Прынямоньне № 11, лістапад
|
Выйшаў том заходнебеларускага паэта
Рух "За Свабоду" прадставіў новую – трэцюю па ліку кнігу з сэрыі "Гарадзенская бібліятэка" пад назвай "Небыцьця не існуе". Упершыню пад адной вокладкай сабраныя творы ў розных жанрах, якія належаць пяру Пятра Сеўрука. Ён жыў у Скідэлі, памёр на сухоты ў 24 гады, гэта здарылася ў 1929. Дасьледчыкі мяркуюць: каб ня сьмерць, яго амаль непазьбежна рэпрэсіравалі б пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь савецкай улады ў 1939 годзе. Пятро Сяўрук кіраваў мясцовым Таварыствам беларускай школы, друкаваўся ў нацыянальных выданьнях. У прадмове да кнігі польскі дасьледчык – прафэсар Ежы Тамашэўскі з Варшаўскага унівэрсытэту з добрым веданьнем расстаўляе акцэнты, што датычаць і палітычнага жыцьця ў даваеннай Польшчы, і поглядаў і пазыцыі Сеўрука. У прыватнасьці, ён зазначае: "У сваіх артыкулах і дзёньніку ён адмяжоўваўся ад палітыкі, але, незалежна ад сваіх словаў, быў у яе ўплецены, неаднаразова змагаўся словам зь левымі радыкаламі, крытычна ацэньваў дзейнасьць камуністаў у Польшчы і іх экспэрымэнты ў СССР. Таксама і праца над пашырэньнем беларускай асьветы, і абарона роднай мовы атрымлівалі ў савецкіх і польскіх умовах палітычны характар, незалежна ад памкненьня вызваліць ТБШ ад палітычных уплываў, асабліва камуністычных, паколькі П.Сяўрук слушна бачыў у іх пагрозу для легальных беларускіх асьветніцкіх арганізацый". Паглыбляе гэтую выснову прафэсар Яўген Мірановіч зь Беластоцкага унівэрсытэту: "Сяўрук слушна заўважыў, што ня толькі польскі паліцыянт ці ўраднік прагнулі зьнішчэньня беларускага руху, але таксама актыўна руйнавала яго камуністычная агентура, якая, уваходзячы ў структуры беларускіх асьветніцкіх і культурных арганізацый, паслабляла іх знутры і давала нагоду палякам да дэлегалізацыі і арыштаў адданых беларускай справе актывістаў". Прафэсар Мірановіч зазначае, што для беларускага нацыянальнага руху ў той час былі аднолькава небясьпечныя і польскія дзяржаўныя службы, і камуністы: "Адныя і другія імкнуліся да яго зьнішчэньня". На якія думкі наводзіць выхад тома творчай спадчыны Сеўрука? Можна сказаць, чалавеку яшчэ пашанцавала ў гэтым сэнсе, хай нават зь вялікім спазьненьнем. На яго прыкладзе гісторыкі паказваюць: такіх людзей спачатку перасьледвалі палякі, затым, пасьля 1939 году – Саветы. Прычым, нават калі заходнебеларускія дзеячы былі пад уплывам камуністаў, ці сябрамі партыі, гэта не ўратоўвала іх. Як вядома, у 1938 годзе Сталін абвясьціў КПЗБ "партыяй польскіх шпіёнаў" і распусьціў яе. У выніку нават заходнебеларускія камуністы апынуліся паміж дзьвюх агнёў і таксама трапілі ў СССР пад рэпрэсіі. Што датычыць творчай спадчыны такіх людзей, як Пятро Сяўрук, нярэдка родныя стараліся яе захаваць, але з прыходам савецкай улады гэта рабілася зусім небясьпечным, і многія пазбываліся артыкулаў, рукапісаў, лістоў, кніг. Вось у якім сэнсе спадчыне Сеўрука пашанцавала болей. Прыклад, лёс такіх людзей, як Сеўрук, яскрава адлюстроўваюць, чаму шырокі нацыянальны рух беларусаў пад польскай уладай сышоў пасьля Саветаў у пясок, не пакінуўшы моцнага ўплыву. Пры савецкай уладзе, у БССР, тыя дзеячы, хто ня быў зьнішчаны, вярнуліся з ГУЛАГу, яны сядзелі ціхенька, бо беларусам быць было небясьпечна. Алесь Кавалёў 29.11.2008
Усе пратэсты сканчаюцца пратаколам і судом
У Горадні аматараў прыроды аштрафавалі на тысячу баксаў. Насуперак лёгіцы і мэтазгоднасьці. Вынік вядомы: траіх "дробных хуліганаў", якія пратэставалі супраць сьпілоўваньня нармальных здаровых дрэваў, пакаралі на агульную суму два мільёны сто тысяч рублёў – карацей, ажно на тысячу даляраў. Вось і задумаесься: а што, уласна кажучы, здарылася, чым небясьпечныя аматары прыроды цяперашняй уладзе? Адбывалася ўсё наступным парадкам: на Тэлеграфным завулку ў гістарычнай частцы гораду кіраўніцтву каледжу камунальнай гаспадаркі заманулася прыбраць каля дзясятка дрэў: маўляў, растуць яны бліз будынку (дарэчы, які захаваўся з пачатку мінулага стагодзьдзя), лісьце ападае на дах, забівае вадасьцёкавыя трубы. Усё было зроблена паводле адпаведнага парадку: камісія дала дазвол на зьнішчэньне дрэў, каледж заключыў дамову зь "Зелянбудам", прыехалі рабочыя з піламі. А далей на месцы падзеі апынуўся Эдвард Дмухоўскі, стаў фатаграфаваць шэраг дрэваў, якіх больш ня будзе, каб засталіся хаця б здымкі. Уласна кажучы, гэта й было расцэнена судом як дробнае хуліганства. Праўда, каб узмацніць "віну", міліцыянты цьвердзілі ў судзе, што ён адмовіўся пакінуць месца здарэньня, стаў "абдымаць дрэва". Гучала гэта недарэчна. Сам Дмухоўскі прызнаўся – міліцыянты спыталі: "хто ўдзельнічае – у дзяжурную машыну, хто не – адыдзіце ўбок". Адысьці дазволілі прысутным журналістам, у Дмухоўскага спыталіся асабіста, і яму не дазволіў гонар пакінуць удвох Ігара Лапеху і Надзею Крапівіну, якія пратэставалі супраць сьпілоўваньня дрэваў. Як ён патлумачыў судзьдзі Натальлі Козел, зрабіў гэта "дзеля салідарнасьці". Салідарнасьць Козел ацаніла сьціпла, "усяго" на пяць базавых адзінак, гэта 175 тысяч рублёў. Ігару Лапеху "выпісалі" самы вялікі штраф – трыццаць мінімалак, Надзеі Крапівінай, якая на ўтрыманьні маці і ня мае заробку, – дваццаць пяць. Але іхняя віна была расцэнена як большая, бо адмовіліся сядаць у варанок, Лапеху міліцыянты цягнулі ў машыну па вуліцы. Здавалася б, ім павінна было стаць няёмка ад здымкаў, якія трапілі ў інтэрнэт: узброены аўтаматамі Калашнікава нарад гвалтам схапіў чалавека, які ўсяго толькі прасіў не пілаваць дрэвы! Але ж не, копіі здымкаў былі прыкладзены да справы, якую зь міліцыі перадалі ў суд у якасьці "доказаў віны" Лапехі. Паспрабуем падсумаваць: трэба пілаваць дрэвы ў гістарычнай частцы Горадні ці не? Правільна гэта ці не, дабро гэта ці адназначнае зло? Варта сказаць, што вельмі доўга ніхто за дрэвамі не сачыў. У газэтах былі адно нараканьні, што ў савецкія часы насадзілі таполяў, ад пуху якіх немагчыма дыхаць, якія павялічваюць алергію у жыхароў. Але цяпер іх няма, у цэнтры стала здаравей, лягчэй дыхаць улетку. Праўда, стала меней зеляніны, бо пляжыць пачалі іншыя дрэвы, а апошнім летам масава захварэлі славутыя гарадзенскія каштаны, так што яны таксама ў небясьпецы быць сьпілаванымі. Трэба заначыць, што ёсьць людзі, якія шкадуюць кожнае дрэва, а іншым на гэта ўвогуле напляваць. Абаронцы гістарычных кварталаў, напрыклад, супраць разбурэньня любой камяніцы, але жыхары старых дамоў, у якіх няма нармальнага туалета, настроены адваротна: хай улады прышлюць бульдозэр, а ім дадуць кватэры ў спальных раёнах. Такім чынам, нерэальна абмяркоўваць лёс кожнага дрэва з грамадзкасьцю. Аднак праблема ў тым, што зь ёю ніхто нічога абмяркоўваць не зьбіраецца, гульня ідзе ў адную браму. Усе пратэсты сканчаюцца пратаколам і судом. Другі бок тым часам мае поўную свабоду: любы начальнік, калі яму захочацца, сьпілаваць дрэвы, зробіць гэта без праблем – з дазволам будзе ўсё ў поўным парадку. Вось якраз гэтае няроўнае і несправядлівае, як лічаць абаронцы прыроды, становішча выклікае пратэст зь іхнага боку. Пратэст, які ня можа закончыцца пры цяперашняй уладзе посьпехам. Гэтая ўлада ня церпіць ніякіх пратэстаў. Алесь Кавалёў 14.11.2008 |