Прынямоньне № 12, снежань
|
Каложа: царкоўнікі супраць улады?
Царкоўнікі жадаюць пераробкі праекта рэстаўрацыі царквы ХІІ стагодзьдзя. Ці будуць у Каложы шанцы трапіць у сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКО? Уладам гэтага вельмі хочацца, царкоўнікам гэта абыякава. Другіх не задавальняе папярэдняя праца архітэктараў і рэстаўратараў, словам —спэцыялістаў. Яны прагнуць, каб праект рэстаўрацыі быў разгледжаны Сінодам Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Улады, здаецца, завагаліся і гатовыя пайсьці на саступкі. Навіна аб зацьверджаньні праекту рэстаўрацыі самага старажытнага храма Гарадзеншчыны была доўгачаканай. Прычым здавалася, што пастаўлена кропка ў спрэчках: адпаведна якому часу, стагодзьдзю аднаўляць сьвятыню? Прафэсыяналы адназначна сказалі: на час перад разбурэньне царквы ў 1853 годзе, бо напярэдадні былі зроблены ўсе яе абмеры. Як выглядала яна пасьля пабудовы — у ХІІ нікому невядома, не захавалася ніякіх дакумэнтаў, ніякіх малюнкаў. Паводле прынятых у сьвеце стандартаў, рэстаўрацыя будзе лічыцца навуковай толькі пры навуковым да яе падходзе. Толькі ў гэтым разе можна спадзявацца, што ўдасца прапанаваць аб’ект для разгляду ЮНЕСКО. Рэч у тым, што рэальна захавалася толькі палова царквы, таму ў любым разе яна будзе пасьля адновы ў пэўнай ступені будаўнічым муляжом. Аднак, калі пачаць выдумляць і аднавіць яе "на ХІІ стагодзьдзе", то Каложа стане бадай самым сапраўдным муляжом. А менавіта гэтага дамагаюцца царкоўнікі. Чаму? Магчыма дзеля вонкавага выгляду, уяўнага прэстыжу: у Горадні зьявіцца прыгожанькі храм ажно ХІІ-га стагодзьдзя, такіх старажытных быць ня можа сёньня ні ў Менску, ні ў Магілёве, напрыклад. Сьвятары абгрунтоўваюць сваё права тым, што Каложа іхняя, яны праводзяць цяпер унутры набажэнствы і потым ёю таксама будуць валодаць. Але храм — гэта рэдкі помнік архітэктуры і належыць, уласна кажучы, усёй краіне, усім беларусам, ня кажучы пра гарадзенцаў. А тым часам сьпіс ЮНЕСКО, дарэчы, надзвычай прэстыжная рэч і вельмі жаданая для Беларусі мэта. Пакуль, як вядома, рэальна ў яго трапіў толькі Мірскі замак. Знаўцы з усьмешачкай падкрэсьліваюць: упалі на калені, уламалі каб уключылі яго, бо мэтады рэстаўрацыі не адпавядаюць ніякім замежным крытэрыям. Хто быў там, бачыў, што лесьвічныя маршы, перакрыцьці — сучасныя бэтонныя, хаця павінны быць з матэрыялаў, адпаведных старадаўнім. Карацей кажучы, для Мірскага замка ў ЮНЕСКО зрабілі выключэньне. Другі раз, для Каложы, яго рабіць ня стануць. Калі толькі царкоўнікам ня ўдасца перамагчы архітэктараў і рэстаўратараў, і аднаўленьне царквы адбудзецца згодна з навуковымі патрабаваньнямі. А пакуль у сярэдзіне сьнежня плянуецца на нарадзе ў мінстэрстве культуры разгледзець прапановы царкоўнікаў. Алесь Кавалёў 04.12.2008
"Пагранзоннае вар'яцтва" набірае абароты
Замест таго, каб скасаваць закрытыя тэрыторыі на мяжы, іх замацоўваюць. Днямі пашырылі ажно ў пяці гарадзенскіх раёнах. Адмысловая камісія абмеркавала, як палепшыць памежную зону на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці. У прыватнасьці, быў разгледжаны праект чарговага за апошнія чатырнаццаць гадоў рашэньня аблвыканкаму наконт "усталяваньня межаў" пагранзоны і пагранпаласы – уздоўж межаў з Польшчай і Літвой. Нарэшце ў чыноўнікаў абудзіўся розум: да іх дайшло, што, напрыклад, знаходжаньне пасёлку Парэчча на поўначы ад Горадні – побач зь Літвой у пагранзоне – звычайны ідыятызм. Яны разумна разважалі на паседжаньні аб тым, што ў Парэччы, аказваецца, існуе вялікі і вядомы ня толькі ў Беларусі санаторый (дарэчы, зь мінэральнай вадой, падобнай да друскеніцкай) і варта было б зрабіць уезд туды свабодным. Гэтая прапісная ісьціна, аднак, была вядомай і ў 1994 годзе, калі Парэчча раптоўна трапіла ў створаную ўздоўж усёй мяжы зь Літвой закрытую зону. Апроч санаторыя, Парэчча мае выдатнае возера і заўсёды было традыцыйнай зонай адпачынку гарадзенцаў. І вось горад з трохсоттысячным насельніцтвам абмежавалі ў правах, забаранілі жыхарам наведваць пасёлак. Дзеля чаго? Адказаць на гэтае пытаньне рацыянальна немагчыма. Разам з Парэччам у зоне дагэтуль знаходзяцца яшчэ сем вёсак сельсавету. У суседнім – Гожскім – забаронены свабодны ўезд ажно ў адзінаццаць вёсак. Гэта таксама было зроблена менавіта ў 1994-м. На другім ад Гожы баку Нёмана ў куту паміж Літвой і Польшчай Сапоцкінскі пасялковы савет. У ім да нядаўняга часу ў пагранзоне знаходзіліся дваццаць (!) населеных пунктаў. Па яго тэрыторыі пралягае вядомы Аўгустоўскі канал. Калі яго аднавілі два гады таму, уклаўшы больш за чатыры мільярды рублёў, то сталі чакаць замежных турыстаў. Але да чыноўнікаў дайшло, што "турыстычны аб’ект" у пагранзоне ня мае шанцаў на прыток наведнікаў. Пачалася "падкавёрная" валтузьня. Аднак пагранслужба "не пушчала", доўга не пагаджалася, ажно нарэшце частку вёсак уздоўж самога каналу выключылі з забароненай зоны. Праўда, адыдзеш убок ад каналу на некалькі соцень мэтраў і ты – зноўку ў "спэцзоне". Мне могуць сказаць: што ты ўсё крытыкуеш, хіба пагранзона – дурнота, хіба непатрэбная яна? Ня ведаю: пры Сталіне, да вайны і пасьля яе заканчэньня, калі стварылі зону, можа й была патрэбная, не магу сказаць з пэўнасьцю. Але ж няма СССР, мы апынуліся ў ХХІ стагодзьдзі, а сёньняшнія стваральнікі зоны дагэтуль, атрымліваецца, жывуць у часы халоднай вайны. Так, у Літве і Польшчы, таксама, як і ў нас, існуе паняцьце "пагранічнай паласы" – вузкага пасу ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Але нікому нават ў жахлівым сьне не прыйдзе да галавы абмяжоўваць уезд на курорт Друскенікі, які, па паняцьцях цяперашніх беларускіх чыноўнікаў, павінен знаходзіцца ў "іхняй пагранзоне", як і недалёкае ад Друскенік Парэчча. І апошняе: адмысловая камісія, што зьбіралася днямі і якая дапяла, што трэба выключаць Парэчча з пагранзоны, аднак, адначасова зрабіла выснову: некаторыя населеныя пункты пяці раёнаў вобласьці на межах з Польшчай і Літвой, наадварот, трэба ўключыць у пагранзону. Аказваецца, беларускім чыноўнікам страшна штосьці зрэдку дазваляць, не ствараючы адначасова новых забаронаў. Алесь Кавалёў 02.12.2008
"Гарнізонны касьцёл" заменяць "салдацкай царквой"?
У Горадні а’яўлена пра ідэю пабудаваць гарнізонны праваслаўны храм. Аднак ці ёсьць у гэтым неабходнасьць? Большасьць сумняваецца. Калі і на якія грошы яго пабудуюць, сёньня ніхто дакладна ня скажа. Дый ці ёсьць рэальная патрэба? Вайсковых частак у горадзе стала значна меней у параўнаньні з савецкай эпохі, хаця іх па-ранейшаму не бракуе. Аднак наколькі вялікае месца займае сёньня "рэлігійная падрыхтоўка" ў беларускай арміі, ці напраўду яна вымагае абавязковай пабудовы "салдацкай царквы"? Да вайны пры паляках у горадзе існаваў гэтак званы "гарнізонны касьцёл", вядомы ў гісторыі як Фара Вітаўта. Савецкая ўлада яго ўзарвала ў 1961 годзе. Ці ня будзе сёньня дыспрапорцыі, калі для салдат праваслаўнага паходжаньня пабудуюць царкву, а для выхадцаў з каталіцкіх сем’яў – не? А іх у вайсковых частках можа быць прыблізна аднолькавая колькасьць. Мне скажуць: паміж уладай і царквой некалькі гадоў дзейнічае пагадненьне, а вось з Ватыканам яго не падпісалі, хаця было сёлета абвешчана аб намеры, і ці падпішуць – невядома. Зрэшты, касьцёлаў у горадзе хапае, і яны вялікія па памерах, салдатам месца таксама хапіла б, скажуць мне. Але ці знойдзецца камандзір, каторы наважыцца іх туды завесьці? Адказ вядомы – хутчэй за ўсё не. Што да царквы, то цяперашні гарадзкі сабор якраз і зьяўляецца "салдацкім": яго пабудавалі сто гадоў таму ў гонар вайскоўцаў гарадзенскага гарнізону, якія загінулі на японскай вайне. У саборы пра падзею нагадваюць памятныя дошкі з прозьвішчамі. Пра гэта ўсім вядома. Няўжо ня знойдзецца раз на тыдзень час, калі ў сабор могуць прывесьці ахвотных салдат? Напэўна ж, знойдзецца. А гнацца за масавасьцю, заводзіць туды ўсіх пагалоўна – ці варта? Прысутнасьць бацюшак на вайсковых мерапрыемствах стала нормай, ксяндзоў жа там амаль не сустрэнеш. Чаму? Гэта залежыць ад камандзіра – калі іх запрашаюць, яны таксама прыходзяць. Але ў такім чаканьні запрашэньняў ксяндзы нагадваюць не сьвятароў для беларускіх каталікоў, а толькі пастыраў для польскай меншасьці. Вось жа бацюшкі прыходзяць у армію да ўсіх праваслаўных, незалежна ад нацыянальнасьці, а што ксяндзам перашкаджае? Нядаўна гарадзенцы –вэтэраны флёту наладзілі парад. Да іх прыйшоў бацюшка, як ён прызнаўся, без аніякага запрашэньня, і толькі зьдзіўляўся, што ксяндза не было. Дык вось гэты сьвятар з уласнай ініцыятывы ўручыў былым маракам абраз сьвятога Міколы, які ў царскія часы быў заступнікам флёту. У цэлым увага царкоўнікаў да вайскоўцаў, іхнія дачыненьні набылі адпаведныя карэктныя рамкі. Днямі біскуп Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцёмі ўручыў гарадзенскім памежнікам харугву з архаанёлам Міхаілам, іхнім заступнікам. І адбывалася гэта, між іншым, менавіта ў вайсковым яшчэ з царскіх часоў Сьвятапакроўскім саборы. Самі памежнікі ўручылі эпархіі праваслаўныя абразы, якія кантрабандысты хацелі пераправіць цераз мяжу праз КПП "Брузгі". Але ці сапраўды сёньня паўстала рэальная патрэба вадзіць салдат узводамі і ротамі ў храм, як у клюб на кінасэанс? Можа ўсё-ткі ў нас у краіне царква па-ранейшаму існуе асобна ад дзяржавы, і любы салдат можа свабодна, пры жаданьні, наведаць у звальненьні царкву ці касьцёл? Што, дарэчы, часам сапраўды можна ўбачыць у выхадныя дні ў Горадні, праўда ня часта. Алесь Кавалёў 01.12.2008 |