Палац у Сьвяцку ацэняць па-новаму
Магнацкая рэзыдэнцыя ў раёне Аўгустоўскага каналу пачынае разбурацца.
Палац Валовічаў у Сьвяцку Гарадзенскага раёну наведалі ацэншчыкі зь міністэрства культуры. Іхняя задача – вызначыць кошт помніка архітэктуры канца ХVІІІ стагодзьдзя, каб выставіць яго ў будучыню на аўкцыён. Некалькі гадоў таму, калі трохпавярховы гмах пакінула мэдычная установа для хворых на сухоты, яго ацанілі на паўтары мільярды рублёў. У гэтых мясьцінах толькі ён і Аўгустоўскі канал – у сьпісах помнікаў рэспубліканскага значэньня.
Улады мелі спадзяваньне, што рэканструкцыя беларускага адрэзка каналу (асноўная яго частка – у Польшчы) дапаможа знайсьці інвэстара. Паводле задумы, у гэтых мясьцінах пачне разьвівацца міжнародны турызм. Аднак мінула амаль два гады, як Аўгустоўскі канал адбудаваны, але прытоку турыстаў няма, а палац ніхто не купіў. Пытаньне ў тым, што пасьля яго пакупкі неабходна будзе ўкласьці вялікія грошы ў рэстаўрацыю.
Будаўніцтва палацу закончылі толькі ў 1799 годзе, калі Рэч Паспалітая перастала існаваць і ўсё Вялікае княства Літоўскае далучылі да Расейскай імпэрыі. Аднак ён сёньня нібыта нагадвае сваім выглядам пра краіну, якая перастала існаваць. Рэч у тым, што будаваў палац італьянскі архітэктар Джузэпе Сака, які зьяўляецца аўтарам іншых будынкаў, створаных у суседняй Горадні ў часы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Палац збудаваны ў стылі барока, і можна нават уявіць, што ён стаіць дзе-небудзь у Францыі. Расейскія архітэктары пачалі будаваць палацы ў гарадзенскіх ваколіцах у стылі клясіцызму, якім стаў адметным пачатак ХІХ стагодзьдзя. Такі архітэктурны помнік, які не перабудоўвалі пазьней, і які няблага захаваўся – вялікая рэдкасьць для Беларусі.
На якую суму ацэняць палац Валовічаў сталічныя спэцыялісты, стане вядома пазьней. Паўтары мільярды рублёў – гэта яго балянсавы кошт. А калі і за колькі яго выставяць на продаж, а тым больш – хто і за якую суму яго набудзе, сёньня абсалютна невядома.
Мы зьвярнуліся па камэнтар да доктара гістарычных навук, спэцыяліста па зоне Аўгустоўскага каналу Сьвятланы Сяльверставай. Хто рэальна ў Беларусі можа выкупіць Сьвяцкі палац, хіба што моцны банк? – пацікавіліся мы.
Гісторык адказала, што сапраўды, такі аб’ект могуць рэальна пацягнуць толькі яны. Нейк у Горадні быў сэмінар банкіраў, іх павезьлі на экскурсію на Аўгустоўскі канал, а затым у палац Валовічаў. Ён ім вельмі спадабаўся, але тады яшчэ не было мовы пра аўкцыён, кажа спадарыня Сяльверстава.
А калі ня знойдзецца пакупніка, ці ня можа ўзяць на сябе рэстаўрацыю дзяржава, зважаючы на адзінкавасьць такога помніка архітэктуры? Гісторык лічыць, што такі варыянт ня выключаны, паколькі дзяржава займаецца Мірскім і Нясвіскім замкамі. Яна падкрэсьлівае, што палац у Сьвяцку сапраўды вымагае, каб яго пачалі рамантаваць чым хутчэй.
Алесь Кавалёў
13.03.2008