У Нясьвіжы дзясяты год шукаюць 12 залатых апосталаў
Беларуская ўлада марыць знайсьці казачныя скарбы Радзівілаў. Гэтым разам археолягі адмыслова перакопваюць абарончы вал Нясьвіскага замку.
Крапасныя ўмацаваньні, пабудаваныя напрыканцы XVI стагодзьдзя італьянскім архітэктарам Джаваньні Бернардоні, нагадваюць парэзаны на кавалкі пірог.
Археоляг Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Мяцельскі атрымаў загад дасьледаваць патаемныя хады і адшукаць магчымыя сховы ў абарончым вале. Аб’ёмы працы землякопаў больш маштабныя, чым у рэстаўратараў. Гэта відаць па здымках.
Дарэчы, скарбы Радзівілаў шукаюць ад часу наведваньня Нясьвіжа А.Лукашэнкам
У 1997 годзе кіраўнік краіны наведаў Нясьвіж і аддаў распараджэньне закрыць санаторый. Зь Менску былі камандзіраваныя археолягі і супрацоўнікі КДБ. Пра гэта ёсьць запісы ў дзёньніках знаўцы гісторыі Нясьвіжу Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай. Пры жыцьці яна занатавала, што археалягічна-кадэбісцкая экспэдыцыя з мэталяшукальнікамі выявіла падземны ход вышынёй 1,8 і шырынёй 1,2 мэтра.
Таксама ў 1997 годзе ў Нясьвіж наведалася яшчэ адна камісія. Яна нібыта дасьледавала на трываласьць падмуркі і скляпеньні фарнага касьцёлу. Але паводле запісаў спадарыні Шышыгінай-Патоцкай, кадэбісты насамрэч шукалі схованкі з золатам.
Нарэшце замак, золата якога чэкісты так і не знайшлі, быў перададзены 29 чэрвеня 2001 году на балянс міністэрства культуры.
У тым жа 2001 годзе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пастаўленая п’еса "Чорная панна Нясьвіжу". Дух яе гераіні Барбары Радзівіл нібыта папярэджвае аб надыходзячай бядзе.
Гэта й здарылася 25 сьнежня 2002-га, калі пажар вынішчыў лепшую частку палацу. Дарэчы, у апошнія 70 гадоў замок не гарэў, і нясьвіскія старажылы ня памятаюць нічога падобнага.
Каб ахалодзіць гарачую цікавасьць жыхароў і гасьцей Нясьвіжу да замкавых таямніц, улада арганізавала цяпер выставу археалягічных знаходак. На водкуп аддзеныя ядры гарматаў і кавалкі амуніцыі рыцараў.
Міт пра нясьвіскі скарб – адзін з самых прыгожых у Беларусі. Вядома, што Радзівілы былі фантастычна багатыя. Нясьвіж у 1511 годзе атрымаў Ян Радзівіл у пасаг за маладой жонкай з роду Кішак. Таксама ў XVI стагодзьдзі нямецкі імпэратар Карл Y надзяліў магнацкі род графскім тытулам Сьвятой Рымскай Імпэрыі. У часы Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі і Кароля Станіслава Радзівіла Пане Каханку замак дасягнуў найвышэйшага росквіту.
Захаваліся вопісы, інвэнтары, акты, што сьведчаць пра найвышэйшую канцэнтрацыю багацьцяў у замку напрыканцы XVII стагодзьдзя. Тут захоўваўся амаль увесь дзяржаўны архіў Вялікага княства Літоўскага, напісаны на беларускай мове. Радзівілы мелі калекцыю старадаўняй зброі з Эўропы, тоны вырабаў з золата і срэбра.
Да гэтага часу дайшлі зьвесткі пра 12 залатых фігураў апосталаў у чалавечы рост, прывезеных з Канстантынопалю. Існаваньне іх не выклікае сумневу, бо бачылі многія сучасьнікі. Ніводзін з Радзівілаў не прадаваў і не закладваў апосталаў. Яны былі перакананыя, што гэта абярэгі клану. Але напачатку XIX стагодзьдзя 12 апосталаў таямнічым чынам зьніклі. Тайну іх у магілу зьнёс у 1813 годзе Дамінік Радзівіл. На ім абарвалася і нясьвіская лінія роду Радзівілаў.
Галіна Баравая
Фота аўтара
28.11.2006