Памяць пра слуцкіх ваяроў жывіцца энтузіястамі
Па савецкай традыцыі улады замоўчваюць паўстаньне на Случчыне, жорстка падаўленае Чырвонай Арміяй у 1920-м. Але з прыватнай ініцыятывы створаныя 90 партрэтаў ваяроў, два помнікі героям і барэльеф.
У нядзелю 26 лістапада адбудзецца пілігрымка валантэраў на памятныя мясьціны Слуцкага паўстаньня 1920 году. Яны пазначаныя ў сёньняшніх Капыльскім, Салігорскім, Любанскім, Старадароскім раёнах.
Ураджэнец слуцкай зямлі прафэсар Анатоль Грыцкевіч нагадвае, што да 1920 году Беларусь ужо сёмы год – даўжэй, напэўна, за іншыя краіны Эўропы – жыла ў стане вайны. А непасрэдна Случчына трэці год запар перажывала няспынную зьмену акупантаў. Улетку 1920-га прыйшлі бальшавікі. Гэта былі не гаваруны 1917-га, а – з харчразьвёрсткай, гвалтам і расстрэламі на месцы ўсіх, хто стаяў упоперак іх дарогі.
Баявыя дзеяньні пачаліся 27 лістапада 1920 году. Слуцкія паўстанцы ўступілі ў бой з чырвонаармейцамі, каб абараніць ад прыходу савецкай улады, бальшавікоў свой рэгіён. Па месцах тых баёў і пройдзе сёньня патрыятычная пілігрымка.
Арганізатар вандроўкі Вячаслаў Сіўчык асьцерагаецца паведаміць "лішнія" падрабязнасьці падзеі. Баіцца, што ўлады ўбачаць у гэтым нейкую ідэалягічную акцыю і перашкодзяць годнаму сьвяткаваньню важнейшай падзеі ў гісторыі змаганьня за незалежную Беларусь.
Дакладна вядома, што 26-га лістапада будзе працаваць прыватны музэй Алеся Белага ў Старых Дарогах. Гаспадар паведамляе: да чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну падрыхтаваў спэцыяльную экспазыцыю. У ёй – 90 мастацкіх партрэтаў герояў Слуцкай брыгады Беларускай народнай Рэспублікі.
На сёньня таксама ёсьць два праекты помнікаў, выкананыя менскім скульптарам Міхасём Іньковым. На адным зь іх выява анёлу, які схіліўся над магілай загінуўшых. У руках анёла крыж – копія крыжа Эўфрасіньі Полацкай. На выпукласьці ў выглядзе зямнога шару герб Пагоня і надпіс: "Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына". У другім варыянце помніка ўвасоблены паранены паўстанец, які памірае і захіляе рукой крыж.
Новым ў экспазыцыі музэя зьяўляецца барэльеф, зроблены сёлета менскім мастаком Аляксандрам Зіменка. Алесь Белы плянуе, што барэльеф будзе ўмацаваны на вялікім камяні на сядзібе аднаго з жыхароў Слуцка. Бо тутэйшая ўлада пакуль не вітае грамадзянскія ініцыятывы па ўшанаваньні памяці ваяроў Слуцкай брыгады.
Дасьледчыца беларускай гісторыі Ніна Стужынская – аўтар кнігі "Беларусь мяцежная: зь гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву 20-х гадоў XX стагодзьдзя". Сёлета яна падрыхтавала рукапіс новага дакумэнтальнага выданьня пра Слуцкі збройны чын ды падпольную сялянскую партыю "Зялёны Дуб".
У архівах Польшчы і Расеі Ніна Стужынская адшукала раней невядомы зьвесткі пра патрыётаў барацьбы за незалежнасьць Беларусі. У якасьці прыкладу гаворыць пра дамоўленасьці кіраўнікоў Слуцкай брыгады са знакамітым стратэгам па барацьбе з бальшавізмам Барысам Савінкавым – кіраўніком антысавецкай расейскай арганізацыі "Народны саюз Радзімы і Эўропы".
– Мудрая палітыка пошуку кампрамісаў і магчымасьцяў дазволіла добра падрыхтавацца да збройнага змаганьня, – канстауе Ніна Стужынская.
Лёзунгі слуцкіх ваяроў
• Ня ў сіле Бог, а ў праўдзе
• Наша справа – справа праўдзівая
• За Незалежную Дэмакратычную Беларусь
• Нi польскiх паноў, нi маскоўскiх камунiстаў
• Бальшавікі ідуць рабаваць чужую зямлю, а мы — бараніць сваю
Галіна Баравая
26.11.2006