Ад Ажэшкі да польскіх жаўнераў
На Мастоўшчыне ў трох вёсках успомнілі тых, каго ўжо няма.
У мінулыя выхадныя ў розных мясьцінах раёну адбыліся мерапрыемствы мэмарыяльнага характару. У вёсцы Мількаўшчына на Нёмане ўспаміналі пра польскую пісьменьніцу Элізу Ажэшку, якая некалі любіла бываць тут і апісала гэтую мясцовасьць, у прыватнасьці, суседнія Багатыровічы ў сваім рамане "Над Нёманам".
Праўда, як патлумачылі нам у рэдакцыі газэты "Глос з-над Немна", сьвята пісьменьніцы праходзіла 17-ы раз, але ўпершыню ўдзельнікі толькі заехалі на Нёман, а потым накіраваліся ў вясковы дом культуры ў Глядавічы, паколькі надвор’е было дажджыстым. На сцэне выступілі вясковыя гурты, гучалі песьні на беларускай, рускай і польскай мовах. Зь Беластоку прыехалі прадстаўнікі унівэрсытэцкай катэдры гісторыі. Але мерапрыемства было нешматлюдным, патлумачылі нам.
Трэба сказаць, што праводзілі яго мастоўскія ўлады і афіцыйны Саюз палякаў на чале з Юзафам Лучнікам. Адзін зь кіраўнікоў неафіцыйнага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс нам патлумачыў, што раней менавіта яны праводзілі гэтае сьвята, але цяпер у ім ня ўдзельнічаюць. Паміж вёскамі Міневічы і Багатыровічы над Нёмнам невялікая адлегласьць, там ёсьць лава, на якой любіла сядзець Эліза Ажэшка. А ля Багатыровічаў захаваліся два камені, паводле мясцовых жыхароў, гэта магілы Яна і Цэцыліі, паданьне аб якіх яна выкарыстала ў сваім рамане.
Таксама на Нёмане – у іншай вёсцы – Масты Левыя адбылося мерапрыемства неафіцыйнае. Грамадзкія актывісты і краязнаўцы паставілі на месца камень з памятнай шыльдай, прысьвечанай жаўнерам Войска Польскага, якія 23 ліпеня 1920 году не давалі чырвонаармейскім аддзелам, што наступалі на Варшаву, пераправіцца цераз раку. Сьціплы помнік быў разбураны пасьля 17 верасьня 1939 году, нядаўна яго ўдалося знайсьці.
Людзей на мерапрыемстве было зусім няшмат. Высьветлілася, што частка актывістаў адмовілася прыйсьці. Яны патлумачылі, што ў нас дагэтуль няма помнікаў менавіта беларускім героям, тым часам Войска Польскае змагалася за незалежнасьць Польшчы, у якой для беларусаў нічога не было зроблена. Мы пацікавіліся што пра гэта думае Язэп Палубятка, які ініцыяваў аднаўленьне помніка.
– Я ім тлумачыў, што ў польскім войску ваявала таксама беларуска-літоўская дывізія генэрала Жалігоўскага і Булак-Булаховіч, расейскія аддзелы, а мэта была адна — змаганьне з бальшавікамі, кажа Язэп Палубятка. – І разьбіраць сёньня, хто тут ляжыць – палякі ці беларусы, ці яшчэ нехта, на мой погляд, некарэктна, таму што яны змагаліся за свабоду.
У нядзелю ў вёсцы Княжаводцы Мастоўскага раёну, што таксама побач зь Нёманам, успаміналі мясцовых жыхароў, якія загінулі 23 ліпеня 1943 году. У гэты дзень фашысты расстралялі сотні людзеў з Княжаводцаў і навакольных хутароў.
Алесь Кавалёў
22.07.2008