага кіраўніка праекту Ніны Емяльянавай, зараз зьявяцца пражэктары і галагенавыя лямпы. Ён пастаўлены на правым беразе Нёмана і будзе выконваць функцыі асьвятленьня й архітэктурнай аздобы. На рэках маякі не выкарыстоўваюцца, да таго ж у Горадні ніколі не было сапраўднага порту, зазначаюць спэцыялісты. Аднак за апошні час улады нарэшце ўзяліся за набярэжную, якую, пасьля яе пабудовы палякамі ў сярэдзіне 1930-х гадоў, ніколі не ўпарадкоўвалі. Якраз новым элемэнтам мусіў стаць маяк, але ў чыноўніцкіх кабінэтах ён падабаўся далёка ня ўсім сваёй незвычайнасьцю. З гэтай прычыны то вырашалі яго будаваць, то адмовіцца, справа зацягнулася на паўтары гады, але ўрэшце гарадзенцы будуць мець штосьці незвычайнае. Дарэчы, гэтымі днямі рабочыя працягваюць будаваць набярэжную ў бок Старога мосту цераз Нёман – уздоўж піўзаводу. У гэтым месцы, не зважаючы на цэнтар гораду, рачны бераг заўжды быў у занядбаным стане. Але ўжо сёньня па выбрукаванай набярэжнай – побач з пагоркамі з каралеўскімі замкамі пачалі шпацыраваць людзі. Тут стала ўтульна, увечары гараць ліхтары. Нарэшце адбудаваная "лесьвіца каханьня" да Нёману. Яна пачынаецца пад арачным мостам, што стаіць паміж замкамі, які таксама пасьля доўгай важданіны адрэстаўравалі. Месца стала прывабным і для гараджанаў, і для турыстаў. Наступны адмежак набярэжнай, за які пакуль не ўзяліся ўлады, гэта — берагавая лінія, якая вядзе да месца, дзе на пагорку знаходзіцца старажытная Каложская царква – адзін з найбольш важных турыстычных аб’ектаў Горадні. Алесь Кавалёў 6.12.2006
Удзельнікі галадоўкі ў гарадзенскай капліцы перамаглі
Шаснаццаць парафіянак і ксёндз на шосты дзень акцыі пратэсту дамагліся свайго — улады дазволілі будаваць касьцёл. Сёньня старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка запрасіў да сябе Гарадзенскага каталіцкага біскупа Аляксандра Кашкевіча і ўручыў яму паперу, у якой гаворыцца, што абласныя ўлады "не возражают" супраць будаўніцтва "культового здания". Дасьведчаныя ў пытаньні грамадзкія актывісты лічаць, што ўлады спалохалі зьвесткі аб тым, што 8 сьнежня мноства гарадзенскіх каталікоў гатовыя былі выйсьці на Савецкую плошчу, каб выступіць у падтрымку галадоўнікаў. Алесь Кавалёў 6.12.2006
Прапагандыстка атрымала нямецкі мэдаль
Дабрачынная арганізацыя з ФРГ адзначыла двух жыхароў Ваўкавыску за магілы жаўнераў Вэрмахту. Сьвятлана Бабайцава з ідэалягічнага аддзелу Ваўкавыскага райвыканкаму і Анатоль Ігнатовіч з райваенкамату ўзнагароджаны мэдалямі "Народнага саюзу Нямечыны па догляду ваенных магілаў". С.Бабайцава і А.Ігнатовіч курыравалі сёлетнія пошукі імёнаў нямецкіх вайскоўцаў, што былі пахаваныя на тэрыторыі раёну. У чэрвені-ліпені у Ваўкавыскім раёне працаваў 52-гі пошукавы батальён міністэрства абароны, які займаўся раскопкамі пахаваньняў часоў апошняй вайны. Адметнасьць была ў тым, што, апроч чырвонаармейцаў, гэтым разам выкопвалі з зямлі парэшткі жаўнераў вэрмахту. Раскопкі адбываліся паводле пагадненьня зь нямецкім бокам, які іх фінансаваў. У немцаў на выпадак сьмерці ўсе вайскоўцы мелі мэталічныя жэтоны, гэта дапамае высьвятляць імёны загіблых. Праўда, былі знойдзены парэшткі 462 вайскоўцаў, а высьветліць прозьвішчы атрымалася толькі ў 172. Усе немцы пахаваныя пры канцы вайны ў адным месцы, трупы зьвезьлі з усяго Ваўкавыскага раёну. Алесь Кавалёў 9.12.2006
Пракуратура дазволіла абшукваць хаты патэнцыйных самагоншчыкаў
Зараз бераставіцкія міліцыянты могуць свабодна аглядаць памяшканьні прадаўцоў самаробнай гарэлкі. Бераставіцкая міліцыя задаволена важкай перамогай у змаганьні з самагоншчыкамі. Праўда, зьліквідаваны ўсяго тры самагоныя апараты, - у дзесяць разоў меней, чым у некаторых іншых мясьцінах вобласьці, але ж і раён Бераставіцкі досыць невялікі па тэрыторыі і насельніцтву. Затое міліцыянты ганарацца, што, па іх словах, удалося зьнішчыць сапраўдны "самагонны завод". Праўда, яны двое сутак сядзелі каля яго ў засадзе бяз вынікаў: гаспадар, мабыць, меў нюх і ня выдаў сябе. Але затое яны забралі ажно восем рознага памеру бочак ды іншых ёмістасьцяў. А працаваў лясны самагонны бровар непадалёк ад вёскі Краснае. Бераставіцкая міліцыя вырашыла зрабіць яшчэ адзін незвычайны крок у барацьбе з распаўсюджваньнем самаробнай гарэлкі. Паводле намесьніка начальніка РАУС Мечыслава Вашчылы, атрымана згода пракурора раёну на агляд жытла грамадзянаў, якія могуць займацца продажам сьпіртовых вадкасьцяў. Дарэчы, згодна начальніка абласной міліцыі Генадзя Хацько, сёлета на Гарадзеншчыне знойдзена і зьнішчана 150 тонаў брагі і 56 тонаў самагону. Тым часам бераставіцкія міліцыянты здолелі выкрыць 800 літраў брагі. Алесь Кавалёў 10.12.2006 |