Прынямоньне № 11, люты
|
Эканомяць-эканомяць, а выніку няма
У Мастоўскім раёне прадпрыемствы сталі працаваць горш. Мастоўскі раён належыць да сельскагаспадарчых: прадпрыемстваў няшмат, самае вялікае – "Мастоўдрэў". За апошні час там замянілі кацёл ў кацельні, якая зараз будзе працаваць на драўніне – рэштках вытворчасьці. Тое нібыта дапаможа з энэргазьберажэньнем і, адначасова, станоўча паўплывае на фінансавы стан. Зьявіліся зьвесткі, што на драўніне будзе працаваць і заводзкая цеплаэлектрацэнтраль. Летась справы на "Мастоўдрэве" пагоршыліся: рабочым сталі менш плаціць, і яны ў канцы году пачалі звальняцца. Прадпрыемства скараціла вытворчасьць мэблі ды іншых вырабаў амаль на 17 адсоткаў. Гэта сапсавала агульныя лічбы разьвіцьця прамысловасьці раёну, хаця меней прадукцыі вырабілі агулам пяць прадпрыемстваў. У выніку атрымалася, што ў значна лепшых эканамічных умовах, чымсьці сёлетнія, мастоўскія заводы паменшылі рост аб’ёмаў вытворчасьці ажно на 16 адсоткаў. Становішча ў эканоміцы абмяркоўвалася ўладамі. Чыноўнікі канстатавалі: за мінулы год пагоршыўся фінансавы стан рэальнага сэктару эканомікі. Якое выйсьце? Паводле старшыні райвыканкаму А.Шафарэвіча, трэба падвышаць рэнтабэльнасьць, сур’ёзна эканоміць энэргарэсурсы. Але вось жа парадокс: спажываньне энэрганосьбітаў летась якраз зьменшылася, паколькі менш было выраблена прадукцыі. Аднак заплянаваныя паказчыкі па энэргазьберажэньні ўсё роўна выкананыя не былі. Чаму? Ніхто патлумачыць не бярэцца. Вось такая эканоміка: рапартуюць пра эканомію, а руху наперад няма. Алесь Кавалёў 27.02.2007
Гарадзенская ГЭС ня мае належнай экспэртызы
Так лічаць актывісты экалягічнага руху. Іх непакоіць, што новы праект станцыі насуперак міжнароднай практыцы "засакрэчаны" ад грамадзкасьці. Днямі ў Горадні было заяўлена, што энэргетыкі гатовыя пачаць гэтай вясной будаўніцтва ГЭС на Нёмане. Адпаведнае ўрадавае рашэньне прынятае яшчэ чатыры гады таму. Паводле яго, станцыя павінна была ўжо дзейнічаць. Аднак тады супраць будаўніцтва ўзьняліся эколягі: яны даказалі, што праект будаўніцтва недасканалы. Вяртаньне да старой ідэі зразумелае: краіна вымушана шукаць варыянты дывэрсіфікацыі энэргазабесьпячэньня. Але ці ўлічаныя ў сёньняшнім праекце ўчорашнія памылкі, на якія зьвяртала ўвагу грамадзкасьць раней? Пэўнай яснасьці з гэтым няма. Па-другое, у дадатак да ранейшага праекту зьявіўся ячшэ адзін. І вось пра яго – людзям невядома ўжо абсалютна ніякіх падрабязнасьцяў. Больш за тое: няма нават інфармацыі, ці дазволяць "зялёным", археолягам, незалежным экспэртам азнаёміцца з плянам будаўніцтва, яго асаблівасьцямі. Між тым яшчэ ў 2000 годзе Беларусь далучылася да міжнароднай Орхускай канвэнцыі, у якой падкрэсьліваецца неабходнасьць удзелу грамадзянаў у рашэньні экалягічных праблемаў і іхняга доступу да інфармацыі аб навакольным асяродзьдзі, якой валодаюць улады. Гарадзенскі журналіст і эколяг Ніна Палуцкая зазначае, што існуе паняцьце грамадзкай экалягічнай экспэртызы, аднак няма закону на гэты конт. Таму ўлады не абавязкова могуць улічваць незалежнае меркаваньне. Тым часам спадарыня Палуцкая застаецца ў грамадзкай каардынацыйнай радзе пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў. Толькі дзякуючы гэтам яна ўдзельнічала ў абмеркаваньні за "круглым сталом" праблемаў пабудовы Гарадзенскай ГЭС, што мела пэўыня станоўчыя вынікі: ранейшы праект дапрацоўваўся. Калі раней акцэнтавалася, што станцыя зможа забясьпечыць энэргіяй самае буйное прадпрыемства – "Азот", то цяпер, каб супакоіць насельніцтва, гаворыцца: ГЭС запаліць лямпачкі ва ўсіх дамах і кватэрах. Аднак актывісты "зялёнага руху" лічаць гэта ня лепшым аргумэнтам. Яны перакананыя: слабым месцам праекту зьяўляецца немагчымасьць правядзеньня грамадзкай экалягічнай экспэртызы. Алесь Кавалёў 26.02.2007
Міліцыянта-забойцу пачалі судзіць
У Горадні распачаўся выязны працэс, які праводзіцца Вярхоўным Судом. А 10-й раніцы 20 лютага ў гарадзенскім абласным судзе пачаўся разгляд справы старшага лейтэнанта міліцыі Сяргейчыка, якому інкрымінуецца забойства дваннаццаці чалавек. Працэс адбываецца ў закрытым рэжыме. У 9 гадзінаў раніцы будынак абласнога суду на вуліцы Карбышава абсьледавала з сабакам група разьмініраваньня УУС. На стаянцы быў мікрааўтобус "сапёраў", побач зь якім дазволілі паставіць толькі машыну Першага каналу тэлебачаньня. Абапал вуліцы паркавацца забаранялася, супрацоўнік ДАІ загадваў праяжджаць далей усім кіроўцам, хто хацеў спыніцца. Суд узмоцнена ахоўвала міліцыя, будынак знаходзіцца на скрыжаваньні, з усіх бакоў якога таксама стаялі міліцэйскія машыны. На ганку сабраліся сьведкі і журналісты – пераважна дзяржаўных мас-мэдыяў, перадусім – тэлебачаньня. Але іх упершыню не пускалі ўнутр. Адна журналістка абуралася: паспрабуйце не пусьціць! Але гэта ня мела выніку. Карэспандэнт аднаго тэлеканалу гаварыў праз шчыліну ў ледзь прачыненых дзьвярах ахоўніку: ваш начальнік – палкоўнік паабяцаў, што нас упусьцяць. Мы такога загаду не атрымлівалі, – парыраваў старшына. Адзін дзяржаўны журналіст мне сказаў: лягічна было б, каб па тэлебачаньні паказалі ў клетцы гэтага чалавека, магчыма, хто-небудзь яшчэ пазнаў бы яго, і гэта магло б дапамагчы правасудзьдзю. Неўзабаве дзьверы суду расчыніліся і маёр Хілько паведаміў: судзьдзя прыняў рашэньне – журналістаў на працэс не пускаць. Праўда, прозьвішча судзьдзі, што прыехаў з Менску, названа не было. Унутр пускалі толькі сьведкаў і – строга па позвах. Напрыклад, дазвалялася зайсьці толькі аднаму з двух бацькоў забітых дзяўчын – бацьку ці маці. Праўда, было паведамлена, што суд разгледзіць пытаньне і, магчыма, дапусьціць у залю іншых сьведкаў. Алесь Кавалёў 20.02.2007
Аўтобусы з кніжкамі паехалі па вёсках
У трох раёнах Гарадзеншчыны пачалі работу так званыя бібліёбусы. У Астравецкім, Дзятлаўскім і Сьвіслацкім раёнах сталі развозіць па аддаленых вёсках літаратуру для чытачоў, якія ня маюць магчымасьці карыстацца паслугамі бібліятэкі. Для гэтага задзейнічалі аўтобусы аддзелаў культуры. Сёлета плянуецца такую паслугу зрабіць таксама ў Наваградзкім, Мастоўскім і Бераставіцкім раёнах. Такім чынам, праз некалькі гадоў, тым больш калі справа апраўдае сябе, перасоўныя бібліятэкі могуць зьявіцца ва ўсіх сямнаццаці раёнах вобласьці. Дарэчы, пункт аб гэтым ёсьць у праграме разьвіцьця вёскі і будаўніцтва аграгарадкоў. Разам з тым ьз мінулага году на вясковых дарогах можна ўбачыць аўтаклюбы, пакуль яны існуюць у трох раёнах – Карэліцкім, Лідзкім і Гарадзенскім. Алесь Кавалёў 18.02.2007
Не вязі салярку ў Польшчу!
З перавозчыкамі паліва пачнуць змагацца як з прадпрымальнікамі, што працуюць нелегальна. Улады знайшлі спосаб змаганьня з гандлярамі паліва, якія рэгулярна возяць салярку на продаж у Польшчу. З першага сакавіка неабходна будзе дэкляраваць наяўнасьць паліва ў баках. Праўда, гэта ў тым выпадку, калі кіроўца перасякае мяжу не радзей, чымсьці адзін раз на працягу трох дзён. Мытная служба будзе пільна сачыць за гэтым. Такое рашэньне закранае інтарэсы прынамсі соцень гарадзенцаў, якія зараблялі продажам саляркі ў Польшчы. Адзін з іх, Сяргей С., расказаў, што ў іх было прадчуваньне – улады зробяць больш жорсткім кантроль. Па-першае, паліва за апошнія два месяцы падаражэла тройчы. Па-другое, на беларуска-польскай мяжы ў Брузгах гандлярамі палівам сталі цікавіцца розныя дзяржаўныя службы, пачынаючы ад падатковай. Трэба сказаць, што ў самым канцы студзеня намесьнік кіраўніка "Белнафтахіму" Міхаіл Асіпенка заявіў: каб змагацца з вывазам паліва, будзе зноўку павялічаны яго кошты на пяць адсоткаў з мэтай наблізіць іх у да польскіх. Карацей, каб зьнікла выгада вывозіць паліва за мяжу, зазначыў чыноўнік. Я пацікавіўся тады ў гарадзенскіх кіроўцаў, яны гаварылі: зрабіце заробкі такія, як у Польшчы, а потым падвышайце цану паліва… У рэшце рэшт улады вельмі хутка знайшлі іншае выйсьце: яны пачынаюць змагацца і з вывазам паліва, і зь "незаконным прадпрымальніцтвам", паколькі, маўляў, гэты занятак стаў сапраўдным бізнэсам, зь якога дзяржава не атрымлівае падаткаў. Перавозчык паліва сказаў нам, што на мяжы ўвесь час уводзяцца дадатковыя абмежаваньні – то зь беларускага боку, то з польскага. Некалькі гадоў таму палякі, напрыклад, ліміціравалі кіроўцаў трэйлераў адносна колькасьці ўвезенага імі паліва ў баках. Не сакрэт, што тады салярка каштавала яшчэ таньней, і ўсе імкнуліся заправіцца з запасам у Беларусі. Тым ня менш, гаворыць Сяргей С., людзі будуць прыстасоўвацца да новых умоваў. Магчыма, давядзецца проста радзей вазіць паліва ў Польшчу, зазначыў ён. Зразумела, тады і заробкі зьменшацца. Алесь Кавалёў 16.02.2007
Спаборніцтва па малаку ня выйграў ніхто
У Іўеўскім раёне значна скараціліся закупы малочнай прадукцыі ад вяскоўцаў. Бо ўсё меней становіцца кароў на сялянскіх падворках. Раённыя ўлады падвялілі вынікі спаборніцтва за павелічэньне збору малака ад асабістых гаспадарак і зажурыліся. У 2006 годзе насельніцтва прадало дзяржаве меней малака, чымсьці ў 2005-м. Праўда, у разьліку на адну карову, нібыта, зборшчыкі сабралі нават болей на 150 літраў, чымсьці годам раней. А ў некаторых сельсаветах значна палепшылі гэтую працу, асабліва ў навакольлі Юрацішак, дзе прыватныя гаспадары прадалі дзяржаве ў сярэднім па 2000 літраў ад адной рагулі. Аднак гэта сытуацыю ня выратавала, таму ўлады вырашылі не вызначаць пераможцаў у спаборніцтве з-за таго, што агульны валавы збор малака за апошні год зьменшыўся. Якая ўжо тут перамога?! А прычына такіх вынікаў уладам вядома: усяго за год колькасьць кароў у асабістых гаспадарках зьменшылася больш як на тысяч галоў! Старыя вяскоўцы паміраюць, іншыя папросту адмаўляюцца трымаць хатнюю жывёлу. Не зважаючы на ўсё, раённыя ўлады зноўку абвясьцілі спаборніцтва за павелічэньне закупу малака ў насельніцтва. Пераможцу абяцаюць заплаціць 25 базавых велічынь, прадугледжаны грашовыя прэміі таксама за другое ды трэцяе месцы. Алесь Кавалёў 15.02.2007
Не перашкаджайце працаваць – ня будуць спэкуляваць
Дзяржаўных кантралёраў накіроўваюць выяўляць не прычыны марнатраўства, а фіксаваць наступствы промахаў у энэргазьберажэньні. У Беларусі ўлада хоча кантраляваць усё – нават наяўнасьць пракладак у вокнах і іх заклейку. На калегіі абласнога камітэту дзяржкантролю, што адбылася ў Горадні, перад супрацоўнікамі ставілі задачу актыўна выяўляць парушэньні ў галіне эканоміі і рацыянальнага выкарыстаньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў. Па лёгіцы, любы кіраўнік, гаспадар, калі падаражэла ацяпленьне, паліва, электрычнасьць, будзе зацікаўлены, каб ашчаджаць іх, ва ўсякім разе не марнаваць. Але ў Беларусі чамусьці гэтым павінна займацца армія кантралёраў, фронт змаганьня для якіх увесь час пашыраюць. Гэта ж лягічна: ня зможа прадпрыемства расплаціцца за цяпло, тады яму яго адключаць. Але паміж спажыўцом і пастаўшчыком раптам зьяўляецца постаць кантралёра, якому трэба некага выяўляць, караць – там, дзе павінны працаваць проста эканамічныя законы. Апроч гэтага, кантралёры мусяць правяраць, наколькі павялічваецца выкарыстаньне мясцовых гатункаў паліва, як скарачаецца энэргаёмістасьць прадукцыі на прадпрыемствах Гарадзеншчыны і гэтак далей. Карацей, займаецца служба, ні многа ні мала, – паліўнай і энэргабясьпекай. Напрыклад, летась яе увагу прыцягнула распаўсюджаная зьява: каб зарабіць на жыцьцё, гарадзенцы возяць прадаваць у суседнюю Польшчу салярку, дзе яна каштуе даражэй. Чалавек заправіў бак, пераехаў мяжу, прадаў паліва. Што яму інкрымінаваць? Так, некаторыя (як кажуць чыноўнікі) выкарыстоўваць машыну ў якасьці бэнзавозу – кіроўца мяняецца, а машына езьдзіць праз мяжу туды-сюды. Магчыма, але ў гэтых людзей свае праблемы – візавыя, яны ня могуць перасячы мяжу болей разоў, чымсьці дазваляе польская віза, а жыць нейк трэба. Перавозчыкі саляркі, зь якімі я размаўляў, мне прызнаваліся: каб знайсьці працу з добрым заробкам у Горадні, адразу пакінуў бы "памежны гандаль". Атрымліваецца, што кантралёраў у некаторых выпадках накіроўваюць на змаганьне не з прычынай, а з наступствамі. Гарадзенцы ім у гэтым разе гавораць: не перашкаджайце людзям займацца бізнэсам, ствараць новыя працоўныя месцы, зарабляць і ніхто тады не павязе ў Польшчу тую салярку. Алесь Кавалёў 14.02.2007
"Напоминаем всем – с оружием 100 проблем!"
Прымусова і добраахвотна на Гарадзеншчыне штогод здаюць да двух тысяч ствалоў. На Гарадзеншчыне міліцыя ўпершыню праводзіць дзесяцідзёнку здачы зброі, а ня месячнік, як было звычайна. Досьвед паказвае, што грамадзяне, маючы свае праблемы, запозьнена рэагуюць на заклікі і не імкнуцца аддаць міліцыянтам дубальтоўку ці пісталет абавязкова ў акрэсьлены тэрмін. Дарэчы, таксама ўпершыню ахоўнікі парадку пачалі шырэй рэклямаваць сваю акцыю: у гарадзенскіх крамах, у банках пакупнікам, наведнікам кідаюцца у вочы аранжавыя ўлёткі з намаляванай зброяй і надпісам "Напоминаем всем – с оружием 100 проблем!" Раней бляклыя ксэракопіі абвестак прышпільвалі сярод іншых міліцэйскіх паведамленьняў на дошках каля пастарункаў. Летась у Горадні тры дзясяткі чалавек здалі зброю, па вобласьці лічба даходзіць звычайна да 70-80 чалавек. Часьцей трапляецца зброя часоў апошняй вайны. Хаця нярэдка праблемы з рэгістрацыяй узьнікаюць у сваякоў былых паляўнічых, якія памерлі, пакінуўшы родным свае дубальтоўкі. У мінулым годзе гарадзенскія праваахоўнікі атрымалі старую паляўнічую стрэльбу францускай вытворчасьці. Адны мэдыі паведамілі, што яна 1784 году выпуску, іншыя – 1874-га… Міліцыя пайшла на скарачэньне тэрміну акцыі добраахвотнай здачы зброі ў немалой ступені таму, што ёю рэгулярна праводзіцца таксама адмысловая апэрацыя "Арсэнал". Напрыклад, апошнім разам – у 2006 годзе па краіне падчас гэтай апэрацыі было сканфіскавана 357 адзінак зарэгістраванай зброі, і 157 без рэгістрацыі. Што датычыць добраахвотна здадзенай зброі, толькі за першую палову мінулага году яе было здадзена каля 850 штук. Алесь Кавалёў 14.02.2007
Нафту з газам беларусы мяняюць на ваду з вугалем
У Горадні зьбіраліся энэргетыкі з усяе Беларусі, каб абмеркаваць праблемы галіны. Дзеля павелічэньня вырабу электрычнасьці сёлета павінна распачацца будаўніцтва Гарадзенскай гідраэлектрастанцыі на Нёмане – непадалёк ад абласнога цэнтру. Але спэцыялісты не выключаюць таксама магчымасьці пашырэньня вырабу энэргіі на цеплаэлектрастанцыях. Напрыклад, прапануецца выкарыстоўваць з гэтай мэтай нават каменны вугаль. У Прынямоньні на ім магла б працаваць станцыя ў гарпасёлку Зэльва, лічаць энэргетыкі. Дарэчы, на тамтэйшым вадасховішчы будаўніцтва ГЭС пачалося яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. Станцыю меркавалася ўвесьці ў строй у 2005 годзе, але гэта ня здарылася. Яе заплянаваная магутнасьць – 0,54 мэгавата. Згодна ўрадавай праграме, да 2012 году плянуецца павялічыць выкарыстаньне вугалю на 62,5 адсотка – да 0,52 мільёна тонаў умоўнага паліва. У Беларусі існуюць тры радовішчы бурага вугалю, аднак толькі адно зь іх – Жыткавіцкае – падрыхтаванае да эксплюатацыі. Але такія станцыі будуць працаваць хутчэй на каменным вугалі, магчыма, украінскім. Што датычыць аб’ёму электраэнэргіі ад уласных ГЭС, дык яго мяркуецца павялічыць празь пяць год у 1,7 раза. Цяперашняя магутнасьць 10 беларускіх гітдрастанцый – прыблізна 11 мэгават, а патэнцыйна, прычым з эканамічнай мэтазгоднасьцю, пабудаваўшы новыя, можна было б атрымліваць энэргіі ў 25 разоў болей. Так, ва ўсякім разе, лічаць навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук. Алесь Кавалёў 13.02.2007
Актывіста Саюзу палякаў аштрафавалі, а маглі й пасадзіць…
Працэс закончыўся ўсяго за некалькі гадзінаў, а прысуд зьдзівіў прысутных памяркоўнасьцю. Бо кіраўніку Гарадзенскага гарадзкога аддзелу "нелегальнага" Саюзу палякаў Мечыславу Яскевічу пагражалі тры гады зьняволеньня. Яго абвінавачвалі паводле часткі першай артыкула 339 Крымінальнага кодэксу: злоснае хуліганства, зьбіцьцё мужчыны. У першай палове дня ў мінулую пятніцу дапыталі сьведкаў, у тым ліку міліцыянтаў, якія ў адзін голас гаварылі, што спадар Яскевіч на прыпынку гарадзкога транспарту насупраць клюбу "Пушкін" некалькі разоў выцяў рабочага Ігара Сабко, які вяртаўся ўвечары дахаты. Становішча актывіста Саюзу палякаў выглядала ў гэты час даволі хістка: ён таксама вяртаўся дахаты, прычым адзін. Падсудны гаварыў: гэта правакацыя, на яго нагаворваюць... Аднак сытуацыя склалася так, што адвакат Уладзімір Кісялевіч прызнаўся - працэс можа закончыцца вельмі хутка, і прысуд будзе абвінаваўчым. Так і адбылося пасьля абедзеннага перапынку. Праўда, Мечыслава Яскевіча проста аштрафавалі на 1 мільён і 240 тысяч рублёў, яго таксама абавязваюць выплаціць у якасьці маральнай кампэнсацыі 500 тысяч рублёў Ігару Сабко, які, між іншым, у іскавай заяве заяўляў пра пяць мільёнаў рублёў. Аднак трэба адзначыць адну акалічнасьць: на працэсе гучала тэма не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў і перасьледу беларускіх грамадзянаў польскага паходжаньня. Па сутнасьці, абарона будавалася на тым, што спадара Яскевіча перасьледуюць за яго грамадзкую і палітычную дзейнасьць. А менавіта, як заявіў у судзе ягоны калега - галоўны рэдактар часопісу "Magazyn Polski na uchodzstwie" Андрэй Пачобут, да 11 траўня 2005 году спадар Яскевіч ня меў праблемаў зь міліцыяй. Але ўлады абвесьцілі нелегітымным Саюзупалякаў на чале з Анжалікай Борыс і Мечыслава Яскевіча, як аднаго зь яе паплечнікаў, пачалі раз-пораз затрымліваць, судзіць, саджаць за краты, але ненадоўга. Усе ранейшыя справы былі адміністрацыйнымі і не пагражалі ягонай свабодзе. І вось у судзе зачытваецца іскавая заява пацярпелага, Ігара Сабко, у якой чамусьці зьвяртаецца ўвага суд на тое, што напачатку на працэс прыбыла "група падтрымкі" Яскевіча, а таксама прадстаўнік польскага консульства. Далей Сабко некалькі разоў стараўся падкрэсьліць, што ён таксама паляк - "і не ў адным пакаленьні", але аніякага перасьледу з гэтай нагоды ніколі не адчуваў і таму яму незразумела, чаму перасьледуюць Саюз палякаў? Другі істотны момант: адзін са сьведкаў сцьвярджаў, што Яскевіч пагражаў "вызвать братву - пабазарить". Прысутную публіку гэта абурыла: Яскевіч часьцей размаўляе па-польску і крымінальнай лексікай не карыстаецца. Другі сьведка гаварыў, што польскі актывіст "орал на всю остановку оскорбления", а таксама, што Яскевіч "ударыў галавой у лоб" Сабко. Гэта прагучала непраўдападобна: калі ў судовай зале яны стаялі побач, дык Яскевіч даставаў сваёй "ахвяры" толькі да падбародка. Паводле Андрэя Пачобута, сьведкі з боку Сабко вярнуліся ў суд, каб паслухаць прыгавор. Але гэта выклікала пытаньні, бо яны гаварылі, што н знаёмыя зь ім, бачылі яго ўпершыню. Нарэшце, калі адзін з прыхільнікаў "ахвяры" выйшаў зь дзьвярэй суду, ён раптам выгукнуў: "Няхай жыве Саюз палякаў! Далоў Лукашэнку!" Спадар Пачобут зазначае, што ў гэты момант працавала міліцэйская відэакамэра, але міліцыянты ніяк не адрэагавалі на пачутую "крамолу". Усё гэта яшчэ болей падмацавала перакананьне прыхільнікаў спадара Яскевіча, што крымінальная справа была правакацыяй. Адзін зь іх сказаў нам: каб не вялікая падтрымка з боку людзей і каб не своеасаблівасьць цяперашняй палітычнай сытуацыі, прысуд Яскевічу мог стаць больш жорсткім. Алесь Кавалёў 10.02.2007
Абрадавалі рабочых і засмуцілі калгасьнікаў
Адразу на 35 адсоткаў павялічаны кошты азотных угнаеньняў напярэдадні веснавой сяўбы. Азотныя ўгнаеньні з пачатку году стала вырабляць невыгодна, паколькі значна павялічылася цана расейскага газу. Аднак аб’яднаньне "Гродна Азот" працягвала працаваць у звычайным рэжыме. Зьмяншэньня выпуску тукаў дапускаць было нельга, бо першую палову году прадпрыемства традыцыйна цалкам працуе на ўнутраны рынак, на калгасы. Як паведаміў выканаўца абавязкаў галоўнага інжынэра Пятро Пасікаў, аб'ём прадукцыі ў першы месяц году нават павялічыўся. Спадар Пасікаў яшчэ дадаў, што яго справа выпускаць прадукцыю "тонамі", а ці рэнтабэльна гэта – ужо "не ягоная парафія". Тым жа часам можна канстатаваць: рэзкае павелічэньне цаны азотных угнаеньняў зроблена на карысьць "Азоту", каб разам зь іншымі мерамі пакінуць вытворчасьць у рамках рэнтабэльнасьці. Цана спачатку года абапіралася на леташні кошт расейскага газу, цяпер прадпрыемства будзе плаціць за яго 120 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Праўда, той газ, які пойдзе менавіта на вытворчасьць азотных тукаў, будзе каштаваць яшчэ меней, паабяцалі ва ўрадзе. Наколькі цяжкім ударам стане тое падаражэньне для калгасаў? Як лічаць эканамісты, перш за ўсё дадатковую нагрузку адчуюць абласныя бюджэты: у іх штогод прадугледжваюцца фонды для забесьпячэньня сельгасвытворцаў угнаеньнямі і палівам – на час сяўбы. Зразумела, напрыканцы году гаспадаркі павінны будуць за ўсё разьлічыцца. Аднак нават прадаўшы ўраджай ня ўсе могуць зьвесьці канцы з канцамі. Нярэдка урад мусіць ім гэта дараваць. Такім чынам, так ці інакш больш дарагія угнаеньні – гэта дадатковая нагрузка і на калгасы, і на бюджэт. Алесь Кавалёў 09.02.2007
Паедзем далей на кітайскім аўтобусе
Гарадзенскія ўлады шукаюць інвэстыцыі за Вялікай кітайскай сьцяной. Не заўсёды сумесныя праекты выклікаюць у шарагоўцаў захапленьне. У Лідзе падчас канвэрсіі пачалі выпускаць састарэлыя расейскія аўтобусы "Ліаз". Сёньня прадпрыемства заключыла кантракт з КНР, каб наладзіць зборку кітайскіх аўтобусаў. Для беларусаў надзейнымі аўтамабільнымі маркамі з Азіі лічацца, як і ва ўсім сьвеце, японскія, за імі – паўднёвакарэйскія. А ўлады хочуць перасадзіць беларусаў на іранскія легкавікі і кітайскія аўтобусы. Так, грошы ня пахнуць, галоўнае – інвэстыцыі. Аднак мэтазгоднасьць не заўжды праглядаецца ў дзеяньнях уладаў. Напрыклад, кітайскі крэдыт на 15 мільёнаў даляраў для закупкі кітайскага ж абсталяваньня, каб вырабляць у Наваградку газавыя балёны, не выклікае асаблівых пытаньняў. Аднак упартае жаданьне абласнога начальства пабудаваць у Горадні разам з кітайцамі новы завод для вырабу азотных угнаеньняў выглядае цалкам адыёзным. Па-першае, з экалягічнага пункту гледжаньня. Памежны горад з насельніцтвам 317 тысяч чалавек па-ранейшаму ў пэўным сэнсе застаецца закладнікам аб’яднаньня "Гродна Азот". Любы чыноўнік прызнае: ня дай Бог, здарыцца штось сур’ёзнае на заводзе, і жыхары ня будуць мець шанцаў… Па-другое, усім вядома, што "Азот" – асноўны спажывец у Беларусі расейскага газу, які выкарыстоўваецца на прадпрыемстве ў якасьці сыравіны, а цэны на газ месяц назад рэзка ўзрасьлі. Яшчэ больш надзённым зрабілася пытаньне: ці магчыма бясьпечная і рэнтабэльная вытворчасьць кітайскіх азотных угнаеньняў у Горадні? Падобна, мясцовыя ўлады гэта мала абыходзіць. Алесь Кавалёў 04.02.2007
Новая ўстаноўка: праз гандаль прышчапляць патрыятызм
Гарадзенцаў заклікаюць выпіць і закусіць на 10 працэнтаў больш, чым летась. Між тым падставаў для распаленьня спажывецкіх апэтытаў ня шмат. Падсумаваньне вынікаў за мінулы год для гарадзенскага абласнога гандлёвага начальства было прыемнай працэдурай: прыехаў сам міністар гандлю Аляксандар Іванкоў, пахваліў за тое, што Гарадзенская сярод усіх абласьцей стала найлепшай. А менавіта: тавараабарот за мінулы год павялічыўся амаль на 17 адсоткаў. Хоць у плянах было практычна ўдвая меней: 8,5-10 адсоткаў. Паводле старой савецкай звычкі, дасягнутую лічбу на наступны год трэба павялічваць яшчэ на некалькі адзінак. Міністар аднак зьлітаваўся: досыць, калі паставіць у плян усё тыя ж 10 адсоткаў. Але адначасова, лічыць чыноўнік, трэба яшчэ праз гандаль "прышчапляць пакупнікам спажывецкі патрыятызм". Бадай самая відавочная барацьба за пакупнікоў адбываецца сёньня на піўным рынку. У крамах стаіць побач беларускае піва і значна болей разнастайныя расейскія гатункі. Часам нават цана аднолькавая. Каб прывабіць пакупніка, "Аліварыя" ці "Крыніца", "Лідзкае" праводзяць акцыі: зьбяры піўныя накрыўкі зь літарамі, складзі слова, выйграй прыз. Але гарадзенскія аматары піва часта наракаюць, што літары трапляюцца адны і тыя, і трэба купіць скрынку ці дзьве. Але навошта, калі лепей пакаштаваць рознага піва, тым больш, у краме такі выбар новых расейскіх гатункаў. Дарэчы, у Лідзе пайшлі далей вядомага закліку "Купляй беларускае! ". Там у крамах сустракаюцца плякаты "Купляй лідзкае! " Аднак адных заклікаў і плянавых лічбаў замала, каб увесь час распаляць спажывецкія апэтыты. З аднаго боку, улады справядліва падкрэсьліваюць, што павелічэньню тавараабароту паспрыялі інвэстыцыі ў разьвіцьцё гандлёвай сеткі, адкрыцьцё новых крамаў. З другога, вэртыкаль даволі аднабакова арыентуецца ў праблеме, ня здольная пазбыцца магіі лічбаў, цьвяроза ацаніць рэчаіснасьць. Галоўнае зусім ня лічба крамаў, а колькасьць грошай у кішэнях насельніцтва. Вядома, што дзякуючы танным нафце й газу, улады здолелі павялічыць заробкі. Таму, у прыватнасьці, гарадзенцы столькі зьелі, выпілі і набылі тавараў за мінулы год. Сёлета сытуацыя пачала значна зьмяняцца: заробкі, напэўна, расьці ня будуць, а вось цэны – дакладна, насельніцтва будзе болей выдаткоўваць на камунальныя паслугі, на бэнзін, даражэй плаціць за іншыя рэчы. Гэта відавочна, але на гэта начальства не зважае. Галоўнае, маўляў, прышчапляць спажывецкі патрыятызм. Алесь Кавалёў 03.02.2007
Грошы знайшліся, а з кадрамі праблема
У Горадні можа зьявіцца канкурэнт абласнога тэлебачаньня. Манапаліст вяшчаньня не задавальняе гледачоў. Праблематычнымі выглядаюць і шанцы кабэльнага каналу. Некалькі гадоў у Купалаўскім унівэрсытэце зьбіраліся заснаваць гарадзкі кабэльны тэлеканал. Аднак гэта аказалася няпростай справай. Урэшце ўдалося пераканаць гарвыканкам, што ўладам таксама патрэбны дадатковы сродак масавай інфармацыі. Першы паказ праграмаў чакаецца ўжо ў бліжэйшым часе. Новы тэлеканал мяркуецца прысьвяціць пераважна гарадзкому жыцьцю. Трэба сказаць, што раней на абласным тэлебачаньні існавалі праграмы, у якіх асьвятлялася работа гарвыканкаму, а таксама расказвалася пра гарадзенскую гісторыю і архітэктуру. Напрыклад, у "Кабінэце ўлады" кіраўнікі гораду распавядалі пра навіны ў прамысловасьці, будаўніцтве і гэтак далей. Ня ўсе тыя праграмы былі аднолькава добра зроблены, некаторыя выглядалі старамодна. Пазьней усе журналісты, што іх рабілі, былі звольнены – пасьля прыходу на тэлебачаньне новага кіраўніка спадара Пярцова. Стаўку зрабілі на моладзь, але разам з гэтым некаторыя новыя праграмы сталі павярхоўнымі. Што да інфармацыйных выпускаў, дык яны на абласным тэлебачаньні ніколі не былі моцнымі. Пасьля таго, як нядаўна выпуск абласных навінаў стаў выходзіць на "першым нацканале", якасьць, спэктар інфармацыі не зьмяніліся. Шырока аб гарадзкіх падзеях не паведамляецца, у выпусках пераважна толькі – школы, дзіцячыя садкі, ДАІ, народныя ўмельцы, спорт. З гэтай прычыны, у новага – кабельнага каналу сапраўды добрыя шанцы заняць сваю інфармацыйную нішу. Пытаньне ў тым – хто і наколькі якасна гэта зробіць? Ва ўнівэрсытэце спадзяюцца на ўласных студэнтаў аддзяленьня журналістыкі. Напэўна, сярод іх ёсьць здольныя, будучыя прафэсіяналы. Але пакуль рэпутацыя выпускнікоў мясцовай журналісцкай школы даволі невысокая. Алесь Кавалёў 02.02.2007 |