Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prynyamonne Гродна Прынямоньне № 6, чрвень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прынямоньне № 6, чрвень

Гродзенцам прывезьлі "Камасутру"

У лядовым палацы гораду над Нёмнам адбываецца выстава-кірмаш індыйскіх тавараў.

Упершыню гандлёвае мерапрыемства адбываецца не ў вэстыбюлі, а ў доле лядовага палацу – наведнікі спускаюцца і трапляюць на поле, дзе звычайна праводзяцца хакейныя матчы. Цяпер там пануе сапраўдная атмасфэра ўсходняга кірмашу.

Адразу ля ўваходу прадаецца гарбата і кава з Індыі. Міжволі прыцягваюць увагу мноства пачкаў з гарбатай "Камасутра". Яна нейк асабліва дзейнічае? – пацікавіўся я ў прадаўшчыцы. Не, гэта папросту такі "брэнд", адказала яна.

На кірмашы мноства ручных вырабаў: адзеньне, абутак, сумкі, біжутэрыя і гэтак далей. Ня дзіўна, што большасьць наведнікаў – жанчыны.

Індыйская выстава, увогуле ўсходняя ў Горадні – упершыню. Мабыць таму чыноўніку, які яе адкрываў у пятніцу 27 чэрвеня, было досыць складана выказаць свае думкі ў сувязі з гэтым. Васіль Сьцяпура, намесьнік старшыні аблвыканкаму, напрыклад, сказаў, што Індыю і Беларусь, як ён лічыць, многае зьвязвае і – далей: "Нашы народы розныя па сваёй культуры, але ўсё ж у чымсьці падобныя. Лічыцца, што ў славянскім сьвеце найбольш багатыя народныя традыцыі, паданьні, міталёгія ў беларусаў. А Індыя вядома ўсяму сьвету як калыханка ўсходняй філязофіі, краіна з моцнымі, вельмі старажытнымі традыцыямі і непаўторным эпасам".

Гэта прагучала прыгожа, зь беларускім нават гонарам. А потым спадар Сьцяпура прамовіў наступнае: "Нашы народы свабодалюбныя. У гады Другой сусьветнай вайны найбольш масавы рух супраціву фашызму быў у Беларусі. Індыя таксама змагалася за незалежнасьць. Беларусы з натхненьнем успрынялі атрыманьне Індыяй сувэрэнітэту. Мы лічым, што гэта было адной з найважнейшых падзеяў у гісторыі мінулага стагодзьдзя".

Ня ведаю, як наконт руху супраціву, у былой Югаславіі партызанка таксама была вельмі моцнай. Але атрымаўся быццам пропуск у прамове. Змаганьне беларусаў супраць фашызму і змаганьне Індыі за атрыманьне незалежнасьці – усё ж розныя рэчы. Брытанская імпэрыя не была фашысцкай, яна вывела свае войскі з Індыі, пасьля чаго краіна сапраўды стала незалежнай, што здарылася ў 1949 годзе. А ў гады Сусьветнай вайны англічане таксама змагаліся супраць фашыстаў і ў іхняй арміі ваявалі тыя ж самыя індусы. Так што параўнаньне ў чыноўніка атрымалася досыць некарэктным.

А ўвогуле ён нагадаў, што ў Гарадзенскім мэдычным унівэрсытэце вучацца індыйскія студэнты, а фабрыка "Нёман" купляе індыйскі тытунь для вырабу цыгарэт. Хаця ў Індыі жыве больш за адзін мільярд чалавек, гандаль з гэтай краінай у гарадзенцаў пакуль як мае быць не наладжаны, лічыць спадар Сьцяпура: на долю Індыі прыходзіцца менш за адзін адсотак зьнешняга тавараабароту вобласьці. Але ўлады распрацавалі "плян мерапрыемстваў" і зьбіраюцца ў 2010 годзе прадаваць у гэтую краіну больш прадукцыі, у прыватнасьці малочнай.

Алесь Кавалёў

28.06.2008

У цэнтры Горадні нічога не прадавалі

З-за ЧП на Новалукомскай ГРЭС больш за дзьве гадзіны не было электрычнасьці, таму не працавалі касавыя апараты ў крамах.

25 чэрвеня сярод белага дня ў цэнтры Горадні зьнікла электрычнасьць. На вуліцах Савецкая, Сацыялістычная ды некаторых іншых больш за дзьве гадзіны не было сьвятла ў выканкамах, іншых установах, у крамах, кавярнях, у салёнах мабільнай сувязі, у абменных пунктах. У гандлёвым доме "Нёман" не абслужылі ніводнага пакупніка – не працавалі касы, а з 11.00 да 13.30 у краме заўсёды бывае наплыў пакупнікоў.

Людзі былі ў непаразуменьні, ніхто нічога ім не тлумачыў, але паступова зьявілася неафіцыйная інфармацыя, што здарылася паломка на Новалукомскай ГРЭС ажно ў Віцебскай вобласьці. Некаторыя абураліся, некаторыя ўспомнілі пра будаўніцтва Нёманскай ГЭС каля Горадні: калі яе ўзьвядуць? Здарэньне  актуалізавала патрэбу мець чым болей крыніц электраэнэргіі.

Неафіцыйна лічыцца, што мноства гарадзенцаў супраць будаўніцтва блізка ад гораду электрастанцыі. Аднак актывісты амаль за два месяцы сабралі менш за трыста подпісаў. Насельніцтва ў Горадні, дарэчы, 325 тысяч чалавек.

Бадай бліжэй да праўды, што людзі болей давяраюць ГЭС, чым АЭС, якую зьбіраюцца будаваць у краіне ўлады. Звычайны гарадзенец разважае так: Нёманская станцыя зможа забясьпечыць электрычнасьцю ўвесь жылы сэктар, а хіба гэтага мала? Тады можна было не залежаць зусім ад Новалукомскай ГРЭС, альбо залежаць у меншай ступені.

Алесь Кавалёў

26.06.2008

Анжаліку Борыс пакаралі за выступ "Lombard"

Лідэрку беларускіх палякаў аштрафавалі па максымуму – на сорак базавых велічынь.

Паводле судзьдзі Натальлі Козел, кіраўніца СПБ арганізавала вулічны канцэрт, а ён быў "масавым несанкцыянаваным мерапрыемствам". Так запісалі ў сваім пратаколе міліцыянты, якія разам зь іншымі гарадзенцамі ўбачылі і бясплатна праслухалі выступ легендарнага рок-гурту.

"Lombard" сьпяваў у Горадні напачатку траўня, сьледам за ім горад наведаў праездам польскі фольк-гурт. Міліцыянты таксама круціліся каля залі, дзе меўся адбыцца канцэрт, хацелі не дапусьціць да выступу палякаў, але ўрэшце адчапіліся. Ну сапраўды: чыніць перашкоды сьпевам накшталт "Лявоніхі", толькі што польскім, было б зусім адыёзна. Праўда, потым далі папярэджаньне арандатару залі.

Польскія музыканты ўспрымаюць такія дзеяньні з боку беларускіх уладаў, міліцыі зьбянтэжана, але з разуменьнем: маўляў, у часы "Салідарнасьці" і ваеннага становішча ў Польшчы таксама такое здаралася. Для беларусаў, для беларускіх палякаў гэта суцяшэньне слабое. Бо жывем у іншы час, але ў Беларусі мала што зьмянілася. З аднаго боку, канечне, існуюць строгія правілы: не далі ўлады залю, як у выпадку з "Lombard", значыцца няма сэнсу і рабіць канцэрт, бо яго прызнаюць "несанкцыянаваным". З другога, улады павінны быць задаволеныя, што нехта яшчэ хоча арганізаваць і хтосьці з замежных музыкантаў яшчэ згаджаецца выступіць у нас.

Але рэчаіснасьць такая, што ўлады ўсё робяць самі: у тым ліку запрашаюць тых музыкантаў, якія ім падабаюцца, напрыклад, на "Славянскі базар", іншыя ініцыятывы не вітаюцца. Другі момант: падзел сьпевакоў, музыкантаў, на сваіх і не сваіх, на добранадзейных і не зусім. Адзін сталічны рок-гурт, які выступаў нядаўна ў Горадні, значна часьцей выступае ў Польшчы, чым у Беларусі. Хлопцы нам прызналіся: там гэта значна лягчэй рабіць, толькі заплаці падатак і дзейнічай свабодна. У РБ усё інакш: усе дзьверы расчынены толькі для папсовай тусоўкі, што выступае на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах, для іх і арганізацыйнае і падатковае спрыяньне, для астатніх — як для таго ж "Lombard", які сьпяваў у Горадні пра тое, што "Муры зруйнуюцца і пахаваюць стары сьвет", а заклік у песьні гучаў —зламаць краты і разарваць кайданы.

Алесь Кавалёў

09.06.2008

Аўгустоўскі канал становіцца кінапляцоўкай

Турысты тут рэдкасьць, затое адбыліся здымкі чарговага сэрыялу. Цяпер пра памежнікаў. Чакаць праўды пра 41-ы зноў не даводзіцца.

Усё часьцей у Горадні і на Нёмане здымаюць кіно, але не зьвязанае, як правіла, з рэальнымі падзеямі, што адбываліся ў гэтай мясцовасьці.  І расейскія кінематаграфісты быццам прачыталі нашую публікацыю, бо на Аўгустоўскім канале прайшлі здымкі новага дванаццацісэрыйнага фільму з папярэдняй назвай "Застава Жыліна".

Мы пісалі, што на канале спрабавалі абараняцца палякі яшчэ ў верасьні 1939-га, а 22 чэрвеня 1941-га ў драматычнай сытуацыі тут апынуліся савецкія памежнікі. У 1944 годзе водная артэрыя падзяляла савецкія і нямецкія пазыцыі – пра тыя падзеі нават напісана дакумэнтальная аповесьць.

Апошнім часам Горадня актыўна аспрэчвае ў Берасьця ляўры подзьвіга памежнікаў у 41-м. Самы вялікі помнік ім паставілі якраз у горадзе над Нёманам: гэта бронзавыя постаці салдат і цэлы лес памежных слупоў з савецкім гербам. Пікантнасьць манумэнта ў тым, што ён прысьвечаны ўсім памежным заставам заходняга накірунку, якія былі створаныя перад вайной зь немцамі, а іх большасьць знаходзілася на цяперашняй тэрыторыі Рэспублікі Польшча, частку якой далучылі тады да СССР у якасьці Беластоцкай вобласьці. Між іншым, у траўні беларускія гледачы ўбачылі ўжо гатовы расейскі сэрыял пра чэрвень 1941-га і героя-памежніка, які, апынуўшыся ў тыле, змагаўся зь немцамі.  У гэтым разе стваральнікі фільму якраз і мелі на ўвазе цяперашнюю польскую тэрыторыю, дзе стаялі тады савецкія заставы.

І хаця ў Беларусі толькі што афіцыйна адзначылі 90-годзьдзе памежнай службы, рэальна заўсёды сьвяткаваньне прымяркоўваюць да падзеяў пачатку апошняй вайны. Прычым 22 чэрвеня ў Горадні каля помніку памежнікам адзначаецца больш маштабна, чымсьці ўгодкі самой службы. Праўда, і цяпер 22-га ўсё будзе адбывацца ў традыцыйным савецкім стылі. Ніхто сёньня не спрабуе задумацца над шэрагам сапраўдных прычынаў, празь якія памежнікі ня мелі шанцаў і амаль усе загінулі, спрабуючы стрымаць нямецкую бронетэхніку са стралковай зброяй у руках. Ясна, што фашысцкая Нямеччына нечакана напала на Савецкі Саюз. Але ж ня менш важна й тое, што заставы былі кінутыя Чырвонай арміяй, якая ня здолела ўтрымацца ў памежных раёнах, дзе ствараліся абарончыя ўмацаваньні.

Адметна і тое, што асабліва ў Польшчы пад Ломжай, Аўгустовам, Сувалкамі савецкія памежнікі былі цалкам чужымі для мясцовага насельніцтва. На гэта, дарэчы, зьвяртае ўвагу гарадзенскі гісторык, доктар навук Алесь Смалянчук. Ён кажа, што людзі іх не падтрымлівалі, і ня толькі таму, што яны былі савецкімі, але й таму, што памежныя войскі выконвалі таксама рэпрэсыўныя функцыі, удзельнічалі ў дэпартацыях мясцовага насельніцтва. Нічога дзіўнага: як добра вядома, гэтыя войскі належалі тады НКВД і падначальваліся самому Берыі.

Алесь Кавалёў

06.06.2008

Сапраўдны кошт беларускага сьцяга

Трыманьне ў руках аднаго сьцяга абышлося двум гарадзенцам у 1300 даляраў.

Юры Істомін і Віктар Сазонаў былі падрыхтаваныя да "адсідкі", калі прыйшлі 5 чэрвеня ў суд Ленінскага раёну Горадні. Першы кіруе абласной арганізацыяй АГП, другі – такой жа структурай БСДГ. На іх ня першы раз складаюць пратаколы, таму яны добра ведаюць, што суд бывае хуткім і сканчаецца нярэдка арыштам. Аднак абодвух пакаралі штрафамі. І немалымі: 50 "мінімалак" выпісалі Істоміну і 30 – Сазонаву.

Прысуд быў за "актыўны ўдзел у масавым несанкцыянаваным" канцэрце польскага гурту "Ломбард", які прайшоў пад адкрытым гарадзенскім небам. На яго сабралася некалькі соцень чалавек. Людзі трымалі польскія сьцягі. Некалькі сьмелых выцягнулі і бел-чырвона-белыя. Доказамі віны Істоміна ды Сазонава сталі фотаздымкі міліцыі, якія запісвалі мерапрыемства на відэа.

Трэба адзначыць, што польскія музыкі далі "канцэрт салідарнасьці" зь мясцовымі палякамі. Рок-гурт "Ломбард" быў вельмі папулярны сярод гарадзенскай моладзі ў 1980-х гадах.

Між іншым, на канцэрце "Ломбарду" быў і відэашэраг: на экране зьмяняліся дакумэнтальныя кадры – часы "Салідарнасьці" і вайсковага становішча ў Польшчы. Паліцыянты разганяюць дэманстрацыі, лупцуюць гумовымі палкамі людзей, затым паказвалі, як руйнуюць Бэрлінскую сьцяну і гэтак далей. Прысутная публіка прымала гэта блізка да сэрца. Да сёння ў Беларусі прыйсьці на канцэрт – ў пэўным сэнсе грамадскі ўчынак.

Алесь Кавалёў

05.06.2008

Знаёмцеся з навінкай: "Гарадзенскі гадавік"

Выйшаў першы нумар новага гістарычнага выданьня, якое фінансуе польскі бок.

"Гарадзенскі гадавік" ("Rocznik grodzienski") – часопіс зь пэрыядачынасьцю выхаду раз на год, у ім 196 старонак на глянцавай паперы ў цьвёрдай вокладцы. На наступным тыдні чакаецца яго прэзэнтацыя, якая мае адбыцца ў Генэральным консульстве Польшчы ў Горадні. Яго пачала выдаваць грамадзкая арганізацыя "Польска мацеж школьна".

Галоўны рэдактар Войцах Шэўчак зазначае, што задумай першага нумару было закрануць "тыя тэмы, якія лучаць, а не падзяляюць палякаў і беларусаў". Стваральнікі хочуць, каб польскі чытач пазнаёміўся зь беларускім поглядам на мясцовую гісторыю, а беларусы – зь дзеямі Гарадзеншчыны, "убачанымі вачыма палякаў". Нарэшце рэдактар падкрэсьлівае, што ў гадавіку ня будуць пазьбягаць складаных тэмаў.

Адкрывае нумар дасьледаваньне гісторыка Іны Соркінай "Мястэчкі Гарадзенскага павету ў ХІХ-напачатку ХХ стагодзьдзяў". Хаця насамрэч яна сягае глыбей у гісторыю, напрыклад, гаворачы пра першыя пісьмовыя ўзгадкі: вядомыя мястэчкі — Азёры, Воўпу, Індуру, Лунна, якія сёньня лічацца вёскамі. Дасьледчыца выкарыстоўвае зьвесткі перапісаў: дзе і колькі пражывала габрэяў, беларусаў, палякаў. Цікава, што некалі і ў Лунне, і ў суседніх Мастах – цяперашнім райцэнтры – была аднолькавая лічба насельніцтва. З артыкула можна даведацца пра тое, колькі людзей наведвалі касьцёл, царкву ці сінагогу.

Іна Соркіна піша пра вядомыя кнігазборы і бібліятэкі, што існавалі ў мястэчках, але ад якіх мала што захавалася. Яна цытуе паведамленьні зь месцаў, якія друкавала дарэвалюцыйная "Наша Ніва". Пэўная ўвага прысьвечаная габрэйскаму насельніцтву. У якасьці падсумаваньня прыведзеныя словы польскага дасьледчыка Пятра Эбэрхарда, які зазначыў, што ў мястэчках стваралася "непаўтаральныя атмасфэра і фальклёр", дзякуючы суплёту трох культураў і рэлігій.

Сярод іншых публікацый можна адзначыць, напрыклад, аповеды пра каралеўскага старасту Антонія Тызэнгаўза – гарадзенскага рэфарматара канца 18 стагодзьдзя і пра польскае падпольле ў Горадні ў 1939-41 гадах.

Новае выданьне амаль цалкам польскамоўнае, ёсьць адзін артыкул на расейскай мове і адзін на беларускай. Зьмешчана мноства ілюстрацый –выявы старых гарадзенскіх паштовак з калекцыі маладога гісторыка Янкі Лялевіча і каляровыя здымкі са старых каталіцкіх могілак Горадні, дзе, між іншым, пахаваная вядомая польская пісьменьніца Эліза Ажэшка.

Алесь Кавалёў

05.06.2008

Горадню ліхаманкава рамантуюць: чакаюць Лукашэнку

А яшчэ 13-15 чэрвеня тут адбудзецца агульнабеларускі фэст нацыянальных культураў. А вось ці заплацяць своечасова за працу будаўнікам – невядома.

Праўда, людзі актыўна абмяркоўваць іншую меркаваную падзею – 10-га горад можа наведаць сам прэзыдэнт, якога даўно ня бачылі. Так ці інакш, будаўніча-рамонтная ліхаманка папросту назаляе вочы, дастаўляе шмат нязручнасьцяў гараджанам.

Але трэба быць справядлівымі: шмат у чым вуліцы й плошчы робяцца лепшымі, больш прэзэнтабэльнымі, утульнымі. Напрыклад, хрушчоўку ў форме вугла, дзе музычнае вучылішча, я папросту не пазнаў: стары шыфэр замянілі мэталадахоўкай, а белыя цагляныя сьцены патынкавалі, зрабілі сьціплы дэкор і няблага пафарбавалі, карацей – "неба і зямля". А, дарэчы, у вучылішчы калісьці займаўся славуты потым Чэслаў Немэн. Цераз вуліцу ад вучэльні амаль пабудаваная камяніца зь вежай.

Праблема толькі ў тым, што дваццаць гадоў таму гістарычная забудова Горадні абвешчаная помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэньня. Аднак улады на гэта сёньня зважаюць, толькі калі ім самім захочацца.

Канкрэтны прыклад: на вул. Ажэшкі, 1 захаваўся палац князёў Масальскіх 18-га стагодзьдзя. Ён стаіць побач з аблвыканкамаўскімі будынкамі, але ўвагі на яго доўга не зьвярталі, і выглядаў ён даволі шпэтна. Сёньня за яго таксама рэзка ўзяліся — шыфэр замянілі на мэталадахоўку, уставілі белыя плястыкавыя вокны, а ўсё гэта недапушчальна адносна такога помніка.

Далей – рог камяніцы – адзін з самых цікавых у горадзе, на другім паверсе быў балькон, цяпер страчаны. Дык вось: замест таго, каб аднавіць яго, што ня так дорага, палову бальконных дзьвярэй заклалі блёкамі, а зьверху паставілі звычайнае плястыкавае вакно. Гэта называецца "рэстаўрацыяй па-гарадзенску".

Архітэктары вельмі нэрвова рэагуюць на тыя рэчы, якіх звычайныя абывацелі могуць не заўважаць. Але ўсім кідаецца у вочы. Напрыклад, у пешаходнай зоне паклалі шыкоўныя гранітныя тратуары, а цяпер рамантуюць дамы, у выніку і цэмэнтам засыпаны граніт і саляркай заліты.

Ня менш адыёзна выглядае фінансавы бок справы. Адзін чыноўнік нам прызнаўся, што рамонт гораду і адначасовая вельмі дарагая перабудова Старога мосту цераз Нёман прыводзяць да цяжкасьцяў з выплатай адпускных грошай тым жа настаўнікам, ды іншым. А адзін архітэктар расказаў, што ў горадзе практыкуецца такі мэтад: на рамонтныя працы наймаецца мноства новых рабочых, за найменшы хіб іх звальняюць, не заўжды выплочваючы ўсе грошы, і набіраюць адразу іншых. Пры мне група рабочых спрачалася, ці пагаджацца працаваць у нядзелю? Старэйшы выказаў аргумэнт: не пагодзімся мы, "прыгоняць іншых", а мы бяз працы можам застацца.

З будаўнічымі арганізацыямі, як вядома, пасьля такіх аўральных рамонтаў, часта не разьлічваюцца, і гэта агульная практыка для гарадоў, якія рыхтуюць да юбілеяў ці "дажынак". Той жа гарадзенскі архітэктар нам сказаў, што вядомай будаўнічай фірме пасьля рэканструкцыі плошчы Савецкай у 2006 годзе (між іншым, таксама да фэсту нацкультураў) прынамсі паўгады ўлады затрымлівалі грошы. І нават калі ўсё ж некалі заплацілі, грошы "страцілі ў вазе", дый людзям не было на што жыць папросту. А сёньня гэтая фірма зноўку задзейнічаная ў цэнтры гораду, канстатаваў наш знаёмы архітэктар.

Алесь Кавалёў

03.06.2008

Мікалая Аўтуховіча маглі арыштаваць?

Пратакол на палітвязьня 30 траўня разглядаўся ў ваўкавыскім судзе. Цяжка разабрацца: сам ён зрабіў неасьцярожны крок, ці супраць яго нешта задумвалі?

Ва ўсякім разе, ён ледзь не нашкодзіў сабе, калі рэзка паразмаўляў з адным сваім калегам-шафёрам таксоўкі, бо той напісаў заяву ў суд: маўляў, Аўтуховіч ня толькі накрычаў на яго, але таксама "пабіў".

Напачатку году палітвязень Аўтуховіч дачакаўся зьмякчэньня пакараньня: ён вярнуўся зь менскай калёніі N1 дахаты ў Ваўкавыск, дзе знаходзіцца на рэжымных умовах, але жыве дома і працуе ў таксафірме. Раз няма парушэньняў рэжыму, наступны этап — гэтак званае "умоўна-датэрміновае вызваленьне", на якое атрымаў права ў траўні. Але тут раптам адміністрацыйны пратакол аб дробным хуліганстве.

Спадар Аўтуховіч прызнаўся нам, што кіроўца, зь якім узьнікла спрэчка, працаваў на таксоўцы ў розныя дні ў розных фірмах. Аднойчы ён ня выйшаў на працу, сказаўшы, што затрымаецца, а сам сеў у таксоўку іншай фірмы. Аўтуховіч як брыгадзір кіроўцаў у сваёй фірме "Ніка-таксі", убачыў таго на вакзале і забраў ключы ад машыны… "А з гэтага разьдзьмулі, што я хуліган, што пабіў яго".

Сярод канкурэнтаў ёсьць людзі, якія зацікаўленыя, каб палітвязень зноўку апынуўся за кратамі, прызнаўся ён, яны навучылі пакрыўжданага кіроўцу як пайсьці зьняць нібыта "пабоі" – нацёрлі наждачкай грудзі, маўляў, быў удар, кажа Аўтуховіч. Пасьля той таксовец прызнаўся прыхільнікам Аўтуховіча, што яму гэта параілі зрабіць.

Як там ні было, а ў судзе, выслухаўшы сьведкаў і высьветліўшы абставіны здарэньня, заяўніку прапанавалі напісаць паперу, каб палітвязьня не прыцягвалі да адказнасьці. Паколькі кіроўца сам прызнаўся, што ня хоча, каб Аўтуховіча каралі насамрэч, бо здарэньне ў рэшце рэшт было досыць нязначным. Карацей кажучы, бакі знайшлі ў судзе пэўны кампраміс, з палёгкай прызнаўся Мікалай Аўтуховіч.

Дарэчы, тэрмін ягонага судовага пакараньня закончыцца поўнасьцю праз адзін месяц і тыдзень. А пасадзілі Аўтуховіча на тры з паловай гады, паколькі ён ажыцьцяўляў у Ваўкавыску пасажырскія перавозкі не рэгіструючы фірмы таксі, а дзейнічаў па-старому – як прыватны прадпрымальнік. Гэта суд палічыў злачынствам, назваўшы нелегальным прадпрымальніцтвам.

Алесь Кавалёў

02.06.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: