Стекляшка № 5, июль
|
Грэка-каталікі дзяліліся духоўным досведам па ангельску
Учора,13 ліпеня, завяршылася чарговая – 16-я традыцыйная грэка-каталіцкая пілілігрымка з Віцебска ў Полацак. За чатыры дні ўдзельнікі прайшлі каля 120 кіламетраў. Адметнасцю пілігрымкі гэтага году стаў яе міжнародны статус – удзел у ёй прыняла моладзь з Польшчы і Даніі. Традыцыйна бралі ўдзел грэка-католікі з Расіі і Ўкраіны. Пад час пілігрымкі ўдзельнікі дзеляцца на групы для правядзення духоўных практыкаванняў. У гэтым годзе стварылася адна група "англамоўная", у якой сваім духоўным досьведам беларуская моладзь дзялілася з сябрамі з далёкага замежжа на зразумелай для іх усіх мове. Пра тое, што гэта пілігрымка сталася папулярнай сярод маладых беларусаў, сьведчыць узрост пераважнай колькасці ўдзельнікаў – ім да 30 год. Высока ацанілі набыты духоўны досьвед маладыя, але ўжо вядомыя многім палітык Павал Севярынец і філосаф Пётра Рудкоўскі, якія разам з усімі пераадольвалі пешкі кіламетр за кіламетрам. 13 ліпеня ўдзельнікі маліліся ў невялічкай вёсцы Струнне, што ля самога Полацка, ў якой месцілася ў 18-стагоддзі рэзідэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў. Тут таксама ўспаміналі апошняга экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча, замучанага ў нямецкім гестапа роўна 65 год таму ў Менску. Спевам "Магутны Божа" у полацкім Сафійскім саборы завяршыўся першы этап пілігрымкі. Сёння, 14 ліпеня, сьвята для пілігрымаў працягнецца ў грэка-каталіцкай царкве сьвятой Параскевы Полацкай. Аляксей Іваноў 14.07.2008 |