Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prynyamonne Гродна Прынямоньне № 7, ліпень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прынямоньне № 7, ліпень

Былы палітвязень зьбіраецца балятавацца

У Горадні пачаўся збор подпісаў за Аляксандра Васільева, які разам з Валерыем Леванеўскім адбываў тэрмін за "публічную абразу прэзыдэнта".

Аляксандар Васільеў хоча вылучацца ў 49-й Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе, дзе сам і жыве. Пакуль што адзінай непрыемнасьцю, дый тое часовай, стала адмова акрэдытаваць яго дачку Яўгенію ў якасьці назіральніцы ў акруговай камісіі. Старшыня камісіі паведаміў яе членам, што Яўгенія сабрала подпісы за сваё вылучэньне, але не пазначыла год нараджэньня падпісантаў. Выслухалі яны Хлябіча і прагаласавалі супраць дачкі былога палітвязьня.

Тады спадар Васільеў патэлефанаваў ў Цэнтральную выбарчую камісію. Там яму сказалі, што старшыня 49-й акруговай мусіць больш уважліва чытаць тэкст пастановы ЦВК – у ёй пра дадзеныя аб нараджэньні выбаршчыкаў, што паставілі свае подпісы, мовы няма. Пасьля гэтага спадар Хлябіч пазваніў Васільевым і паведаміў, што Яўгенія (атрымліваецца, што "заднім чыслом"!) прызнаная назіральніцай у акруговай камісіі.

Атрымліваецца, што старшыня акруговай камісіі не зусім дасведчаны, хоць і не першы год прызначаецца яе ўзначальваць. На мінулых парлямэнцкіх выбарах у 2004 годзе ён таксама кіраваў гэтай жа камісіяй. Ён зьяўляецца таксама дырэктарам самага вялікага гарадзенскага кінатэатру "Кастрычнік", дзе традыцыйна і знаходзіцца 49-я акруговая.

Дарэчы, спадар Хлябіч ведае Васільева некалькі гадоў. У 2004-м былы палітвязень таксама ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, але дайсьці да выбарчага марафону яму не ўдалося. Тады яго пасадзілі разам з паплечнікам па прадпрымальніцкаму руху – Валерыем Леванеўскім па абвінавачаньні ў публічнай абразе, нанесенай імі прэзыдэнту Лукашэнку. Леванеўскі таксама хацеў балятавацца, у іншай гарадзенскай акрузе, але яго трымалі падчас сьледзтва і суду за кратамі, таму ён ніяк ня мог кіраваць сваёй ініцыятыўнай групай. Між іншым, абедзьвюм групам напачатку адмовілі ў рэгістрацыі, таму яны страцілі час, патрэбны на збор подпісаў.

Аляксандар Васільеў тым часам быў на свабодзе і мог займацца выбарчай кампаніяй, яго ўзялі пад варту ў залі, дзе адбываўся працэс, толькі ў апошні дзень, пасьля таго як быў зачытаны прысуд: два гады зьняволеньня кожнаму з абвінавачаных.

16 верасьня 2004 году акруговая выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі Аляксандру Васільеву, які ўжо знаходзіўся за кратамі. Да заканчэньня суду ён пасьпеў здаць 1101 подпіс выбаршчыкаў. 20,3% подпісаў за яго былі прызнаны няправільна аформленымі. За Леванеўскага і адной тысячы подпісаў сабраць не ўдалося.

У 49-й Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе сёньня зборам подпісаў займаюцца яшчэ чатыры ініцыятыўныя групы.

Алесь Кавалёў

30.07.2008

Скульптура Гараднічанкі дастаўленая ў Горадню

Пакуль вырашаецца пытанне аб яе ўсталяванні, аўтар скульптуры паўдзельнічаў у незвычайным пленэры саляных фігур у Літве.

Бронзавая жаночая скульптура выканана Уладзімірам Панцялеевым. Скульптура Гараднічанкі паставяць з нагоды 880-годзьдзя гораду у старым парку імя Жылібэра на беразе Гараднічанкі. Жыхары традыцыйна лічаць яе рачулкай, хаця ў даведках яна называецца ручаём. Яго даўжыня чатыры з паловай кілямэтры. У месцы ўпадзеньня Гараднічанкі ў Нёман 1128 гадоў таму ўзьнікла Горадня.

Пакуль улады вырашаюць, калі можна будзе паставіць Гараднічанку, Уладзімір Панцялееў накіраваўся ў суседнія Друскенікі, што ў Літве. Там праводзіцца незвычайны скульптурны пленэр, на якім ён прадстаўляе Беларусь. Усе фігуры ўдзельнікі вырабляюць з саляных блёкаў, выкарыстоўваючы малаткі, сякеркі, пілы-балгаркі. Гарадзенскі майстар ехаў у Літву, маючы некалькі задумаў, але пачаць вырашыў з салянога кактуса.

Гаспадары выставілі на вуліцы на агляд публікі скульптуры, зробленыя на ранейшых пленэрах. Але як толькі пачаўся дробны дожджык, на іх надзелі плястыкавыя мяшкі. Адпачыньнікі маглі назіраць за працай майстроў. Прычым ім здавалася, што тыя апрацоўваюць сьветлы мармур, думка пра спрэсаваную соль нікому да галавы не прыходзіла.

У суботу 26 ліпеня намячаецца закрыцьцё пленэру. Публіку чакаюць сюрпрызы. Напрыклад сярод удзельнікаў, апроч скульптараў, ёсьць кампазытар, які мае напісаць "саляны музычны твор". Летась, напрыклад, як расказалі арганізатары, яны зрабілі шоў з "саляным майстрам". Аднаго з удзельнікаў абклалі салянымі брыкетамі і зьверху пасыпалі сольлю. Праўда, ён паскардзіўся, што яму было цяжкавата дыхаць, таму сёлета сцэнар зьменяць.

У друскеніцкім музэі, што ў старой камяніцы зь вежачкай на беразе возера, цяпер выстава калекцыі спэцыяльных шклянак для піцьця мінэральнай вады. Як сказаў дырэктар музэю, аказалася, што такую калекцыю прыдумаў сабраць адзін жыхар Латвіі, сёньня яе могуць убачыць адпачыньнікі, што прыехалі на друскеніцкія мінэральныя воды. У ёй ёсьць і друскеніцкія шкляначкі, і каўкаскія, і польскія, вельмі многа з Карлавых-Вараў розных часоў.

Дарэчы, апошнім часам у горадзе складаецца традыцыя: пачатак сэзону адзначаюць карнавальным шэсьцем, у якім удзельнічаюць і мясцовыя пажарнікі, і паліцыя.

Алесь Кавалёў

25.07.2008

Ад Ажэшкі да польскіх жаўнераў

На Мастоўшчыне ў трох вёсках успомнілі тых, каго ўжо няма.

У мінулыя выхадныя ў розных мясьцінах раёну адбыліся мерапрыемствы мэмарыяльнага характару. У вёсцы Мількаўшчына на Нёмане ўспаміналі пра польскую пісьменьніцу Элізу Ажэшку, якая некалі любіла бываць тут і апісала гэтую мясцовасьць, у прыватнасьці, суседнія Багатыровічы ў сваім рамане "Над Нёманам".

Праўда, як патлумачылі нам у рэдакцыі газэты "Глос з-над Немна", сьвята пісьменьніцы праходзіла 17-ы раз, але ўпершыню ўдзельнікі толькі заехалі на Нёман, а потым накіраваліся ў вясковы дом культуры ў Глядавічы, паколькі надвор’е было дажджыстым. На сцэне выступілі вясковыя гурты, гучалі песьні на беларускай, рускай і польскай мовах. Зь Беластоку прыехалі прадстаўнікі унівэрсытэцкай катэдры гісторыі. Але мерапрыемства было нешматлюдным, патлумачылі нам.

Трэба сказаць, што праводзілі яго мастоўскія ўлады і афіцыйны Саюз палякаў на чале з Юзафам Лучнікам. Адзін зь кіраўнікоў неафіцыйнага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс нам патлумачыў, што раней менавіта яны праводзілі гэтае сьвята, але цяпер у ім ня ўдзельнічаюць. Паміж вёскамі Міневічы і Багатыровічы над Нёмнам невялікая адлегласьць, там ёсьць лава, на якой любіла сядзець Эліза Ажэшка. А ля Багатыровічаў захаваліся два камені, паводле мясцовых жыхароў, гэта магілы Яна і Цэцыліі, паданьне аб якіх яна выкарыстала ў сваім рамане.

Таксама на Нёмане – у іншай вёсцы – Масты Левыя адбылося мерапрыемства неафіцыйнае. Грамадзкія актывісты і краязнаўцы паставілі на месца камень з памятнай шыльдай, прысьвечанай жаўнерам Войска Польскага, якія 23 ліпеня 1920 году не давалі чырвонаармейскім аддзелам, што наступалі на Варшаву, пераправіцца цераз раку. Сьціплы помнік быў разбураны пасьля 17 верасьня 1939 году, нядаўна яго ўдалося знайсьці.

Людзей на мерапрыемстве было зусім няшмат. Высьветлілася, што частка актывістаў адмовілася прыйсьці. Яны патлумачылі, што ў нас дагэтуль няма помнікаў менавіта беларускім героям, тым часам Войска Польскае змагалася за незалежнасьць Польшчы, у якой для беларусаў нічога не было зроблена. Мы пацікавіліся што пра гэта думае Язэп Палубятка, які ініцыяваў аднаўленьне помніка.

– Я ім тлумачыў, што ў польскім войску ваявала таксама беларуска-літоўская дывізія генэрала Жалігоўскага і Булак-Булаховіч, расейскія аддзелы, а мэта была адна — змаганьне з бальшавікамі, кажа Язэп Палубятка. – І разьбіраць сёньня, хто тут ляжыць – палякі ці беларусы, ці яшчэ нехта, на мой погляд, некарэктна, таму што яны змагаліся за свабоду.

У нядзелю ў вёсцы Княжаводцы Мастоўскага раёну, што таксама побач зь Нёманам, успаміналі мясцовых жыхароў, якія загінулі 23 ліпеня 1943 году. У гэты дзень фашысты расстралялі сотні людзеў з Княжаводцаў і навакольных хутароў.

Алесь Кавалёў

22.07.2008

Ад "абаронцаў Каложы" да савецкіх памежнікаў

У Горадні чатыры дні будуць адзначаць 64-годзьдзе вызваленьня ад нямецкіх войскаў.

Звычайны, у савецкіх традыцыях, мітынг каля вечнага агню ў гарадзкім парку атрымаў і новыя рысы. На ім гаварылася пра гродзенскі патрыятызм, пра любоў да старажытнага горада, пра гістарычныя карані. Пачаў рэй старшыня аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка, які пасьля слоў пра вэтэранаў, зазначыў, што "горад добраўпарадкоўваецца, вядзецца рэканструкцыя старога гістарычнага цэнтру, канешне, працы тут шмат".

Адзін з тых, хто вызваляў горад ад фашысцкіх войскаў 16 ліпеня 1944 году, Аляксандар Рашэтнік сказаў на мітынгу, што байцы стараліся не нанесьці шкоды "архітэктурным помнікам нашага гораду". Адчувалася, што гэты чалавек – патрыёт сваёго гораду: "Праслаўляйце Горадню на ўвесь сьвет", – сказаў пры канцы вэтэран, зьвяртаючыся да землякоў.

Нечакана, нават эклектычна прагучаў "Наказ ад абаронцаў Каложы", ад іхніх жонак, якія "мужна змагаліся нароўні з мужамі" і "ад памежнікаў, што да аднаго леглі ў гарадзенскую зямлю першымі і затрымалі навалу фашыстаў". Бо раней, як вядома, абаранялі пераважна гарадзенскі замак, які многа разоў штурмавалі крыжакі, невялікая царква не была падобнай да яго цытадэльлю. Да таго ж, пасьля "абаронцаў Каложы" яшчэ не аднойчы гарадзенцам давялося бараніцца, напрыклад, ад тых жа маскоўскіх войскаў, ды перш чым бой прынялі памежнікі.

"Беражыце наш горад, захоўвайце яго традыцыі, услаўляйце яго, любіце нашу Горадню!" – такімі словамі заканчваўся зварот-наказ. Затым гаварылася, што сёлета ў горадзе будзе адзначацца 880-годзьдзе, гучалі вершы на беларускай мове: "І для цябе, Гародня, будзем жыць!" І нават песьня, у якой былі такія словы: "Вольныя славяне, беларусы, з гэтых пачыналіся мясьцін…" Так што гарадзенцы ад такога сьпеву маглі нават заганарыцца.

Сьвяткаваньне закончыцца толькі ў суботу 19 ліпеня салютам. Менавіта ў гэты дзень немцаў выгналі з занёманскай часткі, бо адразу фарсіраваць Нёман не было магчымасьці. Канчатковым днём вызваленьня ў энцыкляпэдыях, аднак, лічыцца 24 ліпеня, калі ад немцаў ачысьцілі і Гарадзенскі раён.

Алесь Кавалёў

17.07.2008

А кантрабандай дзяліцца будзем?

Гарадзенскія мытнікі затрымалі на польска-беларускай мяжы нелегальны тавар на рэкордную суму.

У трэйлеры, якім кіраваў грамадзянін Расеі, было знойдзена незадэкляраваных дарагіх жаночых строяў і абутку амаль на адзін мільярд рублёў. Цікава, ці будуць нашы мытнікі дзяліцца здабычай з расейскімі калегамі?

Чаму паўстала такое пытаньне? Апошнім часам можна прачытаць у прэсе, што дзьве краіны – Беларусь і Расея "маюць адну мяжу", што беларуска-польская – гэта таксама і расейска-польская мяжа. Газэты пішуць таксама, што памежныя кантрольныя пункты, якія існуюць і дзейнічаюць на мяжы Беларусі з Расеяй, будуць скасаваныя вельмі хутка. Ну, а ўвесь кантроль – мытны і памежны будзе быццам бы ажыцьцяўляцца, напрыклад, на тым жа КПП "Брузгі-Кузьніца Беластоцкая". Праўда, калі канкрэтна гэта здарыцца – ніхто не паведамляе і даты не называе, нават прыблізнай.

Той, хто чытае газэты рэгулярна, ведае, што такія заявы друкуюцца там ня першы раз. Гэта звычайна адбываецца пасьля таго, як у Горадні чарговым разам пройдзе супольнае паседжаньне якой-небудзь камісіі парлямэнцкага сходу "саюзнай дзяржавы". Нядаўна зноў такое адбылося. Дэпутаты нават тыя ж Брузгі наведалі. Камусьці вельмі хочацца, каб на мяжы Расеі і Беларусі не існавала ніякага кантролю. Пэўным колам можа гэта і будзе выгодна. Але ж на падобныя граблі расейскія ўлады ўжо наступалі. У расейскіх мэдыях і раней былі паведамленьні пра тое, колькі на кантрабандзе праз мяжу зь Беларусьсю, якая не ахоўвалася, траціць расейскі бюджэт. Менавіта тады пад традыцыйныя газэтныя загалоўкі "дзьве краіны – адна мяжа" (мелася на ўвазе – заходняя мяжа Беларусі) расейскія ўлады зрабілі адваротнае – увялі кантроль на мяжы зь Беларусьсю. Увялі, ясна, ня дзеля таго, каб яе скасаваць.

Да слова, тады беларускія мытнікі папросту лютавалі. На мяжы за год канфіскоўваліся сотні машын – і легкавых, і трэйлераў з таварам, у тым ліку якія належалі грамадзянам Расеі. Памятаю, як некалькі гадоў таму на сходзе гарадзенскіх мытнікаў прадстаўнік расейскай мытні папросту біў у званы з гэтай нагоды. Беларуская мяжа стала тады малапрывабнай для перавозчыкаў. Польскія дыпляматы, што працавалі ў Беларусі, дарэчы, вымушана займаліся адукаваньнем польскіх перавозчыкаў, якія таксама мелі вялікія страты. Ім тлумачылі, што згодна зь беларускім заканадаўствам за лішнюю пляшку піва, калі вы вязеце цэлы трэйлер, у вас хутка могуць сканфіскаваць і машыну, і тавар. Мяркуючы па ўсім, канфіскат быў вельмі патрэбны беларускаму бюджэту і з расейцамі ім дзяліцца не зьбіраліся. Трэба думаць, не зьбіраюцца і зараз.

Алесь Кавалёў

11.07.2008

Замест млына — літоўскае консульства?

На месцы зруйнаванага гмаха ў Горадні будзе дыпляматычнае прадстаўніцтва

Стала вядома, што гарадзенскія ўлады канчаткова выдзялілі зямельны пляц для будаўніцтва Генэральнага консульства Літоўскай Рэспублікі. У цяперашні час яно месьціцца на першым паверсе жылога дому па вуліцы Горкага.

Пляцоўку ў гістарычнай забудове ў трохкутніку паміж вуліцамі Міхася Васілька, генэрала Паўлоўскага і бальшавіка Кірава нядаўна цалкам ачысьцілі ад будынкаў гаспадарчага прызначэньня. Атрымаўся досыць вялікі па плошчы зямельны ўчастак. Летась  на гэтым месцы яшчэ стаяў былы паравы млын царскіх часоў. Некалькі гадоў ён зусім не выкарыстоўваўся, паколькі будынак быў у нездавальняючым стане. У час леташняй грамадзкай кампаніі па абароне камяніц, якія ўлады вырашылі разбурыць, ля млына праводзілі акцыі студэнты, іх затрымлівала міліцыя. Падчас мастацкага пленэру напаўразбураны гмах намаляваў вядомы мастак Алесь Пушкін.

У мэдыі трапілі зьвесткі, што тэрыторыю млына прасіў літоўскі бок, каб пабудаваць на ёй консульства. Тым ня менш, яшчэ зусім нядаўна паведамлялася, што віленскія ўлады не задаволеныя тым, што пляцоўка на вул. М.Васілька дагэтуль канчаткова ня выдзелена для гэтай мэты.

Трэба сказаць, што млынавы гмах быў сапраўды лядашчым. Рэканструяваць яго было б надзвычай праблематычна. Некалькі разоў будынак выстаўлялі на продаж. Толькі аднойчы адна берасьцейская фірма вырашыла яго выкупіць, але пазнаёміўшыся зь яго станам, адразу адмовілася. На тэрыторыі млына адно зьнялі сэрыял пра "СМЕРШ" расейскія кінематаграфісты, учыніўшы там вялікі бой са стралянінай і выбухамі. Фільм быў паказаны нядаўна адным зь беларускіх тэлеканалаў.

Што застаецца пажадаць? Каб літоўцы так забудавалі гэты квартал у вельмі прывабным месцы, каб новыя будынкі аздобілі гэтае месца і не супярэчылі старой архітэктуры навокал. Як правіла, ў самой Літве ім гэта звычайна ўдаецца.

Алесь Кавалёў

10.07.2008

Турму — у сьпіс ЮНЕСКО?

Звонку гарадзенскі астрог упрыгожылі. Стары шыфэрны дах аднаго з турэмных гмахаў пафарбавалі — нібы мэдычнай зялёнкай.

Перад гэтым сьцяну, што выходзіць на галоўны Савецкі пляц, рэканструявалі: на суцэльнай белай паверхні зьявіліся квадратныя нішы і нават тры "мастацкай" формы — у выглядзе буйных разетак.

Ствараецца ўражаньне, што некаму вельмі хочацца, каб турма спадабалася прадстаўнікам ЮНЕСКО. Рэч у тым, што па тэлевізары пэрыядычна зьяўляецца некамэрцыйная рэкляма: паказваюць Мірскі замак і Белавескую пушчу. Затым гаворыцца, што сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны могуць папоўніць яшчэ васемнаццаць помнікаў Беларусі, а сярод іх — гарадзенскі езуіцкі касьцёл і "кляшторны комплекс". Адпаведна гледачам паказваюць сам храм і турму побач зь ім.

Так, многа каму вядома, што езуіцкі калегіюм ператварылі ў астрог царскія ўлады. Але трэба думаць, у тыя часы ўсе пабудовы маглі яшчэ быць у больш-менш здавальняючым стане. Напачатку 1900-х гадоў за сьценамі нават быў пабудаваны новы гмах для вязьняў — паводле сучаснага тады аўстрыйскага праекту. Там цяпер сьледчы ізалятар, у якім, дарэчы, у нядаўнія часы сядзелі Павал Шарамет, Валеры Леванеўскі, Мікалай Аўтуховіч.

Хто трапляў на экскурсію ўнутр, ведае які жахлівы стан набыў былы езуіцкі калегіюм за гады савецкай і цяперашняй улады. Трэба сказаць, што гарадзенцы, якія ведаюць і любяць гісторыю свайго гораду, папросту мараць, каб вязьняў, наглядчыкаў, ахоўнікаў выселілі куды-небудзь. Пра гэта дбаў калісьці і Аляксандар Мілінкевіч, што займаўся культурнымі пытаньнямі на пасадзе намесьніка старшыні гарвыканкаму. З урадам у 1994 годзе было вырашана, што турму пабудуюць на гарадзкой ускрайне. За прадпрыемствам "Хімвалакно" была нават выдзелена пляцоўка.

Аднак мінула чатырнаццаць гадоў, а турма па-ранейшаму займае вялікі квартал у гістарычнай забудове, у самых турыстычных месцах. Пад яе сьцяной сёньня аўтастаянка. У апошнія дні там спыняліся вясельныя картэжы, маладыя з гасьцямі чакалі сваёй чаргі, каб вянчацца ў касьцёле. А з-за сьцяны, з турэмнага даху, устурбаваныя людзкімі галасамі, безупынна брахалі аўчаркі, ствараючы зусім не сьвяточны настрой удзельнікам вясельляў.

Ніхто ня супраць, каб езуіцкі калегіюм сапраўды калі-небудзь залічылі ў сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны. Аднак для гэтага патрэбна зьліквідаваць "спэцустанову", адмыць, адчысьціць камэры, правесьці грунтоўную рэстаўрацыю, а не спрабаваць на хуткую руку падсунуць замежным экспэртам па архітэктуры “цюрагу” з сотнямі зэкаў, большасьць сярод якіх рэцэдывісты.

Алесь Кавалёў

09.07.2008

У Горадні адрэстаўруюць сінагогу

Гарадзенскія габрэі дачакаліся пачатку аднаўленьня фасадаў свайго храма.

Сінагога – адзін з самых вялікіх гістарычных будынкаў у горадзе над Нёманам. На жаль, рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні ў горадзе ўлады закрылі больш за дзесяць гадоў назад. Таму сапраўдных рабочых — майстроў у гэтай галіне няма. Але аднаўленьнем фасадаў у Старым горадзе апошнім часам займаліся некалькі рамонтна-будаўнічых арганізацый, і пэўны досьвед работы існуе. Сінагогай будзе займацца адна зь іх — з дазволу міністэрства культуры і пад наглядам архітэктурна-рэстаўрацыйнага бюро С.Шэйко.

Спробам аднавіць архітэктурнае аблічча сінагогі больш за пятнаццаць гадоў. Напачатку 1990-х, калі Гарадзенскім гарвыканкамам кіраваў Сямён Домаш, а яго намесьнікам па культурнай галіне быў Аляксандар Мілінкевіч, рабіліся захады, каб атрымаць грошы ад габрэяў-былых гарадзенцаў, што жывуць у Ізраіле і ЗША. Тыя паставілі ўмову, каб улады перадалі храм мясцовым габрэям. Гэта было зроблена. Больш за тое, улады ўсталявалі памятны знак на вул. Замкавай – на месцы гета, што існавала ў гады апошняй вайны.

Кіраўнік мясцовай юдэйскай рэлігійнай грамады Барыс Квяткоўскі расказаў нам, што былыя патэнцыйныя спонсары "ухіліліся" і давялося шукаць іншых. Тройчы на тыдзень, а таксама ў сьвяточныя дні ў сінагозе зьбіраюцца на малітву людзі. Іх звычайна няшмат. Як патлумачыў спадар Квяткоўскі, для чытаньня Торы дастаткова дзесяці чалавек. Звычайна прыходзяць чалавек пятнаццаць.

– Людзі ідуць на своеасаблівы подзьвіг. Зімой сінагога не ацяпляецца, у ёй халодна, няўтульна. Нямала сярод іх тых, якія прайшлі вайну, але яны паставілі сабе за мэту, зрабіць усё, каб сінагога была жывой. Для таго, каб яна жыла і дзейнічала, каб можна было яе рамантаваць, трэба даказаць усяму сьвету, што яна жывая, – рапавядае далей спадар Квяткоўскі.

Карацей кажучы, спонсары пагадзіліся даць грошы дзякуючы таму, што храм выкарыстоўваецца. Работы ў пэўным сэнсе будуць "рэстаўрацыйна-дасьледчымі". Рабочыя пачнуць на месцы асвойваць тэхналёгіі аднаўленьня фасаднай часткі будынка. Напрыклад, зь ляпніны, якая захавалася, будуць выконваць формы і шаблёны і, магчыма, рабіць незахаваныя элемэнты асобна, а потым — мацаваць іх на сьценах.

Неафіцыйна лічылася, што сінагога існавала з ХVІ стагодзьдзя, аднак у энцыкляпэдыях яе ўзрост значна меншы — прыблізна каля 150 гадоў. Яна сёньня рэальна мае выгляд, уласьцівы стылю "мадэрн". Барыс Квяткоўскі адназначна мяркуе, што будаўніцтва пачалося ў ХVІ стагодзьдзі і праект рабіў італьянскі майстар. Аднак мастацтвазнаўцы лічаць, што цалкам закончылася яно, напэўна, бліжэй да ХІХ стагодзьдзя. Напачатку ХХ-га сінагога гарэла, пасьля чаго была дабудавана. Дадатковую блытаніцу ўнесла і тое, што па цяперашнім адрасы існавалі яшчэ дзьве сінагогі. Падобна, нават нядаўняя гісторыя архітэктурнага аблічча гораду — не заўсёды добра вядомая. Так ці інакш, рэстаўрацыя сінагогі распачалася.

Алесь Кавалёў

08.07.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: