Самаадукатар № 5, верасень
|
На Гомельшчыне ідэя байкоту буксуе
Услед за адмовай ад выбараў трох кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі выходзяць з акруговых выбарчых камісій. Аднак ў дэмакратычных сілах Гомельшчыны няма адзінства па пытанні байкоту. Ці не адпавядае гэта намеру ўладаў акрэсліць "лаяльную" апазіцыю? Заявы аб выхадзе з камісій былі накіраваныя ў органы, якія іх фарміравалі – прэзідыюм абласнога Савета дэпутатаў і абласны выканаўчы камітэт. – Рэкамендацыйнае рашэнне аб выхадзе з выбарчых камісій было прынятае на нарадзе шэрагу суб’ектаў абласной кааліцыі АДС, – патлумачыў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Што тычыцца ўчастковых камісій – ён не выключае, што прадстаўнікі Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС) могуць у іх застацца, асабліва калі яны былі вылучаныя ад грамадзян, а не ад партый. "Левая" частка АДС Гомельшчыны, якая прадстаўлена Партыяй камуністаў беларускай, не далучылася да байкоту. Ці не адпавядае гэта намеру ўладаў акрэсліць "лаяльную" апазіцыю, якая створыць "альтэрнатыўнасць" на выбарах і ў нейкай колькасці пройдзе ў Палату прадстаўнікоў? Прынамсі, са Светлагорскага райвыканкама зыходзяць чуткі, што ўлады нібыта садзейнічалі вылучэнню ў кандыдаты тутэйшага камуніста Сяргея Дайнекі. Прычынамі выхаду з акруговых камісій сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі назвалі наступнае: ў гэтыя камісіі па вобласці ўключана толькі 12 прадстаўнікоў АДС з 18 вылучаных, а ва ўчастковыя камісі – толькі 7 з 225. Нагадаем, што АДС не разглядаецца ўладамі як палітычны суб’ект – такімі суб’ектамі прызнаюцца толькі партыі паасобна. – Думаю, што рашэнне накіраваць заявы было правільнае. Таму што нашыя прадстаўнікі не ўключаныя ва ўч астковыя камісіі па вобласці, – гаворыць сябра Хойніцкай акруговай камісіі Уладзімір Церамецкі. Ці не стане гэта нагодай для ўладаў казаць, што прадстаўнікі дэмакратычных партый могуць у любы час сыйсці з камісій, а таму і няма сэнсу ўключаць іх туды? – Так, я таксама не зусім згодны з тым, што трэба было выходзіць – кажа Ул. Церамецкі. – Трэба было застацца. У камісіях мы можам больш бачыць, як ідуць выбары. Мне пакуль не паведамлялі, што я выключаны з камісіі, таму працягваю ўдзельнічаць. Выхад з камісій не азначае адмову ад назірання за выбарамі, адзначае сябра партыі Леанід Судаленка з Гомеля: – Назіраць будзем актыўна, у тым ліку і на папярэднім галасаванні, – падкрэслівае ён. В. Палякоў і Л. Судаленка, якія былі кандыдатамі ў дэпутаты, у пачатку верасня зняліся з выбараў. Тое ж зрабіў і старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Валерый Пуціцкі. Прычыны яны назвалі прыктычна такія ж, што і ў заявах членаў акруговых камісій. Арсень Даніловіч 12.09.2008 |