Ці ўдалася дыктоўка?
На Гарадзеншчыне ў ёй удзельнічалі каля трохсот чалавек. У вобласьці дыктоўку правялі ў Горадні, у Мастах і ў Слоніме, усяго райцэнтраў сямнаццаць.
Гарадзенцаў прыйшло на дыктоўку ў Таварыства беларускай школы 206 чалавек, яшчэ 34 напісалі яе экстэрнам. Гэта паведаміў адзін з арганізатараў Павал Мажэйка. На 320 тысяч насельніцтва гораду – няшмат. Але настрой панаваў вельмі пазытыўны: прыйшлі і маладыя, і людзі старэйшыя, некаторыя зь дзецьмі, я спаткаў аднаго знаёмага, які пісаў дыктоўку зь пляменьніцай.
У Слоніме такога памяшканьня, як у Горадні няма, таму дыктоўку праводзілі на прыватнай кватэры. Удзельнікаў было 21. Затым адбылася невялікая вечарына: чыталі вершы, глядзелі "Плошчу" Хашчавацкага.
Цікава, што ў Мастах, якія значна меншыя за Слонім, у дыктоўцы ўдзельнічаў таксама 21 чалавек. Месца правядзеньня было яшчэ больш незвычайным — на нёманскім беразе. Пасьля дыктоўкі правялі маёўку, гаварылі пра БНР і яе дзеячаў.
А вось у другім па памерах горадзе вобласьці — Лідзе правесьці дыктоўку не ўдалося, хаця там моцная арганізацыя ТБМ, і ёю рабіліся разнастайныя высілкі, каб атрымаць дазвол уладаў. І ў бібліятэцы, і ў праваслаўнай нядзельнай школцы, і ў доме творчасьці залю атрымаць не ўдалося. Паводле аднаго з арганізатараў Станіслава Судніка, склалася ўражаньне, што ім заблякавалі гэтую ініцыятыву.
Лідчукі таксама ўрэшце зрабілі спробу правесьці дыктоўку пад адкрытым небам у якасьці "сяброўскай сустрэчы" каля помніка Францішку Скарыну, што стаіць побач з Фарным касьцёлам. Але ўлады спаслаліся на тое, што вакол помніка адбывацца рамонтныя работы – мяняюць тратуары. Нехта прапанаваў: давайце тады зробім "дыктоўку на бардзюрах" ля помніка. Але суполка БНФ выступіла супраць – арышты праз дыктоўку нікому непатрэбныя.
Апошняй спробай была просьба да ўладаў даць памяшканьне на дваццаць чалавек для гістарычнай канфэрэнцыі, у перапынку можна было й дыктоўку напісаць, але ўлады засталіся няўмольнымі.
Алесь Кавалёў
24.03.2008