Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвіньне № 7, кастрычнік
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвіньне № 7, кастрычнік

Футбольны суботнік у Віцебску

Гарвыканкам загадаў выйсцi на працу ў выходны дзень, а заробленыя  грошы пералічыць  футбольнаму клубу "Лакаматыў".

Суботнік праходзіў не толькі ў цэхах ды кабінетах, але й на добраўпарадкаванні горада – за гэта працаўнікам таксама налічылі дзённы заробак, якi пойдзе у фонд  гарадскога футбольнага клуба.

Практыка падтрымкi  гарадскога спорту шляхам суботнiкаў была ўпершыню апрабаваная летась: тады сродкі збіраліся на патрэбы гарадскога  хакейнага клубу "Вiцебск".  Хакеістам дасталіся  22 з паловай мільёны рублёў. Аднак, паводле вынікаў мінулагодніх спаборніцтваў, матэрыяльная падтрымка гараджан  не прынесла спартсменам значных перамог.

Віцебскія футбалісты таксама пакуль не могуць пахваліцца вялікімі поспехамі: за апошнія два гады  "Лакаматыў" меў у два разы большую колькасць паражэнняў, чымсьці перамог. Але прычыны няўдач  трэнер вiцебскай футбольнай каманды  Андрэй Чарнышоў бачыць у недастаткова добрай спартовай падрыхтоуцы гульцоў, а не ў матэрыяльных праблемах.

Жыхары Віцебску, якіх прымусілі працаваць дзеля патэнцыйных футбольных поспехаў, таксама сумняюцца ў тым, што гарадскі спорт можна развіваць за кошт простага укладання грошай.

Таццяна Іванаўна, пенсіянерка:

– Трэба ўзгадоўваць футбалістаў з дзяцінства! А ў нас далёка не ў кожным двары ёсць футбольная пляцоўка, няма турнікоў, няма дзе развівацца дзецям. Вось дзеля такога можна і суботнікі праводзіць.

Алена (бібліятэкарка):

– Тры гады таму ў нас быў суботнік, калі мы зараблялі сродкі на будаўніцтва нацыянальнай бібліятэкі. Кожны з нас пералічыў па пяць тысяч рублёў. Для мінскай бібліятэкі  гэта капейкі, а  для нас – цэлы дзённы заробак! Сёння мы цэлы дзень мялі вуліцу нібыта дзеля развіцця футболу. А я той футбол ўвогуле цярпець не магу!

Барыс (прадпрымальнік) :

– Ва ўсім свеце знакамітыя футбольныя клубы самі зарабляюць для сябе грошы. Добра гуляць у футбол – гэта дужа прыбытковая справа. Калі ў "Лакаматыва" няма перспектыў, то пра гэта мусяць думаць трэнеры. Можна, да прыкладу, перакупіць чужых гульцоў – гэта таксама сусветная практыка. Але на грошы, якія дасць суботнік, нават добрага "рэкрута" не купіш. Так што няма чаго марнаваць чалавечую працу!

Вывучэнне грамадскай думкі наконт "спартовых" суботнікаў у Віцебску ніколі не праводзілася. Канкрэтны від спорту, які нібыта вымагае матэрыяльнай  дапамогі, вызначаюць чыноўнікі, прычым самага высокага ўзроўню.  Згодна з Указам прэзідэнта, віцебскі абласны савет дэпутатаў загадаў раённым уладам прадаставіць усе магчымыя  ільготы валейбольным клубам. Таму не выключана, што наступны восеньскі суботнік у Віцебску будзе "валейбольны".

Алёна Штраль

22.10.06

Віцебску пагражае эпідэмія шаленства

У горадзе бракуе выкцыны, якой робяць прышчэпкі ад сьмяротнай хваробы. Тым, хто мае ў іх патрэбу, застаецца спадзявацца на Бога і шчасьлівы лёс.

Шаленства  невылечнае і заўсёды заканчваецца смерцю хворага. Таму, калі чалавека пакусала падазроная на шаленства жывёла, ён павінен прайсці курс прышчэпак адмысловай вакцыны. А паколькі "вулічная сварка" з бадзяжным сабакам або катом – зьява даволі распаўсюджаная, то і зваротаў да медыкаў бывае даволі шмат.

25-гадовага Аляксандара таксама пакусаў бадзяжны сабака. Хлопец належным чынам зьвярнуўся ў траўмапункт, дзе яму выпісалі накіраванне на вакцынацыю. Зрабілі адну прышчэпку, потым другую, а трэцюю рабіць адмовіліся.

– Прышчэпкі я атрымліваю ў траўмапункце па вуліцы Фрунзе, што каля пункта пералівання крыві, – распавёў Аляксандр. – Чарговую прышчэпку мусілі рабіць 9 кастрычніка. Прыйшоў, а мне кажуць: вакцыны няма, зайдзіце пазней. Прыйшоў 10 кастрычніка — вакцыны зноў няма. У рэшце рэшт сказалі: "У Віцебскай вобласці вакцыны няма ўвогуле, тэлефануйце праз тыдзень, можа, падавязуць".

Анатоль Ананьнеў, загадчык аддзелу асаліва небяспечных інфекцый Абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, пацьвердзіў дэфіцыт неабходнага прэпарату. Паводле ягоных словаў, у цяперашніх умовах усім медработнікам рэкамендавана рабіць патэнцыйным хворым па чатыры прышчэпкі замест прадпісаных шасці – гэта дае пэўныя гарантыі таго, што шаленства будзе перадухіленае. Аднак кожны арганізм мае ўласныя асаблівасці, таму гарантаваць поўнае бяспекі не можа ніхто.

У выпадку са спадаром Аляксандрам магла адбыцца прыкрая медычная памылка: яму адмовіліся зрабіць не пятую, а ўсяго трэцюю прышчэпку. Паводле А.Ананьнева, медыкі ўжо знайшлі і пацярпелага, і неабходную вакцыну для яго.

Тым часам адсутнасць неабходнага прэпарату  можа прывесці  да поўнага зрыву графіка вакцынацыі. Яе зазвычай робяць для прафілактыкі, але ў выпадку сапраўднай наяўнасці хваробы гэта пагражае  інфіцыраванаму вельмі дрэннымі наступствамі: пасля выяўлення шаленства чалавеку звычайна застаецца жыць 7-10 дзён.

У ліпені гэтага году 22-гадовы жыхар Сенненскага раёну  памёр ад шаленства, не звярнуўшыся своечасова па медычную дапамогу. Аднак  ва ўмовах дэфіцыту своечасовы зварот да дактароў таксама можа скончыцца трагедыяй.

Алёна Штраль

13.10.2006

З дапамогай відэакамер у паліклініках спадзяюцца зменшыць чэргі

Цяпер ва ўсіх віцебскіх паліклініках усталёўваюць відэаназіраньне. Не дзеля барацьбы з хабарам ці каб назіраць за станам хворых пацыентаў. Не, за чэргамі!

У віцебскай паліклініцы №1, што па вуліцы Церашковай, спадзяюцца завяршыць мантаж відэасістэмы да канца кастрычніка – якраз перад пачаткам "грыпознага" сезону. Чэргі перад кабінетамі тэрапеўтаў такім часам – самая звычайная, але непрыемная з”ява, і змагацца з імі будуць наступным чынам.

Як толькі  галоўны ўрач паліклінікі заўважыць, што пад дзвярыма сабралася шмат народу, ён мусіць "выклікаць хуткую дапамогу" участковаму доктару – зняць з прыёму так званых "вузкіх спецыялістаў" – акулістаў, неўрапатолагаў, хірургаў і накіраваць іх на працу з ахвярамі грыпу ці прастуды.

Студэнтаў старэйшых курсаў віцебскага медыцынскага універсітэта таксама папярэдзілі, што з першымі халадамі ў іх пачнецца гарачая пара: на дапамогу перагружаным супрацоўнікам паліклінік будуць накіроўваць проста з заняткаў.

У віцебскай паліклініцы №4, якую гараджане па старой звычцы дагэтуль называюць "паліклінікай імя Леніна", устаноўка відэакамер ужо завяршаецца. Але выкарыстанне іх у якасці сродку барацьбы з чэргамі не радуе ні дактароў, ні пацыентаў.

Таццяна, урач-неўрапатолаг:

– Я мяркую, што ў кожнага ўрача-спецыяліста дастатковая нагрузка. Да мяне, да прыкладу, ідуць пераважна пажылыя людзі, шмат хто з іх перанёс інсульт, у кагосьці атэрасклероз, хвароба Альцгеймера. Усё гэта дастаткова цяжкія выпадкі, і з імі нехта абавязкова мусіць працаваць. Пасля прыёму трэба пісаць шмат папер, і я не думаю, што гэта будзе правільна, калі мяне раптам паклічуць працаваць замест тэрапеўта.

Павел Пятровіч, пацыент:

– Я прыходжу сюды на прыём да уролага, які бывае ў гэтай паліклініцы нават не кожны дзень, бо сумяшчае працу ў некалькіх медустановах. Калі ў адной з іх ён пойдзе прымаць хворых на грып, то мы ўвогуле застанемся без дапамогі! Я ветэран вайны, мне трэба выпісваць льготныя рэцэпты, а хто гэта зробіць, калі доктара-спецыяліста не будзе на месцы?

Марына, студэнтка 5 курса ВМУ:

– Кожны студэнт у нас спачатку набывае неабходны мінімум агульных ведаў, а потым ужо абірае спецыялізацыю. Я збіраюся стаць гінеколагам, але змагу паставіць дыягназ нескладанае хваробы і прызначыць неабходнае лячэнне.

Але калі мяне накіруюць працаваць тэрапеўтам падчас эпідэміі грыпу, я мушу прыняць на сябе нікому не патрэбную адказнасць: раптам не змагу правільна вызначыць хваробу – прыму за грып шкарлатыну або, крый Божа, менінгіт?

Думаю, проста трэба браць на працу дастатковую колькасць спецыялістаў, а не мяняць ім кваліфікацыю у залежнасці ад даўжыні чэргаў у калідоры. І толькі не трэба казаць, што на большую колькасць работнікаў не хопіць бюджэтных грошай – на відэакамеры ж хапіла!

Алёна Штраль

11.10.2006

Як Лукашэнка выступіў і зьехаў, у Докшыцы вярнуўся Ленін

Цэлы год помнік правадыру пралетарыята прабыў на задворках Докшыцкага камунгаса. Чакалі, пакуль Рыгоравіч выступіць перад жыхарамі райцэнтра.

Роўна год таму, напрыканцы верасня, у Докшыцах пачалі рыхтавацца да сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам, бо, як вядома, на Беларусі без яго прыезду не можа абыйсьціся газіфікацыя ніводнага горада. Першыя аб'екты райцэнтру былі газіфікаваныя яшчэ ў лістападзе, аднак афіцыйную цырымонію пуску газу адкладалі і адкладалі з-за шматлікіх недаробак.

Адбылася яна толькі 12 студзеня, калі былі пракладзеныя апошнія 150 метраў газаправоду – якраз да цэнтральнай плошчы, дзе была ўсталявана вялізная паходня. Помнік Леніну, які стаяў на плошчы дзесяткі гадоў, стаўся лішнім канструктыўным элементам, і яго паціху зьнесьлі – каб заадно вызваліць месца для выступлення новага правадыра.

Лукашэнка падпаліў паходню, пагаварыў з "удзячнымі дакшычанамі", якія папярэдне ўзгаднілі кожнае слова свае падзякі ў райвыканкаме, ды паехаў сабе ў Менск. Цэнтральная плошча засталася пустая, і жыхары Докшыц ужо амаль паверылі, што назаўсёды пазбавіліся ад "прывіду камунізму".

Аднак нехта з "пралетарыяў" – работнікаў жыллёва-камунальнае гаспадаркі – заўважыў помнік Леніну, пяшчотна загорнуты ў цырату і схаваны за казённымі гаражамі. Адразу стала зразумела, што вялікую савецкую каштоўнасць надзейна хаваюць ад бязлітаснай прыроднай стыхіі нездарма.

Урэшце рэшт прадказанні гараджан спраўдзіліся: пасля гадавога адпачынку помнік Леніну зьявіўся ў цэнтры горада, праўда, ужо не на плошчы, а ў гарадскім парку. І ягоны пільны позірк накіраваны якраз на мясцовы Дом культуры, дзе па выходных праводзяцца моладзевыя дыскатэкі.

Маладыя жыхары райцэнтру, мабыць, і ня ведаюць, што гэта за дзядзька стаіць на пастаменце, схаваўшы рукі ў кішэні. І ніхто не патлумачыць ім, чаму над адноўленай Раённай дошкай гонару вісіць нават не лукашэнкаўскі, чырвона-зялёны, а камуністычны, чырвоны сцяг. На шапіках Белсаюздруку тут па-ранейшаму шыльды "Саюздрук", а на будынку райвыканкама дагэтуль красуецца барэльеф з сярпом і молатам, нібыта СССР для Докшыцаў – не мінулае, а рэальнасць.

Больш падрабязна пра докшыцкі "скачок у мінулае" можна было б  распытаць у  ідэалагічным аддзеле райвыканкаму. Але, прачытаўшы на дзвярах "Ідыялагічны аддзел", заходзіць туды без арфаграфічнага слоўніка  неяк расхацелася...

Алёна Штраль

10.10.2006

Чарговае свята нерэальных фантазій

У Віцебску завяршыўся 11-ы конкурс мадэльераў і дызайнераў адзення "Белая амфара". Але модныя калекцыі, якім апладзіравалі гледачы, з подыюму адразу трапяць у сховішчы або паедуць за мяжу.

Назвы беларускіх прадпрыемстваў, якія ўзялі ўдзел у конкурсе "Белая амфара", можна прачытаць на этыкетках тавару ў любой краме гатовага адзення. Гэта менская "Мілавіца", віцебскія "Камінтэрн" і "Белль Бімба", жодзінскі "Сьвітанак" ды іншыя, як цяпер модна казаць, брэнды. Але тое, што можна купіць у краме, адрозніваецца ад паказанага на конкурсе ў культурна-дзелавым цэнтры "Віцебск" як сучасны электрачайнік ад бабулінага самавара.

Натальля Мізонова, выкладчыца дызайну адзеньня з Расіі, наведаўшы паміж паказамі конкурсных мадэляў віцебскі ўнівермаг, выйшла адтуль у поўным здзіўленні.

– Тое, што прадаецца ў вашых крамах, можна было насіць хіба 20 гадоў таму! – без усякіх рэверансаў у бок беларускай лёгкай прамысловасці сказала Н.Мізонава журналстам, якія задалі ёй традыцыйнае пытанне пра ўражанні ад Віцебску.

Тым часам на "Белай амфары" былі паказаныя больш за 100 новых калекцый адзення: частку з іх прадставілі дызайнерскія аддзелы прадпрыемстваў, другую – будучыя мадэльеры, якія толькі вучацца ў адпаведных навучальных установах.

І гледачы, і журы высока ацанілі, ды прыкладу, новую калекцыю ад "Мілавіцы". Але нават у фірмовых крамах яна з'явіцца не хутка: прыгожая, але дарагая бялізна часта залежваецца на паліцах па два і тры сезоны, таму самыя новыя ўзоры прадукцыі вывозяць пераважна за межы Беларусі – туды, дзе пакупнікі гатовыя плаціць за іх грошы.

Тое самае можна сказаць і пра вырабы іншых прадпраемстваў – іх вязуць у замежжа, бо пераважная колькасць беларусаў купляе адзеньне на кірамашах, ня дужа ўглядаючыся ў фірмовыя знакі і цэтлікі. Самы важны фактар для нашых суайчыннікаў – гэта кошт, а не прозьвішча дызайнера ды назва кампаніі.

Аднак беларускія студэнты, нягледзячы ні на што, мараць пра славу сусьветна вядомых куцюр'е і здзіўляюць гледачоў конкурса крэатыўнымі знаходкамі. Пакуль на іх глядзяць з захапленнем, але праз колькі гадоў выпускінікам ВНУ давядзецца пакінуць alma mater і заняць месца ў працоўных шэрагах.

Так, дызайнер Марына Давыдава, якая тройчы была ўладальніцай Гран-пры "Белай амфары", сёньня працуе на віцебскім прадпрыемстве "КІМ" – яшчэ не стратным, але й не такім багатым, каб закупіць новыя тэхналагічныя лініі для вытворчасці сучасных вырабаў, пра якія некалі марыла ўдзельніца конкурсу.

Зрэшты, жыхары Віцебску ўжо зразумелі, што "Белая амфара" – гэта проста свята нерэальных фантазій, і не спрабуюць знайсці ў гандлёвай сетцы тое, што ўразіла іх на подыюме. Ці не таму найбольшай папулярнасцю ў гледачоў карыстаюцца паказы "Fasion Dog" – моднага адзення для сабак: шыецца яно дзеля "чыстага мастацтва" і ўласнага задавальнення дызайнераў, бо наўрад ці нехта захоча набыць для прагулак свайму гадаванцу капялюшык "ад куцюр", маючы ва ўласным гардэробе нібыта "Adidas" або "Dolce & Gabbana" ўкраінскай падпольнай вытворчасці.

Алёна Штраль      

01.10.2006

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: