Слонімскія чэкісты шукаюць "псыхаў" сярод дэмакратаў
Абнародаваны сьпіс з амаль сарака грамадзкіх актывістаў, чыім псыхічным здароўем зацікавіўся тамтэйшы КДБ. Што, ажывае карная мэдыцына?
Жыхары Слоніма доўга гадалі: чым можа займацца КДБ у райцэнтры, дзе існуе, напрыклад, пуха-пер'евая фабрыка, але няма бранятанкавага заводу? І вось нарэшце над гэтай таямніцай прыўзьнялася заслона. Рэдактар недзяржаўнай "Газэты Слонімскай" Віктар Валадашчук быў непрыемна ўражаны, атрымаўшы ліст па пошце, у якім ляжала копія чэкісцкага дакумэнту, рэха якога сёньня ўсё шырэй разыходзіцца па горадзе.
Дакумэнт гэты – запыт да галоўнага доктара мясцовага псыханэўралягічнага дыспансэра наконт таго, ці не стаяць на ўліку людзі са сьпісу, у якім 39 прозьвішчаў? Спадар Валадашчук, што натуральна, перш за ўсё заўважыў у ім сябе з жонкай і дзецьмі. Чэкісцкае начальства ў лоб пыталася ў мэдыкаў: ці няма на ўліку ўсіх пералічаных людзей?
Віктар Валадашчук кажа, што не зьбіраўся нікуды зьвяртацца з пытаньнямі: чаму ягоную сям’ю ўключылі ў такія адыёзныя сьпісы? Ён папросту напісаў адкрыты ліст і расказаў чытачам пра здарэньне. Запыт з КДБ быў пазначаны мінулай восеньню, але трапіў да яго нядаўна. Хто яго даслаў – журналісту невядома, але дайшлі чуткі, што наконт "уцечкі" праводзіцца службовае расьсьледаваньне.
Па горадзе ідзе пагалоска: чэкісты цікавіліся псыхічным станам мясцовага актывіста Алеся Масюка і ягоных сваякоў, уключна з тымі, хто ідзе нават па жончынай лініі. Тое самае тычыцца Івана Бедкі са сваякамі, Івана Шэгі й ягоных родных, Міхася Варанца… Што выклікае абурэньне шараговых слонімцаў, у сьпіс трапілі нават людзі, якія ўжо памерлі.
Абражаныя дэмакраты спрабуюць абараніць свой гонар. Так, адпаведны запыт паслаў начальніку раённага КДБ Іван Шэга. Тое самае зьбіраюцца рабіць і ягоныя сябры. Хоць спадзеў на канкрэтны адказ мізэрны – чэкісты "не заўважылі" нават адкрыты ліст рэдактара "Газеты Слонімскай".
Да панікі ў горадзе яшчэ, мабыць, далёка, але слонімцырэальна адчулі сябе пад каўпаком, тым больш сьпіс мог быць не адзін, мяркуюць яны.
А што да сутнасьці дакумэнту, дык людзі пачалі разважаць: ці ня думаюць у Слоніме аднавіць "слаўныя" традыцыі савецкай карнай мэдыцыны андропаўскіх часоў? Як файна было б, напэўна, абвесьціць, напрыклад, па БТ, што ў нейкага апазыцыянэра ня ўсё ў парадку з галавой і ён нават стаіць на ўліку ў псыхдыспансэры?!
Ах, мары-мары, зьвязаныя з новымі зоркамі на пагонах! А пакуль людзі са сьпісу, прынамсі некаторыя, зьбіраюцца пісаць скаргі – у пракуратуру і далей.
Алесь Кавалёў
15.05.2008