Прынямоньне № 1, студзень
|
Вайна са спадарожнікавымі антэнамі
У Горадні на тэрыторыі аднаго ЖЭСа забаранілі "талеркі" на дамах. Жыхароў дамоў № 4а, 4, 6а, 6 пісьмова папярэдзілі, што ім загадана зьняць спадарожнікавыя антэны, калі ня здымуць, іх аштрафуюць. Абгрунтаваньне: сьцены дамоў уцяплілі і адрамантавалі, а талеркі пастаўлены самавольна, без узгадненьня. 28 студзеня мы даведаліся, што людзі зьбіраюцца скласьці ліст у пракуратуры, каб там далі прававую ацэнку дзеяньням камунальшчыкаў. Усе папярэджаныя абураны, прызналася адна супрацоўніца ЖЭСу № 6. І ня дзіўна. Адзін з уладальнікаў антэны знэрваваны: мы ўтрымліваем гэтых бюракратаў з камунальнай службы, з нас штомесяц вылічваюць на рамонт дамоў грошы, у пераліку – па шэсьць даляраў, а потым яны яшчэ парушаюць нашыя правы, па сутнасьці тэрарызуюць нас, кажа ён. Я цяпер не магу спакойна глядзець тэлевізар, за якім мы нярэдка зьбіраемся ўсёй сям’ёю. Бо могуць прыйсьці зь міліцыяй, аштрафаваць як нейкага хулігана, скласьці пратакол у тваёй жа кватэры, сарваць са сьцяны тваю асабістую маёмасьць, прызнаўся гэты чалавек. Мы паразмаўлялі з юрыстам, якому давялося займацца справамі, што датычаць парушэньня правоў спажыўцоў, ня толькі ў гандлі, але таксама ў сфэры паслугаў. Ён лічыць, што калі антэны пачнуць здымаць гвалтам, пацярпелым варта зьвяртацца ў суд, хаця рэальных шанцаў выйграць справу мала, надзея ў гэтым разе будзе толькі на масавасьць. Гэтыя шанцы былі б стопрацэнтовымі, каб ЖЭС зьяўляўся прыватнай арганізацыяй, скаргі на дзеяньні дзяржаўных устаноў суды звычайна "адфутбольваюць", кажа юрыст. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня ў гэтай сытуацыі парушаецца нават канстытуцыя, узяць хаця б права на свабоду атрыманьня інфармацыі. Затым грамадзяне набылі свае кватэры, гэта іх прыватная ўласнасьць. А іх па-ранейшаму ў жэсаўскіх абвестках называюць "кватэраздымшчыкамі" і спрабуюць гэтак жа да іх ставіцца, гворыць юрыст, да якога мы зьвярнуліся па тлумачэньні. Дадамо, што адзін з уладальнікаў антэнаў нам сказаў: кватэра — мая, а ня іхняя, і ня толькі сьцены ўнутры, таму я буду змагацца за свае правы. Такая вайна з талеркамі немагчыма ні ў суседніх Літве, ні ў Польшчы, нідзе ў Эўропе. Там чыноўнікі ведаюць, што каб глядзець тэлевізар, трэба мець антэну. Ня важна, што ў Беларусі існуюць таксама калектыўныя антэны. Ніхто ня мае права забараніць праз гэта індывідуальныя. Але вось што нам сказаў жэсаўскі чыноўнік: у мяне няма сатэлітарнай антэны і таму я ня маю праблем. Добра, а як законным чынам паставіць ці ўзаконіць талеркі, якія стаяць даўно? Аказваецца, ніяк. Чыноўнік завучана паўтарае: загадана зьняць антэны, пра тое, каб ставіць, размова не ідзе. Ёсьць дакумэнт, ён прыняты некалькі гадоў назад, у ім сказана, што самавольна ўмацоўваць на сьценах і дахах антэны ды іншыя прыстасаваньні не дазваляецца… Як ня ўспомніць былыя савецкія часы, бо тады, як вядома, антэны не былі пад забаронай. Алесь Кавалёў 28.01.2008
Гарадзенцам вярнулі хуткую дапамогу
Ленінскі раён часова аказаўся адрэзаны ад яе. Улады не прадумалі транспартныя праблемы падчас рэканструкцыі цэнтру Горадні. Спачатку ў адным з двух адміністрацыйных раёнаў Горадні зачынілі на рамонт станцыю хуткай дапамогі, а пазьней закрылі Стары мост цераз Нёман, які злучае ў цэнтры абедзьве часткі гораду. У выніку абслугоўваць усіх гарадзенцаў стала бальніца хуткай дапамогі, што знаходзіцца за Нёманам. На вуліцах умомант узьніклі заторы, асабліва абапал Новага мосту, праз які машыны хуткай дапамогі трапляюць у цэнтральную частку. У будынку станцыі хуткай дапамогі Ленінскага раёну толькі памянялі вокны, пачалі рамантаваць сьцены, зламалі на вуліцы павець для машын. Да заканчэньня рамонту яшчэ далёка, але аўтамабілі хуткай вярнулі сюды раней часу, каб жыхары правабярэжнай паловы Горадні маглі атрымліваць своечасовую мэдычную дапамогу. Аказалася, улады не прадумалі таксама транспартныя праблемы. Пусьцілі тралейбусы, што хадзілі праз Стары мост, па праспэкту Купалы, у выніку зламалася падстанцыя, рух часова спыніўся. Цяпер аказалася, што трэба перарабляць новыя маршруты аўтобусаў і тралейбусаў. Паколькі яны былі дрэнна прадуманы, людзі сталі спазьняцца на працу. Улады абяцаюць нават, што карэктаваць маршруты будуць рэгулярна. Мне давялося два дні запар карыстацца таксоўкамі і пачуць ад кіроўцаў усё, што яны думаюць пра перамены ў гарадзкім руху пасьля закрыцьця на рэканструкцыю сярэдняга мосту (усяго іх тры). Адзін кажа: а сёмай раніцы паўгадзіны ня мог трапіць на другі бок Нёмана, стаяў у заторы перад Новым мостам. Другі на наступны дзень а 8-й раніцы згубіў у чарзе сорак хвілінаў. Маўляў, кантралёры пачалі правяраць у гадзіну пік маршруткі перад мостам, затрымаўшы рух. Самая блізкая дарога з цэнтру ў бок Новага мосту пралягае цераз вул.Каліноўскага, яна вузкая і праходзіць праз прыватную забудову: калі адна машына зламаецца, ці здарыцца аварыя, ня выедзеш ні ўзад, ні ўперад, кажуць кіроўцы. Пры мне дыспэтчарка праз сэлектарную сувязь раздавала замовы ад пасажыраў і злавалася, калі кіроўцы казалі, што не пасьпеюць даехаць да патрэбнага адрасу за сем хвілінаў, як гэта было раней, бо трэба хвілін дваццаць цяпер. Абодва таксісты цяпер не бяруць заказы ў занёманскай частцы, пасьпець своечасова туды немагчыма. Адзін зь іх, якому гадоў 55, прызнаўся, што стаў стамляцца, мусіць прымаць таблеткі, вітаміны. Баяўся казаць аб гэтым маладзейшым калегам, але даведаўся ад іх, што ад стаяньня ў заторах ўсе стамляюцца аднолькава. Алесь Кавалёў 25.01.2008
Самым скандальным мастаком году ЗША стаў малады беларус
Пятру Бярдоўскаму 28 гадоў, мастаком ён зрабіўся за акіянам, у Горадні, адкуль ён родам, Пятро быў проста школьнікам, які любіў маляваць. Днямі пра яго стала чутно дзякуючы некалькім падзеям. Па-першае, суд зьняў зь яго абвінавачаньні, затым яго назвалі самым скандальным мастаком году і, нарэшце, яго выслалі з Швэйцарыі, але не на радзіму ў Беларусь, а назад у ЗША, адкуль ён прыляцеў у Эўропу. Пачнём з канца: у Швэйцарыю ён ўжо прыляцеў з тытулам "самага скандальнага" паводле некаторых штатаўскіх выданьняў. Аднак памежная служба яго затрымала: у часовым амэрыканскім пашпарце стаяў штампік палітычнага ўцекача, якім яму ўдалося зрабіцца за акіянам. Амэрыканскага грамадзянства мастак пакуль ня мае, а значыцца бязь візы ў Эўропу ляцець ня меў права. Так вырашылі швайцарскія памежнікі, пратрымалі яго дзень у гатэлі і пасадзілі на самалёт, што ляцеў у Бостан, дзе жыве былы гарадзенец. У суд жа Пятро трапіў год назад разам са сваім амэрыканскім калегам, зь якім яны прыдумалі сьветлавую вулічную рэкляму, што насьцярожыла службы бясьпекі. Маўляў, сымболіка рэклямнага табло, усталвяванага ў розных частках Бостана, была скіравана на стварэньне атмасфэры панікі сярод жыхароў. Усё гэта прыцягнула да Бярдоўскага ўвагу амэрыканцаў, ягоныя мастацкія пэрфомансы сталі вельмі папулярнымі. У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне своеасаблівага "фэномэну Бярдоўскага". У Горадні нярэдка можна пачуць, што моладзь пасьля школы, студэнты стараюцца трапіць за мяжу, асабліва ў Англію, а таксама ў ЗША. Часьцей там застаюцца нелегальна, працуюць ціхенька, стараюцца не прыцягнуць увагу паліцыі. Скандальная слава нелегалам не патрэбная. Іншая рэч тыя, каму ўдаецца трапіць у заходнюю краіну на законных падставах: быць запрошаным на працу, выйграць зялёную карту альбо атрымаць палітычны прытулак. Дамагчыся посьпеху, зарабіць грошай прагне любы. Але прыклады такія: старшыня суду з Горадні ў ліўрэі адчыняе дзьверы ў амэрыканскім гатэлі, юрыст-правааборнца працуе ў рэстарацыі, бацюшка – на бэнзакалёнцы. Што датычыць Бярдоўскага, у яго было моцнае жаданьне пакінуць Беларусь. Пашанцавала трапіць па абмену ў ЗША, і ён папрасіў палітычнага прытулку. Знаёмыя кажуць – была паперка аб затрыманьні міліцыяй. Вельмі важным сталася й тое, што ён выдатна валодаў ангельскай мовай. Затым ён атрымаў адукацыю ў амэрыканскім мастацкім коледжы. Плюс да гэтага, яшчэ ў Горадні усе адзначалі талент у хлопца. Напэўна, у яго яшчэ былі амбіцыі праславіцца ў Амэрыцы, а таксама яму павінна было проста пашанцаваць, што й здарылася. Алесь Кавалёў 22.01.2008
Мікалая Аўтуховіча вызвалілі. Аднак абмежавалі
Ваўкавыскаму прадпрымальніку замянілі турму на папраўчыя работы. Гэта амаль паўтары гады: пакуль ня скончыцца вызначаны судом тэрмін пакараньня. Мікалай Аўтуховіч вярнуўся дахаты і будзе цяпер на волі сачыць за пратэстамі прадпрымальнікаў, якія выступаюць супраць указу № 760. Ён падтрымлівае іхнія патрабаваньні. Сам жа павінен будзе пры канцы студзеня ўладкавацца на працу: частку заробку ў яго будуць вылічваць – такія ўмовы зьмякчэньня прысуду. Аўтуховічу пяць гадоў пасьля гэтага нельга будзе займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Так вырашыў суд, караючы ўладальніка прыватных таксі з Ваўкавыску за нібыта нясплату падаткаў і за пасажырскія перавозкі без ліцэнзіі. Мікалай Аўтуховіч лічыць сябе пацярпелым за тое, за што змагаюцца сёньня найбольш актыўныя індывідуальныя прадпрымальнікі, іншымі словамі, — за свабоду прадпрымальніцтва. Служба яго радыётаксі ў Ваўкавыску пасьпяхова пашыралася. Аднак пяць гадоў назад улады зьмянілі правілы гульні, калі выйшаў дэкрэт № 4: ад таго часу ён мог наймаць толькі трох кіроўцаў, а інакш неабходна было ствараць фірму і плаціць большыя падаткі. Аўтуховіч пайшоў іншым шляхам: таксісты перавяліся ў суседняе прадпрыемства, ён стаў іх наймаць. Суд палічыў гэта "незаконнай схемай" работы і налічыў яму падаткі за фірму таксі, якой не існавала. Ён даказваў: тое, што не забаронена законам, рабіць можна, дэкрэт не абавязваў ствараць фірму, а толькі прапаноўваў такую магчымасьць. Але прадпрымальніка пасадзілі на тры з паловай гады. Аўтуховіч кажа: цяпер абмежаваньні для прадпрымальнікаў сталі яшчэ большымі – можна браць на працу не любых людзей, а толькі сваякоў. Іншымі словамі, яго змаганьне ня мела вынікаў, становішча пагоршылася. Праўда, цяпер нечакана зьмякчылі пакараньне, патлумачыўшы, што ў яго не было парушэньняў турэмнага рэжыму. Але сам ён разумее: гэта рашэньне магло быць прынята толькі на высокіх паверхах улады. Магчыма, улады ўлічылі, што ён удзельнічаў у савецка-афганскай вайне, мае баявы ордэн і два мэдалі. Парушэньняў, што таксама немалаважна, у яго сапраўды не было. Праўда, ён адмовіўся ў калёніі працаваць. Чаму? Як вядома, турэмнае начальства звычайна крытыкуюць за тое, што вязьні часта ня маюць магчымасьці працаваць і нешта зарабіць. Мікалай Аўтуховіч нам патлумачыў: адзін зь кіраўнікоў МУС загадаў, каб усе зьняволеныя працавалі, і ўсіх пачалі выганяць на працу. Але рэальна працы на ўсіх па-ранейшаму не было, людзі хадзілі на "прамзоне", ня ведаючы, чым заняцца. Для начальства галоўнае было паставіць "галачку", сказаў Мікалай. Год таму ў студзені яму давялося таксама выходзіць на працу, а потым ён адмовіўся. Яму ўдалося прывезьці цэтлікі з турмы. Дык вось: за 27 працоўных дзён у калёніі налічвалі 1300 рублёў. Атрымліваецца, за месяц прымусовай працы нават цыгарэт пачак ня купіш, зазначае спадар Аўтуховіч. Алесь Кавалёў 21.01.2008
Улады падклалі "сьвіньню" гарадзенцам
На Старым мосьце, які злучае дзьве часткі абласнога цэнтру, спынены рух транспарту. Па адных зьвестках, рэканструкцыя працягнецца да ліпеня, па іншых – да верасьня. У сувязі з гэтым зьменены тры маршруты тралейбусаў, дванаццаць аўтобусных і шаснаццаць экспрэсных, яны накіраваны на два іншыя масты, якія існуюць у горадзе. Уся транспартная схема цалкам парушана, даўжыня некаторых маршрутаў павялічана прынамсі ў паўтары разы. Гэтую меру ўлады адклалі да другой паловы студзеня, хаця закрыцьцё плянавалася ў "год сьвіньні", які толькі закончыўся. У цэнтры зьніклі заторы, няма больш пастаяннага натоўпу на прыпынку аўтобусаў і тралейбусаў на Савецкай плошчы, стала менш пакупнікоў у навакольных крамах. Затое ў першы вечар мы назіралі, які сотні і тысячы гарадзенцаў пешшу накіроўваліся ў дол, на Нёман, дзе над самай вадой пастаўлены пантонны мост для пешаходаў. Далей яны мусілі ўзьнімацца наверх па пагорках, каб трапіць на прыпынкі грамадзкага транспарту ў зарэчнай частцы. Хто ведае Горадню, арыентуецца: людзям даводзіцца пешшу прайсьці лішнія паўтара-два кілямэтры, каб трапіць на працу, а ў канцы дня зноўку прайсьці гэты шлях у адваротным кірунку. Адзін з гараджанаў нам прызнаўся, што цяпер трэба выходзіць з дому мінімум на паўгадзіны раней, каб не спазьніцца. Добра, на цяперашні час няма сьнегу, а калі ён выпадзе, ды прымарозіць, хадзіць празь Нёман стане яшчэ больш турботна. Гараджане моўчкі падпарадкаваліся, хаця пры нагодзе лаюць улады. Чаму? Таму што зрабілася яшчэ відавочней: тыя ня здольныя па-сапраўднаму зыходзіць зь інтарэсаў людзей, адпаведна вызначаць прыярытэты ў будаўніцтве і рэканструкцыі. Можна было спакойна пабудаваць новы мост цераз раку – за некалькі соцень мэтраў ад старога, як заплянавана Генэральным плянам разьвіцьця. Улады наракалі, што пабудаваць новы каштуе даражэй, чым перабудаваць стары. Маўляў, эканомія. Але часта можна пачуць абураныя галасы: колькі грошай пайшло на рэканструкцыю Савецкай плошчы, а вуліцу Савецкую пачалі сьледам таксама выкладаць сапраўдным гранітам! Новы мост быў больш патрэбным, з брукам можна было пачакаць. Трэба сказаць, улады абстрактна разглядалі патрэбы саміх гарадзенцаў. Яны нават не зважалі на тое, што людзі ў цэнтры гораду ня змогуць трапіць на другі бок Нёману. Толькі пасьля крытыкі было загадана ваенным паставіць пешаходны пантонны мост. Грошы на гэта не далі, часовы мост цалкам на балянсе вайскоўцаў. Сёньня плыня транспарту накіраваная з цэнтру на ўскраіны – на масты ў Румлёве і ў Пышках (гэта назвы ўрочышчаў). Падлічана: кожнай машыне ў сярэднім давядзецца зараз праехаць лішнія пяць кілямэтраў. Такім чынам, агульны перарасход паліва за дзень будзе роўны прыблізна 15 тонам. За год гэта 5500 тонаў або чыгуначны эшалён з цыстэрнамі паліва. Калі справяцца за паўгады, значыцца зэканомяць паліва. Дарэчы, адмыслоўцы лічаць – усё гэта пагоршыць экалягічную сытуацыю ў Горадні. Алесь Кавалёў 17.01.2008 |