Прынямоньне № 10, кастрычнік
|
Абараніць дрэвы не ўдалося
Актывістаў, якія пратэставалі супраць зьнішчэньня дрэў, чакае суд. Надзею Крапівіну і Ігара Лапеху міліцыянты цягам цягнулі ад асуджаных на пілу дрэваў. На іх склалі ў Ленінскім РАУС практаколы ня толькі за "дробнае хуліганства", але таксама і "за непадпарадкаваньне". Трэцяму актывісту — Эдварду Дмухоўскаму пашанцавала болей: яго расцанілі толькі як "дробнага хулігана". Усіх траіх чакае выклік у суд. А тым часам рабочыя дапілавалі апошняе зь дзевяці дрэваў, што ў завулку Тэлеграфны. Ён вядомы з канца 18 стагодзьдзя, на ім захаваўся Дом масонаў, пабудаваны яшчэ каралеўскім архітэктарам Джузэпэ Сака. Актывісты кажуць: тут, у старой частцы Горадні, якая калісьці называлася Гарадніцай, захаваліся старыя дрэвы — вязы, грабы, некаторыя нават па трыццаць-сорак мэтраў вышынёй. Аднак неўзабаве іх можа зусім не застацца. Рэч у тым, што ўлады зрабілі добрую справу — вакол рэчышча Гараднічанкі, якая цячэ ў Нёман, стварылі зону адпачынку са сьцяжынамі, лавамі, мастамі. Дрэнна тое, што яны парушылі карнявую сыстэму старой паркавай зоны. І вось ужо некалькі гадоў даводзіцца сьпілоўваць выносістыя прыгожыя дрэвы, якія аднавіць удасца вельмі ня хутка. На жаль, празь неабачлівыя дзеяньні ўладаў, старыя прысады пачалі імкліва сохнуць, лік ідзе на дзясяткі і дзясяткі прыгожых дрэў. Вакол Гараднічанкі робіцца гола. Што датычыць алеі на Тэлеграфным, то клёны і ліпы там не былі ў аварыйным стане, яны не засохлі, але іх таксама зьнішчылі – гэта якраз і абурае актывістаў, таму яны і наважыліся на пратэст. Алесь Кавалёў 16.10.2008
Як выглядае Горадня з каланчы ХІХ стагодзьдзя
У горадзе над Нёманам адкрыўся музэй гісторыі мясцовай пажарнай службы. На адкрыцьці сёньняшнія ратаўнікі ўспаміналі славуты гарадзенскі пажар 1885 году, "калі ў гарэлішча ператварылася асноўная частка гораду". Менавіта пасьля гэтага пажару, пры канцы ХІХ стагодзьдзя, была пабудаваная вядомая каланча, што захавалася да сёньняшняга дня, сказаў вядучы. Праўда, у музэйным буклеце напісана, што год пабудовы — 1902-гі, а на ахоўнай шыльдзе, наадварот, вежу састарылі — да першай паловы ХІХ стагодзьдзя. Старая каланча знаходзіцца ў самым турыстычным месцы — на вул. Замкавай, перад замкамі, таму заўсёды вабіла і прыежджых, і саміх гарадзенскіх жыхароў, але лічылася, што ўнутры яна ў аварыйным стане, таму доступу туды не было. Цяпер зьяўляецца часткай музэю пажарнай службы, адкуль ёсьць уваход у вежу. Дарэчы, да яе прыбудавана дэпо з чатырма пажарнымі машынамі, карацей гэта ня толькі помнік архітэктуры. У 2005 годзе было прынята рашэньне аб рэканструкцыі будынку. Затым падрыхтавалі праектна-каштарысную дакумэнтацыю, кошт перабудовы — 2,8 мільярда рублёў. Ратаўнікі ганарацца, што сваімі сіламі выканалі работы больш чым на 60 мільёнаў рублёў. Якраз міністар надзвычайных сытуацый Энвер Барыеў падкрэсьліў на адкрыцьці гэты момант, зазначыўшы: тое дазволіла скараціць выдаткі абласнога бюджэту. Ён таксама сказаў: "Гэта музэй гісторыі таго, як людзі на беларускай зямлі турбаваліся пра бясьпеку і рабілі вельмі шмат і цяпер робяць дзеля папярэджаньня надзвычайных сытуацый, каб менш было ахвяраў, меней стратаў". Што сказаць пра новы музэй? Ён прыемна зьдзіўляе духам гарадзенскай гісторыі, муляжамі старых пажарнікаў, камінара, гістарычнымі дакумэнтамі, дыярамай пажару 1885 году "з гукавым і сьветлавым афармленьнем". Дарэчы, першая экскурсія прайшла на беларускай мове, буклеты таксама надрукаваны па-беларуску. Вялікае ўражаньне робіць узыходжаньне на пажарную каланчу, дзе "дзяжурыць" муляж пажарніка на агляднай пляцоўцы і ёсьць сучасная падзорная труба для турыстаў. А краявід папросту фантастычны: замкі, Нёман, касьцёлы, старыя кварталы. Алесь Кавалёў 13.10.2008
Нёманскі мост пашырылі ўдвая
А каб зь ім (крый Божа) нічога ня здарылася, на адкрыцьцё запрасілі двух сьвятароў – бацюшку і ксяндза. Яшчэ чакалі старшыню аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку, але пачалі цырымонію, не дачакаўшыся яго. Праўда, кіраўнік праекту і самой будоўлі Уладзімір Дзяшко назваў адсутнага чыноўніка "хросным бацькам" аб’екту. За тым, як начальства гаворыць прамовы і разразае чырвоную стужку, назірала публіка, але яшчэ больш – сотні людзей глядзелі зь левага-заходняга берагу – з пагоркаў. Падзеі, якая некалькі разоў адкладалася, чакалі тысячы людзей: яны штодзённа, амаль дзевяць месяцаў мусілі хадзіць з-за нёманскай часткі ў цэнтар пешшу – праз спэцыяльна пабудаваны пантонны мост. Цяпер, хаця цалкам работы на мосьце не закончыліся, па ім пайшоў грамадзкі транспарт, а па адным з двух пешаходных тратуараў і гараджане. Прызнацца, я быў з лягеру скептыкаў: улады вырашылі зэканоміць, яны пачалі рэканструкцыю Старога мосту, адмовіўшыся пакуль будаваць новы –чацьверты, як гэта раілі спэцыялісты. Трэба быць шчырым і прызнаць: цяпер ён стаў значна лепшым, яго ўзьнялі амаль на паўтары мэтры і пашырылі дакладна ў два разы, цяпер машыны паедуць па чатырох пасах замест двух ранейшых. Праўда, улады абяцалі напачатку, што рэканструкцыя абыдзецца ў 11 мільярдаў рублёў, потым павялічылі суму да 18-ці, цяпер гавораць, што ўсё каштавала ўвогуле 40 мільярдаў. Але коркаў, напэўна, сапраўды цяпер не павінна быць. На адкрыцьці было падкрэсьлена: адкрываецца толькі рух, а ня сам мост цалкам. – Таму ключ будзе захоўвацца пакуль што ў будаўнікоў, і мы яго праз кароткі час перадамо гораду, калі завяршацца ўсе працы, – сказаў дырэктар інстытуту "Гроднаграмадзянпраект" У.Дзяшко. Між іншым, перабудоўваючы пад’езды да мосту, пашыраючы іх, зруйнавалі 26 прыватных дамоў. За кошт гарадзкога бюджэту для жыхароў пабудаваныя 40 кватэраў. Старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка нагадаў гарадзенцам, што нядаўна быў здадзены пасьля рэканструкцыі стадыён, які цяпер стаў адным з лепшых у рэспубліцы, а можа нават на тэрыторыі СНД. А пасьля здачы мосту "горад ідзе наперад і разьвіваецца“, сказаў чыноўнік і дадаў: "Я думаю, што ў горадзе будуць і новыя масты, і дарогі. Таму што гэта Горадня! " Антоненка прызнаўся: будаўнічыя арганізацыі былі задзейнічаныя на мосьце нават калі будаўнікоў не хапала на іншых аб’ектах. Мост вытрымаў нагрузкі падчас выпрабаваньняў і мае чатырох-пяці разовы запас трываласьці, але не зважаючы на гэта былі запрошаныя сьвятары – каталіцкі і праваслаўны, каб на мосьце не было аварый, здарэньняў і каб яго пасьпяхова дарабілі, сказаў адзін з чыноўнікаў. Алесь Кавалёў 10.10.2008
Ліду "састарылі", але праблемы яе памаладзелі
Выпадак, можна сказаць, унікальны: краязнаўцам удалося пераканаць мясцовыя ўлады – пачаткам гораду можна паўнапраўна лічыць 1323 год Тады Вялікі князь Гедымін стаў будаваць тут замак, што ў напаўразбураным стане захаваўся да нашых дзён. Дагэтуль афіцыйна, з савецкіх часоў лічылася: Ліда заснаваная ў 1380 годзе, гэтая дата была і на каменным знаку на ўезьдзе ў горад з боку Горадні, але яе замянілі. Такім чынам, кажа краязнаўца, журналіст і паэт Станіслаў Суднік, заснавальнікам Ліды можна лічыць Гедыміна. Значыцца, можна ўсур’ёз разьлічваць – улады калісьці выканаюць абяцаньне і паставяць конную статую Вялікаму князю. Аднак да расчараваньня краязнаўцаў і літаратараў, мясцовых удзельнікаў рыцарскага клюбу гэты помнік перад замкам так і не зьявіўся. Замест яго насупраць цытадэлі паставілі статую "савецкага камандзіровачнага": ён сядзіць на валізе, якраз перад уваходам у гасьцініцу "Ліда". Мы са Станіславам Суднікам убачыліся на плошчы, дзе праходзіла сьвяткаваньне 685-годзьдзя. Ён пахваліўся: да сьвята ўдалося выдаць нумар часопіса "Лідзкі летапісец", а таксама некалькі кніжак з творамі лідзкіх аўтараў. Яму таксама атрымалася надрукаваць свой зборнічак вершаў "Лідзкія скрыжалі". А тым часам удзельнікі касьцюмаванага прадстаўленьня таньчылі і распавядалі па-беларуску пра дзеі лідзкай мінуўшчыны. Завяршылася першая частка сьвята шэсьцем, бо парадам назваць гэта не выпадала: пад дажджом пранесьці вялікі чырвона-сіні сьцяг Ліды з гербам – леў і скрыжаваныя ключы на шчыце, далей прайшлі салдаты нібы Вялікай Айчыннай вайны, цалкам апранутыя ў белае працаўнікі мясакамбінату, а сьледам – іншых заводаў. Праўда, прайшлі таксама два ўзводы вайскоўцаў – памежнікі, за імі авіятары. Мяне крыху зьдзівіла гэта: памежнікі ў горадзе адносна нядаўна, а вось ваенны аэрадром Ліда мае з часоў Першай сусьветнай вайны. На сьвята прыехаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка, павіншаваў. Лідзкі раённы галава Андрэй Худык лічыцца моцным гаспадарнікам, праводзіць у горадзе штогод эканамічныя форумы, прамысловую выставу, ён і на культуру грошы не шкадуе, да сьвята цэнтар адрамантаваў. Аднак ад лідчукоў мне давялося пачуць: яго пазыцыі хісткія ў іншым – праблемы са СНІДам, а таксама з нараджальнасьцю ў горадзе, кажуць, яшчэ з донарскай крывёй апошнім часам зьявіліся праблемы. Донары спадзяваліся, што зь першага кастрычніка за яе будуць больш плаціць і зьнізілі актыўнасьць, але цану на кроў не паднялі. Алесь Кавалёў 07.10.2008
У Горадні пачалі здымаць… Магілёў!
У горадзе над Нёманам робяць кіно пра абарону ў 1941 годзе гораду над Дняпром. На гарадзкіх вуліцах паявіліся машыны з лягатыпам "Беларусьфільму", затым ўзбраеньні, салдаты са стрэльбамі, нават пачаткі драўляных дэкарацый. Каторы ўжо раз, пра што пісалі неаднойчы "Народныя навіны", у Горадні здымаюць ня сам горад, а нейкі іншы, прычым які дагэтуль існуе: яго не разбурылі, у ім па-ранейшаму жывуць людзі. Падкрэсьлім, у нашым выпадку горад з будучага кінафільму знаходзіцца не за мяжой, што магло б, зразумела, ускладніць здымкі, а ў межах нашай краіны. Стала вядома: стваральнікі фільму патрабуюць ад журналістаў акрэдытацыі на здымках! Інакш, маўляў, інфармацыі ніхто не атрымае. Праўда, вядома таксама, што называцца стужка будзе "Дняпроўскі рубеж", у ёй адлюструюць фарсіраваньне, напэўна ж, немцамі ракі Дняпро і абарону Чырвонай арміяй Магілёву. Сцэнар напісаў драматург Аляксей Дудараў. Кіназдымкі – не шараговая падзея для гораду і жыхароў. Калі на вуліцах зьяўляецца то гармата, то бронемашына, чырвонаармейцы, а пазьней, напэўна ж і фрыцы, прычым у самым гістарычным цэнтры, на вуліцах перапоўненых пешаходамі: чыноўнікамі, міліцыянтамі, студэнтамі і гэтак далей, то назіраюць за здымкамі так ці інакш сотні людзей. Да таго ж: удзельнічаць у масавых сцэнах будуць таксама сотні гарадзенцаў, салдат з мясцовых часьцей. Пасьля гэтага, безумоўна, многія пачнуць чакаць паказу гатовага фільма, каб убачыць, як будуць выглядаць гарадзенскія вуліцы ў кінакадрах. Паабяцана, дарэчы, што каля управы КДБ збудуюць дэкарацыі, дзе зробяць немалы кавалак кінастужкі. Але ці ня стануць кіношнікі замінаць "людзям у цывільным", пагатоў што побач зь імі райаддзел міліцыі і стаянка "варанкоў", ці дазволяць ім атабарыцца ў гэтым месцы? Час пакажа, здымкі працягнуцца прыблізна два тыдні. Алесь Кавалёў 01.10.2008 |