Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвіньне, №6, верасень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвіньне, №6, верасень

Праспект патапілі, затое выслужыліся перад Лукашэнкам

Адкрываючы падноўлены віцебскі  шпіталь, Рыгоравіч заявіў, што і будынак, і дарогу зрабілі не дзеля яго, а – "для народа". Насамрэч мільёны народных грошай закаталі ў асфальт менавіта пад браніраваны прэзыдэнцкі аўтамабіль. Цяпер трасу перабудоўваюць.

Супрацоўнікі Кастрычніцкага райаддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі  самі дзівяцца, як магло атрымацца так , што ўсцяж усяго праспекта Фрунзэ ў Віцебску зніклі "ліўнёўкі" – адтуліны для сцёку дажджавой вады. 

Між тым адказ на гэта пытанне зусім просты: новае дарожнае пакрыццё тут укладалі ў апошнюю ноч перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі. Улады баяліся толькі аднаго – не паспець своечасова, усё іншае іх не турбавала.

Напярэдадні фестываля "Славянскі базар у Віцебску" праспект Фрунзэ быў поўнасцю адноўлены, бо менавіта праз яго ляжала дарога прэзідэнта да гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, якую ён мусіў ўрачыста адкрыць пасля рамонту. Праезжая частка праспекту была пашыраная, свежае асфальтавая пакрыццё блішчэла пад ліпеньскім сонцам, і адкрыццё медычнае ўстановы прайшло з вялікай помпай.

Прычым у сваёй прамове Аляксандар Лукашэнка не забыўся падкрэсліць, што будаўнікі і дарожнікі стараліся не для яго, а "для народа" – каб жыхарам Віцебску было прыемна лячыцца ў адрамантаваным шпіталі і гуляць па праспекце з новым асфальтам.

Парадавацца мясцовыя жыхары паспелі хіба да першых дажджоў, пасля якіх значная частка праспекту была затопленая вадой. Калі лужыны не высахлі і за два наступныя пагодныя тыдні, гэтым зацікавіліся і аўтамабілісты, і пешаходы. Неўзабаве высветлілі: адтуліны для сцёку вады наглуха закатаныя тым самым новым "лукашэнкаўскім" асфальтам.

Над пытаннем, што цяпер рабіць, разважаюць ў Кастрычніцкім раённым аддзеле камунальнае гаспадаркі. Дырэктар дарожна-будаўнічага ўпраўлення №45 Уладзімір Карасёў мае ўсе належныя дакументы пра тое, што арганізацыя выканала рамонт дарожнага пакрыцця, а пра рэстаўрацыю "ліўнёвак" ніякае дамовы не было. Атрымліваецца, вінаватых няма.

Цяпер асфальт ізноў здымуць, прачысцяць каналізацыйную сістэму, потым усталююць новыя рашоткі і зноў заасфальтуюць дарогу. Усё гэта будзе рабіцца за бюджэтныя сродкі, а калі казаць больш дакладна, за сродкі гараджанаў.

Алёна Штраль

30.09.2006

Віцебск мае пільную патрэбу ў сучасным сметніку, але замест яго пабудавалі Лядовы палац

Штодня пад самым горадам выгружаюцца 250 машын "Спецаўтабазы". Пакуль адкіды атручваюць толькі паветра. А неўзабаве можа пачацца біяхімічная атака на падземныя воды, якімі карыстаецца абласны цэнтр.

"Палігон для захавання цвёрдых камунальных адкідаў" – так афіцыйна называецца гэтае месца – заклалі 30 год таму. На той час да бліжэйшых пабудоў было некалькі кіламетраў (цяпер практычна гарадская мяжа), і праектанты мала задумваліся пра экалагічную небяспеку.

Сёння гарадскі сметнік – гара вышынёй 18-20 метраў, якую добра відаць з шашы "Віцебск—Смаленск". Грузавікі  "Спецаўтабазы" збочваюць сюды па 250 разоў на дзень.

– Горад расце, і блізкае суседства са сметнікам робіцца небяспечным для людзей, – кажа начальнік тутэйшага вытворчага ўчастка Віктар Піменаў. – Смецце захоўваецца на адкрытым паветры, шкодныя рэчывы выпараюцца ў атмасферу, і гараджане вымушаны дыхаць хімічна-бактэрыялагічным "кактэйлем". І хаця самыя небяспечныя адкіды – да прыкладу, са шпіталяў або хімічных прадпрыемстваў – утылізуюцца асобна, у адмысловых траншэях, сітуацыя вось-вось можа выйсці за межы санітарных нормаў.

Тэхналогія захавання смецця прымітыўная: усе адкіды "прасуюцца" бульдозерам, а потым засыпаюцца зямлёй: кожныя два метры раздзяляюцца 25-сантыметровай ізаляцыйнай пракладкай грунту. Але ад непрыемнага паху пазбавіцца не ўдаецца, не кажучы ўжо пра эстэтыку ландшафту.

Вядома, ёсць спецыфічная катэгорыя асобаў, якіх ні пах, ні выгляд сметніка не палохаюць. Але гаворка зусім не пра бамжоў. Пазбягаючы сустрэч з аховай, тут ходзяць "прамыслоўцы": зьбіральнікі звычайнага металалому і каляровых металаў, пустых бутэлек і антыкварыяту...Ці проста жыхары бліжэйшага прыватнага сектару, якія шукаюць дармовага паліва на зіму – ім падыйдзе і паламаны кухонны зэдлік, і "музэйны" гарнітур. Такім чынам смецце, сабранае з розных куткоў горада, зноў вяртаецца назад, але ўжо ў іншай якасці.

Антысанітарны "кругазварот" смецця, на думку спецыялістаў абласнога аддзела прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, можна спыніць толькі новымі тэхналогіямі.

Побач рыхтуецца "другая чарга" гэтага аб'екта: выкапаны вялізны катлаван агульнай плошчай каля 15-ці гектараў, куды мяркуецца закапваць адкіды. Праз год, калі вышыня цяперашняга сметніка дасягне крытычнай адзнакі ў 25 метраў, смецце пачнуць звозіць сюды. Мажліва, тады ў паветра будзе трапляць меней шкодных рэчываў, але іхнае захаванне пад зямлёй рызыкуе мець яшчэ больш небяспечныя наступствы – у прыватнасці, прадукты распаду камунальных адкідаў могуць трапіць у грунтовыя воды.

Спецыялісты кажуць, што найбольшыя надзеі ў гэтым сэнсе ўскладаюць на прыродныя фактары: сметнік размешчаны ў раёне залягання гліны, якая сама па сабе ёсьць выдатным натуральным  фільтрам. Але найлепш было б не спадзявацца на гэта, а пабудаваць тут адмысловае прадпрыемства па перапрацоўцы смецця, як гэта робіцца за мяжой.

Дарэчы, год 10 таму ў Віцебск прыязжалі замежнікі, немцы і палякі, гатовыя дапамагчы ў гэтай справе. Але для будаўніцтва альтэрнатывы гарадскому сметніку тады не знайшлося сродкаў – на той час у горадзе актыўна будавалі
Лядовы палац.   

Алёна Штраль

28.09.2006

Старажытныя фрэскі не патрэбны ні царкве, ні ўладзе

У Глыбокім падчас рамонту ў саборы Раства Прасвятой Маці Божай знойдзены фрэскі ХVII стагоддзя. Аднак тое не ўзрадавала ні святара, ні чыноўнікаў.

Праваслаўны сабор, у якім зараз праводзіцца рэстаўрацыя інтэр'еру, да XIX стагоддзя быў каталіцкім касцёлам ордэну Кармелітаў босых. У часы Расійскае імперыі храм перадалі праваслаўным і перабудавалі адпаведна іншым рэлігійным канонам.

Але ягоная гісторыя нечакана праступіла, як кажуць, "праз пыл стагоддзяў": калі будаўнікі пачалі здымаць са сцен старую тынкоўку, то ўбачылі роспісы, зробленныя рукой невядомага мастака ў першай палове XVII стагоддзя – выявы мальційскіх крыжоў зьнізу і двух старажытных гербаў, адзін з якіх належаў ордэну Кармелітаў, а другі – роду Корсакаў, фундатараў гэтага храма.

Апошні раз гэтыя фрэскі бачылі ў Глыбокім каля 130 год таму: пасля таго, як касьцёл быў пераасвечаны, выявы зафарбавалі.

Цяперашні настаяцель сабора айцец Сергій (Грамыка) пакуль не выказвае жадання захаваць старажытная малюнкі для нашчадкаў.

Фрэскамі зацікавіўся мясцовы краязнаўца Уладзімір Скрабатун: дзеля кансультацыі ён запрасіў у Глыбокае вядомага мінскага мастака-рэстаўратара Ўладзіміра Ракіцкага.

Сталічнага спецыяліста малюнкі на сценах сабору зацікавілі настолькі, што ён выказаў гатоўнасць у любы момант прыехаць для іх аднаўлення. Уладзімір Ракіцкі выказаў меркаванне , што на столі пад слоем вапны таксама могуць быць фрэскавыя роспісы , якія варта было б расшукаць ды падрыхтаваць для рэстаўрацыі. Аднак на ўсё гэта патрэбна згода мясцовых уладаў, бо рэстаўрацыйныя працы патрабуць шмат грошай.

Глыбоцкі райвыканкам не спяшаецца з вырашэннем пытання, ці даваць грошы на дэтальнае вывучэнне і рэстаўрацыю хаця б асобных элементаў першапачатковага выгляду помніка архітэктуры.

Цалкам верагодна, што, пакуль праблема з грашыма вырашыцца, рэстаўраваць ужо не будзе чаго: у храме поўным ходам ідзе звычайны рамонт, і будаўнікі, апрацоўваючы сцены пад новую тынкоўку, ужо часткова знішчылі старажытныя выявы.

Алёна Штраль

25.09.2006

Самаму маладому алкаголіку Віцебшчыны трынаццаць год

На ўліку ў наркалагічным аддзяленні псіханеўралагічнага дыспансера 30 няпоўнагадовых хворых з дыягназам “"хранічны алкагалізм"”. Яшчэ дзве з паловай тысячы падлеткаў знаходзяцца пад назіраннем.

Але дактары ўпэўненыя, што куды большая колькасць юных аматараў выпіўкі ніколі  не звярталася па медычную дапамогу, таму спраўдная іхная колькасць не вядомая.

Праблему алкагалізацыі насельніцтва вобласці урач-нарколаг Ірына Шчаўкунова ілюструе наступнай статыстыкай:

-- Яшчэ з 2000 годзе на ўліку у нашым дыспансеры стаялі 20 тысяч хранічных алкаголікаў, а сёлета – ужо 25 тысяч. І гэта толькі афіцыйная статыстыка, яна не ўлічвае людзей, якія п'юць бескантрольна і не звяртаюцца па медычную дапамогу. Таксама мы не фіксуем колькасць тых, хто хоча лячыцца ананімна. Так што ведаем мы далёка не ўсю праўду, але і нават частка гэтае праўды ўражвае.

Да таго ж, калі год 10 таму дыягназ "хранічны алкагалізм" мы ставілі найчасцей людзям пасля 40 год, то цяпер ён памаладзеў амаль у два разы – значнай частцы нашых пацыентаў усяго толькі па 20-23 гады.

Паводле спецыялістаў, у дарослых алкагольная залежнасць фарміруецца на працягу 7-8 гадоў, а ў маладым узросце можа ўзнікнуць праз паўгады. Амаль столькі ж часу патрабуе лячэнне маладога чалавека, якое можа быць паспяховым толькі тады, калі медыкам дапамагаюць родныя і блізкія.

Назіранні віцебскіх дактароў-нарколагаў  у гэтым сэнсе мала суцяшальныя: раней хранічныя алкаголікі вырасталі пераважна ў нядобранадзейных сем'ях з дрэннай спадчыннасцю. Цяпер сямейныя стасункі па-ранейшаму адыгрываюць вызначальную ролю, але ў іншым сэнсе: масавы ад'езд дарослых на заробкі ў замежжа, фінансавыя, сацыяльныя ды жыллёвыя праблемы – усё гэта адбіваецца на дзецях,  якіям бракуе ўвагі стомленых жыццём бацькоў.

Між тым у маладога пакалення ёсць свае праблемы, часта не вырашальныя ў цяперашніх умовах: да прыкладу,  недасягальнасць вышэйшае адукацыі з-за высокага кошту навучання, адсутнасць працы з перспектывай кар'ернага росту...

- Калі вось такія надзённыя пытаньні не вырашаць на дзяржаўным узроўні, даючы моладзі пэўныя гарантыі  на іхнае вартае дарослае жыццё,  то кожны будзе адольваць цяжкасці станаўлення асобы па-свойму, - гаворыць доктар І.Шчаўкунова. – Хтосьці  збярэ усе сілы для ажыццяўлення сваіх мараў, хтосьці адмовіцца ад іх, а хтосьці пойдзе па тым самым шляху, які ў народзе называюць "напіцца ды забыцца.

Алёна Штраль

24.09.2006

Патрыятычны праект коштам 50 мільёнаў рублёў

Віцебскі ваенкамат абяцае выхаваць сапраўдных патрыётаў, якія ахвотна пойдуць служыць у армію.

У сталіцы Прыдзвіння ствараецца Цэнтр патрыятычнага выхавання прызыўнікоў і дапрызыўнікоў, які размесціцца проста ў гарадскім ваенкамаце. На Беларусі гэта першая ўстанова падобнага кшталту, дзе кадравыя вайскоўцы збіраюцца перавыхоўваць маладых людзей, што зазвычай не дужа ахвотна ідуць на вайсковую службу.

На праект  выдаткавана больш як 50 мільенаў рублёў, прычым 40 мільёнаў гатова заплаціць Міністэрства абароны, астатняе мусіць дадаць гарадскі бюджэт. З улікам таго, што падобныя ўстановы для прызыўнікоў і дапрызыўнікоў загадана стварыць ва ўсіх абласных гарадах Беларусі, можна уявіць сабе агульны кошт гэтай "выхаваўчае ініцыятывы".

Першую "ін’екцыю патрыятызму" хлопцы мусяць атрымаць у "Пакоі баявой славы" , дзе ім прачытаюць лекцыю пра вызваленне Віцебска і мясцовы партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пакажуць асабістыя рэчы, зброю, абмундзіраванне і прадметы ўжытку яе перыяду.

Пасля "мемарыяльнага пакою" прызыўнікоў і дапрызыўнікоў павядуць на адкрытую пляцоўку з узорамі вайсковай тэхнікі, таксама ўжо “музэйнай”. Прэстыжнасць вайсковай службы будзе прадэманстраваная на пляцоўцы ў двары ваенкамату, дзе экскурсантаў чакаюць тры супрацьтанкавыя пушкі і бронетранспарцер БТР-60 ( апошнія дзве лічбы абазначаюць далёкі 1960 год выпуску гэтай машыны). Плануецца, што неўзабаве тут яшчэ з’явяцца гаўбіцы, мінамёты і верталёт МИ-2, таксама даўно знятыя з узбраення.

Перанята такая ідэя патрыятычнага выхавання ў расійцаў. Наколькі эфектыўная дзейнасць падобных цэнтраў, сведчаць наступныя лічбы. Паводле апытання, праведзенага ў 2004 г. сацыялагічным цэнтрам Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі (http://resource.tvzvezda.ru/?id=119645), амаль палова рэспандэнтаў (43%) лічыць, што ўзорам гераізму ў расійскіх падлеткаў з”яўляюцца персанажы баевікоў, у тым ліку прадстаўнікі злачынных груповак, і толькі ў 20% будучых салдат расійскага войска павагай карыстаюцца ўдзельнікі войнаў у "гарачых кропках" і вайскоўцы-прафесіяналы. Усяго 64% удзельнікі апытання называюць сябе сапраўднымі патрыётамі, і толькі 49% апытаных лічаць праявай патрыятызму  абавязковую службу ў войску.
 
Звычайныя беларускія хлопцы-прызыўнікі таксама наўрад ці суадносяць сёньня любоў да Радзімы з абавязкам правесці два гады ў казарме. І мала каго з наведнікаў Цэнтру патрыятычнага выхавання могуць натхніць згадкі пра гераічныя ўчынкі дзядоў-ветэранаў напярэдадні перспектывы спазнаць спраўдную "дзедаўшчыну".

Алёна Штраль

21.09.2006

Дах "Славянскага базару" вышэйшы за ўсе іншыя віды мастацтва

У віцебскай "Музычнай гасцёўні" гарвыканкам размясціў будаўнічы штаб па рэканструкцыі летняга амфітэатру. Каб не было цесна, выселілі некалькі  супрацоўнікаў і датэрмінова зачынілі фотавыставу.

Выставу пад назвай "Направление полета" прывезлі маладыя ўдзельнікі наваполацкага фотаклуба "Графклассік". Яна адчынілася пятага верасня і мусіла прымаць гледачоў да канца месяца. Не атрымалася – перашкодзіла рэканструкцыя летняга амфітэатру.

З сярэдзіны верасня над галоўнай сцэнічнай пляцоўкай "Славянскага базару" пачалі ўзводзіць даўно паабяцаны дах: яшчэ гадоў дзесяць таму мэр Масквы Юры Лужкоў абяцаў дапамагчы будаўніцтву празрыстага купала над амфітэатрам, каб гледачоў не залівала дажджом у дрэннае надвор'е. У народзе адразу нарадзіўся жарт пра тое, што свята накрыецца цяпер "кепкай Лужкова". Але абяцанае "абноўкі" Віцебск не дачакаўся – сёлетняе будаўніцтва распачалося не пад патранажам Масквы, а паводле рашэння беларускага ўраду і за беларускія рублі.

Дакладны кошт рэканструкцыі пакуль не вядомы: апорныя канструкцыі для празрыстага "парасона" даручана ўсталяваць Віцебскаму домабудаўнічаму камбінату, а вось на выраб самога купала яшчэ толькі абвешчаны тэндэр.

Між тым на самым высокім узроўні чыноўнікі Міністэрства культуры ўжо адрапартавалі: да наступнага лета над галовамі аматараў эстрады абавязкова будзе вісець "штуковіна" вагой каля 700 тонн. Адначасова адразу на дзве тысячы месцаў павялічыцца глядзельная зала.

Ну а працы маладых творцаў з Наваполацку апынулася сёньня літаральна на вуліцы. Людзі абураюцца: супрацоўнікі гарвыканкаму не толькі не папярэдзілі пра магчымае датэрміновае закрыццё фотавыставы, але й не прапанавалі альтэрнатыўнага памяшкання. Вось такі клопат пра культуру...

Зрэшты, кіраўнікі ж краіны езьдзяць у Віцебск не дзеля тамтэйшай творчай моладзі, а – каб паслухаць маскоўскіх поп-зорак...

Алёна Штраль

19.09.2006

Жыхары Віцебска, сцеражыцеся БРСМа!

Вось узор незвычайнага махлярства: скарыстаўшыся тым, што прадзяржаўныя структуры практыкуюць савецкую сістэму "добраахвотна-прымусовых" складак, прайдзісвет пайшоў па кватэрах збіраць грошы ад імя БРСМ. 

Махляр вырашыў: да збораў-пабораў людзі прызвычаіліся, а таму не пашкадуюць усяго адну тысячу рублёў  для выхаванцаў садкоў ды малодшых шкльнікаў.

Рыхтуючыся да  "бээрэсэмаўскай акцыі", "актывіст"  вырабіў з дапамогай кампутару адмысловую "Ліцэнзію" з гербам  Беларусі ды пячаткай. На ёй было напісана пра тое, што "аддзел БРСМ па фінансаванні пачатковай школы ды дзіцячых садоў" збірае з грамадзянаў   ахвяраванні. Была ў маладога чалавека й ведамасць, для занатавання імёнаў ды адрэсаў ахвярадаўцаў...

Падрыхтоўка ўражвае грунтоўнасцю, але здарылася тое, чаго малады чалавек ніяк не мог прадугледзець: у першай жа кватэры, куды ён пазваніў, дзверы  яму адчыніла сапраўдная супрацоўніца абкаму БРСМ. Напачатку спадарыня запрасіла махляра ўвайсці ды паслухала ягоныя тлумачэнні пра бядотны стан устаноў адукацыі. Потым папрасіла паглядзець ліцэнзію і прачытала, што  пячатка належыць нейкай гандлёвай установе Расійскай федэрацыі.

Ці то здзіўленне ад  чужога  нахабства сталася ў  спадарыні з БРСМу  такое вялікае, ці то супрацоўніца абкаму сама  ня ведала пра акцыі сваёй арганізацы, але на ўсялякі выпадак яна міліцыю не выклікала.

"Вынаходлівы" хлопец так і застаўся невядомы, а таму віцебскі абкам  звярнуўся да гараджан з заклікам быць асабліва пільнымі  і "спыніць дыскрэдытацыю грамадзкага аб'яднання", калі  нехта прыйдзе да іх прасіць грошы ад імя БРСМ.

Грамадзянам прапанавана тэлефанаваць проста ў абкам па нумары 36-42-37. Аднак журналістам недзяржаўных СМІ, якія патэлефанавалі туды, каб даведацца падрабязнасці інцыдэнту і папярэдзіць сваіх чытачоў, супрацоўніца Людміла Алегаўна каментары даваць адмовіліся. Яна спаслалася на загадчыка аддзела ідэалогіі Міхаіла Кузьміча, які даў распараджэнне надрукаваць інфармацыю пра здарэнне толькі ў дзвюх дзяржаўных  газетах – "Віцебскі рабочы" і "Віцьбічы". Мусіць, разлік ягоны быў такі: чытачы недзяржаўнае прэсы і так не пусцяць прадстаўніка БРСМу на парог, там болей, калі ён з'явіцца прасіць грошы

Алёна Штраль

13.09.2006

Не паступіў у ВНУ – возьмуць толькі ў будаўнікі або дворнікі

Пасля сёлетняй уступнай кампаніі ў Віцебскі цэнтр занятасці звярнуліся 345 экс-абітурыентаў. Прыкладна палова з іх пагадзілася навучацца на курсах. Нехта пайшоў у рабочыя ці будаўнікі. Астатнія ад дапамогі цэнтру адмовіліся.

Куды падзецца маладому чалавеку, якому не пашчасціла сёлета стацца студэнтам? Без працоўнага стажу ўладкаваца на  куды-небудзь практычна немагчыма, і таму сёлетнія выпускнікі школ масава "штурмуюць" Віцебскі Цэнтр занятасці насельніцтва. Шырокага выбару працаўладкавання гэтая ўстанова не прапануе: вакансіі ёсьць хіба што на нізкааплачваемыя і бесперспектыўныя спецыяльнасці.

Як распавяла супрацоўніца віцебскага Цэнтру занятасьці насельніцтва  Таццяна Салдатава, для моладзі існуе адмысловая дзяржаўная праграма браніраваньня працоўных месцаў.

– Але прыдатных для  ўчорашніх школьнікаў, асабліва для дзяўчат, спецыяльнасцяў  у нас няма:  наймальнікі  гатовыя прадаставіць працу толькі  дворнікам, грузчыкам ды  рознарабочым, – гаворыць Т. Салдатава. – Тыя, хто бачыць сябе ў будучыні мадэльерам або псіхолагам, адмаўляюцца ад такіх прапаноў. І іх можна зразумець: маладыя людзі хочуць мець магчымасьць рыхтавацца да іспытаў на наступны год, а не разгружаць, да прыкладу, скрыні каля крамы цягам усяго васьмігадзіннага працоўнага дня.

Дзяўчатам-выпускніцам, якія прыходзяць у Цэнтр, прапануць перадусім разнастайныя курсы, на якіх можна набыць спецыяльнасьць цырульніка, масажыста або гандляркі. Найбольш ахвотных навучыцца на цырульніка, але не дзеля працаўладкавання, а, як кажуць , "для сябе" – каб потым стрыгчы ці рабіць прычоскі сваякам ды знаёмым.

Бо вольных працоўных месцаў у віцебскіх цырульнях лічы што няма, як, зрэшты, і ў дзяржаўных крамах. Таму, адвучыўшыся 6 месяцаў на бесплатных (бо яны фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту) курсах, новаспечаныя гандляркі ў лепшым выпадку ўладкоўваюцца на кірмашы да прадпрымальнікаў, а цырульніцы ды масажысткі паступова набываюць "прыватную кліентуру".

Каб заахвоціць наймальнікаў браць на працу маладых людзей без працоўнага стажу, у цэнтры занятасці дзейнічае  і праграма так званай "моладзевай практыкі" – таксама  за дзяржаўныя грошы. Першыя паўгода дзяржава кампенсуе наймальніку заробак практыканта з улікам усіх падаткаў. Але часцей за ўсё затым навічка звальняюць, бо ўстанове або прадпрыемству такі работнік перастае быць выгадным.

Міністэрства адукацыі ўжо абвясціла, што новая ўступная кампанія будзе яшчэ больш жорсткай: ускладніцца тэсьціраванне, паменее бюджэтных месцаў і яшчэ больш узрасце плата за навучанне. Жорсткі конкурсны адбор прагназуецца і ў прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы.  Паводле планаў Цэнтру занятасці, маладых людзей, якім не пашчасціць з паступленьнем, чакае або праца дворнікам ці грузчыкам, або вымушанае беспрацоўе.

Алёна Штраль

13.09.2006

Віцебскі ўраджай: ні колькасці, ні якасці

Каб уратаваць тое, што пакуль не згніло, людзей завабліваюць на ўборку палеткаў абяцаннем разлічвацца бульбай. Гэта моцны стымул, бо прагназуюцца дэфіцыт сельгаспрадукцыі і высокія цэны на яе. 

Сёлетнія жнівень ды пачатак верасьня пабілі ўсе вядомыя рэкорды па колькасьці ападкаў: за 70 год назіраньняў віцебскі гідраметцэнтр упершыню зарэгістраваў перавышэньне нормы  ападкаў у чатыры разы. На залітыя вадой палі немагчыма вывесці тэхніку – яна тоне ў размоклай глебе. Таму зернавыя культуры ўдалося ўбраць з палёў не больш як на 30 адсоткаў, не кажучы ўжо пра лён, бульбу і гародніну. Застаецца спадзеў толькі на рукі. Толькі дзе іх узяць? 

Стымуляваць людзей "натурпрадуктам" вырашылі на Лёзненшчыне. Мясцовы гароднінасушыльны камбінат запрашае ўсіх ахвотных на ўборку бульбы, ёй гатовы таксама разлічвацца з працаўнікамі, уключна да падвозу мяхоў з палеткаў у горад. Напачатку гэтая ініцыятыва карысталася вялікім попытам паміж беспрацоўных.

Не толькі з раённага – нават з абласнога Цэнтра занятасці насельніцтва паступала шмат заявак "на бульбу". Аднак неўзабаве людзі пераканаліся, што клубні  яшчэ ў зямлі сапсаваліся ад вільгаці, і пачалі адмаўляцца ад вандровак на палі. Так што цяпер у вобласці спадзяюцца хіба толькі на прымусовую дапамогу студэнтаў.

Начальнік аддзела земляробства, раслінаводства ды кормавытворчасці аблсельгаспроду Аляксей Туркоў цвердзіць: сітуацыя з уборкай ураджаю складаецца проста драматычная. Але яшчэ горшыя справы з пасевам азімых культур: імі засеяна сёння толькі 10 тысяч гектараў, а летась адпаведна  было 75 тысяч.

– Проста катастрофа, бо азімыя ў нас займаюць палову пасяўных плошчаў. Усе тэрыторыі, не засеяныя зараз, мы будзем вымушаны ўвесну пусціць пад яравыя. А гэта парушыць севазварот, ды і лішняга насеннага матэрыялу на незапланаваныя пасадкі няма, – кажа А.Туркоў.

У выпадку хаця б часовага паляпшэння надвор'я сяляне гатовыя працаваць, як кажуць, круглыя суткі. Хаця ўсе разумеюць, што выратаванаму ўраджаю  вярнуць якасцсь не ўдасца. Таму ў гароднінавых шэрагах усіх віцебскіх кірмашоў вельмі часта можна пачуць прагнозы наконт таго, што  сельскагаспадарчая прадукцыя будзе сёлета дужа дарагая.

Алёна Штраль

10.09.2006

Пад Браславам можа з’явіцца беларуская Мацэста

Тамтэйшыя ня дужа рады такой перспектыве: баяцца, што новая лякарня адразу пяройдзе да ўпраўленне справамі прэзідэнта. І тады мясцовым ні працоўных месц, ні высокіх заробкаў, ні той унікальнай вады.

Цёплая крыніца з рэдкай серавадароднай вадой мажліва і дала назву бліжэйшай вёсцы – Лазенкі. Зараз гэтае ўнікальнае прыроднае радовішча ў Браслаўскім раёне выглядае, як звычайнае мутнае балота з непрыемным пахам. Між тым прамысловая распрацоўка крыніцы можа прынесці вялікі прыбытак.

Паводле еўрапейскіх стандартаў, карысны лекавы эфект  дасягаецца нават у выпадку ўтрымання аднаго міліграма серы ў адным літры вады. Спецыялісты сцвярджаюць: крыніца унікальная – на адзін літр прыходзіцца 6-7 міліграмаў серы. Такой вадой можна вылечыць процьму хвароб – ад скураных да сардэчна-сасудзістых. Дарэчы, падобны досвед у лазенцаў маецца: пра цудоўныя якасці крыніцы ў наваколлі спрадвеку складаюць легенды.

Дырэктар рэспубліканскага Цэнтра аздараўлення насельніцтва Мікалай Мазур лічыць, што гэтым падарункам прыроды варта па-разумнаму скарыстацца.

– Мы маглі б мець сапраўдную беларускую "Мацэсту", бо наша мінеральная вада ніколькі не саступае сусветна вядомаму гатунку. У беларусаў тэарэтычна ўжо ёсць мажлівасць не ехаць на лячэнне ў далячынь, а папраўляць здароўе дома. Наадварот, да нас маглі б ехаць з замежжа, калі б збудаваць тут здраўніцу!

Але Браслаўшчына, вядомая сваімі знакамітымі азёрамі, мае вельмі сціплы раённы бюджэт: славутыя санаторыі і дамы адпачынку належаць пераважна сталічным гаспадарам, а прамысловае развіццё раёну ўжо даўно неперспектыўнае ды стратнае.

– Укладзеныя ў рэгіён сродкі, безумоўна, з часам акупяцца, – лічыць Ніна Пучынская, намесніца старшыні Браслаўскага райвыканкама. – Новая здраўніца  гэта і новыя працоўныя месцы, і інвестыцыі, і развіццё замежнага турызму. Але тое дужа далёкія перспектывы. Патрэбна эскспертная ацэнка радовішча, прафесійнае абгрунтаванне неабходнасці будаўніцтва тут лячэбна-прафілактычнай установы – толькі дзе ўзяць грошы нават на гэтую папярэднюю працу?!

Ёсьць і іншыя, не менш сур’ёзныя клопаты. Раённая адміністрацыя, напрыклад, гатовая збіраць подпісы насельніцтва на падтрымку праекта. Але тамтэйшыя не гараць асаблівым энтузіязмам – новая здраўніца, лічаць людзі, вельмі хутка можа апынуцца пад упраўленнем справамі прэзыдэнта, як было ўжо з вядомым Нацыянальным паркам "Браслаўскія азёры". І тады можна развітацца з марамі пра новыя магчымасці працаўладкавання, бо лепшыя вакансіі запоўняцца "сваімі людзьмі" – з гэтым тут ужо сутыкаліся. Ня дужа шмат спадзяванняў і на высокія заробкі: такія толькі ў справаздачах. А як пустыя кішэні, дык у мясцовых няма надзеі на бясплатнае лекаванне з дапамогай "сваёй" жа вады...

Алёна Штраль

09.09.2006

Імітацыя актыўнасці: Віцебскі аблвыканкам забараніў гандляваць кукурузай

Мэта пастановы  абараніць калгаснае дабро ад злодзеяў і зберагчы здароўе пакупнікоў. Бо "царыца палёў" у Прыдзвінні вырастае не лепшай якасці і прызначаецца на корм жывёле. Аднак пастанова не напужала ні гандляроў, ні пакупнікоў.

Адмысловае распараджэнне ўладаў тычыцца кіяхоў маладой кукурузы, якія сёньня бойка прадаюць не толькі на кірмашах, але й бадай каля кожнай прадуктовай крамы.

Забарона на гандаль кукурузай накладзена ў Віцебску ўпершыню. Дагэтуль у разгар "кукурузнага сезону" такая саматужная камэрцыя была дастаткова прыбытковым заняткам для вясковых падлеткаў, кабет пенсійнага ўзросту ды не зусім цьвярозых маладзіц, якія заўжды гандлююць каля буйнейшых крамаў разнастайнай гароднінай. Ці з уласных садоў-гародаў паходзяць буракі, морква, кукуруза, ці з калгасных – пакупнікоў зазвычай цікавіць мала. Для іх галоўнае, каб купіць танней...

Шостага верасня сітуацыя з "царыцай палёў" змянілася: гандаль ёй даручана кантраляваць супрацоўнікам аблвыканкама і абласнога Цэнтра гігіены ды эпідэміялогіі, а таксама дырэктарам кірмашоў, міліцыянтам. Гандляры мусяць мець тры даведкі: пра наяўнасць прысядзібнага ўчастка, пра ўлік ў падатковай інспекцыі і пра добую якасць вырашчанай прадукцыі.

Усе гэтыя захады аблвыканкам прыняў, як запісана ў адмысловым распараджэнні, "дзеля папярэджання раскрадання і захаванасці вырашчанага ўраджаю кукурузы", якая на Віцебшчыне расьце дрэнна, спее марудна і выкарыстоўваецца пераважна на кармавыя сумесі для жывёлы. Аднак штогод яе садзяць насуперак прыродным умовам і здароваму сэнсу.

Кабета гадоў 30-ці, якая назвалася Ларысай, пацвердзіла: так, з распараджэннем уладаў знаёмая. Але яе гэта хвалюе мала: па-першае, пра набліжэнне міліцыянтаў абавязкова папярэдзіць хто-небудзь з "калег", якія з зямлі гандлююць яйкамі або расейскімі мяснымі вырабамі. А па-другое, міліцэйскіх кардонаў вакол кукурузных палёў яшчэ няма, так што набраць "тавара" можна без перашкодаў, а ўжо прадаць яго зусім не цяжка.

Кіяхі на імправізаваным кірмашы насупраць шпіталю хуткай дапамогі каштуюць па 300 рублёў штука. Ужо звараныя на 100 даражэй, але іх бяруць не ўсе – хвілін 40 паварыць у салёнай або нават простай вадзе можа кожны.

Да таго ж сырыя кіяхі можна даўжэй заховаць, што ў сённяшніх умовах немалаажна. Пенсіянерка Людміла Яфімаўна прызналася: мае яшчэ два вялікія мяхі кукурузы, якія прадаў ёй за бутэльку віна мясцовы п'яніца. Вядома ж, украў у калгасе, але жанчына на тое не звяртае асаблівай увагі: да пенсіі гэта добры прыбытак. За дзень звычайна яна прадае некалькі сотняў пачаткаў.

Насуперак логіцы аблвыканкама забарона на продаж кукурузы пакуль нясе гандлярам адны прыбыткі: хтосьці з "калег" забаяўся ісці з мехам на поле – значыць, меншая будзе канкурэнцыя, адпаведна, можна й цану ўзняць на "дэфіцытны" тавар! Да таго ж усім добра вядома: ні аблвыканкам, ні санітарная служба вартаваць кукурузу па начох не пойдуць, а з якім участковым міліцыянтам урэшце рэшт можна й дамовіцца...

Распараджэнне ўладаў ужо ўступіла ў сілу, але зрухаў, як бачым, аніякіх. Яно сталася чарговым узорам імітацыі актыўнасці, не больш, кажа тая самая прадавачка Ларыса.

Алёна Штраль

07.09.2006

Шыкоўныя кватэры ледзьве не сталі трунамі для сваіх гаспадароў

Працяглыя і моцныя дажджы выявілі і хібы працы камунальшчыкаў, і  пралікі будаўнікоў, і  парушэнні экалагічных патрабаванняў ды нормаў.

Рызыкоўны  праект  катэджу давёў  да высялення

Напэўна, гаспадары двухпавярховага катдэжу па вул. Куйбышава ганарыліся сваім домам. Уклаўшы вялікія грошы ў будаўніцтва, яны мелі ўсе жаданыя выгоды: і невялікі басейн, і фантан у двары. Нават краявід з вакна адкрываўся надзвычайна  прыгожы. Будынак стаяў на самым беразе Заходняй Дзвіны.

Толькі пасля таго, як дажджы  змылі частку каменнага плоту і  двухпавярховы гмах апынуўся перад пагрозаю таксама з'ехаць у рэчку, гаспадарам давялося трымаць адказ перад  гарадскімі камунальнымі службамі. Высветлілася, што дом стаіць у водаахоўнай зоне, дзе любое будаўніцтва забаронена. Не зразумела, хто мог зацвердіць такі праект. Больш таго, сістэма каналізацыі і водаправоду, у тым ліку і фантан з басейнам, пабудаваныя з памылкамі.

Як сказалі ў гарадскім аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, гэтыя людзі ўжо і так істотна пакараны за ўласную недальнабачнасць. Каб надалей іхнае жытло заставалася ў бяспецы, гаспадарам трэба будзе ўмацаваць участак берагу вышынёй 15 метраў ды аднаўляць плот, зроблены з прыроднага каменю.  У якую грашовую суму гэта ўкладзецца, зараз можна толькі ўяўляць.

 Пакуль шасцёра насельнікаў катэджу перасяліліся да сваякоў.  А  каб  следам за  іхным  домам  не "паплылі" нічым не вінаватыя суседзі, у гарадскім аддзеле МНС была створана камісія  па ліквідацыі наступстваў. Каб умацаваць прыбярэжны грунт, штодня ў раён вуліцы Куйбышава па Заходняй Дзвіне сплаўляюць некалькі баржаў з пяском ды каменнем.

Каб уратаваць шматпавярхоўку, давялося засыпаць яр  

Жыхары шматпавярховага дома №26, корпус 1  па вуліцы "Праўды"  трапілі ў куды больш крыўдную сітуацыю. Дзесяць год таму іхны  дом, пабудаваны на ўскрайку глыбокага яра, праектавалі ды прымалі да эксплуатацыі не яны, а так званая "дзяржпрыёмка". 

Настаўніцкая сям”я Піменавых, да прыкладу, была проста шчаслівая, калі ўдалося  засяліцца. Па-першае, стала куды вальней, бо дачка з сям'ёю засталася жыць у старой кватэры. Па-другое, вуліца "Праўды" – гэта амаль цэнтр горада, а не якая ўскраінная новабудоўля. Аляксей Піменаў кажа, што глыбокі яр адразу за домам не выклікаў у жыхроў ніякіх падазрэнняў. Людзі спадзяваліся на добрасумленнасць праекціроўшчыкаў і будаўнікоў.

Спадзяваліся дарма. Пасля таго, як па двары пацяклі дажджавыя патокі ды змыла ў яр два гаражы і некалькі магутных дрэў, начальнік абласной управы МНС Васіль Чэкан прапанаваў жыхарам  эвакуіравацца  з небяспечнага дома.

На адну ноч людзі перабраліся да сваякоў або ў прадастаўленыя гарадскімі ўладамі гатэльныя нумары. Аднак працы па ўмацаванні грунту не спыняюцца. Высветлілася, што ў гэтым раёне няспраўныя дажджавыя водаадводы-"ліўнёўкі". Болей таго, сам дом пабудаваны ў месцы залягання  нетрывалага пяска-плывунца.  Адзіная магчымасць неяк выправіць сітуацыю – гэта засыпаць яр.

Алёна Штраль

01.09.2006

Ліквідаваць наступствы ліўняў амфітэатру можа дапамагчы толькі чарговы "Славянскі базар"

Пры любым надвор'і мусяць спяваць і танчыць віцебскія дзеці, занятыя ў творчай праграме “Добры дзень, родная школа!” Канцэрт адбудзецца сёньня, першага верасня. 

Юныя артысты павінны выступаць у славутым летнім амфітэатры. Паводле  адпаведнай архітэктурнай канцэпцыі, ён пабудаваны  ў прыродным заглыбленні. Натуральна, пасля працяглых дажджоў зараз вядомае ўсёй краіне збудаванне больш нагадвае не ўстанову культуры, а басейн на адкрытым паветры. З ягонага найніжэйшага ўзроўню, дзе месціцца сцэна, пажарныя машыны рэгулярна адкачваюць ваду, бо сістэма сцёкаў аказалася засмечанай і сапсаванай.

Тым не менш загадана рыхтаваць канцэрты калектываў дзіцячай мастацкай самадзейнасці, якія мусяць прайсці менавіта тут першага і другога верасня. Паводле дырэктара амфітэатра Анатоля Васенды, стан  канцэртнае пляцоўкі здавальняючы, каб праводзіць забаўляльныя мерапрыемсты. А што да наступстваў дрэннага надвор'я, то цалкам ліквідаваць іх мяркуецца хіба да наступнага "Славянскага базара": з дзяржаўнага бюджэту абяцалі выдаткаваць на рэстаўрацыю амфітэатра досыць вялікую суму.

Алёна Штраль

01.09.2006

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: