Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвіньне № 8, лістапад
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвіньне № 8, лістапад

Інтэграцыйныя наступствы: ні заробкаў, ні дружбы

Віцебскі домабудаўнічы камбінат не можа спагнаць запазычанасць з расійскага партнёра – прадпрыемства "Смоленскстройзаказчик".

Анатоль Стрык, генеральны дырэктар прадпрыемства  "Віцебскі ДБК", распавёў пра канфлікт паміж віцебскімі будаўнікамі і расійскімі партнёрамі:

– Супрацоўнічаць пачалі ў 1995-м годзе. Тым годам у Віцебску мы пабудавалі ўсяго адзін дом, лепшых перспектываў не было, і жыццё прымушала думаць, якім чынам захаваць спецыялістаў і якую даць ім працу.

А ў Расіі будаўніцва квітнела, і паводле міжурадавага пагаднення ў нас з'явіўся першы кантракт у горадзе Валгарэчанску Кастрамской вобласці, дзе ўзводзіўся вялікі завод. Мы завозілі туды свае матэрыялы ў кошт паставак расійскага газу ў Беларусь – выконвалі даручэнне ўраду. Далей партнёрам стаўся "Смоленскстройзаказчик". Аднак напрыканцы 2004-га года у расійцаў пачаліся першыя запазычанасці. Мы, аднак, не спынілі паставак, спадзеючыся, што цяжкасці партнёраў – часовыя.

Пакуль адміністрацыя Віцебскага ДБК лічыла гарантыяй паспяховага  супрацоўніцтва   інтэграцыйныя  памкненні беларускага ўрада, запазычанасць расійскага прадпрыемства вырасла да двух мільярдаў беларускіх рублёў. І хаця "Смоленскстройзаказчик"  па-ранейшаму меў шыкоўны офіс і  презентаваў сябе ў якасці надзейнага пратнёра, у Віцебску даведаліся, што ён мае пазыкі прынамсі яшчэ перад двума беларускімі пастаўшчыкамі – аршанскім будаўнічым трэстам №18  і мінскім №96.

Сёлетнім летам ДБК звярнуўся ў Смаленскі арбітражны суд і ў пракуратуру. Пасля праверкі запазычанасьці пракуратура прыняла рашэньне, каб "Смоленскстройзаказчик"  сплаціў грошы, аднак на сённяшні дзень спагнаць удалося толькі 800 тысяч расійскіх рублёў – у пераліку на беларускія грошы гэта толькі 64 мільёны з двух мільярдаў. Вяртанне астатняй сумы ператварылася ў сапраўдную праблему: "Смоленскстройзаказчик" прызнаны банкротам. Высветлілася, што ён быў прымітыўнай фінансавай пірамідай па адмыванні грошаў.

Працаўнікі Віцебскага ДБК ужо не спадзяюцца атрымаць  заробкі за супрацоўніцтва з інтэграцыйным партнёрам. Сітуацыю, у якой апынулася прадпрыемства, прараб аддзелачных работ Галіна Кіслова адкаментавала так:

– "Смоленскстройзаказчик" падмануў увесь наш трохтысячны калектыў. Хоць нам бясконца цьвярдзілі:  узаемаадносіны з ім падмацаваныя  дзяржаўнай палітыкай. Цяпер атрымалася  зусім інакш: мы столькі пабудавалі жылых дамоў  у Смаленску, а маем за тое – адзін  шыш з маслам!
                                                                      
Алёна Штраль

13.11.06

Расійскі "Кирюша" пачаў вынішчаць і беларусаў

16 жыхароў Браслава апынуліся ў бальніцы з дыягназам "таксічны гепатыт" пасля ўжывання алкагольных напояў сумнеўнай якасці. 25 выпадкаў тае самае хваробы зарэгістравана ў Полацку, 7 – у Міёрах.

Таксічны гепатыт – хвароба вельмі небяспечная і надзвычай падступная: часам яна праяўляе сябе не адразу – інкубацыйны перыяд можа складаць ад пяці дзён да месяца, пакуль атрутныя рэчывы канцэнтруюцца ў чалавечым арганізме.  Наступствы могуць быць самыя сур'ёзныя – аж да смяротнага сыходу.

У Полацку па фактах масавага атручвання завялі крымінальную справу, у якой ужо ёсць двое падазраваных. У Браславе трое нелегальных гандляроў "падпольным" алкаголем трапілі пад следства. Але тым, хто распаўсюджвае атруту, пагражае не самае сур'ёзнае пакаранне: штраф або абмежаванне волі тэрмінам да двух год. І толькі ў тым выпадку, калі нехта са спажыўцоў сурагатнай прадукцыі памрэ, а пастаўшчыка атрутнай прадукцыі здолеюць знайсці, апошні мае правесці ў месцах пазбаўлення волі максімум тры гады.

Такім чынам, асноўная адказнасць за стан уласнага здароўя ўскладзена на саміх аматараў выпіўкі. Аднак дзеля справядлівасці варта адзначыць: у Полацку на прадпрыемствах і ў арганізацыях праводзяць сходы з удзелам медыкаў і супрацоўнікаў пракуратуры. Дзеля прадухілення магчымых трагедый дэманструюць таксама дакументальную відэастужку, знятую ў тэрапеўтычным аддзяленні мясцовай бальніцы, куды трапілі атручаныя  "самапальнай" гарэлкай. Зроблена яна на аснове шклоачышчальнікаў "Кирюша" і "Бытовой". Ад неякаснага алкаголю у Расеі штогадова памірае 40 000 чалавек.

Як паведамілі ў абласной структуры МУС, з 31-га кастрычніка на Віцебшчыне праводзіцца аперацыя "Акцыз" – міліцыя шукае тых, хто пастаўляе сыравіну для вырабу сурагатнай гарэлкі або гандлюе няякасным алкаголем. У гэтай аперацыі тутэйшыя  міліцыянты вымушаны цесна супрацоўнічаць з расейскімі калегамі, бо пераважная колькасць сурагатных алкагольных рэчываў перавозіцца на Беларусь праз усходнюю мяжу, а Віцебская вобласць – бліжэйшая памежная зона. У першую ж ноч у Лёзненскім раёне, які мяжуе са Смаленшчынай, супрацоўнікі міліцыі затрымалі два мікрааўтобусы, якія незаконна перавозілі 1280 і 4160 літраў спіртовых сурагатаў. "Нелегальныя" шклоачышчальнікі і рознага кшталту тэхнічныя спірты міліцыя затрымлівае і ў яшчэ адным памежным раёне – Дубровенскім.

На думку ўдзельнікаў аперацыі "Акцыз", дапамагчы ў выяўленні парушальнікаў мог бы строгі памежны кантроль, аднак сёння мяжа Беларусі і Расеі адкрытая, у тым ліку і для няякаснага алкаголю. Таму супрацоўнікі міліцыі мусяць арганізоўваць блок-пасты на аб'яздных дарогах і  абшукваць дызель-цягнікі смаленскага накірунку. 

Алёна Штраль

07.11.06

Вандалізм на могілках Віцебшчыны застаецца беспакараным

За апошні час пра пяць выпадкаў разбурэнняў і пашкоджанняў помнікаў жыхары вобласці паведамілі супрацоўнікам міліцыі. Аднак толькі ў Віцебскім РАУС завялі  з гэтае нагоды  крымінальную справу.

У Аршанскім гарадскім аддзеле міліцыі фактычна адмовіліся шукаць злаўмыснікаў, якія паламалі  27 надмагільных помнікаў і 100 пагонных метраў бетоннае агароджы вакол яўрэйскіх і хрысьціянскіх  могілак па вуліцы Энгельса.  Дырэктар унітарнага прыдпрыемства "Аршанскі спецкамбінат" Віктар Дзяржыцкі падлічыў, што гарадской камунальнай гаспадарцы нанесены ўрон у 2,5 мільёнаў рублёў і напісаў адпаведную заяву ў міліцыю. Крымінальную справу  паводле гэтай заявы супрацоўнікі ГАУС заводзіць не сталі, абмежаваўшыся абяцаньнем прыцягнуць вінаватых да адміністрацыйнай адказнасьці – у тым выпадку, калі іх усё-ткі знойдуць.

Паводле недзяржаўнай газеты "Витебский курьер" у 2004-м годзе на тых самых могілках у Воршы таксама былі выяўленыя аналагічныя факты. Тады  вінаватых знайшлі даволі хутка, з  бацькоў чатырох падлеткаў-хуліганаў спагналі грошы  і на аднаўленне зруйнаваных помнікаў, і на адміністрацыйныя штрафы.

Заяву пра факты вандалізму  на могілках у вёсцы Заронава Віцебскага раёну напісаў мясцовы праваабаронца Павел Левінаў. Наведаўшы напярэдадні Дзядоў магілы сваіх сваякоў, ён убачыў, што 16 медальёнаў  на помніках папсаваныя – нехта страляў па партрэтах пахаваных  з дробнакалібернай або пнеўматычнай зброі.

Спрабуючы прыцягнуць як мага больш шырокую ўвагу грамадскасьці да гэтае праблемы, П.Левінаў звярнуўся таксама да мясцовых журналістаў. Тыя высветлілі: невядомыя "стралкі" практыкаваліся не толькі ў Заронаве – расстраляныя медальёны людзі бачылі яшчэ на двух вясковых могілках у Віцебскім раёне .

Следчы Віцебскага РАУС Вячаслаў Жлукцёнак, які вядзе адпаведную крымінальную справу, пакуль не ўпэўнены, што гэтыя тры выпадкі вандалізму здзейсненыя аднымі й тымі самымі асобамі: пашкоджанні помнікаў падобныя, але  могілкі знаходзяцца ў розных накірунках ад Віцебска. Так што пакуль усё знаходзіцца на пачатковай стадыі – міліцыянты  зьбіраюць паказанні мясцовых жыхароў і скардзяцца на тое, што  да іх не звярнуліся адразу. Маўляў, па гарачых слядах злачынцаў адшукаць было б прасцей...

Дэпутатка Заронаўскага сельсавету Людміла Нікіціна, гаворыць, што на паспяховую працу міліцыянтаў і нейкую грашовую кампенсацыю вяскоўцы не спадзяваліся ад самага пачатку: паскардзіўшыся і паспачуваўшы адно аднаму, яны  пачалі  аднаўляць помнікі памерлым сваякам за ўласныя  сродкі.

Алёна Штраль

02.11.06

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: