Гарадзенцам вярнулі хуткую дапамогу
Ленінскі раён часова аказаўся адрэзаны ад яе. Улады не прадумалі транспартныя праблемы падчас рэканструкцыі цэнтру Горадні.
Спачатку ў адным з двух адміністрацыйных раёнаў Горадні зачынілі на рамонт станцыю хуткай дапамогі, а пазьней закрылі Стары мост цераз Нёман, які злучае ў цэнтры абедзьве часткі гораду. У выніку абслугоўваць усіх гарадзенцаў стала бальніца хуткай дапамогі, што знаходзіцца за Нёманам. На вуліцах умомант узьніклі заторы, асабліва абапал Новага мосту, праз які машыны хуткай дапамогі трапляюць у цэнтральную частку.
У будынку станцыі хуткай дапамогі Ленінскага раёну толькі памянялі вокны, пачалі рамантаваць сьцены, зламалі на вуліцы павець для машын. Да заканчэньня рамонту яшчэ далёка, але аўтамабілі хуткай вярнулі сюды раней часу, каб жыхары правабярэжнай паловы Горадні маглі атрымліваць своечасовую мэдычную дапамогу.
Аказалася, улады не прадумалі таксама транспартныя праблемы. Пусьцілі тралейбусы, што хадзілі праз Стары мост, па праспэкту Купалы, у выніку зламалася падстанцыя, рух часова спыніўся. Цяпер аказалася, што трэба перарабляць новыя маршруты аўтобусаў і тралейбусаў. Паколькі яны былі дрэнна прадуманы, людзі сталі спазьняцца на працу. Улады абяцаюць нават, што карэктаваць маршруты будуць рэгулярна.
Мне давялося два дні запар карыстацца таксоўкамі і пачуць ад кіроўцаў усё, што яны думаюць пра перамены ў гарадзкім руху пасьля закрыцьця на рэканструкцыю сярэдняга мосту (усяго іх тры). Адзін кажа: а сёмай раніцы паўгадзіны ня мог трапіць на другі бок Нёмана, стаяў у заторы перад Новым мостам. Другі на наступны дзень а 8-й раніцы згубіў у чарзе сорак хвілінаў. Маўляў, кантралёры пачалі правяраць у гадзіну пік маршруткі перад мостам, затрымаўшы рух.
Самая блізкая дарога з цэнтру ў бок Новага мосту пралягае цераз вул.Каліноўскага, яна вузкая і праходзіць праз прыватную забудову: калі адна машына зламаецца, ці здарыцца аварыя, ня выедзеш ні ўзад, ні ўперад, кажуць кіроўцы. Пры мне дыспэтчарка праз сэлектарную сувязь раздавала замовы ад пасажыраў і злавалася, калі кіроўцы казалі, што не пасьпеюць даехаць да патрэбнага адрасу за сем хвілінаў, як гэта было раней, бо трэба хвілін дваццаць цяпер.
Абодва таксісты цяпер не бяруць заказы ў занёманскай частцы, пасьпець своечасова туды немагчыма. Адзін зь іх, якому гадоў 55, прызнаўся, што стаў стамляцца, мусіць прымаць таблеткі, вітаміны. Баяўся казаць аб гэтым маладзейшым калегам, але даведаўся ад іх, што ад стаяньня ў заторах ўсе стамляюцца аднолькава.
Алесь Кавалёў
25.01.2008