Брестчанка № 2, февраль
|
Дык чаму ж нам ня пець?
Стан сфэры культуры, асабліва на пэрыфэрыі, проста шакуе. Мы пераканаліся ў гэтым на прыкладзе Ляхавіцкага раёну. На ажыцьцяўленьне дзейнасьці ўстановаў культуры раёну, выкананьне рэспубліканскіх праграмаў і культуровых мерапрыемстваў вылучаецца ўсяго блізу 6-7 працэнтаў раённага бюджэту. Аднак асноўная частка й тых грошай ідзе толькі на падтрыманьне ў больш-менш прыстойным выглядзе фасадаў сельскіх ды аграгарадоцкіх дамоў культуры. На разьвязваньне нутраных, існасных праблемаў грошай элемэнтарна бракуе. Далейшае развіцьцё культуры, як адзначыла ў сваім справаздачным дакладзе па выніках 2007 году начальнік аддзелу культуры Ляхавіцкага райвыканкаму, немагчымае без захаваньня гісторыка-культуровае спадчыны, што, як вядома, патрабуе немалых грошай. На жаль, пакуль гэтае "захаваньне" збольшага зводзіцца хіба да выдрукаваньня інфармацыйных буклетаў пра турыстычныя аб’екты раёну. Ужо каторы год ходзяць чуткі пра рэстаўрацыю родавай капліцы Рэйтанаў у в. Грушаўка Ляхавіцкага раёну. І на стварэньне праектава-каштарыснае дакумэнтацыі па рэстаўрацыі помніка летась сапраўды было выдаткавана 30 млн. рублёў. Праект ужо амаль гатовы, але ён патрабуе выдаткоўваньня яшчэ 27 млн. рублёў (!) Гэта ўжо ня кажучы пра ўласна самую рэканструкцыю капліцы. Гаворкі пра комплекснае аднаўленьне шыкоўнае сядзібы Рэйтанаў, вядома, пагатоў ня йдзе. Чарговая праблема – дэмаграфічна патлумачанае скарачэньне колькасьці бібліятэкаў, а таксама бібліятэчных фондаў. Сьпісаньне састарэлае літаратуры пераважае над колькасьцю новых папаўненьняў, дарма што на набываньне новае літаратуры мусіць выдаткоўвацца 15 працэнтаў сродкаў: насамрэч усё атрымліваецца інакш. Нарматыў па вылучэньні сродкаў на камплектаваньне кніжных фондаў за кошт мясцовага бюджэту летась быў нават перавышаны. Але асноўны атсотак фінансаваньня марнуецца на дзяржаўную падпіску, і толькі 3 працэнта (15 млн. рублёў) пайшло на набываньне новае літаратуры. А за кошт новай, запатрабаванай у насельніцтва літаратуры можна было б павялічыць і абыймо выкананьня платных паслугаў для насельніцтва, чым даць падзарабіць бібліятэцы на ўласныя патрэбы. Адсюль і вынікае: у бібліятэках шмат літаратуры рэкамэндаванай "зьверху", але недахоп неабходнай для насельніцтва. Адной з актуальных праблемаў адзьдзелу культуры было агучанае захаваньне ды ўмацаваньне належнага кадравага патэнцыялу. На сёньня ва ўстановах культуры Ляхавіцкага раёну працуе толькі каля 70 працэнтаў пэрсаналу, які мае спэцыяльную адукацыю. Дарэчы, як стала вядома, гэта далёка не найгоршы паказьнік па вобласьці. Іншая балючая кропка раёну – умацаваньне матэрыяльна-тэхнічнае базы ўстановаў культуры, якія практычна ўсе сёньня патрабуюць беглага ці капітальнага рамонту. Напрыклад, у Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў (будынак 1939 году) вокны так пагнілі, што даволі будзе добрага ветру, каб шыбы вылецелі. А тут штодня займаюцца дзеткі. Будынак гарадзкога Дому культуры, у якім займаюцца сем калектываў са званьнем "народны", – найгоршы ў Берасьцейскай вобласці. Тут няма нават прыбіральні. Дзеячы культуры змушаныя за колькі дзясяткаў мэтраў хадзіць у драўляную прыбіральню на двор. Мноства праблемаў узьнікае й пры арганізацыі работы сельскіх клюбаў. "Кожнае мерапрыемства, апроч свайго сэнсавага зьместу, мусіць, як кажуць, усалоджваць слых ды радаваць вока, – адзначыла ў сваім выступе адна з загадчыцаў клюбу. – Добрая сучасная апаратура, прафэсійныя музычныя інструманты, яскравыя сцэнічныя касьцюмы – адны са складнікаў посьпеху, і тое, пра што мы толькі марым. У нас многа таленавітых выканаўцаў, але, каб зрабіць добры нумар, трэба якасная фанаграма. Сваёй студыі гуказапісу ў нас няма. Запіс адной фанаграмы каштуе каля 25 у. а. На гэта грошай у нас таксама няма…" Грошай не хапае нават на прыстойныя заробкі работнікам сфэры культуры. Адсюль катастрафічна расьце й недахоп спэцыялістаў. Стаўка бібліятэкара ці акампаніятара – вартая сьмеху, а навучацца музыцы трэба дзесяць гадоў. .. "Хочацца, каб нашыя праблемы бачылі й дапамагалі іх разьвязваць. А мы сьпявалі, сьпяваем і будзем сьпяваць, бо, як памятаеце, нам песьня будаваць і жыць дапамагае", – скончыла даклад начальнік адзьдзелу культуры. Сапраўды, дык чаму ж нам ня пець? Алесь Правальскі 19.02.2008 |