Ад "абаронцаў Каложы" да савецкіх памежнікаў
У Горадні чатыры дні будуць адзначаць 64-годзьдзе вызваленьня ад нямецкіх войскаў.
Звычайны, у савецкіх традыцыях, мітынг каля вечнага агню ў гарадзкім парку атрымаў і новыя рысы. На ім гаварылася пра гродзенскі патрыятызм, пра любоў да старажытнага горада, пра гістарычныя карані. Пачаў рэй старшыня аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка, які пасьля слоў пра вэтэранаў, зазначыў, што "горад добраўпарадкоўваецца, вядзецца рэканструкцыя старога гістарычнага цэнтру, канешне, працы тут шмат".
Адзін з тых, хто вызваляў горад ад фашысцкіх войскаў 16 ліпеня 1944 году, Аляксандар Рашэтнік сказаў на мітынгу, што байцы стараліся не нанесьці шкоды "архітэктурным помнікам нашага гораду". Адчувалася, што гэты чалавек – патрыёт сваёго гораду: "Праслаўляйце Горадню на ўвесь сьвет", – сказаў пры канцы вэтэран, зьвяртаючыся да землякоў.
Нечакана, нават эклектычна прагучаў "Наказ ад абаронцаў Каложы", ад іхніх жонак, якія "мужна змагаліся нароўні з мужамі" і "ад памежнікаў, што да аднаго леглі ў гарадзенскую зямлю першымі і затрымалі навалу фашыстаў". Бо раней, як вядома, абаранялі пераважна гарадзенскі замак, які многа разоў штурмавалі крыжакі, невялікая царква не была падобнай да яго цытадэльлю. Да таго ж, пасьля "абаронцаў Каложы" яшчэ не аднойчы гарадзенцам давялося бараніцца, напрыклад, ад тых жа маскоўскіх войскаў, ды перш чым бой прынялі памежнікі.
"Беражыце наш горад, захоўвайце яго традыцыі, услаўляйце яго, любіце нашу Горадню!" – такімі словамі заканчваўся зварот-наказ. Затым гаварылася, што сёлета ў горадзе будзе адзначацца 880-годзьдзе, гучалі вершы на беларускай мове: "І для цябе, Гародня, будзем жыць!" І нават песьня, у якой былі такія словы: "Вольныя славяне, беларусы, з гэтых пачыналіся мясьцін…" Так што гарадзенцы ад такога сьпеву маглі нават заганарыцца.
Сьвяткаваньне закончыцца толькі ў суботу 19 ліпеня салютам. Менавіта ў гэты дзень немцаў выгналі з занёманскай часткі, бо адразу фарсіраваць Нёман не было магчымасьці. Канчатковым днём вызваленьня ў энцыкляпэдыях, аднак, лічыцца 24 ліпеня, калі ад немцаў ачысьцілі і Гарадзенскі раён.
Алесь Кавалёў
17.07.2008