Прынямоньне № 14, травень
|
Кася Камоцкая — супраць разбурэньняў у Горадні
Сьпявачка выконвала песьні пад гітару перад гарадзенскай моладзьдзю. Наступным мае быць канцэрт Лявона Вольскага, а распачаў справу Віктар Шалкевіч, які сьпяваў са сваім гуртом на мінулым тыдні. Перад тым, як узяць у рукі гітару, Кася камоцкая зьвярнулася да публікі: – Дзякуй, што вы прыйшлі, што вас так шмат. Вы робіце справу вельмі важную для ўсіх беларусаў. Ня вельмі шмат у нас засталося нашай даўніны, і калі яна руйнуецца ўладамі, гэта я лічу дзяржаўным злачынствам. Я бачу тут шмат моладзі, значыцца гэта баліць маладым людзям. Таму застаецца ўсё ж-такі надзея, што моладзь нас уратуе. І я ў гэтым сьвята ўпэўнена. Гэта паказалі падзеі на Плошчы. Гэта паказалі апошнія акцыі ў Менску. Адным словам, дзякуй вам. Гарадзенскія актывісты паказалі Касі Камоцкай тыя камяніцы, якія зьбіраюцца руйнаваць улады. Бадай ня ўсе з іх выглядаюць на каштоўныя помнікі архітэктуры. Мы пацікавіліся ў сьпявачкі, што яна думае наконт падзеяў у Горадні? Яна адказала: – Разумееце, якая рэч: напрыклад, кніга становіцца букіністычнай, калі яна выдадзена да пэўнага году. Гэтая дата мяняецца. Па-мойму, тут тое ж самае: архітэктурная вартасьць будынку, безумоўна, мае значэньне, але ў прынцыпе трэба захоўваць усё, што старое хаця б для таго, каб чалавек адчуваў сябе ў сапраўдным горадзе. Вядома ж, адбудаваць можна наноў усё. Так было зроблена, прычым вымушана, напрыклад, у Варшаве, цэнтар якой быў зьнішчаны у вайну. Але самі варшавякі, яны цалкам разумеюць штучнасьць гэтай забудовы і не адчуваюць там, на "старувцы" ніякіх эмоцый, яны мне казалі пра гэта. А такія эмоцыі палякі адчуваюць у Кракаве, адчуваюць у Познані — там, дзе гістарычная забудова захавалася. А у Варшаве "старувка" — проста месца для турыстаў. І ў Горадні тое ж самае: мусяць захавацца тыя будынкі, якія засталіся цэлымі пасьля столькіх войнаў. Яны сёньня ёсьць, і руйнаваць іх проста злачынства. Я разумею, што ў грамадзтве ёсьць розныя меркаваньні, ёсьць розныя густы, але калі беларусы шукаюць сваіх каранёў, сваю сутнасьць, сваё месца ў гэтым сусьвеце, то руйнаваць гэтыя дамы, паўтараю, мэтанакіраванае злачынства. Алесь Кавалёў 31.05.2007
Мінула 70 гадоў: іншадумства зноў пад прыцэлам
У праваслаўным і каталіцкім храмах актывісты незарэгістраванага "Руху за Свабоду" учора замовілі набажэнства па тых, хто загінуў ад рук НКВД, дэфэнзівы ці гестапа. Адбылася таксама сустрэча за "круглым сталом". Як сказаў гісторык Эдуард Дмухоўскі, такія спатканьні актывісты руху мяркуюць цяпер праводзіць штомесяц. У іх ёсьць патрэба, паколькі, напрыклад, застаюцца нявывучанымі месцы і абставіны расстрэлаў, якія адбываліся ў Горадні ў 1939-40-х гадох. Зь іншага боку – наколькі істотна тое, што гісторыяй перасьледу па палітычных матывах сёньня зацікавіліся дваццаць-трыццаць студэнтаў, маладых актывістаў? Па праўдзе, у шарагоўцаў цікавасьць да гэтай тэмы даўно астыла, калі не сказаць – зусім зьнікла. Сэнс ёсьць. Хаця б таму, што палітычныя рэпрэсіі вярнуліся. Пра гэта гаварыў, у прыватнасьці, прафэсар Іван Лепешаў, якога студэнтам засудзілі на дзесяць гадоў зьняволеньня ў 1949-м. У ГУЛАГу ён прабыў пяць з паловай гадоў, пазьней рэабілітавалі. Пра суд над маладафронтаўцамі на гарадзенскай сустрэчы разважаў Яўген Скрабутан, які толькі вярнуўся зь Менску, куды езьдзіў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Сам Яўген таксама пацярпеў: яго двойчы выключалі з Гарадзенскага унівэрсытэту. Першым разам удалося аднавіцца, але за ўдзел у кампаніі Аляксандра Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкіх выбараў выключылі канчаткова. Цяпер вучыцца ў Варшаве. Пасьля "круглага стала" па гісторыі рэпрэсій Яўген купіў квіток на цягнік у Польшчу. Але на гарадзенскім вакзале яго спынілі і забралі паперы, што тычыліся Кангрэсу. Мытнікам яны здаліся крамольнымі, хаця форум праходзіў, як вядома, легальна. Студэнта-каліноўца прымусілі чакаць вырашэньня ягонага лёсу, але празь некаторы час зьявіўся супрацоўнік КДБ і пачаў дапытваць Я.Скрабутана. Допыт і ператрус працягваліся пад тры гадзіны. Усе дакумэнты, якія вёз з сабой студэнт, канфіскаваныя. На праверку – ці не ўяўляюць яны сабой палітычную небясьпеку беларускай дзяржаве. Цяпер Яўген чакае ў Варшаве, ці знойдуць у тых паперах нейкую крамолу. Алесь Кавалёў 30.05.2007
Прысуд міліцыянту-забойцы
22 траўня ў Горадні быў зачытаны прысуд сэрыйнаму забойцу-міліцыянту. Старшы лейтэнант Сяргейчык камандаваў ротай у Ленінскім райаддзеле дэпартамэнту аховы. Было даказана, што ён забіў дванаццаць чалавек. Ягонымі ахвярамі сталі дзяўчыны, якіх ён гвалціў, затым душыў і спальваў або тапіў у рацэ Нёман. Экспэртыза прызнала, што ён знаходзіцца пры нармальнай сьвядомасьці. Прысуд абскарджаньню не падлягае. У Гарадзенскім абласным судзе на вул. Карбышава былі падвышаныя меры бясьпекі. Трапіць унутр было вельмі складана. Судовую залю ахоўвалі міліцыянты ў шлемах з аўтаматамі і сабакамі-аўчаркамі. Аляксандар Сяргейчык праслужыў у міліцыі чатырнаццаць гадоў, за гэты час ён забіваў і ажыцьцяўляў іншыя цяжкія злачынствы — крадзяжы, захоўваў наркотыкі і зброю, а таксама папутна паступіў і бяз цяжкасьцяў закончыў Акадэмію МУС, адкрыўшы сабе тым самым дарогу да кар’еры... Алесь Кавалёў 22.05.2007
Вернікі ня могуць пачаць будоўлю касьцёлу
Гарадзенскія ўлады не выконваюць свайго абяцаньня пра дазвол каталікам на ўзьвядзеньне храму. У Горадні існуе невялікі каталіцкі храм, дзе супольныя малітвы вернікаў розных канфэсіяў адбываюцца ад нядаўняга часу рэгулярна – раз на месяц. Апошняя, травеньская, была малітвай за горад, супраць разбурэньня старых камяніц у гістарычнай забудове. У ёй удзельнічалі каталікі, пратэстанты, уніяты, адсутнічалі толькі праваслаўныя. Можна лічыць, што часова супольнае набажэнства дапамагло – улады прыпынілі "навядзеньне парадкаў" на старых вуліцах у цэнтры. У самім каталіцкім прыходзе, дзе ксяндзом Аляксандар Шэмет, аднак бачаць: малітвы не дапамагаюць пачаць будаўніцтва, за якое вернікі змагаюцца цэлае дзесяцігодзьдзе – з таго часу, як парафію зарэгістравалі. Часовы – драўляны касьцёл Маці Божай Вострабрамскай знаходзіцца побач са спальнымі раёнамі, дзе жывуць тысячы вернікаў, а нармальнага храму няма. Айцец Аляксандар лічыцца ў горадзе самым сьмелым сьвятаром. Менавіта ён не пабаяўся прыйсьці пры канцы мінулага году да аблвыканкаму, наладзіў на прыступках вулічную імшу, а потым прадставіў ультыматум старшыні аблвыканкаму Уладзіміру Саўчанку: калі ўлады не дадуць дазволу будаваць сапраўдны мураваны касьцёл, сьвятар з вернікамі распачнуць галадоўку. Яна сапраўды адбылася. І ўлады вымушаныя былі пісьмова даць слова, што працэс пачнецца: парафіі выдзеляць зямлю пад будаўніцтва, можна праектаваць храм. Ва ўсёй Беларусі акцыю ксяндза Шэмета ўспрынялі як перамогу. Аднак сам ён сёньня гаворыць: ня выключана, што бліжэйшым часам давядзецца зноўку пратэставаць. Бо мінула пяць месяцаў, але нічога не зьмянілася. Улады цягнуць, і зямля для будоўлі дагэтуль парафіі ня выдзелена, а значыцца немагчыма займацца праектам касьцёлу. У гутарцы з намі ксёндз зьвярнуў увагу на тое, што ў занёманскай частцы гораду, няма і зьмяшчальных праваслаўных храмаў. Атрымаць дазвол на будаўніцтва надзвычай цяжка, гаворыць ён. Хаця, дарэчы, адну з камяніц у цэнтры гораду, якой больш за дзьвесьце гадоў, разбураюць сёньня, каб узьвесьці на яе месцы менавіта праваслаўную царкву. Супраць гэтага выступаюць прадстаўнікі грамадзкасьці, маліліся на супольным набажэнстве. Праўда, у праваслаўнай эпархіі гавораць: грошай на храм у іх няма, а з разбурэньнем сьпяшаюцца чамусьці ўлады. Між іншым, гэтае месца ня так даўно наведала галоўны ідэоляг вобласьці Марыя Бірукова, кіраўнік мясцовага камітэту у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Ігар Папоў, чыноўнікі ад архітэктуры, іх суправаджаў сам праваслаўны эпіскап Арцемі. Пасьля таго візыту празь некаторы час стары будынак і пачалі ламаць. Алесь Кавалёў 22.05.2007
У замку Гедыміна – двубоі латнікаў
Свае здольнасьці пакажуць таксама жанглёры з агнём і гурты сярэднявечнай музыкі й танцаў з Беларусі, Польшчы й Расеі, а "прыдворны балет" "Ardente sole" мае прадставіць старапольскія мініятуры, заснаваныя на музыцы і танцах эпохі барока. Чакаць гэтага давялося паўтары гады. Першы рыцарскі турнір "Меч Лідзкага замку" адбыўся у верасьні 2005 году і наступны быў афіцыйна заплянаваны на жнівень 2006-га. Аднак мінулым летам улады правялі масавае сьвята лідзкага піва, а турнір адмянілі. Зрэшты, самі арганізатары адчулі: праводзіць яго штогод – даволі складаная справа. Выглядае, час ня быў змарнаваны і, мяркуючы па праграме ды сьпісах удзельнікаў, турнір падрыхтавалі даволі грунтоўна. Трэба сказаць, што рыцарскі фэст адбываецца ў недабудаваным замку. Рэстаўрыраваць яго пачалі трыццаць гадоў таму, але так і не закончылі. Удзельнікі рыцарскіх клюбаў, аматары гісторыі, краязнаўцы, моладзь меркавалі – трэба дачакацца заканчэньня рэстаўрацыі і тады толькі наладжваць масавыя сьвяты. Аднак калі адновяць нарэшце замак, ня мог сказаць ніхто. Тым больш нядаўна абваліўся верх сьцяны, якую нядбайна паднавілі будаўнікі. Давялося дадаткова разбурыць яшчэ частку, што была ў аварыйным стане. Цяпер у сьценах замку на турніры зьбіраюцца тысячы гледачоў. А паводле галоўнага архітэктара Лідзкага раёну Віктара Рудога, падрыхтаваны праект канчатковага аднаўленьня спадчыны Гедыміна, які быў пабудаваны ў 1323 годзе. Зараз трэба шукаць грошы, каб закончыць рэстаўрацыю. Лідзкі замак – з найбольш захаваных на Гарадзеншчыне. Галоўным дасягненьнем рэстаўратараў стала поўная адбудова адной з дзьвюх вежаў, у якой разьмяшчаюцца музэйныя экспанаты. Алесь Кавалёў 19.05.2007
Былы палітвязень дабіваецца праўды
Сёньня ён атрымаў з раённай пракуратуры адказ на свой зварот. Прасіў завесьці крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія затрымалі ягоную машыну, у райаддзеле сканфіскавалі каштоўныя рэчы – электронны фотаапарат, дыктафон, гукаўзмацняльнік, аўтаномны генэратар ды іншае. Адбылося тое напачатку вясны, калі былы палітвязень накіроўваўся на мітынг прадпрымальнікаў у Менск. Зрузмела, у выніку паездка сарвалася. Спадару Леванеўскаму каштавала вялікіх высілкаў, каб рэчы вярнулі. Не аказалася сярод іх толькі лістоў, якія меўся накіраваць у адміністрацыю прэзыдэнта ды ў саўмін. Нефармальна ўдалося высьветліць: адносна лістоў зроблена экспэртнае заключэньне ідэалягічнага упраўленьня аблвыканкаму, пасьля чаго іх зьнішчылі. Былы палітвязень зазначае: паводле заканадаўства, калі напраўду канфіскуюць друкаваную прадукцыю, дык павінны скласьці адпаведны пратакол і на яго падставе прыцягнуць самога Леванеўскага да адміністрацыйнай адказнасьці. Толькі пасьля гэтага сканфіскаваныя паперы можна зьнішчаць. Нічога гэтага зроблена не было. Значыцца, лісты зьнішчылі, каб хоць нейк апраўдаць свае дзеяньні на выпадак праверкі, лічыць былы палітвязень. Цяпер вось раённая пракуратура і правяла расьсьледаваньне, пасьля чаго паведаміла спадару Леванеўскаму – крымінальная справа супраць міліцыянтаў узбуджацца ня будзе. Тут дарэчы нагадаць, што сёньня ж у Раду ААН па правах чалавека ад былых краінаў "усходняга блёку" абралі Славенію ды Босьнію і Гэрцагавіну. З апошняй спаборнічала Беларусь. Супраць яе абраньня, дарэчы, актыўна выступалі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: ня можа прысутнічаць у такім аўтарытэтным органе краіна, дзе рэгулярна парушаюцца правы чалавека, зазначалі яны. Былы палітвязень Валеры Леванеўскі з Горадні год назад выйшаў на волю з калёніі за арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў. Нават пасьля пакараньня ён лічыцца ўладамі вельмі небясьпечным: пастаянна адчувае пільную ўвагу да сябе з боку міліцыі, усе лічаць, што ягоныя тэлефоны праслухоўваюцца. Сяброў, знаёмцаў абурыла, што першага траўня, калі ў горадзе ўлады праводзілі мітынг, каля ягонага дому пастаянна дзяжурыў "варанок". Былы палітвязень пабаяўся выходзіць на вуліцу. Зараз вось іншадумцу яшчэ раз далі зразумець: у Беларусі рацыю мае той, у каго больш правоў. Алесь Кавалёў 18.05.2007
Гарадзенскі піўзавод дыхае на ладан
Пакупнікі ахвотней бяруць любое іншае, асабліва замежнае. І піўзавод, падобна, перастане існаваць. Старшыня аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка нядаўна шчыра абураўся падначаленымі: чаму давялі да закрыцьця родную марку?! Тая незадаволенасьць, аднак, выглядае непераканаўча. Аб тым, што піўзавод будуць выносіць з гарадзкога цэнтру, было вядома яшчэ ў 1990-х. Гадоў пяць таму гарадзкія ўлады загаварылі пра новае прадпрыемства зь верагодным удзелам замежнага капіталу. Але тады для гэтага не хапіла “пораху”. Сёньня да ранейшай задумы вярнуліся больш рашуча. Півавары працуюць пры самым Старым мосьце цераз Нёман. Мост вырашана закрыць на грунтоўную рэканструкцыю. Адпаведна, прадпрыемства будзе перашкаджаць. Аблвыканкам даў заданьне адміністрацыі СЭЗ "Гродна-інвэст" тэрмінова шукаць купцоў, абвясьціць на ўвесь сьвет: ужо вылучаны зямельны пляц з гатовымі камунікацыямі. Улады перш за ўсё цікавяць замежныя кампаніі, якія могуць паставіць сучаснае тэхналягічнае абсталяваньне, каб выпускаць якаснае, канкурэнтаздольнае піва. Размова пра эўрапейскіх вытворцаў з добрымі пазыцыямі на рынку.У адміністрацыі СЭЗ нам паведамілі: пошукі ажыцьцяўляюцца празь беларускія амбасады. Рашэньне закрыць старую неэфэктыўную вытворчасьць і замест яе стварыць сучасную выглядае граматным рашэньнем, у рэчышчы эканамічных рэформаў. Але ў адміністрацыі прадпрыемства гэтым незадаволеныя. Цьвердзяць, што гарадзенская марка насамрэч вельмі клясная, проста з-за тэхналягічных асаблівасьцяў іх напой трэба абавязкова захоўваць у лядоўні ці ў падвале. Але гэтыя ўмовы вытрымліваюцца не заўжды. Шкадуюць: прападзе натуральны прадукт, у якім ні кансэрвантаў, ні дамешкаў, дый каштавала гарадзенскае крыху таньней за іншыя гатункі. Цытую аднаго з кіраўнікоў: – Для чалавека тое, што піва не стаіць больш за месяц, – добра: выпіваць яго трэба своечасова, як і малако. І дадаў: – Якое гэта за малако ці піва, што захоўваецца невядома колькі? Вось толькі спажыўцы не падзяляюць такой лёгікі... Што да калектыву піўзаводу, дык у яго, нібыта, няма падставаў непакоіцца за сваю будучыню. Спэцыялісты патрэбны паўсюль, і калі пабудуюць новы, людзі пяройдуць працаваць туды. Півавараў з-за мяжы ніхто прывозіць ня будзе. Вось толькі колькі іх пакіне там замежны гаспадар? Небясьпечнае пытаньне. Алесь Кавалёў 17.05.2007
Рэгіёны хочуць быць зь лідэрам
Лідэра аб’яднанай апазыцыі павінны выбіраць дэлегаты Кангрэсу, які адбудзецца ў Менску. Так палічылі 29 удзельнікаў абласной канфэрэнцыі, што адбылася ў Горадні. А 26 дэлегатаў падтрымалі пункт гледжаньня праціўнікаў Аляксандра Мілінкевіча. Яны бачаць сёньняшняга "адзінага" проста сябрам Палітрады АДС, які будзе адказваць за міжнародныя адносіны. Адзін з беспартыйных удзельнікаў канфэрэнцыі заявіў нам: як год назад прыхільнікі Анатоля Лябедзькі прагнулі скінуць Мілінкевіча з дапамогай Кангрэсу, так гэтая мэта і засталася асноўнай на сёньня. Хаця яе паспрабавалі "завуаляваць" – напачатку прапанавалі дэлегатам абмеркаваць іншыя пытаньні, што будуць у парадку дня Кангрэсу – палітычную ды эканамічную праграмы. Паводле гэтага дэлегата, Мілінкевіч – не ідэальны кіраўнік, і лепей, каб лідэра выбіраў народ у цэлым. Аднак усё ж на Кангрэсе зробяць свой выбар сотні людзей з усяе Беларусі, а ня дзясятак-другі з Палітрады. Праўда, спачатку на канфэрэнцыі былі зробленыя спробы зьмяніць парадак дня. Напрыклад, Сяргей Скрабец прапанаваў заслухаць справаздачу Аляксандра Мілінкевіча, затым абмеркаваць пытаньне аб легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы і, нарэшце, разгледзець магчымасьць фармаваньня "ўраду народнага даверу", які мог бы стаць "легітымным у вачох сусьветнай супольнасьці". Аднак за гэтыя прапановы прагаласавалі толькі пяць чалавек. Аргумэнтацыя прыхільнікаў Анатоля Лябедзькі досыць цікавая. Напрыклад, сакратар Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган сказала: лідэра не выбіраюць, "ён утвараецца сам у ходзе барацьбы". Маўляў, сёньня выбраць "вядучага" зь вялікай перавагай галасоў немагчыма, папярэднія канфэрэнцыі засьведчылі, што вынікі галасаваньня прыблізна 50х50. Спадарыня Скрыган зрабіла з гэтага выснову – падчас выбараў "адзінага" апазыцыя зможа страціць адзінства і раскалоцца. А вось што сказаў сам Анатоль Лябедзька: – На мяне глядзяць, як на чалавека, які прэтэндуе на лідэрства. Але мая пазыцыя моцная, бо я супраць выбараў... Мы спрабуем штучна знайсьці арытмэтычнага лідэра. Ну, атрымае нехта на восем галасоў больш... Як вядома, менавіта з такой перавагай у другім туры галасаваньня на мінулым кангрэсе перамог Лябедзьку Мілінкевіч. Прыхільнікі кіраўніка АГП выступалі часам менш дыпляматычна. Напрыклад, адзін з іх заявіў: палова Беларусі моліцца цяпер на аднаго чалавека, дык навошта яшчэ й апазыцыі мець "свайго Бога"?! Прадстаўнік ПКБ са Смаргоні Валеры Батурын выказаўся яшчэ больш радыкальна: – На кой черт нам нужен какой-то Бог? І ўсё ж большасьць прагаласавала за абраньне Кангрэсам адзінага лідэра. Нагадаем: крыху раней тое самае зрабілі дэлегаты гомельскай канфэрэнцыі аб’яднаных дэмсілаў. Алесь Кавалёў 07.05.2007
Ці ўдасца ў Горадні правесьці рэфэрэндум?
Ініцыятары спадзяюцца ў ходзе падрыхтоўкі рэфэрэндуму ўсімі даступнымі спосабамі даць людзям інфармацыю аб дзеяньнях і плянах вэртыкалі па зьнішчэньню старога горада. Сярод тых, хто пачне рыхтаваць дакумэнты для яе рэгістрацыі, незалежны журналіст Павал Мажэйка. На што спадзяюцца ініцыятары рэфэрэндуму? Актывіст пагаджаецца: большасьць гараджан ня ведае пра пляны ўладаў зруйнаваць частку старых дамоў. Па-першае, няма адпаведнай інфармацыі, па-другое, шмат хто гэтым папросту не цікавіцца. Ініцыятары спадзяюцца ў ходзе падрыхтоўкі рэфэрэндуму усімі даступнымі спосабамі даць людзям інфармацыю аб дзеяньнях і плянах вэртыкалі. Якім чынам? Пераважна з дапамогай улётак і налепак. Канешне, усе навіны аб гэтым будуць зьмяшчацца, перш за ўсё, у інтэрнэце. Мэта – зрабіць гарадзенцаў неабыякавымі да лёсу старой архітэктуры, гістарычнай спадчыны, гаворыць Павал Мажэйка. Трэба сказаць, што актывісты абароны Горадні разумеюць: галоўная праблема – немагчымасьць выказваць свой пункт гледжаньня ў сродках масавай інфармацыі. Напрыклад, адзін гарадзенскі сайт паведамляе пра кожны маленькі рух абаронцаў гораду: запалілі зьнічы на падаконьні дому, што будзе зруйнаваны, і здымак – адразу на сайт. Але ж інтэрнэтчыкі пагаджаюцца, што прачытаюць пра акцыю ўсяго сто-дзьвесьце чалавек, таму эфэкт будзе сьціплым. Нечакана ў гэтым сэнсе адбыўся інфармацыйны прарыў: газэта "Вечерний Гродно" зьмясьціла цэлую паласу, прысьвечаную сытуацыі ў Старым горадзе. Прычым надрукавала меркаваньні саміх гарадзенцаў, якія выказваліся насуперак плянам гарадзкіх уладаў. Па-другое, чытачам паведамілі пра альтэрнатыўны – грамадзкі праект вырашэньня транспартнай праблемы, што падрыхтавала група гісторыкаў і краязнаўцаў. Адзін зь іх нам прызнаўся: не чакаў такой публікацыі. Дарэчы будзе падкрэсьліць – газэта мае шырокае кола чытачоў, выдаецца накладам 25 500 асобнікаў. Але сайт "абаронцаў гораду", пра які была гаворка вышэй, чамусьці нечакана выкарыстаў гэтую публікацыю з уласным зьдзекліва-іранічным камэнтарам. Маўляў, як гэта хтосьці, апроч нас, будзе яшчэ адбіраць у нас "наш хлеб"... А, між тым, аўтарка публікацыі ў "Вечерним Гродно" павінна была мець рашучасьць, каб падрыхтаваць гэты матэрыял і дамагчыся яго публікацыі. Аднак блогеры чытаюць толькі тыя газэты, што ёсьць у інтэрнэце. Вось "Гродзенская праўда", напрыклад, напісала пра руйнаваньне дамоў у гістарычным цэнтры цалкам станоўча. Калі ласка, крытыкуйце газэту за такую публікацыю! Аднак яна ня мае свайго сайту ў інтэрнэце... Карацей, блогеры варацца ва ўласным соку, і таму галоўнай надзеяй ініцыятараў гарадзенскага рэфэрэндуму будуць улёткі і размовы з гараджанамі падчас агітацыйнай кампаніі. Алесь Кавалёў 07.05.2007
На абарону старой Горадні – усім горадам
Розныя арганізацыі й рухі выходзяць з ініцыятывай правядзеньня гарадзкога рэферэндуму. Сёньня навідавоку сапраўдны патрыятычны бум: супраць разбурэньняў у гістарычнай забудове выступілі розныя арганізацыі й рухі. Учора ў Гарадзенскім клюбе гісторыкаў горача абмеркавалі апошнія навіны: з заявай у абарону сівых камяніц выступіла ГА БНФ "Адраджэньне", актывісты руху "За свабоду" пачалі збор подпісаў, у горадзе вывешваюцца расьцяжкі, запальваюцца зьнічы, зьявілася ідэя стварэньня агульнанацыянальнага камітэту ва ўратаваньні гістарычнага цэнтру Горадні, правядзеньня публічных слуханьняў з удзелам прадстаўнікоў гарадзкой адміністрацыі й дасьведчаных навукоўцаў. Меркаваньні гісторыкаў падзяліліся. Адныя лічаць, што будзе карысным аб’яднаць намаганьні ўсіх неабыякавых. Іншыя перакананыя: удзел палітычных партыяў можа толькі нашкодзіць, таму змаганьне за горад павінна стаць выключна грамадзкай ініцыятывай. Дарэчы сказаць, што раней за БНФ заявіла аб сваіх плянах мясцовая арганізацыя АГП. Яе актывісты падалі заяўку гарадзкім уладам з мэтай наладзіць 11 траўня пікеты, прысьвечаныя праблемам гістарычнай забудовы. Але цяпер узьнікла задума паспрабаваць правесьці мясцовы рэфэрэндум, прысьвечаны так званай "рэканструкцыі". Сяргей Салей расказаў у клюбе гісторыкаў, што неабходна для гэтага. Найперш патрабуецца сабраць дваццаць тысяч подпісаў. Аднак нават пры самым спрыяльным разьвіцьці падзеяў рэфэрэндум магчымы не раней за кастрычнік-лістапад. А пакуль можна зьвярнуцца па дапамогу мясцовых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Між тым паасобныя дамы разбураюць ужо сёньня. Малады актывіст Валеры Руселік канстатуе: людзі ў горадзе паняцьця ня маюць пра пляны ўладаў і пра супраціў задуманаму. Уся інфармацыя распаўсюджваецца ў інтэрнэце, а большасьць гараджан, апроч моладзі, ім не карыстаецца. Са сталіцы гучалі закіды гарадзенскім гісторыкам: маўляў, яны амаль зусім не змагаюцца за свой горад. Але другога траўня адбылася першая сутычка: каля старой сінагогі, дзе пачаў працаваць бульдозэр, міліцыя часова затрымала некалькіх актывістаў, у тым ліку гісторыкаў. Адзін зь іх – Алесь Смалянчук заклікаў пасьля гэтага стварыць таварыства аматараў старой Горадні, каб зьяднаць намаганьні. У клюбе яго падтрымалі, праўда, прапанаваная назва – "Таварыства сьвятога Губэрта" (сярэднявечнага патрона гораду) – ухваленая не была. Алесь Кавалёў 03.05.2007
Нерэабілітаваны герой падпольля
Васілю Супруну быў 81 год, але ён мог бы яшчэ пажыць, каб ня рак лёгкіх, які выявілі занадта позна. На пэнсіі ён пісаў кнігі, у тым ліку тры паэтычныя – "Крык", "Рэха абуджаных дзён" і "Жыць для Беларусі". Для назвы апошняй узяў радок зь вядомага верша Ларысы Геніюш. Праўда, кніжкі тыя выходзілі прыватным чынам, невялікімі накладамі, у сьціплым паліграфічным выкананьні. У 1946 годзе Васіль Супрун стварыў са слонімскай моладзі падпольную групу "Чайка". Міхась Варанец, які ў апошнія гады часта бачыўся з В.Супруном, расказаў: у 1946 годзе хлопцы патаемна сабраліся на поплаве Шчары, і ў гэты час блізка ад іх праляцела чайка... Вось і вырашылі назваць сваю падпольную арганізацыю рамантычна – "Чайкай". Заходнебеларуская моладзь хацела аднаго – каб родная Беларусь стала сапраўды сувэрэннай, незалежнай ад СССР рэспублікай. У 1947 годзе пачаліся арышты, трапіў за краты і Васіль Супрун, яму далі па максымуму – 25 гадоў турмы. Зь іх прабыў у ГУЛАГу амаль дзесяць. Калі Рэспубліка Беларусь стала нарэшце сапраўды незалежнай, Васіль Супрун зьвярнуўся ў камісію па рэабілітацыі. Аднак яго не рэабілітавалі. Таму што беларуская ўлада заўсёды лічыла сябе спадкаемцай савецкай. І паколькі В.Супрун удзельнічаў у антысавецкім падпольлі, хацеў бачыць сваю краіну па-сапраўднаму сувэрэннай, значыцца ў ГУЛАГ яго і ягоных паплечнікаў кінулі справядліва... Такой была лёгіка рэабілітацыйнай камісіі. Болей Васіль Супрун па рэабілітацыю не зьвяртаўся – так і памёр героем нацыянальна-патрыятычнага падпольля. Дарэчы, не рэабілітавалі і вядомую паэтку Ларысу Геніюш, якая пасьля вызваленьня з ГУЛАГу жыла ў суседняй са Слонімам Зэльве, дзе й памерла ў 1983 годзе. Яны былі добра знаёмыя з В.Супруном. Бадай самай вядомай ягонай кнігай стала "Незабыўныя ксівы", у ёй чаргуюцца вершы: Геніюш і Супруна. У свой час ён расказваў мне, што на правах зямляцтва абменьваліся маленькімі цыдулкамі, яшчэ будучы на Поўначы ў канцлягеры. Тады зьняволеныя наладзілі сваю пошту. Яна, у прыватнасьці, дзейнічала паміж мужчынскім і жаночым лягерамі. Васіль Супрун нейкім дзівам здолеў захаваць гэтыя вершаваныя цыдулкі, і ягоная кніга стала ўнікальнай у беларускай літаратуры. Алесь Кавалёў 02.05.2007 |
Гарадзенцу Валерыю Леванеўскаму адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць афіцэраў мясцовай міліцыі.