Беларусь стала краінай "беставарнага ўезду"
Новае абмежаваньне на ўвоз рэчаў. Жыцьцё ў памежжы перастае быць перавагай для прадпрымальнікаў Горадні.
Гарадзенскія прадпрымальнікі ўсе апошнія дні абмяркоўвалі ўвядзеньне гэтак званага "беставарнага ўезду на тэрыторыю краіны з-за мяжы". Новае мытнае ўвядзеньне пачало дзейнічаць зь 15 траўня. Праўда, мяжа ня стала "жалезнай заслонай", як баяліся некаторыя. Зацьверджаныя нормы: адзін раз на тыдзень, напрыклад, можна правезьці пэўную рэч аднаго найменьня, але ня больш за тры розныя. Карацей кажучы, падарожны на працягу сямі дзён мае права прывезьці, напрыклад, па пары чаравікаў, джынсаў і куртку ці кашулю.
Такім чынам, рэальна ў Горадні абмежаваньні датычаць менавіта прадпрымальнікаў, якія працягвалі ўвозіць тавары з той жа Польшчы. Трэба сказаць, што першыя значныя страты яны адчулі пасьля ўваходу суседняй краіны ў Шэнгенскую зону пры канцы 2007 году. Не сакрэт, што памежная станцыя Кузьніца Беластоцкая была вялікім гуртовым складам. Гарадзенцы без праблемаў атрымлівалі польскія візы і масава наведвалі Польшчу.
У Кузьніцу пасажырам памежнага цягнічка да Горадні выдавалі процьму тавару — чаравікі, кофтачкі і гэтак далей, плацілі за правоз рэчы цераз мяжу даляр-два. Такім чынам, людзі, ва ўсякім разе, аплочвалі сабе гэтак праезд туды і назад, а прадпрымальнікі эканомілі на "растаможваньні" тавару. Карысьць была і для звычайных гарадзенцаў: такія чаравікі ды іншыя рэчы на рынку каштавалі заўсёды таньней, чым у краме.
Што датычыць шэнгенскіх візаў, то палякі выдачу іх значна скарацілі, і пасажырапаток у Польшчу з Горадні рэзка скараціўся, а разам з тым і прыток тавараў.
А цяпер беларускія ўлады палічылі патрэбным наагул зрабіць "беставарны ўезд". Можа таму яшчэ, каб скараціць паступленьне зь іншых суседніх краінаў, з той жа Украіны, напрыклад. Адзін з прадпрымальнікаў, што працуе на "Цэнтральным" гарадзенскім рынку, нам прызнаўся, што сам ён даўно пачаў вымушана браць тавар ня ў блізкай Польшчы, а спачатку ў Маскве, а цяпер увогуле ў Менску. Але ягоны калега да апошняга часу працягваў вазіць рэчы з Турцыі празь Беласток – так было больш надзейна і таньней, сказаў ён.
З аднаго боку, улада абараняе ўнутраны рынак, імкнецца кантраляваць гуртовы, атрымліваць больш падаткаў, кажуць прадпрымальнікі. З другога, нявесела канстатуюць яны, любое новае абмежаваньне б’е па гандлярах, а празь іх – па звычайных пакупніках, бо цэны – абавязкова павялічваюцца. Жыцьцё ў памежным горадзе перастае быць перавагай для гарадзенскіх прадпрымальнікаў.
Алесь Кавалёў
15.08.2008