Ноч у музэі прайшла на славу
У Горадні ў музэйнай экспазыцыі Новага замку ўпершыню да цемры было поўна наведнікаў.
Як вядома, 18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музэяў, але запрасіць у нядзельны вечар людзей на спэцыяльную праграму было пэўнай рызыкай. І ўсё ж супрацоўнікі Новага замку добра падрыхтаваліся, а філярмонія мела ўласную тактыку і з трохсот білетаў прадалі 223, хоць каштавалі яны па дзесяць тысяч рублёў.
У замкавым падворку было ажыўлена. Гаспадар — дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка запрасіў публіку ўнутр, і на заклік памкнуўся цэлы натоўп людзей пад парасонамі. Карацей, выразна адчуўся нават ажыятаж. Гаспадары добра прадумалі пачатак: прэзэнтацыю вернутага ў экспазыцыю экспаната, што быў скрадзены папросту зь вітрыны ў 2004 годзе.
Як прызналіся мне супрацоўнікі, усіх тады пакаралі за зьнікненьне каштоўнай рэчы — шахматнай ладзьдзі ХІІ стагодзьдзя. Між іншым, яна была знойдзена археолягамі падчас раскопак на падворку Старога замку, дзе потым захоўвалася. Крадзёжнік трапіўся праваахоўнікам сёлета, калі паспрабаваў прадаць рарытэтную шахматную фігурку.
Праўда, гледачоў аказалася гэтулькі, што падступіцца да ладзьдзі і пачуць аповед пра старадаўнія шахматы было прынамсі цяжка. Але публіка зарыентавалася і пайшла па музэйных залях, балазе ўсё адчынена. Я назіраў за наведнікамі і бачыў, зь якой цікавасьцю разглядалі яны карціны, старыя рэчы, напрыклад, у славутай авальнай залі – былой прыёмнай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Адчувалася, што многія трапілі сюды калі не ўпершыню, дык ва ўсякім разе безь цяперашняй нагоды маглі б яшчэ доўга не пераступіць музэйнага парогу.
Асноўнае дзейства адбылося ў самай вялікай – Сэнатарскай залі, дзе для ўсёй публікі, аднак, не хапіла крэслаў. Прысутным паказалі слайды і расказалі пра вядомыя музэі сьвету, паказалі танцы, калекцыю "строяў" "Вэнецыянская здань", а хутчэй масак, бо ў некаторых мадэльшчыц сукенак не было, але якраз яны і прыцягнулі найбольшую ўвагу публікі, асабліва тых, хто меў фотаапараты.
Калекцыя ўжо дэманстравалася раней у горадзе, але ў цяперашняй праграме была больш чым дарэчы. Неадназначныя водгукі выклікаў струнны ансамбаль, прысланы філярмоніяй. Маладыя хлопцы ўзьнялі публіку на ногі, выклікалі хвалю воплескаў. Чым жа, вы думаеце? Папуры з савецкіх кінакамэдый пра Шурыка, а затым – нейкай "барыняй-сударыняй".
А вось некаторыя (меншасьць, канешне) былі абураныя, бо ў Сэнатарскай залі, дзе адбываліся калісьці соймы Рэчы Паспалітай, ды ў сьвята з такой таямнічай назвай, патрэбна была музыка каралеўскіх часоў, напрыклад, сказала мне адна знаёмая, якая прыйшла ў замак з сястрой.
Гаспадары падрыхтавалі затое буклецікі з кулінарнымі рэцэптамі ХVІІІ стагодзьдзя і з "Вандроўкай па залях Новага замку". Яны запрасілі рыцараў, аркестар, але вулічны канцэрт давялося адмяніць, паколькі пайшоў дождж. Так ці інакш, атмасфэра была цікавай, сьвята прыцягнула ўвагу, застаецца толькі чакаць наступнага году і, спадзяюся, яшчэ лепшай праграмы.
Алесь Кавалёў
Фота Алеся Васількова
20.05.2008