Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prynyamonne Гродна Прынямоньне № 9, верасень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прынямоньне № 9, верасень

Гонка за галасамі ня мае тлумачэньня

Гоняць у шыю хутчэй галасаваць нават у безальтэрнатыўных акругах.

Незалежныя назіральнікі адзначаюць, што ўлады прымушаюць датэрмінова галасаваць выбаршчыкаў таксама ў акругах, дзе толькі адзін кандыдат. А на Гарадзеншчыне такіх больш за палову: сем з трынаццаці. Грамадзкі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які ажыцьцяўляе маніторынг выбарчай кампаніі у вобласьці, кажа, што гэта, у прыватнасьці, можна сказаць пра Мастоўскую і Шчучынскую акругі, у якіх дэпутатамі павінны стаць намесьнікі старшыні аблвыканкаму  Васіль Сьцяпура і Марыя Бірукова.

У мінулыя парлямэнцкія выбары там былі таксама апазыцыйныя кандыдаты: Алесь Зарэмбюк і Аляксандар Мілінкевіч. Тады гонка з датэрміновым галасаваньнем мела хоць нейкае лягічнае тлумачэньне: уладам важна было ні ў якім разе не прапусьціць канкурэнтаў сваіх уласных кандыдатаў. Цяпер гэтую зьяву можна патлумачыць больш празаічна: раённае начальства, якое арганізуе выбары, імкнецца ўсяляк выслужыцца перад Сьцяпурам і Біруковай.

Прадстаўнікі апазыцыі зазначаюць таксама цікавую акалічнасьць: Марыя Бірукова напачатку кампаніі правяла нараду, прысьвечаную выбарам, у сваёй прамове яна паведаміла тады, што ў вобласьці створаны 13 акруговых камісій, у якіх 169 членаў, прычым, заўважым, сярод іх толькі два прадстаўнікі апазыцыі. Карацей, спадарыня Бірукова і выбары арганізоўвае, і дэпутатам балятуецца, само сабой, у акрузе без канкурэнтаў. Дарэчы, яе здымак на перадвыбарчай нарадзе, на якой яна выступала з дакладам пра акруговыя камісіі, надрукавала "Гродзенская праўда" 19 ліпеня.

Атрымліваецца парадаксальная сытуацыя. Калі гарадзенскія ўлады абвяшчаюць аўкцыён і паступае толькі адна заяўка, таргі заўсёды адмяняюцца. Журналістам тлумачаць: прычына ў тым, што няма спаборнасьці, патрэбна як мінімум наяўнасьць дзьвюх заявак на ўдзел. Але калі гэтыя ж самыя ўлады праводзяць выбары, спаборнасьць, наадварот, лічыцца імі вельмі і вельмі непажаданай.

Алесь Кавалёў

26.09.2008

Пошукі экстрэмісцкай літаратуры ў Горадні

У судзе пачаўся разгляд справы, у якой фігуруюць дзевяць прозьвішчаў –журналісты, студэнты-каліноўцы, іншыя актывісты і нават беспрацоўны.

Хаця прозьвішчы збольшага вядомыя ў дэмакратычным руху — Пісальнік, Шчукін, Гарэцкі, Скрабутан. Справу распачынае абласное КДБ, а "сабака закапаны" на мытні: у розны час у гэтых людзей забралі на мяжы — у каго газэту, у каго кніжку, у каго штосьці кампутарнае. І зараз суд павінен вызначыць: ёсьць там экстрэмісцкі зьмест ці няма?

Відавочна, што хоць усе "трафэі" сканфіскавала менавіта Гарадзенская рэгіянальная мытня, справа распачата, можна сказаць, агульнабеларуская. Паколькі ў ёй фігуруюць ня толькі жыхары Горадні, але таксама людзі з Зэльвы, Полацку, Менску.

Усе яны адчуваюць сябе, які ні дзіўна, закладнікамі выбараў у Палату прадстаўнікоў. Судзьдзя Сіцько ў прысутнасьці людзей з КДБ і мытні папярэдзіў выкліканых: сапраўдны разгляд справы пачнецца напачатку кастрычніка. Вось і ўзьнікла сама сабой здагадка: калі Захад прызнае вынікі гэтых выбараў, справу спусьцяць на тармазах. Калі не — зробяць гучны працэс.

А тое, што ў гэтай краіне ўсё магчыма — ніхто не сумняваецца. З законам можна як з тым дышлем. Бо, як добра вядома, выбух на дзяржаўным сьвяце і больш за паўсотню параненых — гэта ўсяго толькі хуліганскі ўчынак. А вось газэта "Glos znad Niemna na uchodzstwie" з публікацыямі пра Саюз палякаў Анжалікі Борыс — ужо цягне, аказваецца, на "экстрэмісцкі зьмест".

Анджэй Пісальнік, у якога даўным-даўно – ужо пасьпеў забыцца –сканфіскавалі нумар гэтай газэты, паспрабаваў падсумаваць пачутае і ўбачанае 18 верасьня ў судзе. Вось што ён сказаў:

– Заяўнік – КДБ – не пазначыў, што канкрэтна ён лічыць экстрэмізмам, чым абмяжоўвае мае магчымасьці абараняцца. Бо што датычыць той заявы, якую я атрымаў, якая ёсьць у судзе, то так можна скласьці заяву на любую паперу і напісаць, што ў ёй утрымліваецца экстрэмізм. Калі нехта назваў мяне экстрэмістам беспадстаўна, то цяжка даказваць, што гэта ня так. Пакуль што абвінавачаньне гучыць так: "Глос з-над Немну на выгнаньні" зьяўляецца экстрэмісцкім. Я магу сьцьвярджаць, што гэта ня так, але каму паверыць суд: мне, ці КДБ?

Анджэй Пісальнік падкрэсьлівае:

– Я не пабачыў у матэрыялах справы ні перакладу на расейскую, ні на  беларускую мову. Я не разумею — хто і якім чынам прыйшоў да высновы пра экстрэмісцкі зьмест? Бо газэта на польскай мове, а гэты А.Манкевіч з КДБ, указаны ў справе,  ці ён чытае па-польску, ці разумее? Я ня ведаю яго веданьня польскай мовы і таму не разумею — на якой падставе ён прыйшоў да такой высновы, што напісаная ў яго заключэньні — аб тым, што гэтая газэта экстрэмісцкая. Можа ён увогуле ня ўмее чытаць па-польску, а толькі карцінкі глядзеў у газэце, якія яму падаліся экстрэмісцкімі. А ў газэце на першай старонцы выява Ісуса Хрыста з крыжам. Няўжо ў гэтым можа быць экстрэмізм? Пакуль што абсурдна ўсё гэта выглядае.

Алесь Кавалёў

19.09.08

Гарадзеншчына: стала сем безальтэрнатыўных акругаў

Яшчэ адзін з кандыдатаў ад АДС напісаў заяву аб зьняцьці з выбараў.

Да цяперашняга дня на Гарадзеншчыне ўдзельнічалі у выбарчай кампаніі на чатыры прадстаўнікі партыі БНФ, два ад АГП і адна прадстаўніца ПКБ. Усяго у вобласьці 13 акругаў. Аднак Станіслаў Суднік у Лідзе адмовіўся ад далейшага ўдзелу у выбарах. Ён патлумачыў гэта тым, што існуе пазыцыя ягонай партыі адносна ўдзелу  ў выбарах, таму ў любым разе давялося б пазьней зьняць сваю кандыдатуру.

Сёньня мы пацікавіліся ў калегі спадара Судніка па партыі і, да гэтага часу, па выбарчай кампаніі — Сяргея Антусевіча — што ён думае наконт такога кроку? Спадар Антусевіч адказаў: яны з Вадзімам Саранчуковым жадаюць ісьці на выбарах да канца. Абодва прадстаўляюць партыю БНФ у дзьвюх акругах Горадні і наколькі магчыма актыўна працягваюць сваю агітацыйную кампанію.

Вадзім Саранчукоў балятуецца ў Гарадзенскай-Занёманскай акрузе, у якой таксама старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка і яшчэ два незалежныя кандыдаты. Можа выпадкова, але газэта "Гродзенская праўда" надрукавала ў адным з нумароў праграмы чатырох кандыдатаў, аднак не кандыдатаў гэтай акругі, якая адзіная мае адразу чатырох, а толькі двух незалежных — Васільева і Кузьмянка плюс двух зь іншай акругі. Такім чынам, выбаршчыкі Занёманскай не маглі пазнаёміцца і параўнаць праграмы ўсіх прэтэндэнтаў у дэпутаты, зь якіх ім давядзецца выбіраць на выбарчым участку аднаго. Потым у газэце зьявіліся праграмы яшчэ двух — Саранчукова і Антусевіча — побач. Дзеля чаго? Каб выбаршчыкі Занёманскай і Цэнтральнай мелі магчымасьць параўнаць праграма якога з прадстаўнікоў партыі БНФ больш пераканаўча напісана? Праграма гарадзкога галавы Антоненкі пойдзе ў друк увогуле "па асобнаму пляну".

Сам Сяргей Антусевіч, аднак, стараецца не надаваць гэтаму вельмі вялікага значэньня. Яму дазволілі праводзіць агітацыю у вулічных пікетах, і зь першага разу ўдалося раздаць каля тысячы кандыдацкіх улётак. Праўда, месца было да ўсяго люднае — побач з аўтавакзалам. А вось прадстаўнік улады у Цэнтральнай акрузе цяперашні дэпутат парлямэнту Сяргей Маскевіч можа не займацца агітацыяй на аўтавакзале. У вышэйшых навучальных установах мноства ягоных каляровых партрэтаў, прычым нават у не прадугледжаных для аб’яваў месцах. Партрэтаў Антусевіча там, аднак, няма.

Алесь Кавалёў

18.09.2008

Адкрылася самая вялікая крама на Гарадзеншчыне

У Горадні зьявіўся першы у вобласьці гіпэрмаркет "Алмі". Адкрыцьця чакалі даўно, некалькі гадоў.

Калі яго пачалі будаваць, называўся ён інакш, але потым зьмяніўся гаспадар. Напачатку здавалася, што канкураваць на рынку новаму гандлёваму цэнтру будзе няпроста: гарадзенцы масава наведвалі беластоцкія гіпэрмаркеты, а ў магчымасьць у нас такіх зьніжак, як за мяжой, мала хто верыў. Цяпер сытуацыя зьмянілася: у зьвязку з увядзеньнем шэнгенскіх візаў у Польшчу стала цяжка трапіць. Таму свой гіпэрмаркет стаў вельмі дарэчы.

Адзін з кіраўнікоў "Алмі" нам патлумачыў наступнае:

– Асартымэнт тут шырэйшы, чым на рынку, каля дваццаці тысяч пазыцый, семдзесят адсоткаў беларускіх тавараў. Чым адрозьніваемся ад адкрытых рынкаў? Зручная паркоўка на 830 машынамесцаў. Для інвалідаў, для жанчын з каляскамі вельмі зручны пад’езд – ні прыступак, ні бардзюраў, ніякіх праблемаў. А яшчэ ўвесь цэнавы ўзровень  у нас сярэднярынкавы, а на сто-сто пяцьдзесят тавараў цэны наагул на дзесяць-дваццаць адсоткаў меншыя.

– На што канкрэтна скідкі ў дзень адкрыцьця?

Аказалася, на розныя тавары. Канкрэтна: у любой групе ёсьць тавар па цане на дзесяць-дваццаць працэнтаў таньней, чым на любым гарадзкім рынку. Тады мы пацікавіліся ў аднаго з пакупнікоў: ці спадабалася ў новай краме? Адказ быў такім:

– Спадабалася, прадукты харчаваньня трохі таньней каштуюць. Хоць можа гэта толькі першы час толькі, першы тыдзень. На "Кароне" (самы вялікі ў горадзе крыты гандлёвы цэнтар-рынак) так таксама было – першы час троху таньней, а потым усё "ўладкавалася", нават стала трохі і даражэй, чым дзе-небудзь у горадзе.

Алесь Кавалёў

15.09.2008

Горадня пабагацела на помнікі

Дзьве бронзавыя скульптуры зьявіліся на берагах Гараднічанкі.

Мы напаткалі скульптара Уладзіміра Панцялеева, калі ягоная бронзавая дзяўчына-Гараднічанка (вагой каля васьмісот кіляграмаў), яшчэ была аблытаная вяроўкамі, якія трымаў круком кран. Ставіць скульптуру вырашылі толькі напярэдадні ўвечары, патлумачыў аўтар.

Для мяне падзея была крыху нечаканай, паколькі пару дзён таму прыйшлі з Панцялеевым на гэтае месца, і ён сам зьдзівіўся, што рабочыя рыхтуюць пляцоўку для помніка. Думаў, што да 880-годзьдзя гораду нічога не пасьпеюць. Гадавіну, дарэчы, адзначаць 13 верасьня. На месца тады прыйшоў і архітэктар Штэн, які зрабіў выснову: калі не пасьпяваюць усё зрабіць як мае быць, лепей не сьпяшацца зусім з устаноўкай. А майстар якраз сказаў, што яны ня змогуць зрабіць падпорную сьценку з каменьня з боку вады, каб скульптура лепей трымалася.

– Гаварыць – задаволены я працай ці не, не магу, патрэбны яшчэ час, каб яна ўжо пастаяла, каб я мог пахадзіць, паглядзець. І гэта ні дзень, ні два і ня месяц, а значна больш патрэбна. Але самае галоўнае – рэакцыя людзей. Пакуль мы тут рабілі, гарадзенцы падыходзілі, цікавіліся. Але дрэнна ніхто не казаў, – усьміхнуўся Панцялееў.

А тым часам работа іншага скульптара – Аляксандра Анціпіна была ўжо ўмацаваная, і ён толькі начышчаў яе. Другі помнік – гэта малады мужчына, які сядзіць на лаве, у яго на каленях плян новага прадмесьця каралеўскай Горадні, што было пабудаваная ў канцы 18 стагодзьдзя і называлася Гарадніцай.

– Пакуль я рабіў тут, колькі людзей падыходзілі, столькі было меркаваньняў, – патлумачыў скульптар, які, дарэчы, узначальвае абласную арганізацыю Саюзу мастакоў.

– І якія ж гэта былі меркаваньні, – пацікавіўся я?

– Гаварылі, што гэта Напалеон, раз. Потым падышлі дзяўчыны і сказалі, што прыгожы хлопец сядзіць. Трэція сказалі, гэта гістарычны пэрсанаж, напэўна Тызэнгаўз, іншыя, што – Жылібэр, а потым нехта мовіў: гэта – вядомы італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака.

– Вось гэта правільна, – адказаў я.

Так што праца скульптара адразу выклікала цікавасьць і разуменьне гарадзенцаў.

А Джузэпэ Сака, які быў запрошаны некалі ў Горадню, пабудаваў нямала камяніц. І ня толькі ў горадзе. Некаторыя зь іх захаваліся. Зьбітая фраза, але, атрымліваецца, што сапраўды ўдзячныя нашчадкі паставілі яму бронзавы помнік, а гарадзкія ўлады аплацілі.

Алесь Кавалёў

12.09.2008

Сьвята было адно, а саюзаў палякаў – два

20-годзьдзе польскага руху адзначылі паасобку арганізацыі, якія не кантактуюць паміж сабой.

Заля на дзьвесьце чалавек гарадзкога Дому культуры была поўнай. Тут адзначалася 20-годзьдзе дзейнасьці Саюзу палякаў, кіраўніком якога зьяўляецца Юзаф Лучнік або, як яго назвалі прадстаўнікі ўлады, Іосіф Іванавіч. Ён сказаў без паперкі прамову са сцэны, зрабіўшы экскурс ў гісторыю грамадзкага аб’яднаньня. Прамова атрымалася даволі сумбурнай, але ахвотныя маглі пачытаць больш падрабязныя зьвесткі з гутаркі спадара Лучніка на тую ж тэму ў газэце "Glos znad Niemna", якая разам з часопісам "Magazyn Polski" бясплатна ляжала на кожным крэсьле.

Сытуацыя ў польскім руху ўжо тры гады нагадвае падваеньне ў вачах: два саюзы адзначаюць сёньня менавіта 20-годзьдзе, існуюць два "Магазыны польскія" і дзьве газэты "Глос з-над Немна". Толькі першых улады беларускія падтрымліваюць, другіх — не. Першыя маюць рэгістрацыю, другія — не. Праўда, папера афіцыйных выданьняў горшая ад тых, якія выдаюць прыхільнікі Анжалікі Борыс, каторую беларускае начальства не прызнае. Затое яе падтрымліваюць улады Польшчы. Афіцыйны "Глос" — накшталт мясцовай гарадзенскай прэсы: пра палітыку ў ім ня пішуць. А вось выданьні прыхільнікаў Борыс пішуць пра ўсё, як і газэты ў Польшчы, таму іх цікава чытаць.

Юзаф Лучнік са сваімі людзьмі адзначыў 20-ю гадавіну 5 верасьня, Анжаліка Борыс з паплечнікамі — 6-га. Ну й правільна, каб не перашкаджаць адны адным. Людзей Борыс улада, ці хай скажам — міліцыянты, даволі даўно не чапалі. А тут раптам, перад самым сьвятам арганізацыі, затрымалі Мечыслава Яскевіча — намесьніка Борыс. Ён меў у машыне экзэмпляры якраз непадцэнзурнага "Глоса" і "Магазына" – выданьні сканфіскавалі, а ў самога яго хацелі зрабіць на кватэры ператрус. Аднак не атрымалася: пракурор подпіс свой не паставіў.

Хай гэта чыстае супадзеньне, але ў той час, калі міліцыянты трымалі Яскевіча, кіраўнік гарадзенскага камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Ігар Папоў у студыі абласнога тэлебачаньня расказваў гледачам, як цудоўна у вобласьці ўсё, што датычыць нацыянальных суполак. Пра тое, як тры гады таму ўлады зьдзейсьнілі сваімі ўпартымі дзеяньнямі раскол у саюзе палякаў, чыноўнік, канешне, не ўспамінаў. На сходзе ў Доме культуры ён потым уручыў Ю.Лучніку букет гладыёлусаў, а з А.Борыс, зразумела, у іх кантактаў няма. Вось такая "ідылія".

Алесь Кавалёў

08.09.2008

Горадня: прадстаўнікі АДС запісаліся на радыё

Тактыку ўдзелу ў выбарчай кампаніі абмеркавала абласная кааліцыя АДС.

Абласная кааліцыя аб’яднаных дэмакратаў правяла нараду, прысьвечаную праблемам выбарчай кампаніі. Як паведаміў адзін зь яе кіраўнікоў Сяргей Мальчык, былі заслуханыя думкі ўсіх кандыдатаў, абмеркавана рашэньне палітрады АДС аб тым, што гэтыя выбары ўжо цяпер зьяўляюцца недэмакратычнымі: у ніводную ўчастковую камісію не былі ўключаны апазіцыйныя прадстаўнікі.

– У гэтай сытуацыі мы прынялі такое рашэньне, – кажа спадар Мальчык, – што кандыдаты праводзяць поўнамаштабную інфармацыйную і агітацыйную кампанію да 21 верасьня. А пасьля таго, як Палітрада АДС прыме канчатковае рашэньне, тады зноўку зьбярэцца абласная кааліцыя, каб вырашыць: удзельнічаць далей у кампаніі ці не. Гэтак вырашылі ўсе палітычныя партыі, што ў складзе абласной кааліцыі.

Было таксама зазначана, што існуюць факты парушэньня выбарчага заканадаўства, у прыватнасьці, у Смаргонскай, Наваградзкай, Слонімскай (кандыдат АДС зарэгістраваны толькі ў апошняй зь іх) акругах. У зьвязку з гэтым прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратаў падалі скаргі ў ЦВК, і цяпер абласная кааліцыя чакае адказу. Чакае, бо адказ паўплывае таксама на рашэньне кандыдатаў, іхніх камандаў аб фармаце ўдзелу ў выбарах.

На нарадзе кааліцыі адназначна гаварылася: той факт, што ніводнага прадстаўніка АДС няма ва ўчастковых камісіях,  сьведчыць – падліку галасоў рэальнага ня будзе. Гэта азначае таксама, што кандыдаты дэмакратычных сілаў ня змогуць ацэніць, які яны маюць сапраўдны рэйтынг сярод насельніцтва. І самае галоўнае, гэта не дае ніводнага шанцу рэальна прайсьці кандыдатам не ад улады. Тым ня менш, агітацыйную кампанію вырашана пакуль выкарыстоўваць напоўніцу.

Зарэгістраваныя кандыдаты запісваюць свае выступы на радыё і тэлебачаньні. Запісаліся Станіслаў Суднік па Лідзкай акрузе, Яніна Гузоўская з ПКБ — па Дзятлаўскай, Вадзім Саранчукоў — па Гарадзенскай-Занёманскай, Яраслаў Раманчук — па Гарадзенскай-Паўночнай. Сёньня запіс зрабіў іван Шэга ў Слонімскай акрузе. То бок кандыдаты ад АДС выкарыстоўваюць любую магчымасьць, каб данесьці сваю пазыцыю да насельніцтва вобласьці, нават пяціхвілінныя выступы ў электронных сродках  масавай інфармацыі, зазначае кіраўніцтва абласной кааліцыі.

Дарэчы, як мы й прагназавалі: у Гарадзенскай-Занёманскай акрузе N49 дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Камянецкі напісаў заяву аб зьняцьці сваёй кандыдатуры, якая была задаволена. Пра гэта 3 верасьня паведамляе газэта "Гродзенская праўда". Цяпер у акрузе сярод кандыдатаў застаўся адзін прадстаўнік уладаў — старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандар Антоненка і тры апазыцыйныя прадстаўнікі.

Алесь Кавалёў

04.09.2008

Галоўная інтрыга гарадзенскіх выбараў

У Гарадзенскай-Занёманскай 49-й акрузе зарэгістраваны максімум кандыдатаў — пяць чалавек, сярод іх тры апазыцыянэры і два вэртыкальнікі.

Ужо трэці раз тут балятуецца Сяргей Камянецкі — кіраўнік парлямэнцкай камісіі. Ад пачатку было зразумела, што яму дадзена "зялёнае сьвятло". І раптам подпісы за сваё вылучэньне нечакана здаў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка, аб жаданьні якога балятавацца раней нічога не было вядома.

У чым жа прычына? Здавалася б, ён моцна трымаецца ў сваім крэсьле, кіруе горадам ажно сем гадоў, такім тэрмінам сярод яго папярэднікаў маглі пахваліцца толькі тыя, хто працаваў у даволі далёкія савецкія часы. Аднак людзі кажуць, нялёгка яму з абласным галавой Уладзімірам Саўчанкам, які занадта патрабавальны.

Да слова: у горадзе ўзмоцнена рамантуюць дамы, вуліцы, пляцы, будаўнікі праз гэта спазьняюцца з плянамі па жыльлю, а з Антоненкі патрабуюць. Нядаўна Саўчанка "кінуў" Антоненку на абутковую фабрыку, зрабіў адказным за паляпшэньне яе эканамічнага становішча, а гэта адно з найслабейшых прадпрыемстваў. Дарэчы, можа гэта й супадзеньне, але фабрыка знаходзіцца па сутнасьці насупраць — праз скрыжаваньне — ад 49-й акруговай камісіі, дзе ён будзе балятавацца.

Тое, што ў гэтай акрузе ўсё роўна зарэгістравалі таксама дэпутата "палаткі" Камянецкага, у жыхароў выклікала падазрэньне – Антоненку не зрабілі галоўным кандыдатам. Праўда, у Цэнтральнай гарадзенскай акрузе быў раней цікавы выпадак: балятаваўся паўторна надзейны праўладны дэпутат Палаты прадстаўнікоў спадар Лосеў. На пару яму паставілі малавядомую прафсаюзную працаўніцу. І вось за дзень ці два да асноўнага галасаваньня, ён раптоўна забраў сваю кандыдатуру, а дэпутатам стала прафсаюзьніца.

Тым ня менш, у Занёманскай акрузе ў выбаршчыкаў прынамсі будзе сапраўдны выбар. А вось, напрыклад, у Мастоўскай і Шчучынскай ніякага. У Мастах не зарэгістравалі Зьміцера Кухлея ад АДС, ён малады дэпутат раённага Савету, разам зь сябрамі актыўна працуе з насельніцтвам. Улады вырашылі не рызыкаваць – пакінулі акругу для намесьніка Саўчанкі Васіля Сьцяпуры. Між іншым, у мінулыя выбары кандыдатам уладаў у Мастах быў міліцэйскі генэрал-пэнсіянэр Анатоль Белашэўскі. Але, кажуць, ягонае становішча пахіснулася пасьля выкрыцьця і расстрэлу сёлета міліцыянта-маньяка Сяргейчыка, які ня быў выкрыты, пакуль Белашэўскі кіраваў абласной міліцыяй.

У суседняй — Шчучынскай акрузе не зарэгістравалі прадстаўніка ПКБ Паўла Станеўскага, акругу пакінулі намесьніцы Саўчанкі па ідэалёгіі Марыі Біруковай, дарэчы, даме пэнсійнага веку. Ідэалёгіяй яна кіравала ў вобласьці яшчэ ў савецкія часы, будучы сакратаром абкаму КПБ. А вось зараз канкураваць з сучасным камуністам не пажадала. У мінулых выбарах у парлямант у Шчучынскай акрузе ўдзельнічаў Аляксандар Мілінкевіч, а ў сярэдзіне 1990-х дэпутатам яшчэ тады Вярхоўнага Савету ад гэтай акругі стаў Сямён Домаш, які пазьней быў адным з апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.

Алесь Кавалёў

01.09.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: