Прынямоньне № 2, люты
|
На польскай мове маліліся за Казуліну
Актывісты АГП у Горадні замовілі жалобную імшу за жонку палітыка. Касьцёл быў поўным увечары 26 лютага, апроч звычайных прыхаджанаў, прыйшлі ўдзельнікі палітычных і грамадзкіх арганізацый. Праўда, паводле раскладу, набажэнства ў гэты час заўжды адбываецца на польскай мове, але гэта не было вялікай перашкодай для большасьці. У касьцёл прыйшлі і каталікі, і праваслаўныя. Гарадзенцы, зь якімі мне давялося размаўляць на гэтую тэму, адназначна гаварылі, што ўлады павінны былі выпусьціць Аляксандра Казуліна на пахаваньне жонкі, бо гэта справа элемэнтарнай гуманнасьці. Адзін зь юрыстаў удакладніў: – У нашых умовах гэта было больш палітычным пытаньнем і ўлады проста баяліся яго выпусьціць. Баяліся, што ён выйдзе і пракамэнтуе, напрыклад, апошнія выказваньні Лукашэнкі, а сабе нейкія ачкі дадаткова набярэ. Яны забываліся, што любы зь іх мог бы апынуцца на месцы Аляксандра Казуліна. Зразумела, што вялікая частка гарадзенцаў ня ведала пра сытуацыю, паколькі афіцыйныя мас мэдыя нічога не паведамлялі пра сьмерць Ірыны Казулінай і, тым больш, пра тое, што мужа ня хочуць выпускаць на яе пахаваньне. Ведалі і выказвалі сваё стаўленьне толькі тыя, хто валодаў інфармацыяй: пачуў па радыё, ад сяброў ці прачытаў у інтэрнэце. Некаторыя мне казалі, што ставяцца па-ранейшаму да Казуліна, як да палітыка, неадназначна, самі галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах за свайго—гарадзенца Мілінкевіча. Аднак, адразу падкрэсьлівалі яны, сьмерць Ірыны Казулінай – трагедыя, і яны спачуваюць палітвязьню. Адзін з актывістаў Саюзу палякаў, даведаўшыся, што Казуліна выпусьцілі на тры дні, выказаў нам сваё меркаваньне: – Лукашэнка выпусьціць палітыка з турмы канчаткова пасьля акцыі 25 сакавіка, каб палітвязень ня змог у ёй удзельнічаць. Асабліва блізкай сытуацыя Казуліна аказалася былому палітвязьню Валерыю Леванеўскаму з Горадні. Ён сядзеў два гады ў калёніі па абвінавачаньні ў публічнай абразе Лукашэнкі. У Валерыя ў гэты час памёр бацька, яму паабяцалі, што адпусьцяць на пахаваньне, ён аформіў усе паперы, але ў апошні момант яму не дазволілі паехаць дахаты. Для яго гэта стала ўдвая балючым здарэньнем. Палітвязень Мікалай Аўтуховіч, якому зьмякчылі пакараньне і з турмы адправілі ў яго родны Ваўкавыск, меў жаданьне паехаць у Менск на пахаваньне Ірыны Казулінай, але ў мясцовай міліцыі не дазволілі гэтага: яна вам не сваячка, сказалі міліцэйскія начальнікі. Алесь Кавалёў 27.02.2008
Апазыцыя рыхтуецца да выбараў
У Горадні сфармавалася абласная кааліцыя Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Калі бачыш на абласным сходзе знаёмыя твары апазыцыянэраў з раёнаў, гэта цешыць, але міжволі ўзьнікае думка: дзе ж новыя людзі, ці не на месцы стаіць справа? Тым больш робіцца крыху ніякавата, калі пачынаюцца гарачыя спрэчкі па нейкіх дробных, працэдурных пытаньнях. Але агульнае ўражаньне пасьля сустрэчы ўсё ж застаецца станоўчым: не зважаючы на ціск з боку ўладаў, на суды, на спрэчкі ўнутры апазыцыі, трэба прызнаць, што ёй усё ж ўдаецца перагрупаваць сілы, захаваць пэўнае адзінства, яна па-ранейшаму, можна сказаць, трымае порах сухім. Як дзейнічалі "аб'яднаныя дэмакраты" пасьля свайго апошняга кангрэсу? Гарадзенцам пра гэта паведаміў старшыня ПКБ Сяргей Калякін. Спачатку здавалася, што яго развагі гучаць досыць абстрактна. Ён пачаў з таго, што "зьвергнуць дыктатуру, гэтую ўладу можна толькі канстытуцыйным шляхам", а тое, маўляў, вельмі цяжка зрабіць. Але дэмакраты змагаюцца за сьвядомасьць людзей, каб яны вызваліліся ад страху і ўключыліся ў кампанію ціску на ўладу. Аргумэнты на карысьць створанай кааліцыі, трэба прызнаць, прагучалі даволі выразна, пераканаўча: няма адной партыі, "здольнай вырашыць асноўную праблему – ухіліць дыктатуру і накіраваць рэспубліку на шлях дэмакратычнага разьвіцьця". Таму Палітрада АДС спрабуе зрабіць дзейнасьць кааліцыі эфэктыўнай, не зважаючы на пэўныя рознагалосьсі і натуральную канкурэнцыю паміж рознымі партыйнымі структурамі. Спадар Калякін падрабязна спыніўся на наступнай аргумэнтацыі: як і навошта аб'яднаным дэмакратам прымаць удзел у будучых выбарах у Палату прадстаўнікоў? Скептыкі лічаць, што дэмакраты сваім удзелам толькі легатымізуюць несумленныя выбары. Кіраўнік ПКБ, тым часам, сказаў наступнае: АДС пойдзе на выбары, калі дэмакратаў дапусьцяць у выбарчыя камісіі ў тых акругах, дзе будуць зарэгістраваны іхнія кандыдаты. Далей: калі апазыцыйных прадстаўнікоў дапусьцяць да падліку галасоў, а пры галасаваньні ня будзе прэсінгу і гвалту над дэмакратычнымі кандыдатамі, а таксама калі ня будзе цэнзуры агітацыйных матэрыялаў. Здавалася, Сяргей Калякін намаляваў крыху манілаўскую карціну. Але ён зазначыў адразу, што ў сёньняшніх умовах немагчыма правесьці свабодныя выбары, а таму іх нельга будзе прызнаць. Чаму ж АДС тады супраць байкоту? Бо ў такім разе ўлада зможа перайграць апазыцыю, яна правядзе "свабодныя выбары" паміж сваім кандыдатамі, і Захад мусіць будзе прызнаць іх вынікі. Старшыня ПКБ падсумаваў: у тое, што ўлада сапраўды пойдзе на саступкі, ён асабіста ня верыць. Аднак калі так раптам здарыцца, а апазыцыя ня будзе гатовая "да дэмакратычных выбараў", гэта стане поўным фіяска. Як можна было зразумець з выступаў на гарадзенскай канфэрэнцыі, стрыманы аптымізм у аб’яднаных дэмакратаў сёньня выклікае толькі факт вызваленьня палітвязьняў: значыцца ўлада крыху завагалася. Алесь Кавалёў 25.02.2008
100 пытаньняў пра замежную разьведку і ня толькі
Удзельніка Руху "За свабоду" дзьве гадзіны распытвалі ў КДБ. Дэманстравалі апэратыўныя здымкі, пагражалі крымінальнай адказнасьцю. Гарадзенец Эдвард Дмухоўскі, гісторык па адукацыі, удзельнічае ў Руху "За свабоду". Ім вельмі зацікавіўся КДБ. На выклік па тэлефоне не адгукнуўся, а вось калі прынесьлі позву дахаты, мусіў ісьці ў абласную управу чэкістаў на вул.Тэльмана. Самым нечаканым было пытаньне пра замежную разьведку: ці мог бы на яе працаваць выкліканы, каб прапанавалі нейкія нармальныя ўмовы? Але Дмухоўскі адказаў, што патрыёт Беларусі і "ня можа як патрыёт стучаць на сваю краіну". Супрацоўнік у цывільным, які назваўся Алегам Жывушкам, узяў быка за рогі: "Вы ўдзельнічаеце ў шматлікіх несанкцыянаваных мерапрыемствах у Горадні і вобласьці" —, сказаў ён Дмухоўскаму. "У якіх, напрыклад?" — пацікавіўся той. Гаспадар кабінэта паказаў апэратыўныя здымкі. Яны былі зробленыя ў г. Сьвіслач, дзе штогод адзначаецца дзень памяці братоў Каліноўскіх. "Што вы там канкрэтна рабілі, што бачылі, ці не не зьяўляліся адным з арганізатараў?" – была зададзена сэрыя пытаньняў. Эдвард Дмухоўскі мусіў парыраваць: незразумела, чаму гэта несанкцыянаванае мерапрыемства? Які патрэбны дазвол, каб паехаць да магілы, крыжоў, помнікаў пакланіцца і аддаць даніну памяці нацыянальным героям? Але спадар Жывушка стаяў на сваім: гэта незаконна, бо няма дазволу. Ён папярэдзіў, што спадар Дмухоўскі можа несьці крымінальную адказнасьць за ўдзел, калі гэтыя мерапрыемствы падпадаюць пад артыкул 342 Крымінальнага кодэксу, асабліва калі здарацца нейкія бойкі, будзе непадпарадкаваньне міліцыі. Пасьля гэтага распытваў пра Рух "За свабоду", ці мае выкліканы дачыненьне да аб'яднаных дэмакратычных сілаў? Далей пытаньні сталі яшчэ больш нечаканымі: "Ці існуюць у вас сувязі з консульствам Літоўскай Рэспублікі?" Гэтым гаспадар вельмі зьдзівіў Эдварда, які мусіў паправіць чэкіста: "Памыляецеся, я нікога ня ведаю ў гэтым консульстве". Тады афіцэр прабачыўся і сказаў, што яго цікавяць сувязі Дмухоўскага з польскім консульствам. Аказваецца, КДБ валодае інфармацыяй, што актывіст здаваў у консульства нейкія пашпарты на візы. Эдвард зноўку адпрэчыў: "Я не такі "круты", каб рабіць некаму візы". Тады спадар Жывушка спытаў наконт паездак за мяжу: "Чым займаецеся там?" "Як чым? Я вывучаю гісторыю сярэдневечча і таму наведваю польскія бібліятэкі і кнігарні" —, патлумачыў актывіст. Афіцэр натаваў пачутае, але падпісваць гэтыя нататкі Э.Дмухоўскі адмовіўся. Алесь Кавалёў 21.02.2008
Мытная сэнсацыя пакуль — "мыльная бурбалка"
Ці вернуцца, як было заяўлена, расейскія мытнікі ў Горадню і Берасьце? Не, папросту сёньня гэта "сумеснае палітычнае рашэньне". "Гродзенская праўда" выйшла зь вялікім загалоўкам "Дзьве краіны — адна мяжа". Зыходзячы зь яго, у чытача ўзьнікае думка, што расейская мяжа перанесена ад Смаленска да Горадні. Тым больш, публікацыя была прысьвечаная паседжаньню мытнага камітэту гэтак званай "саюзнай дзяржавы". Аднак пры чытаньні высьвятляецца, што нічога не зьмянілася: межы дзе былі, там і засталіся. Карацей, пад Смаленскам па-ранейшаму нясуць службу беларускія і расейскія памежнікі і мытнікі. Аказваецца, мова пра іншае: проста кіраўнік расейскай мытнай службы Бельянінаў сказаў, што дзьве краіны павінны прыняць "сумеснае палітычнае рашэньне", каб мытныя пункты зь беларуска-расейскай мяжы перанесьлі на беларуска-польскую. Аднак пакуль нічога не прынята і, як можна меркаваць, Расея наўрад ці ўвогуле пойдзе на такі крок. Трэба зазначыць, што спадар Бельянінаў зусім не авантурыст. Ён кажа, што, апроч "сумеснага палітычнага рашэньня", спатрэбіцца таксама зьмена заканадаўства Расеі і Беларусі, а таксама "саюзнай дзяржавы". Так што пісаць, нібыта мяжа адзіная — відавочна заўчасна. Праўда, беларускі бок зьбіраецца цалкам кантраляваць расейскія грузы, якія накіроўваюцца па беларускай тэрыторыі. Між іншым, раней бывалі выпадкі, калі такія грузы не траплялі па месцы прызначэньня ў Расеі, што ўказвалася ў суправаджальных дакумэнтах, і ў дарозе "зьнікалі". Чаму існуе сумнеў у тым, што расейцы перанясуць свае мытныя пункты з-пад Смаленску ў Горадню і Берасьце? Таму што яны такім чынам будуць наступаць на старыя граблі. Варта нагадаць: кантроль на мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй не існаваў. Але Расея была вымушаная яго ўсталяваць, паколькі празь Беларусь сталі бескантрольна паступаць у масавай колькасьці розныя грузы і тавары, у тым ліку акцызныя. З-за гэтага расейскі бюджэт, як заяўлялі афіцыйныя асобы РФ, цярпеў вялікія страты. Дык ці захоча Расея зноўку паўтарыць гэты свой адмоўны досьвед? Алесь Кавалёў 20.02.2008
Дзьверы пашырылі, ды ехаць каму ня стала
Нарэшце будаўнікі закончылі рэканструкцыю двух КПП на беларуска-польскай мяжы — "Брузгі", што ў Гарадзенскім раёне, і "Бераставіца". Як дасягненьне зазначаецца, што прапускная здольнасьць першага павялічана ў пяць разоў, другога — амаль у чатыры. Але каго там будуць зараз прапускаць, калі колькасьць аўтамабіляў таксама рэзка зьменшылася напярэдадні бадай у тыя ж самыя пяць разоў? Як вядома, вялізныя чэргі на заходняй мяжы тлумачыліся тым, што беларусы мелі магчымасьць карыстацца даступнымі і недарагімі польскім візамі. Як толькі з канца мінулага году Польшча ўступіла ў Шэнгенскую зону, выдача візаў адразу моцна скарацілася: дорага і атрымаць іхт стала таксама досыць цяжка. У выніку большасьць тых, хто рэгулярна езьдзіў у Польшчу, адразу страцілі такую магчымасьць. Вось чаму на памежных КПП зьніклі чэргі легкавых аўтамабіляў і турыстычных аўтобусаў. Плаціць шэсьцьдзесят эўра за візу дзеля адна-двухдзённай паездкі ў суседнюю краіну ніхто ня будзе, сказалі нам у адной гарадзенскай турыстычнай фірме, бо гэта занадта дорага. Як вядома, аднаразовая польская віза каштавала ўсяго пяць эўра. Такім чынам, беларускія ўлады дарэмна б’юць у літаўры з нагоды перабудовы двух КПП на польскай мяжы. Яны дрэнна дбалі і дбаюць пра сваіх грамадзянаў. Па-першае, не змаглі дамагчыся зьніжэньня цаны візаў да 35 эўра, што было зроблена для грамадзянаў Расеі. Па-другое, пакуты беларусаў на мяжы, якія часам мусілі суткамі чакаць сваёй чаргі трапіць у Польшчу, цалкам тлумачацца "вялікай палітыкай" уладаў, што ўпарта праводзіцца імі ўсе апошнія гады. Рэч у тым, што ў 2001 годзе палякі атрымалі ад Эўразьвязу вялікую суму, каб рэканструяваць са свайго боку КПП "Кузьніца-Брузгі". Мяжу закрылі ажно на трынаццаць месяцаў. Каб беларускія ўлады дзейнічалі згодна з палякамі, яны маглі б выкарыстаць гэты тэрмін і цалкам перабудаваць "Брузгі". Аднак яны спадзяваліся на Расею, на грошы з "саюзнага бюджэту", якіх увесь час не хапала і якія заўсёды спазьняліся. У выніку, калі палякі адкрылі КПП "Кузьніца", зроблены сучасна, па-эўрапейску, зь беларускага боку ўсё па-ранейшаму было не гатова. А цяпер улады звоняць у званы, што прапускная здольнасьць павялічана ў пяць разоў! Але ж прапускаць сёньня няма каго. Канешне, лепей стала кіроўцам "ціраў". Аднак зь сямі пасаў на мяжы пяць былі прызначаны для пропуску легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Алесь Кавалёў 19.02.2008
Гарадзенцы баяліся гаварыць праўду пра Катынь
Фільм Анджэя Вайды пра расстрэл польскіх афіцэраў у кінатэатрах не пакажуць, лічаць жыхары Горадні. Кінафільм вядомага польскага рэжысэра "Катынь" бачылі актывісты Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі, паасобныя гледачы на хатнім відэа ці ў кампутары. Невялікі кінасэанс у Таварыстве беларускай школы стаў падзеяй, сам А.Вайда даслаў ліст з гэтай нагоды арганізатарам прагляду. На прагляд прыйшоў таксама Ежы Сьцешкоўскі — карэнны гарадзенец, які памятае польскую ўладу, 1939 год, вайну. Ён расказаў нам, што ўпершыню даведаўся пра Катынь у 1943 годзе пад нямецкай акупацыяй. Немцы распаўсюджвалі газэты на польскай мове, а таксама на беларускай, у якіх пісалі, што пад Катыньню знойдзены парэшткі тысячаў польскіх афіцэраў, якіх расстраляў НКУС. Спачатку ў гэта ня верылася. Але ў наступных публікацыях называліся прозьвішчы забітых афіцэраў, некаторыя былі вядомыя гарадзенцам, у горадзе засталіся іхнія сваякі. А якраз пра лёс сваіх родных, знаёмых, што служылі ў польскай арміі і трапілі ў савецкі палон у верасьні 1939-га, яны ня мелі ніякіх зьвестак. Ежы Сьцешкоўскі ўспамінае, што немцы неўзабаве перасталі пісаць пра Катынь, паколькі выявілі нязручны для сябе факт: у трупах польскіх афіцэраў знайшлі нямецкія кулі. Стары гарадзенец надалей цікавіўся пытаньнем, чытаў літаратуру на гэтую тэму. Ён кажа: выявілася, што ў 1920-я гады існавала ваеннае супрацоўніцтва паміж Нямеччынай і Савецкай Расеяй – патроны маглі трапіць у СССР у той час, альбо нават пазьней, пры іншых абставінах. Пасьля вызваленьня Горадні Чырвонай арміяй улады сталі гаварыць, што расстрэлы ў Катыні рабілі, наадварот, фашысты, паведамлялі заяву савецкай камісіі, якая рабіла эксгумацыю. Аднак у мясцовых людзей ужо было сваё меркаваньне. Чаму? Як толькі ў 1939 годзе ўступілі Саветы, яны арыштоўвалі падафіцэраў, саджалі ў турмы, расстрэльвалі. Людзям пра гэта ведалі, таму яны ня проста верылі немцам, а былі перакананыя, што катынскі расстрэл — справа савецкіх рук, але пра гэта баяліся гаварыць, падкрэсьлівае Ежы Сьцешкоўскі. Калі ў кватэры меўся здымак мужа ці брата, які служыў у Войску польскім, людзі сталі хаваць гэтыя здымкі. Новая ўлада ў з падазрэньнем ставілася да такіх справаў і можна было проста трапіць у няласку. У адной жанчыны вісеў вялікі партрэт мужа, царскага афіцэра. Калі яго ўбачыў нейкі чыноўнік, то залямантаваў: белагвардзеец! І партрэт сарвалі са сьцяны, успамінае Ежы Сьцяшкоўскі. Ён таксама прыгадвае, як суседка езьдзіла ў камандзіроўку і была на станцыі Катынь праездам. І яна завяла размову з мясцовымі людзьмі: тут у вас польскіх афіцэраў расстрэльвалі ў 1940-м. А адна жанчына яе перасьцерагла: толькі не гаварыце пра гэта нідзе, бо ў турму трапіце. Алесь Кавалёў 12.02.2008
Інфармацыю пра знойдзеных ахвяраў улады чамусьці засакрэчвалі
На могілках Аўльс на ўсходзе Горадні ў дзьвюх магілах пахавалі парэшткі 361 савецкага ваеннапалоннага. Іх раскапалі два месяцы назад на заходняй ускайне гораду, дзе пачалі будаваць школу. Так атрымалася, што жылая забудова там знаходзіцца на месцы былога фашысцкага канцлягера –"Шталага 353", дзе загінулі прыблізна васемнаццаць тысяч салдат і афіцэраў. Перазахаваньне адбылося ўрачыста, прысутнічаў гарадзкі галава Аляксандар Антоненка, польскі консул Марэк Малюхнік, вайскоўцы, памежнікі, бацюшка, ксёндз. Інфармацыю пра перазахаваньне толькі напярэдадні падзеі "рассакрэціў" ваенкамат. Да таго часу зьвесткі ў мас-мэдыя не траплялі, а на месцы знаходкі працаваў спэцбатальён узброеных сілаў, які займаецца вайсковымі захаваньнямі. Падзея не была выключнай, паколькі ў ранейшыя часы на тэрыторыі былога канцлягера, якая забудоўвалася, знайшлі некалькі дзясяткаў брацкіх магілаў. Мерцьвякоў немцы проста скідалі да купы і закопвалі. Сярод ваеннапалонных панавалі дызэнтэрыя і сыпны тыфус, немцы не імкнуліся захаваць людзей, якія паміралі тысячамі. Могілкі знаходзіліся побач з лягерам – за калючым дротам. Тых, хто перажыў зіму 1941-42 гадоў і захаваў працаздольнасьць, сталі вывозіць на прымусовую працу ў Нямеччыну. З восені 1942 году гэты лягер стаў выкарыстоўвацца як транзытны – для перакідкі габрэяў з гарадзенскага гета ў сумнавядомыя лягеры сьмерці — у такія, як Асьвенцім, Трэблінку, ды іншыя. На яго месцы цяпер стаіць мэмарыял, тэкст паведамляе пра "савецкіх грамадзянаў, закатаваных і расстраляных". Пры канцы 1980-х гадоў улады вырашылі паставіць больш значны помнік, быў абвешчаны конкурс сярод скульптараў. Прапановы прыйшлі розныя, папярэдне спыніліся на вялікім высокім крыжы. Але задуму не ажыцьцявілі. Зрэшты, відавочна, што сярод закатаваных былі ня толькі хрысьціяне, але таксама юдэі. Алесь Кавалёў 08.02.2008
Улады больш заклапочаныя не курцамі, а бюджэтам
У Горадні левай рукой змагаюцца з аматарамі папаліць, а правай павялічваюць выпуск цыгарэт на мясцовай тытунёвай фабрыцы. Гарадзенская міліцыя пачынае штрафаваць курцоў у грамадзкіх месцах. Адначасова абласная ўлада вырашыла змагацца са шкоднай звычкай у сваіх сьценах. Пачын адразу падтрымаў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка. Праўда, яму гэта нічога не каштавала, паколькі ён сам ня паліць. Выканкамаўскіх чыноўнікаў-курцоў заклікаюць цяпер "завязаць". Тым жа часам улады фарсіруюць выпуск прадукцыі гарадзенскай тытунёвай фабрыкай "Нёман". За мінулы год яе выпусьцілі на 18 адсоткаў больш, чым за папярэдні. Але, што самае важнае, чысты прыбытак, паводле афіцыйных дадзеных, за год павялічыўся значна болей: амаль зь дзевятнаццаці мільярдаў рублёў да трыццаці аднаго мільярда. Карацей, для ўладаў гэта папросту курыца, што выдае залатыя яйкі. Нядаўна фабрыка пераўтвораная ў адкрытае акцыянэрнае таварыства, але ўсе акцыі належаць дзяржаве. Выпуск цыгарэт сёлета будзе зноўку павялічвацца на трыста мільёнаў штук – да дванаццаці з паловай мільярда цыгарэт. Атрымліваецца, улады адной рукой змагаюцца з курэньнем, другой нарошчваюць выпуск тытунёвых вырабаў. Праўда, частка зь іх прызначаны для экспарту. Першая партыя прадукцыі фабрыкі "Нёман" адпраўлена нядаўна ў Расею. Плянуецца, што ў гэтым годзе Беларусь прадасьць за мяжу адзін мільярд штук цыгарэт. Алесь Кавалёў 08.02.2008
Ленін уладкуецца больш "салідна"
Да 880-годзьдзя Горадні плошчу Ільліча "облагородят". Для ўпрыгожаньня помніка правадыру скарыстаюць шыкоўны граніт і чорны базальт. Старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандар Антоненка паведаміў, што да сьвяткаваньня гарадзкой гадавіны аздобяць плошчу Леніна і папярэдзіў: помнік правадыру застанецца на месцы. Ня выключана, што статую, зробленую славутым Заірам Азгурам, стануць падсьвечваць, як у савецкія часы. Дваццаць гадоў таму на Леніна сьвяцілі два пражэктары з двух бакоў, але на будынку гаркама партыі (цяпер яго займае гарадзкая ўлада) кожны вечар узьнікалі два вялізныя цені, і тады адзін з пражэктараў выключылі. А пазьней статую ўвогуле перасталі падсьвечваць, і яна ў цёмны час высіцца на плошчы, нібы чорная гаргара. Як вядома, гарадзенскія ўлады новыя помнікі ня дужа сьпяшаюцца ставіць, а старыя ўспрымаюць зь вялікім піетэтам. Перш за плошчу Леніна ўлады рэканструявалі Савецкую. Было рашэньне прыбраць зь яе савецкі танк, паколькі ён перашкаджае транспарту і псуе архітэктурнае навакольле. Месца знайшлося адразу: музэй бранятанкавай тэхнікі пад адкрытым небам, што існуе каля гарадзкога Кургана славы. Аднак, як прызнаваліся самі айцы гораду, яны не наважыліся на такі рашучы крок. Пасьля гэтага старшыня аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка заявіў, што танк здымуць з высокага пастамэнту і зробяць для яго больш сьціплы. Аднак нічога гэтага ня выканалі. І заўвага спадара Антоненкі наконт таго, што Ленін застанецца на месцы, успрымаецца гарадзенцамі ня больш, як жарт начальніка. Дарэчы, некалькі гадоў назад гараджане сабралі некалькі соцень подпісаў за тое, каб перанесьці ленінскую статую ў іншае месца, а перад будынкам гарадзкой улады ўсталяваць помнік Кастусю Каліноўскаму. Людзі спасылаліся на тое, што пастанову аб помніку Каліноўскаму ў Горадні ўрад прыняў яшчэ ў канцы 1980-х гадоў, але яе ня выканалі. Подпісы былі перададзены ў гарвыканкам, а ўлады праігнаравалі іх. Алесь Кавалёў 07.02.2008
Сьмееце крытыкаваць? Тады ні слова не пачуеце!
У Горадні адбываецца "інфармацыйная вайна" за Стары мост. Вынікам стала дыскрымінацыя "Вечернего Гродно" – яму адмовілі ў навінах з важнай новабудоўлі. Рэканструкцыю Старога мосту цераз Нёман ажыцьцяўляюць будаўнічыя арганізацыі. А вось праектантам і заказчыкам у адной асобе зьяўляецца інстытут "Гроднаграмадзянпраект". Яго дырэктар Уладзімір Дзяшко падзяліў дзьве асноўныя газэты – "Гродзенскую праўду" і "Вечерний Гродно" на "чэсныя" і "нячэсныя" і афіцыйна заявіў, што будзе даваць інфармацыю, якая датычыць рэканструкцыі вельмі важнага для ўсіх гараджанаў аб’екту, толькі афіцыйнай газэце. Больш за тое, спадар Дзяшко заявіў: цікавасьць гараджанаў да перабудовы моста аграмадная, і яны хочуць атрымліваць інфармацыю аб гэтым у поўным аб’ёме, прычым аб’ектыўную, праўдзівую. Але якраз гэтага, маўляў, нельга сказаць пра публікацыі вячэрняй газэты. Таму яна больш ніколі не атрымае зьвестак аб рэканструкцыі моста. Дарэчы, усе гэтыя абвінавачаньні супраць сваіх калегаў дбайна надрукавала абласная "Гродзенская праўда". Што там журналісцкая этыка, ня кажучы ўжо пра прафэсійную салідарнасьць! Але сакрэт вельмі просты. Для афіцыйнага рупара факт дыскрымінацыі калегаў – вялікая ўдача, паколькі тыднёвік "Вячорка" мае наклад пад трыццаць тысяч, а вось "Гродзенская", выходзячы тройчы на тыдзень, ледзь дацягвае да гэтага ўзроўню. А як жа з канстытуцыяй, з законамі аб друку, аб манапалізме? Тут варта забіць у званы ідэалягічнаму упраўленьню, пракуратуры. Бо спадар Дзяшко фактычна дыскрымінуе таксама вялікую частку гарадзенцаў. У горадзе пражывае 317 тысяч жыхароў, большасьць падпісчыкаў атрымліваюць якраз "Вечерний Гродно", а значыцца яны будуць пазбаўленыя важнай інфармацыі. Паколькі мост закрыты для руху і рэканструкцыя стварыла вялікія праблемы. Між іншым, Уладзімір Дзяшко назваў цяперашнюю рэканструкцыю моста "аграмадным па сваёй значнасьці і маштабу праекту, роўных якому ў гісторыі горада яшчэ не было". Як той казаў: сам сябе не пахваліш… А хіба сама пабудова моста шэсьцьдзесят гадоў таму, калі не існавала сучаснай тэхнікі, была менш значнай падзеяй для Горадні? Альбо пабудова хімічнага гіганта "Азот" была менш маштабнай, чым пераробка сярэдняга па памерах моста? І апошняе: што ж выклікала ў начальніка-праектанта такія ваяўнічыя настроі, накіраваныя супраць папулярнай вячэрняй газэты? Здымак-фотафакт, на якім на мосьце стаіць толькі адзін рабочы, хаця рух перакрылі ўжо тыдзень назад. У праектным інстытуце яго расцанілі як "дэзінфармацыю", ледзь не як фотамантаж. Маўляў, пад мостам у той жа час быў цэлы "мурашнік", праца папросту кіпела… Алесь Кавалёў 07.02.2008
У Слоніме пабудуюць тэатар
Але меншы, чым існаваў у горадзе ў каралеўскія часы. Гарадзенскія архітэктары стварылі праект тэатральнага будынку для Слоніма, а вось калі пачнуць яго будаваць, пакуль невядома. Абласныя ўлады вырашылі спачатку адрамантаваць два тэатры ў Горадні — драматычны, пабудаваны ў першай палове 1980-х гадоў, і лялечны, камяніца якога існуе з 1795 году. Побач з драматычным зьнялі старую плітку, рамонт пачаўся. Ёсьць зьвесткі, што на яго выдзелены трыста мільёнаў рублёў. Кажуць таксама, што ўвесну можа прыехаць сам прэзыдэнт праводзіць у тэатры якуюсьці нараду. Між іншым, увесну 1997-га ён ужо праводзіў у тэатры нараду, але прысьвечаную не культуры, а сельскай гаспадарцы. Што да слонімскага тэатру, ён будзе на чарзе апошнім, мяркуе загадчык яго літаратурнай часткі Сяргей Чыгрын. Ён распавядае, што будавацца тэатар будзе на месцы былога народнага дому, што існаваў з царскіх часоў. Але на сёньняшні дзень ад яго засталіся толькі сьцены. У двухпавярховым будынку разьмесьцяцца глядзельная заля на 220 месцаў, грымёркі, памяшканьні для рэпэтыцый, а ў падвалах будуць захоўвацца дэкарацыі. Сёньня трупа арэндуе памяшканьне ў раённым Доме культуры. Спадар Чыгрын зазначае, што цяперашні праект – трэці па ліку. Два папярэднія не ажыцьцёўленыя: толькі грошы на дакумэнтацыю змарнавалі. У плянах Міністэрства культуры слонімскі тэатар павінен быць пабудаваны да 2010 году. Хаця пэўнасьці ў гэтым няма. Праўда, ходзяць чуткі, што ў 2010 годзе ў Слоніме могуць прызначыць рэспубліканскія дажынкі, таму шанцы тэатра павялічваюцца, мяркуе Сяргей Чыгрын. Бо месца вызначана ў самым цэнтры гораду – на плошчы Леніна, а дажынкі заўжды ў цэнтры праводзяць. Ён таксама спадзяецца, што назву заменяць на Тэатральную плошчу, якой яна была калісьці. А ў сквэры марыць пра помнік Льву Сапегу альбо Міхалу Агінскаму. Сяргей Чыгрын – таксама краязнаўца і пісьменьнік, вельмі любіць свой Слонім і добра ведае яго гісторыю, шукае новыя зьвесткі аб гарадзкой мінуўшчыне. Калі заходзіць мова аб тэатры Агінскага, то пісьменьнік заўважае: такога будынку, які існаваў у ХVІІІ стагодзьдзі, сёньня, канешне, не пабудуюць. У тым тэатры магло зьмясьціцца дзьве тысячы гледачоў, сама сцэна знаходзілася над вядомым каналам Агінскага, яна магла ўзьнімацца і апускацца, паколькі некаторыя спэктаклі ставіліся на вадзе. Праўда малюнкаў не захавалася, толькі апісаньні, зазначае спадар Чыгрын. Алесь Кавалёў 06.02.2008
Гарадзенцаў хацелі выселіць гвалтам
На месцы іх дамоў пабудуюць кватэры для багатых, але высяленьне прыпынена. 1 лютага дзесяць чалавек з дамоў 4а і 4б на вул. Антонава былі ў старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Саўчанкі, які, прынамсі пакуль што вусна, вырашыў праблему васьмі сем'яў, якія праз суд высяляе прыватная фірма. Насупраць аўтавакзалу ў простакутніку паміж вуліцамі Захарава, Парахавой, Антонава і праспэктам Касманаўтаў сумесная фірма "Кансэнт" будуе гмах з кватэрамі "бізнэс клясы", пасьля апошняй падвышкі кошт квадратнага мэтра стаў ад 950 да 1300 даляраў – наверсе, у пэнтхаўсе. Улады дазволілі разбурыць некалькі старых дамоў, якім было прыблізна па сто гадоў. Зараз будаўніцтва прыпынена, бо перашкаджаюць яшчэ два старыя дамы, у якіх жывуць восем сем'яў. Камяніцы даволі лядашчыя, капрамонт праводзіўся больш за 45 год таму. Вось фірма й вырашыла перасяліць людзей таксама ў жытло "б.у.", маўляў іхнія кватэры каштуюць няшмат. Тры кватэры былі дзяржаўныя, яны вызвалены, астатнія – прыватызаваныя, гаспадары ня хочуць зьяжджаць з цэнтру на ўскрайну, ды яшчэ ў няновыя кватэры. Што ж, фірма пачала высяляць іх праз суд: маўляў, перашкаджаюць будаўніцтву. Але цяпер сытуацыя мяняецца. Старшыня аблвыканкаму выклікаў да сябе гендырэктара "Кансэнту" Андрэя Лушча, намесьніка старшыні аблвыканкаму Анатоля Кунаша, які займаецца будаўніцтвам. Спадару Лушчу Саўчанка сказаў адклікаць з суду ўсе зыскі, нават калі былі прыняты рашэньні аб высяленьні. Калі высяляеш людзей, давай ім новыя кватэры, падкрэсьліў ён. На сустрэчы ў старшыні аблвыканкаму быў Аляксандар Гудач, сям'ю якога таксама высяляе "Кансэнт". Ён расказаў нам, што ім паабяцаны кватэры ў доме, што будзе будавацца гарадзкімі ўладамі ў будучыні зусім непадалёк – на праспэкце Касманаўтаў. Спадар Гудач кажа, што вельмі важна, каб распараджэньні У.Саўчанкі былі аформленыя пісьмова. Як кажуць гарадзенцы, калі Саўчанка выклікае сам, значыцца можна чакаць станоўчага рашэньня, кажа А.Гудач, але ягоныя суседзі яшчэ не да канца паверылі, што іхнія пакуты скончыліся. Людзі лічаць, што дапамог ліст у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Напэўна Саўчанку даслалі яго са сталіцы на рэагаваньня, мяркуюць яны. Да размовы ў аблвыканкаме жыхары двух дамоў адчувалі сябе цалкам безабароннымі. Яны гаварылі, што ўлады цалкам закрылі вочы на дзеяньні фірмы "Кансэнт". Будаваць жыльлё ня так дорага, рэальна новая кватэра, калі не ўлічваць сучасныя матэрыялы, каштуе не даражэй за іхняе жытло, кажа А.Гудач. Тое, што "бізнэс-кватэры" прадаюць за квадратны мэтар вельмі дорага, не прычына прымусам высяляць нас у танныя старыя кватэры на ўскрайне, казалі нам жыхары двух дамоў на вул. Антонава. Яны паскардзіліся, што з гмаху будоўлі нехта кідаў каменьне на дах іхняга дому, а два дні таму ў падвале раптам здарыўся пажар. Давялося выклікаць міліцыю, пажарных. Ніколі ніякіх пажараў у нас не было раней, паскардзілася жанчына, якая жыве над падвалам. Цяпер яны будуць чакаць, ці спраўдзіцца слова старшыні аблвыканкаму. Алесь Кавалёў 01.02.2008 |